• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 415с.
    Мінск 1997
    128.03 МБ
    Дывановае майстэрства, y якім я часта практыкаваўся ў Л., памятаеце, вельмі мне прыдалося, бо інакш і гаварыць няма пра што, я прайграў бы, і загнуў бы ён мне мікіткі, бо вораг мой быў дужэйшы за мяне, моцны, як валун. I калі мы ледзь не да смерці знясілілі адзін аднаго, калі ў мяне ўжо сілы не ставала трымаць пад сабою праціўніка, той, нарэшце, заблагаў: «Перастань, браце, здаюся!» Я сказаў: «Спярша ты павінен быў саступіць мне дарогу!» — «Якая табе выгода, калі я памру?» — адказаў ён. «А што
    табе з таго, калі б мяне прыстрэліў, y мяне ўсё адно ані талера ў торбе?» На гэтыя словы папрасіў ён y мяне дараваць яму, я ўмягчыўся сэрцам і дазволіў яму ўстаць, пасля чаго ён пабажыўся, што не толькі будзе трымацца міру, але яшчэ й хоча быць мне сябрам і слугою. Але я ўжо не верыў яму і не прымаў ягоных слоў, памятаючы ягоныя падступныя ўчынкі і зладзейскія прыёмы.
    Падняўшыся, мы падалі адзін аднаму руку, абяцаючы забыць усё, што адбылося, і ўзаемна дзівавалі, што знайшоўся такі штукар, бо кожны ж думаў пра сябе, што яго скура загаворана ад ран, a тут зайшла каса на камень. Я пастараўся не развейваць яго ўпэўненасці, каб ён, калі б я аддаў яму зброю, не паспрабаваў зноў насесці на мяне. Ад майго стрэлу ён дастаў вялізнага гузака на лоб, a я быў увесь y крыві; але нішто так не пацярпела, як нашыя каркі, якія былі так укручаны, што ніводзін з нас не мог як след падняць галавы — аж так мы нацягаліся.
    A як што бралася ўжо на вечар і мой праціўнік сказаў мне, што да самага Кіцынга я не сустрэну ні ката, ні сабакі, не кажучы пра чалавека, a ён жыве непадалёк ад дарогі ў зацішнай хатцы і можа прапанаваць добры кавалак утушанага мяса і глыток віна, дык я даўся ўгаварыць мяне і пайшоў з ім, тым часам як ён увесь час уздыхаў і бедаваў, як яму прыкра, што ён абразіў мяне.
    РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
    Сімпліцы даведаўся, што яго лёс да разбойніка Олівера занёс
    Рэзалютны жаўнер, які прысвяціў сваё жыццё вечнай рызыцы і мала за яго турбуецца, падобны на тое дурное быдла, якое, нібы авечка, спакойна дазваляе весці сябе ў разніцу. Можна ўзяць тысячу малойцаў, і сярод іх наўрад ці знойдзецца адзін такі рызыкант, каб пайшоў немаведама куды ў госці да чалавека, які толькі што напаў на яго, каб забіць. Я спытаўся па дарозе, y чыім ён войску; тады ён сказаў, што няма цяпер над ім гаспадара, a ваюе ён сам за сябе; і ў сваю чаргу папытаўся, чый я буду? Я сказаў, што быў веймарскі, a цяпер зрабіў ручкаю і думаю падацца дахаты. Ён спытаўся, як мяне завуць, і калі я адказаў «Сімпліцыус», абярнуўся да мяне (бо я, не давяраючы яму, прапусціў яго наперад) і пільна ўгледзеўся мне ў твар. «А ці не завуць цябе яшчэ і Сімпліцысімусам?» Я сказаў, што
    завуць, што нягоднік той, хто адмаўляецца ад свайго імя. «А цябе як завуць?» — «Ах, браце! — сказаў ён.— Я — Олівер, якога ты ведаў пад Магдэбургам»,— адкінуў убок мушкет і ўпаў на калені, благаючы дараваць яму за тое, што меў намер так блага абысціся са мною, і сказаў, што і марыць не мог знайсці калі-небудзь на свеце лепшага сябра, бо я павінен стаць яму ў прыгодзе і адважна папомсціцца за ягоную смерць, як прадказваў стары Хэрцбрудэр. A я, зноў жа, не мог дзіву не дацца з такое небывалае сустрэчы, але ён сказаў: «Гэта не дзіва, што толькі гара з гарою ніколі не сыходзяцца, a чалавек з чалавекам — уга! ці вялікая штука, што мы абодва так перамяніліся — з сакратара і афіцэра я зрабіўся лясным прыгоднікам, a ты з пацешнага дурня адважнікам-жаўнерам стаў. Эх, каб тое ўдалося сабраць тысяч дзесяць такіх урвікавалкаў, як мы з табою, дык, павер, мы заўтра раніцай узялі б Брайзах, a ўрэшце над усім светам запанавалі б мы з табою».
