Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
Я суцяшаў Хэрцбрудэра, як толькі мог, і адкрыў яму, што ў мяне куды больш грошай, чым тыя некалькі дублонаў, якія я паказаў, і што ўсё гэта цяпер паслужыцца і яму; і тым часам расказаў пра пагібель Олівера і якім чынам я вымушаны быў адпомсціць за ягоную смерць, і гэта так падняло мой дух, што паспрыяла яго цялеснаму ацаленню, бо дзень y дзень раны ягоныя гоіліся лепей і лепей.
КНІГА ПЯТАЯ
Ілюстрацыя Ёзэфа Хэгенбарта да «Сімпліцысімуса»
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
Сімпліцы і сябар сардэчны ягоны ідуць y Швейцарыю на паклоны
Калі Хэрцбрудэр зусім ачуняў і залечыў свае раны, ён расказаў мне, як y цяжкай бядоце ён даў зарок адбыць паломніцтва ў Айнзідэльн. A як што цяпер ен зусім блізка ад швейцарскай граніцы, дык вось і думае ўчыніць гэта, кормячыся ў дарозе бедніцкай міласцінай; я быў вельмі рады пачуць гэта і прапанаваў яму свае грошы і кампанію, я нават хацеў адразу купіць два конікі, каб выправіцца з ім y падарожжа, праўда, не таму, што мяне парывала на тое пабожнасць і сумленне, a таму, што хацелася пабачыць швейцарскую рэспубліку, якая была адзінай дзяржавай, дзе працвітаў усімі жаданы мір. Мяне таксама парадавала, што падарожжа давала нагоду паслужыцца Хэрцбрудэру, бо я палюбіў яго, як самога сябе; але ён усё адхіліў: і маю дапамогу, і маю кампанію, спаслаўшыся на тое, што паломніцтва ўчыняецца толькі пеша, ды яшчэ пры гэтым трэба насыпаць y боты гароху. A калі ўжо мне аж так y галаву ўроілася скласці яму кампанію, дык гэтым я не толькі яму парушу ўмілаваную багавейнасць, але і сабе спрычыню вялікую няўдобіцу, бо ж ён ісціме вельмі няспешна, самапаглыблена. A дапамогі ад мяне не прыме, бо сумленне яму не дазваляе ў час такога святога чыну жыць на грошы, здабытыя смертазагубствам і разбоем, a звыш таго не хоча ён уводзіць мяне ў вялікія траты і заяўляе, што і без таго я ўжо зрабіў дзеля яго болей, чым быў яму вінен, чым ён Tara заслужыў і чакаў. Тут мы па-прыяцельску пасварыліся, і было гэта так ткліва і міла, што нічога падобнага я зроду не чуў і не бачыў; бо мы не ўжывалі ніякіх іншых аргументаў, апрача таго, што кожны бажыўся, быццам яшчэ не зрабіў другому нічога, што след было б зрабіць, і дабрачынствы кожнага яшчэ не аплачаны. Хэрцбрудэр болып за ўсё бедаваў, што, як ён казаў, я асыпаю яго шчадротамі, паслугамі і шчыраю дружбаю ў такой меры, што ён ніколі не здолее сплаціцца такою самаю; a я дакараў яго, што сёння, калі мне далося раз дагадзіць яму і даказаць сваю
ўдзячнасць за ўсе ягоныя даброці, a я ж не падступень які, не заяда, не ліхамыснік які, a сябар і руплівы слуга, ён адхіляе мяне як нявартага дружбы і службы, я нават нагадаў яму пра апошнюю волю добрай памяці яго бацькі і як мы абодва пад Магдэбургам змацавалі прысягаю нашую дружбу, якое цяпер ён мяне пазбаўляе і тым самым нас абодвух адразу хоча зрабіць клятваадступнікамі. Але ўсё гэта зусім не пераканала яго прыняць мяне ў сваю кампанію на паломніцтва, пакуль я не заўважыў, што неўзлюб яму не толькі шчырае золата Олівера, але і маё агуднае бязбожніцкае жыццё. Таму я падмануў і ўгаварыў яго, што штурхае мяне на дарогу ў Айнзідэльн мой намер ачысціцца духоўна; a калі ён утрымае мяне ад гэтага памыснага кроку, дык пагалам мая бедная галава без пакаяння, a ён будзе трымаць за гэта цяжкі адказ. Вось так мне і ўдалося ўламаць яго, і ён напаследак згадзіўся наведаць святыя мясціны разам са мною, асабліва калі я паказваў (хоць усё гэта было няпраўда) сваё вялікае раскаянне ў грэшным жыцці, a таксама бажыўся, што я рашыў накласці на сябе спагонку і разам з ім пайду ў Айнзідэльн, насыпаўшы ў боты гароху.
