Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
Пасля таго як я падрабязна расказаў, што ў спадара Сімпліцы мноства цудоўных коней і слуг, a сам ён y пашане і пахаджае сабе ў чорным аксамітным капелюшы, абшы-
тым золатам, свэсця ўсклікнула: «Ну вось, я заўсёды ведала, што ён не такога нізкага паходжання, як сябе выдаваў. Тутэйшы камендант угаварыў маіх светлай памяці бацькоў выдаць за яго маю сястру, a яна ж была вельмі лагоднага нораву паненка; ён абнадзейваў іх вялікай выгодай, але я ніколі не чакала, што ўсё гэта сыдзе на добры канец; a тым не меней ён падаваў тут добрыя надзеі і рашыў запісацца ў шведскую ці, лепей сказаць, y гесэнскую службу ў тутэйшым гарнізоне, бо меўся перавесці сюды сваю пакінутую ў Кёльне маёмасць. Але выйшла прамашка, і яго самым подлым чынам загналі ў Францыю, a тут ён пакінуў маю сястру, якая хадзіла ўжо тоўстая і ведала яго менш месяца, ды яшчэ і ўкачаў з паўтузіна мяшчаначак; так што ўсе па чарзе, a мая сястра напаслед, рассыпаліся хлопчыкамі. A як потым паўміралі мае бацькі, a ў мяне з мужам няма надзеі на дзяцей, дык мы і аб’явілі пляменнічка спадчыннікам усёй нашай маетнасці, a з дапамогай тутэйшага каменданта атрымалі ўсё майно дзіцяцевага бацькі, пакінутае ў Кёльне, якое складае прыкладна тры тысячы гульдэнаў, дык калі хлопчык дарасце да сталага веку, яму не будзе патрэбы запісвацца ў войска. Я і муж палюбілі хлопчыка так моцна, што не аддамо яго бацьку, нават калі б ён сам па яго з’явіўся і захацеў забраць яго; і апрача ўсяго, ён самы прыгожанькі з усіх сваіх братоў-байструкоў і сам копаны бацька, як усе бубачкі пазбіраў; і я знаю, што калі б мой швагер ведаў, які ў яго тут пекны сынок, нічога яго не ўтрымала б і прыехаў бы, нават калі б баяўся ўбачыць усіх астатніх сваіх выблядкаў, каб толькі падзівіцца на сваё мілае сэрданька».
Такімі і падобнымі словамі дала мне свэсця адчуць сваю любоў да майго дзіцяці, якое вілося вакол яшчэ ў першых штоніках і цешыла мне сэрца. Таму я дастаў каштоўнасці, якія аддаў мне Хэрцбрудэр, каб я паднёс іх ад яго імя сваёй жонцы; іх, бач, сказаў я, паслаў са мною светлы спадар Сімпліцы перадаць ягонай ненаглядзе, як вітанне ад яго; але як што яна памерла, дык, я так сабе мяркую, будзе справядліва, калі я пакіну гэтыя каштоўнасці яе дзіцятку, што мой швагер і ягоная жонка прынялі з радасцю, зрабіўшы з гэтага выснову, што мне не прыпірае са сродкамі, што я птах зусім іншага палёту, чым яны думалі раней. Тым часам я папрасіў адпусціць мяне і, атрымаўшы распіску, пажадаў ад імя Сімпліцы пацалаваць дзіцятка, каб потым расказаць пра гэта ягонаму бацьку. A калі швагерка мне гэта дазволіла, дык y нас абодвух, y мяне і ў дзіцяці, раптам кроў пабегла з носа, ад чаго ў мяне зайшлося сэрца і,
здавалася, вось-вось разарвецца; але я затоіў свае пачуцці і, каб не даць часу на роздум пра прычыну такое сімпатыі, як мага хутчэй сышоў і праз два тыдні з вялікай цяжкасцю вярнуўся ў Заўэрбрун y жабрачых лахманах, бо па дарозе мяне абчысцілі дашчэнту.
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
Сімпліцы, абжыўшы воды кіслыя, шарлатана выводзіць на воды чыстыя
Вярнуўшыся, я ўбачыў, што здароўе ў Хэрцбрудэра, бадай, пагоршылася, хоць дактары і аптэкары скублі яго як укормленага гусака; яшчэ я заўважыў, што ён як бы нават здзяцінеў і ледзьве ногі перастаўляе. Я, праўда, падбадзёрваў яго, як мог, але рады не даў: ён сам разумеў, што сіла яго пакідае і што надоўга яе не расцягне. Самай вялікай уцехай яму было, што я застануся з ім, пакуль яго вочы свяціцьмуць.
