Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
Вось так я і трапіў y кашэча-сабачы закалот, мяне пакусалі, падрапалі і так раскуклацілі, што я, бадай, і на чалавека мала быў падобны; a найгоршае, увесь час была небяспека, што сабакі, лютуючы на ката, маглі паадрываць мне і нос і вушы. Мой каўнер і калет заліло крывёю, як на кузні каля слупа, дзе лягчаюць жарабцоў і пускаюць ім кроў y дзень святога Сцяпана; я нічога не мог прыдумаць, як мне ўратавацца ад такой пакуты. Нарэшце я кінуўся на зямлю, каб сабакі маглі схапіць ката, і мой капітоліум больш не быў арэнай бітвы. Сабакі мамэнтам разадралі ката, a я так і не атрымаў спадзяванай пацехі, адно толькі паглумішча і смехі жывыя з такога твару, які ты цяпера можаш бачыць. Таму я так угневаўся, што прыстрэліў абодвух сабак, a маю мэтрэсу, якая спрычыніла гэту блазноту, так адчавіў, што з яе можна было адцэджваць алей, пасля чаго яна ад мяне ўцякла к чарцям сабачым, бо не магла ж яна любіць такую куксамордзіну».
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
Сімпліцы бачыць: Олівер нелюдзь; I разважае, каб уцячы як-небудзь
Я ахвотна пасмяяўся б з расказанай Оліверам прыгоды, калі б не мусіў паказваць спагаду. A як пачаў я сам расказваць пра сваё жыццё, мы раптам згледзелі карэту з двума райтарамі абапал — усё гэта ехала ў наш бок. Мы збеглі са званіцы і заселі ў доме каля самай дарогі, вельмі зручны для
нападу. Свой мушкет я трымаў зараджаны ў запас, a Олівер адразу адным стрэлам паклаў каня і ссадзіў райтара, перш чым яны нас выявілі, і тады другі адразу ўцёк; калі я з узведзеным курком падступіўся да фурмана і прымусіў яго злезці з козлаў, падаспеў Олівер і адным махам рассадзіў яму галаву да самых зубоў, хацеў ужо прыкончыць жанчыну і дзяцей y карэце, якія былі больш падобныя на мерцвякоў, чым на жывых. Я рашуча ўсупрацівіўся і адрэзаў яму, што калі ён хоча выканаць свой намер, дык няхай спярша заб’е мяне. «Ах,— усклікнуў ён,— неразумны Сімпліцы, вось ужо ніколі не падумаў бы, што ты і праўда як добры дурань будзеш рацымоніі разводзіць!» Я адказаў: «Браце, якая можа быць шкода ад гэтых нявінных дзяцей? Былі б гэта дарослыя дундукі, дык каб бараніліся, тады іншая рэч».— «Што? — запярэчыў ён.— Калі яйцы на патэльні, позна з іх куранятам выводзіцца! Я добра ведаю гэтых смаркатых крывасмокаў; іхні бацька — маёр, сапраўдны гіцаль і ліхая ўбоіна, пашукаць другога такога на свеце!» 3 гэтымі словамі ён усё яшчэ памыкаўся зарэзаць бедных дзяцей; але я стрымліваў яго, пакуль ён, нарэшце, не ўрымсціўся. Там былі пані маёрыха, служанка і трое прыгожых небажат, якіх мне было шчыра шкада; a каб яны нас не выдалі, іх усіх мы замкнулі ў склеп, дзе ім не было ніякай ежы, апроч бруквы і іншай гародніны, хай пасядзяць, пакуль хто-небудзь іх не выпусціць. Пасля мы вымелі карэту, забралі сямёрку выдатных коней і пагналі іх y лес, y самую гушчобу.
A калі мы прывязалі коней і траха агледзеліся, я заўважыў непадалёк ад нас нейкага малойчыка, які ціхенька стаяў пад дрэвам; я паказаў на яго Оліверу, думаючы, што трэба папільнавацца. «Во, дурань! — сказаў ён.— Дык 'жа гэта жыд, якога я тут прывязаў; ён, шалаган, нябось даўно ўжо спруцянеў». Олівер падышоў да таго жыда, садануў кулаком пад сківіцу і сказаў: «Ну, сабака, і ты таксама мне шмат дукатаў прынёс». I калі ён яго такім вось манерам паварушыў, y таго з рота выпала некалькі дублонаў, якія няшчасны хітрун схаваў там і трымаў да самай смерці. Олівер тут жа засунуў яму руку ў пашчу і выграб дванаццаць дублонаў і выдатны рубін. «Гэтай здабычай,— сказаў ён,— я заўдзячаюся табе, Сімпліцы». I падарыў мне рубін, a сам выправіўся па свайго халопа, наказаўшы мне заставацца каля коней, але добра глядзець, каб мёртвы жыд не пакусаў — гэта так ён пакепіў з мяне, намякнуўшы, што ў яго больш адвагі, чым y мяне.
