• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 415с.
    Мінск 1997
    128.03 МБ
    Аднойчы прылёг я ўскрай дарогі над рэчкай y траве пад тоўстым цяністым дрэвам паслухаць салаўёў, чые спевы найлепш лагодзілі мяне ў маім смутку; я слухаў іх цудоўны пошчак не абы-як, a ўважліва, як прывык, і здзіўляўся, што з такой малюпасенькай дудачкі, ці з горлечка, вырываецца такі светлы тонкі голас і мілагучная гармонія. I калі ўжо я даволі доўга звесяляў сябе слуханнем, уяўляючы, што салавей салодкімі спевамі зачароўвае іншых птушак, прымушаючы іх змоўкнуць і слухаць толькі яго, падышла да таго берага прыгажуня, якая — a на ёй была простая сялянская сукенка — прывабіла мяне болып, чым якая паненка. На галаве яна несла кош з кругалямі свежага масла, каб прадаць яго на кіслых водах; яна прамыла масла ў вадзе, каб яно не растала ад гарачыні; потым села на траву, адкінула пакрывала і сялянскі каптур і выцерла пот з твару, так што я мог добра цікаваць за ёю, цешачы вочы ідылічнай карцінай. Памятаю, я быў падумаў, што колькі Бог даў, a не бачыў такой красуні, такой пазорніцы; прапорцыі яе цела былі дасканалыя і бездакорныя, рукі і пясці белыя як снег, твар свежы і прыемны, a чорныя, поўныя агню вочы сыпалі панадныя іскры. Калі яна зноў склала масла ў кош, я гукнуў ёй: «0 дзеўчына! Ты сваімі цудоўнымі рукамі асвяжыла масла ў вадзе, але твае светлыя вочы ўкінулі маё сэрца ў цемру!» Толькі яна мяне пачула і ўгледзела, як кінулася ўцякаць з усіх ног, быццам за ёю пагоня была, і не сказала ў адказ ні слова, пакінуўшы мяне з грузам той дураслівасці, якая звычайна находзіць на летуценнікаў.
    Маё палкае жаданне і далей грэцца ў промнях гэтага сонца не толькі прымусіла мяне пакінуць зацішак, які я сабе тут выбраў, але і настрой цалкам змяніла — ужо і салавей забезгалосіў, ужо і песня яго здалася не лепшай за воўчы сковыт. Я памчаўся ў Заўэрбрун і паслаў слугу, каб знайшоў тую сяляначку, патаргаваўся з ёю за масла, пакуль я падаспею. Ён скеміў сваё, a я, падышоўшы, сваё; аднак я сустрэў каменнае сэрца і такую халаднату, якой ніколі не чакаў ад сялянскай дзяўчыны, таму я закахаўся яшчэ мацней, нягледзячы на тое, што, пабываўшы ў розных прыгодах, ведаў, што, колькі вокам ні смакуй, a падступіцца да нячэпы, a спагнаць ахвоту — вой, зусім няпроста.
    На тым часе не было ў мяне ні заклятага ворага, ні вернага сябра; ворага, каб я забыў пра сваё каханне ад нянавісці да яго, сябра, каб той параіў мне што-колечы людскае і адгаварыў ад тых глупстваў, на якія я быў гатовы. Але вось бяда! Не было ў мяне нічога, апрача грошай, сваіх і Хэрцбрудэравых, якія мяне засляпілі, настырных жаданняў, якія мяне спакушалі, бо я расцугляў іх, ды грубага неразумства, якое загубіла мяне і ўвяло ў павабу. Я звярнуўся да зводнікаў і зводніц, каб хоць праз іх дабіцца свайго і, саграшыўшы яшчэ больш, атрымаць сатысфакцыю сваім грэшным пахацімствам; аднак я не пацэліў і даведаўся, што гэтая вясковая дзеўка з пагардай адхіліла ўсё, чаго якраз ад яе дамагаліся іншыя, што мяне даводзіла да шаленства. Але ж я, дурны, павінен быў хоць бы па нашай вопратцы здагадацца, што не пашанцуе мне з каханнем; бо як я страціў Хэрцбрудэра, так і ў гэтай дзяўчыны памерлі бацькі, і таму мы абое, першы раз убачыўшы адно адное, яшчэ насілі жалобу, дык якія ж тут любоўныя падвыперды? Адным словам, я моцна заблытаўся ў Венерыных мярэжах альбо, лепей сказаць, y нераце на дурняў і таму зусім аслеп і здурнеў, як той Купідон, a як што я не спадзяваўся спатоліць свой жывёльны юр інакш, дык рашыў — ажаніцца. «Што ж? — думаў я.— 3 роду ты сялянскі сын, хамут гужовы, і ўсё роўна ў цябе ніколі не будзе спадчыннага замка; край тут дабрадайны і ў параўнанні з іншымі квітнеў пад час гэтай лютай вайны; a звыш таго ў цябе яшчэ хопіць грошай купіць тут самы лепшы сялянскі двор; ты ажэнішся з сумленнай вясковай дзяўчынай і спакойна зажывеш пан панам сярод мірных пасялян. Дзе яшчэ знойдзеш такі прыемны кут, як не паблізу Заўэрбруна; бо з прычыны частых наездаў і ад’ездаў гасцей кожныя шэсць тыдняў перад табой расхінаецца новы свет і ты можаш думаць сабе, што зямны шар мяняе адно пакаленне за ад-
    ным». Мноства такіх думак раілася ў маёй галаве, пакуль, нарэшце, я не пачаў схіляць сваю каханачку да шлюбу і, хай не без цяжкасці, згадзіў.
    РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ
    Сімпліцы збіраецца зноў ажаніцца, і адкрылася роду яго таямніца
    Я як след падрыхтаваўся да вяселля; неба для мяне было ўвешана скрыпкамі і пасвісцёламі — аж такая, бачыце, радасць апанавала; я не толькі адкупіў цэлы сялянскі двор, дзе нарадзілася маладая, але і пачаў рабіць новую прыгожую прыбудову, як калі б мерыўся завесці тут вялікую гаспадарку; і, яшчэ не згуляўшы вяселля, закупіў больш трыццаці галоў жывёлы, бо якраз столькі можна было ўтрымаць там круглы год. Адным словам, я справіў усё як лепш не бывае і нават набыў самае дарагое начынне і ўсялякае хатняе патрэб’е, якое толькі магла прыдумаць мая дурасць. Але неўзабаве мая дудачка хляпнулася ў гразь, бо тым самым часам, калі я думаў, што з добрым ветрам завяду свой карабель y Брытанію, нечакана прыплыў y Маўрытанію і вось тут, на жаль, ужо запозна, даведаўся, з якой прычыны мая маладая так неахвотна пайшла за мяне і чаму ёй урэшце адлегла; a найбольш было прыкра, што я нікому не мог пажаліцца на сваю бяду. Праўда, цяпер я ўжо ўцяміў, што справядліва плачу за свае старыя грахі, аднак такі вырак не ўрахманіў мяне, тым больш не зрабіў пабожнейшым, а, убачыўшы, што мяне крута ашукалі, я рашыў ашукваць саму ашуканку і, пакуль не перарупіла, пачаў пасвіцца на траўцы, дзе толькі яна ні расла; апрача таго, увесь свой вольны час я больш праводзіў y прыемнай кампаніі на кіслых водах, чым y сябе дома; in summa я пусціў гаспадарку на самапас; ды і мая мілая растопа не дужа ў працу ўлягала, не дужа ўгіналася; y яе быў вол, якога я загадаў закалоць і пасаліць y бочках; a калі яна захацела патрактаваць мяне малочнай парасяцінкай, дык ухітрылася абскубці тое парася, як курыцу; парывалася яна гатаваць і зайца, смажыць на рэшаце ракаў і на ражне стронгаў. 3 гэтых двух прыкладаў можна ўбачыць, як ашчадліва я жыў з ёю. Ахвотна таксама брала яна на язык вінцо і падносіла іншым добрым людцам, што прагназавала мне на будучае пагібель, адным словам, крывасць пайшла паміж намі неяк адразу.
    Аднойчы, шпацыруючы з некалькімі падлыжнікамі, якія тут на водах спаганялі моду і панства, я спусціўся ў даліну сустрэцца з кампаніяй іншых кіславодцаў; па дарозе сустрэўся нам стары селянін, які веў на вяроўцы казу прадаваць; як мне памроілася, я калісьці дзесьці ўжо бачыў гэтага селяніна і таму спытаўся ў яго, адкуль ён ідзе з гэтай казой. A ён зняў капялюш і будзе адказваць: «Пане літасцівенькі, ай, і не скажу пра тое». Я сказаў: «Ужо ці не ўкраў ты яе дзе калі часам?» — «Ды не,— сказаў селянін,— вяду во з мястэчка, што во там y даліне, a з якога, дак не магу сказаць пры панох, раз ужо мы завяліся пра коз». Гэта насмяшыла ўсю кампанію, і, як што я змяніўся ў твары, усе падумалі, быццам я сумеўся альбо засаромеўся, што мужык так ёрна мяне падчапіў. Але мне набеглі іншыя мыслі, бо па вялікай бародаўцы, якая сядзела, як рог, y селяніна пасярод лоба, я пазнаў, што гэта быў мой татусь з Шпэсэрта, і таму я, перш чым адкрыць яму сябе і парадаваць яго знакамітым сынам, на якога я тады па вопратцы выходзіў, рашыў удаць з сябе варажбіта, a таму спытаўся: «Любасны мой стары бацечка, a ты часам не са Шпэсэрта будзеш?» — «Але ж, пане»,— адказаў селянін. Тады я сказаў: «А ці не табе гадоў гэтак з васемнаццаць таму назад райтары спляжылі і спалілі хату?» — «Так, Божа літасцівы! — усклікнуў селянін.