Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
насць, дык хацеў бы застацца ў яго пакуль што там якое з тыдзень-другі, каб агледзецца, пабачыць, a ці прывыкну я да такога жыцця; як прыпадзе даспадобы яно мне, дык ён мецьме ўва мне вернага сябра і спраўнага жаўнера, a не прыпадзе, дык мы можам y любы час па-добраму разысціся. Тут падступіўся ён да мяне з віном; a я не давяраў яму і прыкінуўся ўпітым, каб пабачыць, ці не скроіць ён мне якой штукі, калі я больш не змагу абараняцца.
A тым часам мяне вельмі даймалі вошы, якіх я набраўся ў Брайзаху; яны ўжо адышлі ў цяпле і болып не хацелі задавольвацца маімі трантамі, a павылазілі наверх, каб разгуляцца на волі. Гэта заўважыў Олівер і спытаўся, ці не завяліся ў мяне вошы? Я адказаў: «А нягож не, вошы не грошы — самыя набягаюць».— «Ну, і грошай не заракайся! — сказаў Олівер.— Калі ты ў мяне застанешся, дык набяжыць і грошай, болей, чым сёння вошай». Я адказаў: «I не кажы, гэта так цяжка, як вошы звесці, якім таксамака хочацца есці».— «Во,— усклікнуў ён,— будзе і тое, і другое!» — і адразу ж загадаў мужыку прынесці вопратку, якая была схавана ў дупле непадалёк ад дома. Там былі шэры капялюш, райтарскі калет з ласінай скуры, пара чырвоных кармазынавых штаноў і шэрая камізэля; панчохі і чаравікі ён абяцаў даць мне раніцай. Убачыўшы такое ягонае дабрачынства, я ўжо займеў да яго давер і весела пайшоў спаць.
РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ
Сімпліцы і Олівер y храм заходзяць — a мы пачытаем бандыцкую споведзь
На раніцу Олівер сказаў: «Уставай, Сімпліцы! Хадзем, y імя Госпада Бога нашага пабачым, дзе там чым прамысліць можна».— «Божухны! — падумаў я.— Няўжо павінен я з тваім найсвяцейшым імем на вуснах ісці на разбой! Яшчэ ж і раней, як пакінуў пустэльніка, не быў я такі нахабны, каб слухаць без жаху, калі хто зблюзніць каму: «Хадзем, браце, y імя Бога святога, укінем па чарцы-другой»,— бо ж не лічыў двайным грэхам, калі хто нап’ецца ў імя тваё! Войча нябесны, як жа я перарадзіўся! 0 шчодры Божа, кім я стану, калі не вярнуся на сцежкі твае? Ах, абсячы шлях благі, які вядзе мяне ў пекла, калі не пакіну яго і не пакаюся!» 3 такімі словамі і думкамі я пайшоў за Оліверам y вёску, дзе не было ніводнай жывое душы; там, каб лепш
усё агледзець, мы падняліся на званіцу кірхі, так што святы храм паслужыўся нам замест разбойніцкага замка альбо маліны. Тут ён хаваў панчохі і чаравікі, якія абяцаў мне звечара, a таксама дзве папекі хлеба, некалькі кавалкаў чаўленага мяса і паўбарылкі віна,— з такім запасам ён мог тут адседжвацца хоць цэлы тыдзень. Тым часам, пакуль я нацягваў на сябе ягоныя дарункі, ён расказаў мне, што мае звычку цікаваць на добрую здобыч, a таму вось і прыназапасіў сяго-таго страўнага, і