A я, наадварот, прыахвоціўся да ранейшых разгулаў і шукаў ветраных забаваў усюды, дзе толькі мог знайсці, але так, каб гэта не замінала даглядаць майго любаснага Хэрцбрудэра. A як што я цяпер ведаў, што заўдавеў, дык мая вальготніца і маладосць падбівалі мяне на валакіцтва, якому я аддаўся з гарачым запалам, бо ўсе мае зарокі-зарукі, якіх я надаваў y Айнзідэльне, былі даўно забытыя. На кіслых водах я сустрэў адну прыгожую даму, якая выдавала сябе за высакародную, аднак, як на маё вока, была не так nobilis, як mobilis*. Гэтай мужалоўцы я пачаў усяляк дагаджаць, бо яна здалася мне даволі прыгожай, так што неўзабаве я атрымаў не толькі свабодны доступ да яе самой, але і да ўсіх уцех, якіх толькі мог жадаць і дамагацца. Але яна хутка мне прыелася і абрыдла сваёй ветранасцю, і я стараўся прыстойным чынам ад яе адхрысціцца, бо мне здалося, што яна больш меціла ў мой кашалёк, чым y сэрца. Да таго ж, куды б я ні ішоў і дзе б ні паяўляўся, яна дарыла мяне пяшчотнымі палымянымі позіркамі і іншымі сведчаннямі сваёй палкай прыхільнасці, аж я мусіў саромецца за нас абаіх. Тыя самыя воды піў таксама нейкі заможны швейцарац, y якога ўкралі не толькі грошы, але і ўсе жончыны бразготкі з золата, срэбра, жэмчугу і каштоўных камянёў. I як што з такімі рэчамі расстаюцца гэтак
Nobilis — шляхетны, mobilis — рухАвы, распусны (лац.).
сама легка, як цяжка яны здабываюцца, дык памянёны швейцарац кідаўся на ўсякія хітрасці, каб вярнуць скрадзенае, і дзеля гэтага паклікаў з Гайсхаўта славутага чарнакніжніка, які заклёнамі аж так дапёк злодзея, што той сваімі рукамі прынёс украдзенае дабро ў назначанае месца, за што вучоны буртнік атрымаў y дарунак дзесяць рэйхсталераў.
Я вельмі хацеў пабачыцца з гэтым буртнікам і мець з ім канфідэнцыю, але каб без стратаў y маёй рэпутацыі, бо я тады меў сябе за вельмі прыстойнага чалавека; таму, даведаўшыся, што ён вялікі аматар віна, я падвушчыў свайго слугу пабанкеціцца з ім і паглядзець, a ці не змагу я такім чынам завесці з ім кампанію і вывудзіць з яго што-колечы карыснага, бо мне нарасказвалі пра яго такое мноства ўсялякіх дзівосаў, што я не мог таму паверыць, пакуль сам ад яго не пачую. Я пераапрануўся вандроўным гандляром, які прадае зёлкі і ўсялякія лекі, і падсеў да яго распытацца, ці здагадаецца ён альбо падкажа яму чорт, хто я такі. Але я не заўважыў ані ценю ягонай празорлівасці, бо ён увесь час піў і абыходзіўся са мною адпаведна з маёй вопраткай, і мне паднёс некалькі чарак, і рабіў мне менш рышпекту, чым майму слузе. A слузе ён адкрыў, што калі б той, хто абакраў швейцарца, хоць крышачку з крадзенага ўкінуў y працёчную ваду і такім чынам выдзеліў шалапутнаму чорту ягоную долю, дык не было б ніякай магчымасці ні назваць злодзея, ні вярнуць назад крадзенае.
Слухаў я пра такую ідыёцкую прыкмету і дзіву даваўся, як падступны і спрытны ў многіх хітрынах вораг няшчаснага роду людскога занаджвае ў свае пазуры такімі нікчэмнымі забегамі. Я лёгка мог заўважыць і зразумець, што гэтая ягоная галуза — толькі адна з умоваў таго хаўрусу, y які ён уступіў з д’яблам, і мог здагадацца, што такая штука не дапаможа злодзею, калі, каб выкрыць крадзеж, клічуць чарнакніжнага буртніка, y дагаворы з якім такое клаўзулы няма; таму загадаў слузе, які ўмеў украсці не раўнуючы як той цыган, калі не спрытней, каб ён упаіў нашага варажбіта да бяспамяці і потым украў y яго дзесяць рэйхсталераў, але каб адразу некалькі грошаў кінуў y Рэнх. Гэта слуга мой учыніў з вялікім спрытам. A калі раніцай буртнік спахапіўся, дык выправіўся на бераг дзікага Рэнха несумненна дзеля таго, каб параіцца са сваім spiritu familliari*, але быў так уроблены, што вярнуўся з сінякамі і пахрупанай храпай, чым мяне, бедны стары сухабздуліна,
♦
Тут: хатні, сямейны дух (лац.).