Пакуль Олівер хадзіў па таго мужыка, я пакутліва думаў і прыкінуў, y якую небяспеку ўмазаўся. Але чаго мне
ў вяроўку лезці? — я рашыў ускочыць на каня і даць лататы, але занепакоіўся, бо a раптам Олівер, можа, якраз дзе падсочвае і адразу стрэліць, я ж пабойваўся, што ён цяпер толькі выпрабоўвае маё пастаянства і затаіўся дзе-небудзь паблізу, каб падпасвіць мяне. Потым падумалася — сыду пеша, але тут жа набегла думка — a што, калі, уцёкшы ад Олівера, я дастануся ў лапы сялянам з Шварцвальда, пра якіх ішла нядобрая слава, быццам яны даюць жаўнерам па мазгах. A калі возьмеш, думаў, усіх коней, каб адабраць y Олівера сродак пагоні, a цябе захопяць веймарцы, дык гэта ж пэўнае кола, як злоўленаму злодзею. Адным словам, я не мог прыдумаць нічога надзейнага на ўцёкі, асабліва тут, y густым лесе, дзе не ведаў ні дарог, ні сцежак, a звыш Tare прачнулася сумленне і мучыла мяне, бо я пакінуў фурмана і стаўся прычынай таго, што ў яго так неміласэрна адабралі жыццё, і ўявіліся мне абедзве няшчасныя жанчыны і нявінныя дзеці, замкнутыя ў склепе, дзе яны, можа, асуджаны на такую ж пагібель, як гэты халдэй пад дрэвам. I я, бязрадны, хацеў суцешыцца сваёй невінаватасцю, бо дзейнічаў супроць сваёй волі і пад прымусам; але сумленне маё падказвала, што іншымі сваімі ўправамі я даўно заслужыў, каб мяне разам з гэтым зацятым бандытам аддаць y рукі юстыцыі на справядлівую кару горлам. Пад канец я паклаў вялікую надзею на Божую літасць і прасіў выратаваць мяне; і калі найшла на мяне такая мілата, я падумаў: «Дурань! ты ж не пад замком і не прывязаны, перад табою адкрыты ўвесь белы свет з прасветам. Ці мала ў цябе коней, каб уцякаць? A не хочаш езна, бяжы пеша, y цябе ж рэзвыя ногі». Тым часам, пакуль я так пераймаўся, не могучы наважыцца на што-небудзь пэўнае, вярнуўся Олівер разам з нашым селянінам. Ён правёў нас разам з коньмі на хутар, дзе мы падсілкаваліся і па чарзе паспалі па некалькі гадзін. Папоўначы мы паскакалі далей і да полудня паспелі да швейцарскіх пастоў, дзе Олівера добра ведалі і зладзілі нам выдатны пачастунак. I пакуль мы весяліліся, гаспадар паслаў па двух жыдоў, якія купілі ў нас коней за паўцаны. Усё было зроблена так гладка і міла, што не спатрэбілася лішніх дэбатаў. Галоўнае, пра што спыталіся жыды, гэта: «Чые гэта коні — імперскія ці шведскія?» Даведаўшыся, што веймарскія, разважылі: «Ага, дык іх трэба гнаць не ў Базэль, a ў Швабію да баварцаў!» — вельмі здзівіўшы мяне сваёй вялікай абазнанасцю і шчырасцю.