што ёсцека ў яго яшчэ некалькі такіх зручных плаодармаў, дзе можна прыперціся, дзе ёсць што выпіць і чым закусіць y ліхую гадзіну, калі адно месца пакіне святы Улас, дык можна перабавіцца ў другім. Што праўда, я мусіў пахваліць яго розум, але ж і намякнуў, што не лічу прыстойным нячысціць святую мясціну, прысвечаную Богу. «Што,— усклікнуў ён,— нячысціць? Кірхі, калі б яны ўмелі гаварыць, расказалі б, што ўсё, учыненае мною ў іх сценах,— гэта дробязь і бздура ў параўнанні з тымі беззаконнямі, якія правіліся ў іх раней. Колькі мужчын, колькі жанчын, як думаеш ты, заходзіла ў гэты храм з таго часу, як ён быў збудаваны нібыта дзеля служэння Госпаду, a насамрэч, каб пафарсіць y ім новай рызай, статнай сваёй пазітурай, высокім санам, ды ці мала яшчэ чым? Вось прыходзіць адзін такі індык y кірху, падступаецца да самага алтара, быццам хоча абмаліць ногі ўсім святым; a там y куточку стаіць другі, уздыхае, як мытнік y храме, але ўсе яго ўздыханні скіраваныя толькі да каханкі, на якую ён назіркам наглядзецца не можа, дзеля якое толькі сюды і прыйшоў, a трэці прывалокся з пачкам пазыковых распісак, нібы той, хто збірае грошы на пагарэльцаў, дзеля таго толькі, каб нагадаць пра сябе пазычэнцам, a не каб маліцца; калі б ён не ведаў, што тыя пазычэнцы збяруцца ў кірсе, хваробу ён сюды паткнуўся б, мазалеў бы дома, гартаючы тыя распіскі. A яшчэ часта бывае, калі ўлады хочуць нешта прадпісаць вясковай абшчыне, дык абвясціць пра гэта мае ў нядзелю бірыч, a таму многія сяляне трымцяць перад кірхаю больш, чым які злачынец перад судовай палатай. Альбо мо ты не думаеш, што многія пахаваныя ў кірсе не заслужылі мяча, шыбеніцы, вогнішча ці кола? Колькі-колькі тых каторых, якія не завяршылі б грэхам сваіх любоўных падгэльцак, калі б не паспрыяла кірха. A калі трэба што-небудзь прадаць альбо даць пад ліхву, ці ж не прыбіваюць абвестак на храмавых дзвярах? Калі якому ліхвяру не старчае часу абдумаць усе свае выхітры і выкіндэсы ў будні, ён сядзіць на набажэнстве, і выдумляе, і вымудрае, куды гэта яшчэ шпурнуць сваю жыдоўскую
дзіду. A тыя сядзяць на імшы купкаю і дыспутуюць, быццам кірха на тое толькі і збудавана, y ёй часта абгаворваюць і рашаюць такія гешэфты, гаварыць пра якія ў іншых прыватных месцах і тое асцерагліся б. Некаторыя сядзяць і спяць як нанятыя, a тыя толькі і ведаюць, што абшмугольваць людзей языкамі ды падшпільваць: ах, як трапна сёння святар y казані праехаўся па тым ці тым. A яшчэ каторыя пільна сочаць за казанню, але не дзеля таго, каб выправіцца, a каб, калі іх духоўны айцец на нечым саб’ецца (як яны лічаць), папраўляць яго і насміхацца. Я ўжо маўчу пра ўсе тыя гісторыі, якія вычытаў з кніг, пра шашні любоўныя, пра каншахты блядскія, якія з дапамогаю зводнікаў