так разжаліў, што я вярнуў яму грошы і загадаў паказаць, што ад цяперага, калі ён убачыў, які прынцыпал ліхаты і ашуканец ёсць д’ябал, ён павінен яго зрачыся, і не вадзіцца з ім, і не паслугоўвацца яму, a зноў навярнуцца да Бога. Але ад такога ўшчування мала мне выпала толку, бо з таго самага часу мне ні ў чым не шанцавала; неўзабаве здохлі два мае найлепшыя кані, якія былі сапсаваныя буртай. I, калі па шчырасці, чым тут можна было перашкодзіць? Жыў я бязбожна, як эпікурэец, і ніколі не ставіў сябе пад аслону божую — дык чаму ж бо гэты урвіс і чмут не меў папомсціцца мне?!
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
Сімпліцы найлепшага сябра свайго пахаваў і дзяўчыну сяляначку пакахаў
Чым далей я жыў y Заўэрбруне, тым больш мне гэта падабалася, бо не толькі дзень y дзень прыбывалі новыя госці, але і само тое месца і ўвесь лад жыцця былі мне дадушы. Я перазнаёміўся з самымі вясёлымі дасціпнікамі з прыязджанаў і пачаў вучыцца — бо як намучышся, дык навучышся,— куртуазнасці, тонкай выдалікатненасці і кампліментам, што, колькі жыў раней, не дужа мне абыходзіла.
Мяне прынялі за шляхціца, бо і мае слугі называлі мяне гер-капітанам, a такога гонару не часта спадабляюцца жаўнеры Фартуны, ды яшчэ ў такім маладым веку, як я тады. A таму багатыя фарсістыя піжоны не толькі знаёміліся са мною, a і я з імі, заключалі брацкія хаўрусы, і ўсялякія забавы, гульні, папойкі і застоллі былі ў той час маёй галоўнай турбацыяй, на што ішло шмат дукатаў, аднак я няма каб дужа шмат зважаў на гэта і маркоціўся, бо торба са спадкамі Олівера была яшчэ важкая.
Тым часам здароўе Хэрцбрудэра ўсё больш і больш падупадала і пагаршалася, аж канец канцом даўгі прыродзе павінны былі быць сплачаны, пасля таго як яго, уняўшы рэшту здароўя, пакінулі дактары і аптэкары, якім шмат ад яго перапала. Ён яшчэ раз пацвердзіў свой тастамант, адпісаўшы мне ўсё, што яму самому дасталася ад светлай памяці бацькі; a я пахаваў яго з поўнай пышнасцю, a слуг ягоных, узнагародзіўшы хаўтурнай вопраткай і грашмі, распусціў на ўсе бакі.
Ягоны скон балюча параніў мяне, асабліва таму, што
страцілі яго са свету атрутаю, і хоць усяго гэтага я нічым ніяк змяніць ужо не мог, але яно мяне за сэрца няло, змяніла мяне самога, бо я з кожным днём усё больш аддаляўся ад кампаній, усё больш бедаваў і ўдаваўся ў самоту, каб прысвяціцца журботнаму роздуму. Дзеля гэтага я хаваўся куды-небудзь y зарасці і разважаў не толькі пра тое, што страціў сябра, але і што ніколі ў жыцці больш не знайду другога такога. Я прыкідваў і так і гэтак, як мне паставіць сваё будучае жыццё, але ніякага разумнага выйсця не знаходзіў. То я зноў збіраўся на вайну, то раптам згадваў, што самаму нікчэмнаму селяніну ў гэтых мясцінах жывецца лепш, чым палкоўніку, бо тут не гойсаюць раз’езды. Страх было нават падумаць, чаго тут магло нарабіць войска, калі б ушчэнт спустошыла краіну, дзе кожны сялянскі двор цэлы і моцна стаіць на нагах, як y мірныя часіны, a ў даржніках не прадушыцца ад быдла, тым часам як y далінных вёсках ужо ні ката, ні сабакі не засталося.