Ледзь скончылася гэтая свара, як усчалася другая, бо Хэрцбрудэр быў занадта сумленны. Ён не згаджаўся, каб я ўзяў y каменданта на нас абодвух пашпарты ў полк. «Што? — усклікнуў ён.— Ці ж бо не намерыліся мы паправіцца і пайсці на пакаянне ў Айнзідэльн. I вось сам памяркуй, ты хочаш запачаткаваць гэта падманам і засляпіць людзям вочы хлуснёю! Хто зрачэцца мяне ў гэтым свеце, таго зракуся і я перад айцом маім нябесным, сказаў Хрыстос! Ці ж мы малпы дурныя? Калі б усе пакутнікі і прапаведнікі Хрыстовыя рабілі так, дык мала было б святых на небе. A калі мы пойдзем з імем Божым і пад яго аслонай, куды скіруе нас яго святая воля і вызначэнне, і аддамо сябе яго добраму накіраванню, дык ужо ж, напэўна, Бог павядзе нас туды, дзе нашыя душы здабудуць спакой, неагуднасць і злагаду!» Але я сказаў яму, што мы не павінны спакушаць Бога, a мусім стасавацца да абставінаў і часу, заўжываючы сродкі, ад якіх не можам адмовіцца, асабліва таму, што паломніцтва сярод жаўнераў не практыкуецца, і калі мы ўяўнім свой намер, нас прымуць за дэзерціраў, a не за пілігрымаў, што можа спрычыніць нам немалыя турботы і клопат, a таксама паставіць пад пагрозу наша здароўе і нават самое жыццё, бо вось жа і сам святы апостал Павел, з якім мы аніяк не можам раўняцца, надзіва хораша дастасаваўся да часу і звычаяў свету гэтага; аж пад канец Хэрц-
брудэр змогся і саступіў, і я атрымаў пашпарт, каб выправіцца ў полк. Маючы гэты пашпарт, выйшлі мы з надзейным правадніком з горада ў той час, як ужо зачынялася брама, быццам збіраліся ў Ротвайль, але неўзабаве збочылі на вакольную дарогу і тае ж ночы перайшлі швейцарскую граніцу, a на раніцу завярнулі ў вёску, дзе экіпіраваліся, купіўшы сабе даўгаполыя чорныя світкі, хабіты, паломніцкія кіі і ружанцы, a правадніка адпусцілі з Богам, шчодра яму заплаціўшы.
Усё ў гэтай краіне здавалася мне дзіўным, не як y іншых нямецкіх землях, быццам я апынуўся ў Бразіліі альбо ў Кітаі. Я ўбачыў, як там, y міры і спакоі, усе занятыя кожнае сваім, y хлявах поўна быдла, сялянскія двары кішаць курамі, качкамі і гусямі; вуліцы бяспечныя дарожнікам, y корчмах паўным-поўна люду, усё бушуе, весяліцца і радуецца, людзі жывуць, не баючыся непрыяцеля, рабунку, без клопату за магчымую страту дабра, здароўя, a то і самога жыцця; усе жывуць бяспечна пад смакоўніцамі і алівамі і, калі параўнаць з іншымі нямецкімі землямі, y поўнай спатолі і радасці, аж мне гэтая зямля здалася раем зямным, хоць норавы там былі даволі грубыя. Усю дарогу я толькі і зіркаў па баках, a Хэрцбрудэр перабіраў ружанец; таму часам ён папракаў мяне, бо хацеў, каб я тварыў малітвы, a я ніяк не мог да гэтага прывыкнуць.
У Цюрыху ён выкрыў усе мае хітрыкі і таму вельмі суха выклаў мне ўсю праўду, бо калі мы ўчора начавалі ў Шафхаўзэне, дзе ў мяне ад гароху вельмі забалелі ногі, дык раніцай я пабаяўся ісці па гароху і папрасіў яго прыварыць, a тады ўжо зноў ссыпаць y боты, пасля чаго весела датупаў да Цюрыха; a ён ледзь ногі валок і сказаў мне: «Браце, на табе пакоіцца вялікая мілата Божая, бо ты і па гароху ідзеш, як па гладкай дарозе, весела і бадзёра».—«Так,— адказаў я,— пашаноўны і любасны Хэрцбрудэр, я яго зварыў, a то ж бо дзе мне адмахаць такую далеч».— «Божа міласэрны! — усклікнуў ён.— Што ты нарабіў? Лепей бы ты яго зусім выкінуў з ботаў, каб жывых смехаў не чыніць. Мне трэба паклапаціцца, каб Гасподзь не пакараў нас абодвух, цябе і мяне. Не залічы гэта ў ліха, дружа, калі па братняй любові я скажу табе па-нямецку шчыра ўсё, што мне на сэрцы накіпела, a вось што: я па тым бядую і ўжальваюся, што, калі ты не перастанеш гнявіць Бога, не будзе табе вечнага выратавання. Ахвотна прызнаюся і скажу табе чыстую праўду, што я нікога так не люблю на белым свеце, як цябе, аднак не буду і тоіць, што калі ты не выправішся, дык мусіцьму пасароміцца і ад-
цурацца нашага з табою сяброўства». Я знямеў ад страху, аж, здавалася, не вымаўлю ні слова; нарэшце адкрыта павінаваціўся яму, што паклаў гарох y боты не дзеля богашанавання, a толькі каб дагадзіць яму, каб ён узяў мяне з сабою паломнічаць. «Ах, браце! — адказаў ён.— Бачу я, далёка адышоў ты ад сцежкі збавення, калі б не было тут нават ніякага гароху. Хай пашле табе Бог выпраўленне, бо без яго не выстаіць нашая дружба».
