Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
быў залічыць сябе да ордэна братоў-мэрадзёраў. I хоць Хэрцбрудэр ахвотна дапамог бы мне зноў абмундзіравацца, але як што я так хутка спанукаў першых коней, ён устрымаўся ад далейшых тратаў і даў мне крыху пачабохтацца, паўходжвацца самому, пакуль навучуся абыходзіцца са сваім дабром упраўна, абачліва і ашчадна. Але я нічога і не прасіў y яго, бо ў сваіх новых саслужнікаў знайшоў такую прыемную кампанію, што, пакуль мы не сталі на зімовыя кватэры, я не зычыў сабе лепшага гандлю.
Мушу ўсё-такі збольшага расказаць, хто такія гэтыя браты-мэрадзёры, бо, пэўна ж, ёсць людзі, асабліва з тых, што не нюхалі вайны, якім пра іх нічога не вядома. Ды мне і самому дагэтуль пакуль што не сустрэўся такі пісучы шустрык, які ў сваіх творах паведаў бы што-небудзь пра іхнія хваткі, спанатры і звычаі, правы і прывілеі, хоць яно было б карысна не толькі сённяшнім палкаводцам, але і сялянству ведаць, што гэта за цацы такія. Па-першае, што да іх назвіска, дык я не хацеў бы думаць, што яно ганьбіць імя таго самага адважнага кавалера, пад чыёй камандай яны яго атрымалі, інакш я не чапляў бы яго аж так адкрыта на нос першаму лепшаму. Я бачыў такія, ведаеце, адмысловыя чаравікі, на якіх замест дзірак былі крывыя швы; іх называлі «мансфэльдкамі», бо прыдумалі іх мансфэльдскія канюшнікі, каб было зручней y іх хадзіць па конскім гноі. Але ж калі з гэтай прычыны нехта надумае называць самога Мансфэльда чаравічнікам-гаўнаступам, таго я мецьму за дзіўнага фантаста. Гэтак сама трэба ставіцца і да памянёнай назвы, якая не знікне, пакуль немец ваюе. A звязана яна вось з чым. Калі той адважны кавалер прывёў y войска новы навербаваны полк, ягоныя зухі былі такія кволыя і недалужныя, што, як тыя французскія брэтонцы, ледзьве ногі перастаўлялі, ад ветру хіліліся,— якія ўжо тут далёкія маршы і іншыя цяготы, што выпадаюць палявому жаўнеру; іх брыгада была такая слабая, што ледзь магла прыкрыць сцяг; і, бывала, дзе толькі сустрэнуць — хай на рынку, y доме ці за плотам — такога знядужанага альбо знявечанага жаўнера-здыхляка ды спытаюць: «3 якога палка?», адказ быў адзін: «Мэродэ!» Адгэтуль і пайшло, што пад канец усіх, хворы хто, a ці здаровы, паранены, a ці цэлы, але як толькі адбіўся каторы ад калоны і не залёг на біваку разам з палком, пачалі зваць братам-мэрадзёрам, a раней іх называлі япрукамі і мёдалізамі. Бо яны, як тыя трутні ў вуллях, калі трацяць сваё джала, ужо больш ні к чорту нявартыя, мёду не робяць, a толькі жаруць ужо гатовы. Калі райтар застаецца без каня, a мушкецёр без здароўя, ці за-
чаўрае ў яго жонка альбо дзіця і ён захоча пры іх застацца, дык вось вам і ёсць ужо некалькі мэрадзёраў, той самай свалаты, якую ні з чым не параўнаеш, хіба што з цыганамі, бо яны не толькі па сваёй волі боўтаюцца ўсюды ў войску і вакол яго, але яшчэ і падобныя да цыганоў сваімі норавамі і звычкамі. Вось яны цэлымі вывадкамі сядзяць, як рабчыкі ўзімку, дзе-небудзь пад плотам y халадочку ці на сонейку, альбо аблеглі вогнішча, пакурваюць люлькі, лайдачацца, мантачацца, тым часам як спраўны жаўнер дзе-небудзь церпіць гарач, смагу, голад, холад і ўсялякія нягоды. A там выступае цэлая хэўра, каб разжыцца ўсялякім дабром, тым