    Ведучы гэтакі дыскурс, дайшлі мы, a ўжо і ноч залегла, да невялікай хаціны, y якіх такіх звычайна жывуць падзёншчыкі, і хоць мне агідная была ягоная пахвальба, я ўсё ж яму падтакваў, асабліва, можа, якраз таму, што я ведаў яго падступны, хцівы нораў. Мне трэба было падтрымліваць яго настрой, каб ён не намысліў якое подласці, пакуль я ад яго не адграбуся. I хоць я не верыў яму ні на мезенец, аднак жа ўвайшоў за ім y памянёную халабудзіну, дзе нейкі мужык паліў якраз y печы. Олівер спытаўся: «Ты што-небудзь згатаваў?» — «Не,— азваўся той,— але ёсць яшчэ смажаны цялячы сцягняк, што я сёння спрамысліў y Вальдкірху».— «Ну, добра,— сказаў Олівер,— ідзі і валачы сюды ўсё, што там y цябе, ды прыхапі барылку віна!»
    Калі мужык выйшаў, я сказаў Оліверу: «Браце (я назваў яго так, каб хоць дзеля нейкай пэўнасці за бяспеку, хоць гатовы быў скруціць яму карак за Хэрцбрудэра, калі б мог гэта зрабіць), y цябе ўпраўны шынкар».— «А ўжо ж,— адказаў ён,— шанцуе лорду, як чорту, я кармлю ўсю яго сям’ю, зрэшты, і сам ён здабытчык не абы-які. Усю вопратку, якую я дастаю, я аддаю яму». Я спытаўся, a куды ж мужык падзеў жонку і дзяцей, на што Олівер адказаў, што гаспадар адправіў іх y Фрайбург, дзе іх адведвае два разы на тыдзень і прывозіць адтуль ежу, порах і шрот. Далей паведаў ён мне, што даўно старцуе на вялікай дарозе і цяпер яму куды лепей жывецца, чым калі як ён служыў бы якому-небудзь пану, і ён не мерыцца пакідаць свае заробкі, пакуль не набярэ поўную торбу. Я сказаў: «Браце, ты ўхляпаўся ў небяспечны інтэрас, і калі цябе заспеюць на
    разбоі, як ты думаеш, што з табою зробяць?» — «Вой, баліць,— усклікнуў ён,— што я чую! ты ўсё яшчэ той самы Сімпліцы; што да мяне, дык я ведаю, калі качаюць кеглі, трэба ставіць на кон. Але і ты мусіш ведаць, што панам y Нюрнбергу, перш чым каго зашмаргнуць, трэба таго папярэдне спаймаць». Я адказаў: «Але дапусцім, браце, што цябе не зловяць (што, аднак, вельмі паняверна, бо ж вядома — панадзіўся тхор на птушыны двор — будзе пер’е, будзе і шэрсць), дык усё адно жыццё, якое ты вядзеш,— самае паганае на свеце, так што я не паверу, каб ты хацеў запруцянецца ў ім па самы кон».— «Што,— усклікнуў ён,— самае паганае? Ды павесь сабе на носе, храбры мой Сімпліцы, што разбойніцтва — гэта самае найшляхетнейшае рамяство на ўсім свеце, якое толькі можа быць за нашым цяперашнім часам. Скажы от мне, колькі бо каралеўстваў ці княстваў, ці чаго там яшчэ, здабыта не разбоем? I дзе, і якому каралю альбо князю накінулі ганьбай ці залічылі ў віну, калі ён карыстаецца