3 таго самага часу я следаваў за ім y глыбокім смутку і ў пахілай зубожанасці, як чалавек, якога вядуць на шыбеніцу; сумленне пачало тачыць мяне, і калі я думаў, паўставалі перад маімі вачыма ўсе мае безлічныя пракудствы, якія чыніў я ў зямным жыцці. Тады найперш ахінуўся я слязою за сваю прастадушнасць, з якою выйшаў з лесу і якую пракепіў і прасвістаў y свеце; a што яшчэ больш дадавала жалю, гэта тое, што Хэрцбрудэр гаварыў са мною мала і толькі ўздыхаў, пазіраючы на мяне, і мне было так горка на душы, быццам ён ведаў пра вечнае маё асуджэнне і шкадаваў мяне.
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
Сімпліцы скруціўся з нячыстым духам, a ўсё таму, што сябра не слухаў
Вось такім чынам мы дабраліся да Айнзідэльна і зайшлі ў кірху якраз y той час, калі святар заклінаў нейкага апантанца; мне гэта была навіна і дзіва; таму я пакінуў Хэрцбрудэра кленчыць і маліцца, колькі яму трэба, a сам пайшоў паглядзець на гэты смяхотны спектакль. Але ледзь толькі я наблізіўся, як нячысты дух залямантаваў з небаракі: «Эгэ, хлопча, якая халера прыгнала цябе сюды? A я ж думаў, што, вярнуўшыся, застану цябе ў геенскім лёху разам з Оліверам; аж вось бачу, ты тут, ах ты, пералюбны пахацімец і курвель! Няўжо ты і праўда падумаў, што табе ўдасца ад нас увінуцца? 0 вы, паны! не прымайце яго, ён хлус і круцель большы за мяне, ён толькі тое і робіць, што круціць за нос і блюзнерыць з Бога і рэлігіі». Заклінач нячысціка загадаў ліхому духу змоўкнуць, бо яму, як самаму хітраму падзямельніку, і так ніхто не паверыць. «Во, во! — выкрыкваў той.— Папытайцеся ў спадарожніка гэтага беглага мніха, ён вам, напэўна, раскажа, што гэты атэіст не пабаяўся зварыць гарох, на якім ён прыйшоў сюды паводле свайго зароку». Я падумаў, што стаю дагары нагамі, па-
чуўшы такія словы, і ўсе ўтаропіліся на мяне; але святар закляў нячыстага і прымусіў яго змоўкнуць, хоць і не змог выгнаць яго таго дня. Тым часам падышоў і Хэрцбрудэр, калі ўжо я зусім зніякавеў ад страху і, ні жывы ні мертвы, y надзеі і роспачы, не ведаў, што мне рабіць; Хэрцбрудэр, як мог, суцяшаў мяне і пры гэтым запэўніваў усіх вакол нас, асабліва патэра, што я ніколі ў жыцці не быў манахам, a ўсяго толькі жаўнер, які, можа, і натварыў больш зла, чым дабра, і дадаў, што д’ябал — хлус і пустаглуздзень, a ўсю гісторыю з гарохам перавярнуў і паказаў горшаю, чым яно было насамрэч. A я быў так разгублены, што адчуваў сябе, як калі б мяне ўжо сапраўды паліла геена вогненная, святару давялося шмат пакруціцца, каб суцешыць мяне. Яны ўшчувалі мяне і ўгаворвалі паспавядацца і прыняць прычасце, але нячысты дух зноў залямантаваў з апантанца: «Во, во, ён вам зараз выспавядаецца! A ён жа нават не ведае, што такое споведзь! Чаго вы хочаце ад яго? Ён ерэтычнае, падлыжнае выроддзе і з вантробамі ўвесь наш, ягоныя бацькі былі нават не кальвіністы, a пярэхрысты, etc.». Але экзэрцыст яшчэ раз загадаў нячысціку змоўкнуць і сказаць яму: «У такім разе табе будзе яшчэ крыўдней, калі аблудная небарака-авечка будзе вырвана з тваей пашчы і зноў вернецца ў статак Хрыстовы». Тут нячысты так дзіка заягліў, што вусцішна слухаць было, але з гэтага мярзотнага крыку я атрымаў сваю долю асалоды, бо падумаў, што калі б не было ў мяне болей надзеі на літасць Божую, д’ябал так не курчыўся б.