Мы банкетавалі па-панску, тутэйшыя стронгі і ракі былі нам сама да смаку. A як што ўжо й звечарэла, мы зноў рушылі ў дарогу, наладаваўшы нашага селяніна, як асла,
кумпякамі і ўсякай іншай страўнасцю; з усім гэтым мы на другі дзень завярнулі на адзінокі сялянскі двор, дзе нас прынялі гасцінна і ласкава; мы прабавілі там некалькі дзен з прычыны благога надвор’я, бо вецер, дождж і снег не дужа прыемныя спадарожнікі. Потым прабраліся суцэльным лесам і рознымі сцежкамі да таго нашага дамка, куды мяне Олівер прывёў першага разу, калі браў з сабою.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ Сімпліцы бачыць: адзін ён застаўся, як прадказана, за Олівера паквітаўся
Калі мы так аселі адпачыць і пад’есці, Олівер паслаў селяніна купіць што-небудзь з ежы, a таксама пораху і шроту. Калі той пайшоў, Олівер зняў каптан і сказаў: «Браце, не магу я так далей адзін цягаць гэтыя чортавыя грошы», пасля адвязаў некалькі каўбасак, валікаў такіх, якія ён насіў на голым целе, кінуў іх на стол і сказаў: «Ты таксама павінен папрацаваць і панасіць, пакуль набяром, каб хапіла абодвум на чорны дзень; гэтыя праклятыя каўбасы намулялі мне бакі; не магу іх больш цягаць на сабе». Я адказаў: «Браце, калі б іх y цябе было столькі, як y мяне, дык не намулялі б».— «Што? — перабіў ён мяне.— Ведай, што маё, тое і тваё, a што здабудзем разам — напалам!» Я падняў абодва мяшэчкі і адчуў, што яны цяжкія, бо накладзены шчырым золатам. Я сказаў, што ўсё гэта складзена вельмі нязручна і калі яму заўгодна, дык можна ўсё так зашыць, што насіць будзе лягчэй. A калі ён даў мне на гэта волю вольную, я пайшоў з ім да дуплястага дуба, дзе ў яго былі схаваны нажніцы, іголкі і ніткі; так з пары штаноў я скроіў яму і сабе па пары наплечнікаў, упакаваў y іх мілыя чырвоныя манеткі, і, калі мы надзелі гэтыя наплечнікі пад кашулі, атрымалася, што як бы на нас былі спераду і ззаду залатыя панцыры, што было якраз вельмі дарэчы, бо гэта давала дадатковую бяспеку, калі не ад кулі, дык, прынамсі, ад шаблі. Я падзівіўся і спытаўся ў яго, чаму пры ім няма срэбра, і ён адказаў, што яно ў яго схавана ў дупле, болып за тысячу дукатаў, якімі ён дазволіў апекавацца мужыку, і дакладнага ліку ім не ведае, бо ў грош не ставіць такія авечыя бобахі, як срэбра.
Калі са швівам было скончана і грошы былі ўкладзены, мы выправіліся ў наш ложамент, дзе ноччу гатавалі ежу і грэліся каля печы. A ўдзень, каля гадзіны, калі мы меней за ўсё гэтага чакалі, y нашу хатку шырока расхлябеніліся
дзверы і ўвальваюцца шасцёра мушкецёраў з капралам, са зброяй напагатове і запаленымі кнатамі; яны заяглілі на ўсё горла, каб мы ім здаваліся! Аднак Олівер, які, як і я, заўсёды трымаў пры сабе зараджаны мушкет і востры меч і якраз сядзеў за сталом, калі я стаяў за дзвярмі каля печы,— адказаў ім некалькімі кулямі, ад якіх двое адразу грымнуліся на падлогу, a я двума стрэламі паклаў трэцяга і скалечыў чацвёртага. Потым Олівер вышмаргнуў з похваў востры меч, які выручаў яго з любой бяды, ды такі востры, што рэзаў волас і можа быць параўнаны са славутым мячом Калібурнам англійскага караля Артура, і разваліў пятага ад пляча да жывата, аж з яго ўсе тэльбухі вывернула і ён агідна паваліўся ва ўсё гэта сваё. Тым часам я навярнуў шостаму прыкладам па галаве, ён і ногі выпруціў. Такую самую порцыю сам Олівер атрымаў ад сёмага, ды такое сілы, што мазгі вылецелі; a я сваім цёнгам гваздануў гэтага сёмага, і ён лёг побач за добрую кампанію, не кеўкнуўшы. A калі паранены, якога я падстрэліў спачатку, убачыў такі ўдар і заўважыў, што я павярнуў мушкет і хачу выбіць з яго астатні дух, ён кінуў сваю зброю і давай уцякаць, быццам яго сам чорт гнаў. На ўсю гэтую баталію пайшло часу не больш чым каб сказаць пацеры,— сямёра адважных жаўнераў ляжалі гатовенькія.
I такім чынам запанаваўшы адзін над полем сечы, я агледзеў Олівера, ці не засталося ў ім якога каліўца жыцця,— не, не засталося, ён не дыхаў; я разважыў, што няварта пакідаць мёртваму столькі грошай, якія яму ні на што ўжо не патрэбныя; я зняў з яго залатую шкуру, якую толькі ўчора пашыў яму, і павесіў на плечы паўзверх сваёй. I як што мушкет мой быў разбіты, дык я забраў Олівераў, a таксама ягоны востры баявы меч; узброіўшыся на ўсякі раз, я даў дзёру па той самай дарозе, па якой, як я ведаў, павінен быў вяртацца наш селянін. Я сеў крыху наўзбоч ад таго месца, каб яго дачакацца, агледзецца і падумаць, што ж рабіць далей.