• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 415с.
    Мінск 1997
    128.03 МБ
    Гэта змеціў наш палкавы каплан і, як што ён быў сапраўды пабожны руплівец душэўнага ратавання, дык на вялікім тыдні паслаў па мяне, каб папытацца, чаму гэта я не з’явіўся да споведзі і камуніі. A я, пасля многіх шчырадушных ушчуванняў, абышоўся з ім, як колісь са святаром y Л., і гэты сумленны і добры чалавек анічога ад мяне не дабіўся. I калі ўжо здавалася, што святая вада і алей былі патрачаны на мяне марна, ён сказаў напаследак: «Ах, нябога чалавек! A я ж думаў, што ты памыляешся ад няведання, a цяпер вось заўважаю, што ты закасцянеў y грахах ад бязбожнасці і ліхіх намыслаў. Ах, хто ж, думаеш сабе, паспагадае маёй беднай душы і пашкадуе за яе пагібель? Са свайго боку на почут усім звястую перад Богам і людзьмі, што не прымаю віны за тваю пагібель, бо рупею і дбаю і буду няспынна рачыць, каб здабыць табе вечнае выратаванне, a калі гаротная душа твая пакіне цябе ў цяперашнім тваім запамарачэнні, дык мне не застаецца нічога
    іншага, як пахаваць цябе не на асвячонай зямлі разам з дабрамыснымі хрысціянамі, a каля скуралупні, куды сцягаюць усякую падлу, альбо ў такім месцы, дзе закопваюць такіх самых, як ты, аблуд і адышлых без пакаяння!»
    Гэтая суровая пагроза гэтак жа мала дастала мяне, як і ранейшыя ўмаўленні, і не з якое там прычыны, a толькі таму, што я саромеўся спавядацца. 0, які я быў дурань! Я часта расказваў пра свае выхілясы цэлай кампаніі,— і нічога, яшчэ і прыбрэхваў дзеля аздобы, a цяпер, калі павінен быў пакаяцца і паслухмяна прызнацца ў грахах аднаму чалавеку замест Бога, атрымаць дараванне, дык вось маўчаў, як жарсцвяк! Я сказаў правільна: жарсцвяк, бо і праўда жарсцвяк, калі сказаў: «Я служу імператару як жаўнер, і калі я памру як жаўнер, дык не дзіва, калі і мяне прыграбуць, як і іншых жаўнераў, якіх зусім не заўсёды хаваюць на асвечанай зямлі, a часта дзе-небудзь y чыстым полі пад калінай, y канавах, a то і ў страўніках y ваўкоў і крумкачоў — і не мусова на могілках».
    I вось развітаўся я з гэтым духоўнікам, які з усім сваім святым дбаннем за ратаванне маёй душы ані кропелькі ў мяне нічым не пажывіўся, апрача таго, што аднаго разу я паднёс яму зайца, чаго ён часта прасіў y мяне пад тую зачэпку, што яму дужа-такі абыходзіць самому ставіць сілкі, бо калі пятля захлісне яго самога і забярэ з жыцця, дык непрыстойна будзе аддаць яго як удушэнца пахаванню на неасвечанай зямлі.
    РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
    Сімпліцы Хэрцбрудэра зноў сустракае — жаўнерская клятва навекі яднае
    Дык вось, ніякага паляпшэння маёй духоўнасці не настала; чым далей, тым больш я зацінаўся. Аднаго разу палкоўнік сказаў мне, што калі ўжо я не хачу паводзіцца прыстойна, дык ён прагоніць мяне як нягодніка. Але ведаючы, што сказана было пад гарачую руку, я весела адказаў, што гэта можна зрабіць не толькі лёгка і без лішняй прыкрасці мне, калі толькі ён са мною за кампанію адпусціць і прафузавага піздрыка. I той махнуў на мяне рукою, зразумеўшы, што караю не запалохаеш, што можна ўтрымаць мяне толькі дабром, даўшы поўную волю; a таму і я з нудам і болем y сэрцы мусіў застацца ў мушкецёрах і цярпець голад, пакуль не настала лета. Аднак чым бліжэй пад-
    ступаўся са сваім войскам граф фон Гёц, тым бліжэй было і маё вызваленне, і вось, калі граф асталяваў сваю штаб-кватэру ў Брухзале, мой добры Хэрцбрудэр, якога я як верны сябар выручыў грашыма ў табары пад Магдэбургам, быў пасланы генералітэтам y нашу крэпасць з даручэннем, і тут яго прынялі з вялікай учтай. Я якраз стаяў на варце перад пакоямі палкоўніка, калі там задавалі гасціну; і хоць Хэрцбрудэр быў y чорнай аксамітавай камізэлі, я пазнаў яго з першага позірку, але не адважыўся загаварыць да яго адразу, каб ён пры такой сціжме людзей не засаромеўся мяне, a то ж бо мог і зусім не знацца са мною, бо як з вопраткі, дык ён быў на высокіх пасадах, a хто я? — вашывы, задрыпаны мушкецёрык. Калі мяне змянілі, я папытаўся ў слугі пра імя і званне ягонага гаспадара, каб ужо быць зусім пэўным, што не абазнаўся, але і тут не набраўся духу загаварыць з ім, a напісаў яму вось гэтае пісьмо і раніцай аддаў камердынеру:
    «Мсье, etc. Калі майму высокашляхегпнаму васпану заўгодна будзе таксама і цяпер уратаваць з найгаротнейшага ў свеце становішча, y якое закінула яго гульня непастаяннай Фартуны, таго, каго ён аднойчы сваёй адвагай выбавіў з кайданоў y час бітвы пад Вітштокам, дык гэта не толькі не запатрабуе ад яго асаблівых намаганняў, але і дасць яму вечна ўдзячнага і без таго заўсёды адданага слугу, a сёння найнешчаслівейшага і пакінутага
    С. Сімпліцысімуса».
    Як толькі ён прачытаў пісульку, тут жа і загадаў упусціць мяне і сказаў: «Зямляк, a дзе той хлопец, які даў табе гэтую запіску?» Я адказаў: «Пане, ён сядзіць y палоне ў гэтай крэпасці».— «Добра,— сказаў ён,— дык ідзі і перадай, што я дапамагу яму, нават калі на яго ўжо накінулі шворку!» Я сказаў: «Пане, няма на тое патрэбы, аднак жа дзякую за такую рэдкую ў наш час гатоўнасць». I, бачачы, што ён уважлівы, я дадаў: «Я ж той самы бедны Сімпліцысімус, які прыйшоў цяпер, каб падзякаваць за выратаванне пад Вітштокам, a таксама і з просьбаю зноў вызваліць яго ад мушкета, які мусіў узяць супроць сваёй волі». Ён не даў мне дагаварыць, абняў мяне і запэўніў, што гатовы дапамагчы. Адным словам, ён зрабіў усё, што толькі можа зрабіць верны сябар; яшчэ не распытаўшы, як я трапіў y крэпасць і мусіў несці такую службу, паслаў свайго слугу да тамтэйшых жыдоў купіць мне каня і вопратку. A тым часам я расказаў яму, як ягоны бацька памёр пад Магдэбургам, a даведаўшыся, што я той самы Лавайчык з
    Зёста, пра якога ён шмат начуўся жаўнерскай пахвальнасці, ён пашкадаваў, што не распытаўся пра гэта раней, бо ўжо тады мог бы дапамагчы мне атрымаць добрае месца.
    A калі явіўся жыд, наладаваны самым розным жаўнерскім адзеннем, Хэрцбрудэр выбраў самае лепшае, сказаў мне апрануцца і пайшоў са мною да палкоўніка. I сказаў таму: «Пане! У вашым гарнізоне сустрэў я жаўнера, які стаіць перад вамі, якому я абавязаны так многім, што не магу згадзіцца, каб ён заставаўся ў такім нізкім званні, хоць бы ён сваімі якасцямі і не быў бы варты лепшага; дзеля гэтага прашу пана палкоўніка, ці не заўгодзіцца яму зрабіць мне вялікую ласку: альбо ўладзіць яму павышэнне, альбо дазволіць мне ўзяць яго з сабою, каб памагчы падняцца па службе ў войску, на што, магчыма, пан палкоўнік тут і не маюць аказіі». Палкоўнік перажагнаўся ад здзіўлення, калі пачуў, што нехта мяне пахваліў, і потым сказаў: «Хай не ўгневаецца высокашаноўны мой пан, калі я думаю, што яму заўгодна толькі выпрабаваць мяне, ці гатовы я служыць яму гэтак сама, як ён таго дастоіцца; і калі ён так думае, дык няхай спатрабуе што-небудзь іншае, што ў маёй уладзе, каб я мог выявіць усю маю гатоўнасць. A што да гэтага хлопца, дык, паводле ягоных слоў, ён належыць не мне, a да палка драгунаў, да таго ж гэты дзяцюк такі дурны і хітрамысны, што з таго часу, як ён тут, майму прафузу дадалося працы больш, чым раней было на цэлы полк, так што я і праўда думаю, што яго ні ў якой вадзе не ўтопіш!» Закончыў ён, засмяяўся і пажадаў мне поспехаў на полі змагання.