прыбыткамі са сваіх земляў, якія здабыты разбоем? A што можна яшчэ назваць высакароднейшым за той промысел, да якога я цяпер дапаў? Хіба ты кожнага дня на свае вочы не бачыш, як нават самыя вялікія патэнтаты абіраюць адзін аднаго? Хіба ты не бачыш, як дужы маніцца накінуць аброць на слабшага? Бачу, ты ахвотна запярэчыў бы мне, сказаў бы, што многіх за ўчыненыя імі забойствы, разбой і крадзяжы пакалесавалі, пачвартавалі, паперавешвалі, абезгаловілі; я ўсё гэта ведаю загадзя і наперад, бо так піша закон; аднак ты не ўбачыш на вісельні нікога, апрача няшчасных, нікчэмных зладзюжак, што, зрэшты, і справядліва, бо хай не лезуць, не прагуцца са скуры, бо хай не замахваюцца на такую выдатную справу, якая па мерцы толькі высакародным і адважным душам. Дзе ты бачыў, дзе ты чуў, каб юстыцыя пакарала хоць адну знакамітую пярсону за тое, што яна занадта абцяжала сабою краіну? Ды што там пярсона, хіба пакараны хоць адзін які ліхвяр, які потайкам аддаецца асалодам гэтага дзівоснага здольства ды яшчэ ж і пад аслонай хрысціянскай уселюбові! Хіба варты я кары, калі, паводле добрага старанямецкага звычаю, адкрыта займаюся сваім рамяством, і не ўбіраюся ў рызы святога, і не строюся ў шаты браталюбца? Любасны ты мой Сімпліцы, ты яшчэ не чытаў Макіявелі. Я чалавек даволі шчырадушны і вяду такое жыццё ў поўнай адкрытасці і без аніякай боязі. Я змагаюся і стаўлю на кон сваё жыццё, як тыя старажытныя героі, яшчэ і ведаю, што дзеі, пры ўчыненні якіх жыццём рызыкуеш, дазволены. A як што я стаўлю сваё жыццё пад
    пагрозу, дык з гэтага, каб ты ведаў! — неабвержна вынікае, што і мае практыкоўкі ў гэтым умельстве дазволеныя і справядлівыя».
    На гэта я адказаў: «Дапусцім, крадзьба і разбой, хай дазволены яны табе, хай не, як я ведаю, супярэчаць закону прыроды, паводле якога ніхто не павінен чыніць нікому Ta­ra, чаго не хоча, каб учынілі яму самому. I такія несправядлівыя ўчынкі таксама агідныя і зямным законам, якія прадпісваюць вешаць злодзеяў, сячы галовы разбойнікам і калесаваць забойцаў. I напаследак гэта агідна ў вачах Госпада Бога, што найважней, бо ён ніводнага граху не прапускае без адгоды».— «Гэта азначае, як я ўжо раней казаў, што ты ўсе яшчэ Сімпліцы, які не штудзіраваў Макіявелі,— адказаў мне Олівер,— a калі б я мог на такіх прынцыпах заснаваць манархію, дык хацеў бы пабачыць, хто пасля стаў бы супроць гэтага прапаведаваць».
    Мы яшчэ доўга дыспутавалі б пра гэты прадмет, але падаспеў мужык з ежай і пітвом, і мы селі за стол і елі без дна, што мне тады было вельмі патрэбна.
    РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ
    Сімпліцы ў Олівера наядаецца ўдосыць і новую грэшную вопратку носіць
    На вячэру ў нас быў белы хлеб і памянены печаны халодны цялячы сцягняк; a яшчэ і добры глык віна, a яшчэ і цбплы пакой. «А што, Сімпліцы,— сказаў Олівер,— ці ж не лепей тут, чым y апрошах пад Брайзахам?» Я адказаў: «А ўжо ж такі, калі б толькі весці такое жыццё з большай годнасцю і ў поўнай бяспецы». На што ён зарагатаў на ўсё горла і сказаў: «А хіба небаракі ў апрошах y большай бяспецы, чым мы з табою, ці не трэба ім штохвіліны баяцца вылазкі? Мілы мой Сімпліцы, я, праўда, бачу, што ты скінуў ідыёцкі каптур, аднак носіш на плячах дурную галаву, што добра, a што блага; не будзь ты Сімпліцы, які, паводле прадказання старога Хэрцбрудэра, павінен адпомсціць за маю смерць, дык ты ў мяне адразу згадзіўся б, што я вяду высакароднае жыццё не горш за якога барона». Я падумаў: «Што ж гэта будзе? Тут патрэбны іншыя словы, a то гэты высмердак з такім падлюгам-мужыком ураз табе зазасціць». A потым сказаў: «Дзе такое чулі, каб чаляднік лепей разумеў рамяство за самога майстра? Вось
    што, браце, калі ўжо, паводле тваіх слоў, ты вядзеш такое высакароднае і шчаслівае жыццё, дык дзеля старога нашага камарадства далучы мяне да свайго дабрадзенства, бо шчасце мне дужа як патрэбнае». На гэта Олівер адказаў: «Браце, будзь пэўны, што я люблю цябе гэтак сама свята, як самога сябе, і тая абраза, якою я змазаў цябе сёння, яшчэ больш паліць мяне, чым куля, якая зачапіла мой чэрап, калі ты абараніўся ад мяне, як яно і належыцца маладому зухвальцу; таму мне не выпадае ў чым-небудзь адмаўляць табе. Заставайся ў мяне, калі табе гэта залежыць; я мецьму за цябе святы клопат, як за самога сябе; a калі нямашака ахвоты, дык дам табе грошай і правяду куды захочаш. A каб ты быў пэўны, што словы мае ад шчырасці сэрца, скажу табе, чаму я так цябе палюбіў і так высока цаню, хоць шанаваць кагосьці не ў маіх правілах. Ты, канечне, памятаеш, як правільна ўсё прадказаў стары Хэрцбрудэр, вось, бачыш, пад Магдэбургам ён зрабіў прадказанне, якое я дагэтуль трымаю на памяці: «Олівер, паглядзі як след на нашага добрага кепа, прыйдзе час, ён сваёю адвагаю ўгоніць цябе ў страх і ўчворыць табе такую штуку, якое не спадобішся за ўсё сваё жыццё, бо ты яго на тое вымусіш, і ў такі час, калі вы абодва не пазнаеце адзін аднаго. Аднак ён не толькі падорыць табе жыццё, якое будзе цалкам y ягоных руках, але і праз пэўны час з’явіцца на тое месца, дзе цябе заб’юць, і будзе там такі ўдачлівы, што як пераможца адпомсціць за тваю смерць». I вось, любасны мой Сімпліцы, дзеля гэтага прадказання я гатовы падзяліць з табою апошнюю кашулю, і падобна на тое, як ужо спраўдзілася першая частка прадказання, што я спадобіў цябе на прычыну стрэліць, як яно і належыць браваму жаўнеру, мне проста ў галаву і адабраць меч, чаго, вядома, яшчэ нікому не ўдалося, a таксама дараваць мне жыццё, калі я ляжаў пад табою і быў за тры чвэрці да смерці, дык і не сумняваюся, што гэтак сама збудзецца і ўсё астатняе, што было прадказана пра маю смерць. I гэтая помста дазваляе мне, ласкавы браце, сказаць, што ты мне самы верны сябар і станеш ім яшчэ больш, бо калі б ты не быў такі, дык і не абцяжарыў бы сябе такою помстаю. Вось перад табою чарцёж майго сэрца, a цяпер скажы мне, што ты думаеш рабіць», Я падумаў: «Чорт бы табе паверыў, a не я! Калі я вазьму з цябе грошай на дарогу, дык ты, можа стацца, мяне прышпіліш, a застануся з табою, буду баяцца, каб нас разам не чвартавалі». A таму рашыў правесці яго за нос і застацца ў яго, пакуль не знагодзіцца шаркі на баркі і — дзёру; таму сказаў, што калі ён гатовы цярпець маю быт-