пачынаюцца і канчаюцца ў кірхах; цяпер я і не ўзгадаю ўсяго, што мог бы яшчэ сказаць на такія матэрыі. Але павінен ты ведаць яшчэ, што людзі не толькі пры жыцці пэцкаюць храмы сваімі заганамі і пахібамі, яны і па смерці напаўняюць іх сваёю пыхаю і дурнотай. Як толькі ўвойдзеш y які храм, адразу бачыш па магільных плітах і эпітафіях, як яшчэ фанабэрацца тыя, каго ўжо даўно зжэрлі чэрві. A тады глянеш угору, a там столькі гербаў, шчытоў, мушкетаў, шпаг, сцягоў, ботаў, астрогдў і ўсякага іншага непатрэб’я, што і ў збройнай палаце такога не ўгледзіш, дык вялікая табе штука, калі сямтам y гэтай вайне халопы, засеўшы ў кірсе, абараняюцца, як y фартэцыі. Дык чаму ж, ці чуеш! не дазволена мне як жаўнеру спраўляць y храме сваё святое рамяство, калі, як вядома, колісь два духоўныя айцы за адно толькі сваё першынства ўчынілі ў храме крывавую лядашчыну, так што дом Божы быў больш падобны на разніцу, чым на святое месца? Я дык хоць гэтага не раблю пад час набажэнства, бо я чалавек свецкі, a тыя як асобы духоўныя не чыняць аніякага рышпекту яго імператарскаму маестату. Дык жа якога такога ражна трэба забараняць мне здабываць сабе пракорм з дапамогаю кірхі, калі яна столькіх корміць? Хіба справядліва, калі той ці іншы багацей, застраміўшы руку, за немалыя грошы пахаваны ў самім храме, каб засведчана была яго пыха і задаволена славалюбства радні, калі гаротны, ушчэрблены бядняк, які такі самы хрысціянін ды, бадай, яшчэ больш пабожны чалавек, але ў якога нічога за душою няма, закапаны ў далёкім закутку за сценамі храма? Тут ужо як хто спрытнейшы! Калі б я ведаў, як цябе збянтэжыць, што высочваю здабычу з храма, дык добра падумаў бы, што трэба табе сказаць; a пакуль задавольвайся гэтым, аж, можа, дасца мне нагода пераканаць цябе іншымі аргументамі!»
Я ахвотна запярэчыў бы Оліверу, што тыя самыя пустэльнікі-людзі, y тым ліку і ён, якія няславяць і бэсцяць храмы, ужо адным гэтым самым паставілі сябе ў вялікую агуду. Але як што я не давяраў яму і не было ў мяне лішняй ахвоты яшчэ раз братацца з ім, каб абараніць сваё жыццё, дык дазволіў яму адолець мяне. Пасля гэтага ён папрасіў, каб я расказаў яму ўсё, што сталася са мною з таго часу, як мы разышліся пад Вітэнбергам, і адкуль y мяне ўзялася ідыёцкая вопратка, y якой я з’явіўся ў магдэбургскім табары? Але як што я быў даволі вялы з прычыны хваробы горла, дык я перапрасіўся і папрасіў яго, можа, ён спярша раскажа пра свае прыгоды, якіх, мабыць, y яго па завязкі, і мне пашанцавала, бо Олівер згадзіўся і панарасказваў мне такіх рэчаў, што я мог бы лёгка падумаць: калі б я да таго расказаў яму пра ўсё, што я ўчыніў з таго часу, як стаў жаўнерам, дык ён, несумненна, скінуў бы мяне са званіцы, пра што чытач даведаецца з далейшых раздзелаў.
РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ
Сімпліцы слухае, як Олівер змалку ўмеў уваткнуць y калёсы палку
«Мой бацька,— пачаў Олівер,— нарадзіўся непадалёк ад горада Аахена ад людзей незнакамітых, таму, падросшы, мусіў паступіць на службу да багатага купчыны, які справаваў y масянжовым гандлі. Ен паказаў сябе такім дзельнікам, што купец навучыў яго пісаць, чытаць і рахаваць і паставіў яго над усім сваім гандлем, як калісьці за даўнейшым часам Патыфар Язэпа над сваёй гаспадаркай. Гэта паспрыяла добрай дагодзе і таму і другому, бо руплівасць і прадбачлівасць майго бацькі чым далей тым больш множыла багацце патрона і гонар майго бацькі, які аж так узвысіўся, што пачаў саромецца сваіх бацькоў, на што яны марна наракалі. Калі ж бацьку майму стукнула дваццаць пяць, купец загавеў светам, пакінуўшы старую ўдаву і дзеўку дачку, якая незадоўж да таго дала маху, ды каб жа якому, a то ж лавачнаму служку, ды і прыпузілася, акацілася хлопчыкам, які неўзабаве юркнуў следам за дзедам. Калі мой бацька агледзеў, што дачка засталася без роду і без прыплоду, але ж не без грошай, ён не паглядзеў на тое, што яна падмахнула да шлюбу, а, падлічыўшы яе багацце, падбабіўся, падбіў ёй клінкі, што ўдава вельмі ахвотна прыняла не толькі дзеля таго, каб начапіць вяночак на дач-
чын грэх, але і таму, што мой бацька добра шалопаў y гандлі і кумекаў лепш за любога жыда ў ліхвярскім гешэфце. I вось, сам таго не чакаючы, пасля такога вяселейка бацька мой стаў багатым купцом, a я яго першым спадчыннікам, якога ён выгадаваў y поўным дастатку і раскошы. Мяне выстрэнчвалі, як шляхцюка, кармілі, як барона, a ва ўсім астатнім танянекалі і пялегавалі, як графа, за што я павінен дзякаваць больш медзі і цынку, чым золату і срэбру.
Ужо на восьмым годзе праклюнулася, што з мяне вырасце, бо маладая крапіва балюча стрыкае. Мне было дазволена ўсё, любое махлярства, любое шахрайства, і калі выпадала скроіць якую-небудзь штуку, я ўжо не перапускаў, бо ні бацька, ні маці ніколі ні за што не каралі. Я з равеснікамі і старэйшымі ліхарэзамі на скрут галавы гойсаў па вулках і смела лез y любую закалотку з дужэйшымі за сябе; a калі, бывала, скрояць мне порткі і ў цымбалы ўваляць, бацькі мае абураліся: «Што такое? Такі вялікі ўбоіна з дзіцём зацінаецца!» A калі падпускаў завусеня я, бо я ж драпаўся, кусаўся, біў куды папала і чым зарваў,— яны казалі: «Наш Оліверка чалавекам будзе, каго хоч куды хоч заткне!» Натуральна, нахрапістасць толькі расла. На малітву я быў яшчэ немаўлятка, a калі маліўся, як рамізнік, дык гэта азначала, што я яшчэ немысель. Так, дзень y дзень я рабіўся ўсё больш і больш няўпраўны, пакуль мяне не паслалі ў школу. A ўжо там, што б ні прыдумалі ліхія свавольнікі, якія ўсё-такі баяліся дубца і не ўсё рабілі самі, я рабіў без разбору. Калі я драў кнігі альбо пэцкаў іх кляксамі, маці хутка даставала мне новыя, на што, зрэшты, мой скупы бацька зусім не гневаўся; a калі я чворыў зусім нахабныя злыдствы, напрыклад, біў камянямі шыбы ў людзей, бо чаму б і не! — дык умеў так жаласна адгаварыцца, што і тут y бацькі на мяне рука не падымалася. A ўжо настаўніку дапякаў, хай бог крые! a той не адважваўся на строгасць, бо меў важкія дарункі ад бацькоў і выдатна ведаў пра іх неакілзаную, рассупоненую малпіную любоў да свайго чада. Улетку лавіў я ў полі конікаў і напускаў іх y школу — канцэрты былі шыкоўныя; узімку краў сушаную чамярыцу і высыпаў яе каля таго месца, дзе вучням давалі дубца. Калі караны пачынаў брыкацца, што бывала часта, мой парашок падымаўся хмарай, і ўсе чыхалі — пацеха была вялікая. Другім разам я забіў адным стрэлам двух зайцоў, што мне вельмі ўдалося: падстроіў настаўніку ляпу і ўсё зваліў на другога, які выдаў мяне, калі я страляў з ключа, напхаўшы яго порахам. Паслухай, як спрытна я ўсё