    Аднак гэтага было майму Хэрцбрудэру мала, і ён папрасіў яшчэ ў палкоўніка, ці не будзе ён пярэчыць, каб запрасіць мяне да стала, на што той згадзіўся. A на заканчэнне пры мне расказаў палкоўніку ўсё, чаго наслухаўся пра мяне ад графа фон дэр Валя і каменданта ў Зёсце, распісаўшы аж так, што прысутныя павінньі былі палічыць мяне за найлепшага жаўнера. Пры гэтым я трымаўся так сціпленька, што палкоўнік і яго падначаленыя, якія ведалі мяне раней, не маглі падумаць інакш, як толькі тое, што разам з новай вопраткай я зрабіўся зусім іншым чалавекам. A калі палкоўніку закарцела даведацца, як да мяне прыляпілася прозвіска «доктар», як мяне называлі, я расказаў пра сваё падарожжа ад Парыжа да Філіпсбурга і колькі мужыкоў я ашукаў, каб насыціць сваю нутробу, з чаго яны нямала парагаталі. Нарэшце адкрыта прызнаўся, што меў намер самымі рознымі ліхамыснымі інвенцыямі, нахабствам і дукатамі так яго, палкоўніка, дастаць і вымучыць, каб ён мусіў
    спраторыць мяне з гарнізона і здабыць сабе спакой, пазбыўшыся ўсіх нараканняў на мяне.
    Пасля палкоўнік расказаў пра процьму вычудаў, якія я ўчыніў за той час, што быў y гарнізоне, a менавіта, як я нагатаваў гароху, зверху заліў растопленым лоем і прадаў за сапраўдны шмалец; item поўны мех пяску — за чыстую соль: наклаў пясок на дно, a зверху насыпаў солі; далей, як я вадзіў за нос то аднаго, то другога і даймаў усялякімі пашквілямі; увесь абед толькі і гаворкі было пра мяне, што нарабіла шмат здзіўлення і смеху. Аднак калі б y мяне не было такога выдатнага сябра, дык усе мае ўчынкі былі б палічаны вартымі пакарання. Пры гэтым я атрымаў выдатны прыклад таго, як яно бывае пры двары, калі сёй-той нягоднік і хітрун y фаворы ў караля.
    Да часу, пакуль не закончылася гасціна, жыду не ўдалося знайсці каня, як пра тое распарадзіўся Хэрцбрудэр, але як што ён так спадабаўся палкоўніку, дык, каб не пазбыцца Хэрцбрудэравай ласкі, ён адарыў яго са сваёй канюшні, даў яшчэ і сядло і збрую, і на гэтага каня сеў спадар Сімпліцы і разам з любасным Хэрцбрудэрам паскакаў з фартэцыі. Некаторыя камрады крычалі яму наўздагон: «Шчаслівай дарогі, браце, шчаслівай дарогі!» Іншыя, зайздросцячы майму шчасцю, казалі з нянавісцю: «Чым большы махлыга, тым болей наклыгаў!»
    РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ Сімпліцы гпрапляе ў кампанію зброду, расказвае пра вялікую ад іх шкоду
    Па дарозе Хэрцбрудэр умовіўся са мною, што я буду выдаваць сябе за яго стрыечніка, каб мець сабе болей павагі; да таго ж ён абяцаўся дастаць мне яшчэ аднаго каня з конюхам і адправіць мяне ў Нойнэкскі полк, дзе можна ўладзіцца вольным райтарам, пакуль не выслабаніцца афіцэрская пасада, на якую ён мяне якраз і падсадзіць.
    I вось, зноў насуперак усім спадзяванням я спех-спехам стаў зухам, які ўтрэ носа любому добраму жаўнеру; аднак таго лета я не зрабіў нічога такога, не лічачы, што сям-там y Шварцвальдзе пасабляў пераймаць кароў і няблага разведаў мясцовасць y Брысгаў і Эльзасе. Ва ўсім астатнім зорка мая зацьмілася, бо з таго часу, як пад Кенцынгенам веймарцы ўзялі ў палон майго конюха з канём разам, я мусіў другога каня так ганяць, што заездзіў яго да здыхаты, аж павінен