часам як бедны жаўнер знемагае ад стомы, вось-вось упадзе і галоўкай наложыць. A тыя сабе шныраць усюды, цягнуць усё, валакуць, што пад рукі ўпадае, паперадзе, ззаду і вакол войска; a чым не могуць пакарыстацца, тое — на глум. Так што жаўнеры, якія з палком, калі займаюць кватэры альбо спыняюцца табарам, часта не знаходзяць глытка свежай вады; a калі тая шобла надумае дзе-небудзь асесці са сваімі манаткамі, дык часта атрымліваецца, што яны цяжэйшыя, чым уся армія. I калі яны ўсім кодлам маршыруюць, кватаруюць, табарацца і гандлююць, дык няма ў іх ні вахмайстра, каб даваць каманду, ні фельдфебеля альбо экзэкутара, каб даць катораму ў каршэнь, ці правільней — сабе ў кішэнь, ні капрала, каб іх будзіў, ні барабаншчыка, каб біў ім пад’ём і нагадваў пра каравулы і патрулі, карацей, анікога, хто замест ад’ютанта расстаўляў бы іх y бітве альбо замест фур’ера разводзіў па кватэрах, так што яны жылі, як бароны — кожны сам сабе ўказ. A вось калі даходзіла да раздачы жаўнерскай страўнасці, тут яны першыя, хоць зусім таго не заслужылі. Наадварот, начальнікі каравулаў і галоўныя дазорцы ў лагеры былі для іх горш за паляндру ліхую, бо як, бывала, тыя залішне разбушуюцца, дык накладвалі ім на рукі і ногі жалеза, a то і пяньковы каўнерык прыстрояць ды і зашмаргнуць за іх далікатную шыйку.
Яны не неслі каравулаў, не капалі шанцаў, не хадзілі на прыступы, не станавіліся ні ў якія баявыя парадкі і, аднак, знаходзілі сабе харч! A колькі шкоды ад іх палкаводцу, селяніну і ўсяму войску, y якім назбіраецца шмат такое свалаты, што і апісаць не апішаш. Самы нікчэмны конюх y райтара, які нічога іншага не робіць, як толькі здабывае фураж, больш карысны палкаводцу, чым тысяча братоў-мэрадзёраў, якія зрабілі гэта сваім гешэфтам і без аніякае працы бавяць свой час y гультайстве. Іх бярэ ў палон праціўнік, сям-там ім моцна даюць па лапах сяляне, з ra
тай прычыны армія радзее, a вораг мацнсе; і калі той завалень (я разумею тут не бедных хворых, a пешых райтараў, якія неабачліва губяць сваіх коней і пасля ідуць y мэрадзёры, каб уратаваць сваю шкуру, песціць ляноту сваю і гультаяваць) за лета адаб’ецца, дык з ім трэба абыходзіцца не інакш, як нанава экіпіраваць да зімы, каб y будучым паходзе ён зноў што-небудзь згубіў. Трэба іх усіх садзіць на адну вяроўку, як ганчакоў, і вучыць ваяваць, седзячы ў гарнізоне, a то і прыкоўваць да галераў, калі яны не хочуць несці службу свайму пану ў пешым страі, пакуль зноў не здабудуць каня. Я тут наўмысна змоўчваю, колькі вёсак імі было спалена як ад недагляду, так і знарок, колькі малойцаў з сваёй жа арміі яны пассаджвалі з коней, абрабавалі, тайна абакралі, a то і пазабівалі, колькі заводзілася сярод іх шпіёнаў, ледзь толькі каторы з іх дазнаецца, як называецца той ці іншы полк альбо атрад. Якраз такім малойцам быў я тады і заставаўся такім да самай бітвы пад Вітэнваерам, тым часам як галоўная кватэра была ў Штутэрне; a калі я з некалькімі дзецюкамі выправіўся ў Герольдэн, каб пераняць кароў і быкоў, як тое было ў нас звычаем, мяне самаго захапілі веймарцы, якія ўмелі лепей абыходзіцца з нашым братам, яны мігам успёрлі нам на плечы мушкеты і рассовалі па палках. Я трапіў да жаўнераў пад камандаю палкоўніка Хатштайна.
РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ
Сімпліцы з разбойнікам лютым б’ецца, і той нарэшце яму здаецца
Вось тады я і зразумеў, што народжаны на няшчасце, бо прыкладна тыдні за чатыры да памянёнай баталіі пачуў, як некалькі Гёцавых афіцэраў дыспутавалі паміж сабою пра вайну; адзін сказаў: «Без катавасіі гэта лета не пройдзе! Калі паб’ём мы, дык зімою возьмем Фрайбург і Лясныя гарады, a калі разнясуць нас, усё адно мецьмем зімовыя кватэры». 3 гэтага прадказання я зрабіў слушную выснову і сказаў сабе: «Ну, Сімпліцы, радуйся, вясною будзеш піць добрае заморскае і нэкарскае віно, яго заслужаць веймарцы». Але я даволі-такі пралічыўся, бо з тае пары, як стаў веймарцам, лёс наканаваў мне паслужацца ў аблозе Брайзаха, a аблога гэтая ўчынена была адразу пасля шматкроць памянёнай баталіі пад Вітэнваерам, і тады я, як і іншыя мушкецёры, мусіў дзень y дзень і ноч y ноч капаць шанцы
і не меў ад гэтага аніякага сабе прафіту, хіба што навучыўся, як трэба рабіць вакол крэпасці апрошы, на што пад Магдэбургам зважаў мала. Ва ўсім астатнім y мяне быў швах, каб не сказаць вашыва, бо яны, вошы, аблажылі ўжо самога мяне як не ў тры пласты, седзячы адна на адной; кашалёк мой быў худы і парожні; віно, піва і мяса сталі музейнымі рарытэтамі, яблыкі і чэрствы зацвілы хлеб і той на свята за прысмакі еў.
Усё гэта ўжо так абрыдла, што сталася прычынаю маіх мрояў пра егіпецкае мясное ежыва, інакш кажучы, пра вестфальскія шынкі і вэнджаныя каўбасы, якімі я акладаўся ў Л. Я ніколі так многа не думаў пра жонку, як y той час, калі ляжаў y намёце, амаль скарчанеўшы ад сцюжы. Вось тады я часцяком казаў сабе: «Ай, Сімпліцы, няўжо ты і праўда думаеш, што будзе несправядліва, калі хто-небудзь заплаціць табе тым самым, чым ты сам плаціў y Парыжы?» Такімі думкамі я мітрэнжыў сябе, як кожны раўнівы рагуля, ведаючы, што ўсё, што вадзілася за маёй жонкай, гэта толькі гонар і цнота. Нарэшце я ўжо аж так сцярпеўся, што адкрыўся свайму капітану, расказаў, як ідзе мой гандаль, адправіў таксама з поштаю пісьмо ў Л. і ў адказ атрымаў ад палкоўніка С. А. і майго цесця вестку, што яны падаваліся з прашэннем князю Веймарскаму і дабіліся, каб мой капітан адпусціў мяне з пашпартам.
Недзе за месяц да Калядаў я ўжо маршыраваў з мушкетам на плячы з лагера ўздоўж Брысгаў з намерам атрымаць на святочным кірмашы ў Страсбургу дваццаць талераў, пасланых мне цесцем, a потым выправіцца разам з купцамі ўніз па Рэйне, бо па дарозе было шмат імперскіх гарнізонаў. Але калі я праходзіў міма Эндынгена і наблізіўся да аднаго хутара, па мне стрэлілі, ды так трапна, што куля прашыла край майго капелюша, і адразу ж з дома выхапіўся здаравенны плячысты дзяцюк і закрычаў, каб я кінуў зброю. Я адказаў: «Божа вялікі, зямляча, ня думай і ня мыслі!» — і ўзвёў курок. A той высвіснуў з похваў нейкую жалезіну, якая больш удавала на катаў меч, чым на шпагу, кінуўся да мяне і давай размахваць. I як што я спетрыў, што жартамі тут не пахне, дык бабахнуў і так умеціў яму ў лоб, што той закруціўся, як ручайка, a тады ўзяў і ўпаў. Каб не даць пудлу, я момантам выхапіў y яго з рукі меч і ўжо быў хацеў праткнуць яго; але гэта не ўдалося, бо ён раптам усхапіўся на ногі, цапнуў мяне за патлы, a я яго; аднак меч ягоны я ўжо адкінуў убок, і ён не мог ім скарыстацца. I пайшла ў нас такая сур’ёзная пацеха, што кожны пнуўся з усёй сілы, a верху ўзяць не мог.
Эпізоды з Трыццацігадовай вайны. Гравюры Ганса Ульрыха Франка
То я быў пад ім, a то ён пада мною, то абодва на нагах, але нядоўга, бо кожны хацеў уходаць другога. Кроў залівала мне рот і нос, морда ўся раскулешана, я пляваўся крывёю яму ў твар, раз ен яе так прагнуў; гэта дало мне перавагу, бо сляпіла яму вочы. I так мы качалі адзін аднаго па снезе і гразі гадзіны паўтары і да таго ўмардаваліся, што бяссіласць аднаго ніяк не магла адолець стомленасці другога аднымі толькі кулакамі, і ніхто не мог адною сваёй сілай без зброі забіць другога.