— Няўжо-такі столькі часу прабегла?» A я далей: «А ці не было ў цябе тады двух дзяцей, дарослай дачкі і хлопчыка, які пасвіў авечкі?» — «Пане,— адказаў татусь,— дзеўка сапраўды была мне дачка, a хлапчо — не; я толькі гадаваў яго за сына». Тут з ягоных слоў я зразумеў, што не быў сынам гэтага грубага баўтрука, і гэта мяне нават крыху ўзрадавала, але і засмуціла, бо тут жа надбегла думка, што я, мабыць, байструк альбо падкідзень; таму я спытаўся ў татуся, дзе ж ён здабыў сабе таго хлопчыка альбо з якой прычыны рашыў яго выгадаваць за сына. «Ах,— адказаў ён,— з ім усё выйшла вельмі авантурна: мне прынесла яго вайна, вайна ж і забрала». Але як што я крыху апасаўся, што тут можа выплысці якая-небудзь дзівосная фацэція, звязаная з маім нараджэннем і пашкодзіць маёй рэпутацыі, дык я зноў перавёў наш дыскурс на казу і спытаўся, ці не мерыцца ён прадаць яе на мяса, з чаго мяне вялікае дзіва бярэ, бо ж госці, якія з’язджаюцца на кіслыя воды, не дужа дападаюць да старой казляціны. «Э не, пане! — адказаў мне селянін.— У тракціршчыцы тых коз — заваліся, яна не дасць за маю і гроша. Я вяду яе графіні, што там на водах палошчацца, a доктар не кыш варона будзь, панавыпісваў ёй усялякага зел-
    ля, дык вось, каза тое зелле будзе лопаць, a тады зельнае малачко ад яе возьме доктар і зробіць панацэю, a тады ўжо графіня піцьме тую панацэю з малачком, дасць Бог, здаровенькая выкачаецца. Кажуць, графіні сярэдзіна баліць, і калі каза спраможацца памагчы, дык ад яе будзе болып толку, чым ад доктара і ягонага аптэчніка». Слухаючы гэтую рэляцыю, я абдумваў, як мне ўсё ўладзіць, каб яшчэ паталкаваць з селянінам без сведак, a таму прапанаваў за казу на талер больш, чым давалі доктар і графіня, на што селянін адразу згадзіўся, бо нават малы барыш мяняе людскія намеры, аднак з тою ўмоваю, што ён павінен спачатку аб’явіць графіні, што я даю на талер больш; a ці захоча яна тады ўзяць за гэтую цану, дык гэта ейны абыход, a не, дык ён аддасць казу мне і ўвечары скажа, які быў гандаль.
    I вось пайшоў мой татусь сваёй дарогай, a я з кампаніяй сваёй; але я не хацеў, не мог і сілы не меў зацягваць з імі гэты шпацыр, a збочыў і пайшоў туды, дзе спаткаў селяніна, які ўжо тым часам зноў стаяў з казой, бо тыя, што гадзіліся з ім, за яе болып не далі, няма што так выстаўляліся, аж я дзіву даўся з такой іх заможнасці, але не стаў ад гэтага больш скупы. Я завёў яго ў сваю купленую гасподу, заплаціў за казу, і, калі мы гэты гандаль замачылі і выпілі барыша і ён ужо быў нападпітку, я спытаўся ў яго: a адкуль жа ўзялося ў яго тое хлапчанё, пра якое мы сёння раніцай гаварылі. «Ах, пане мілы,— адказаў ён.— Мансфэльдава вайна падкінула мне яго, a бітва пад Нёрдлінгенам зноў забрала». Я сказаў: «Пацешная, мабыць, прыгода!» — і папрасіў, што калі ўжо нам больш няма пра што талкаваць, дык хай ужо раскажа, калі ўжо на язык набегла. Тады ён сказаў: «Калі Мансфэльд прайграў баталію пад Хёхстам, дак яго расхрыстанае войска рассеялася напаўсюдых, бо ніхто не ведаў, куды каму рэціравацца. Багата гэтых забродаў навалаклося і ў Шпэсэрт, дзе яны хаваліся ў хмызоўі, але, уцёкшы ад смерці ў даліне, знаходзілі яе ў нашых гарах, a як што абодва бакі лічылі справядлівым рабаваць і забіваць на нашай зямлі, дак і мы не сядзелі рукі згарнуўшы, a пускалі юху. Тады мала які селянін ішоў y хмызы без мушкета, бо калі дрылюеш ці арэш, дык не седзячы ж дома. Пад час гэтага закалоту аднаго разу, пачуўшы стрэлы, надыбаў я непадалёк ад нашага двара ў дзікім лесе прыгожую маладую кабету на выдатным кані; я спачатку прыняў яе за мужчыну, так па-маладзецку гарцавала яна вярхом, але, убачыўшы яе вочы і рукі, пачуўшы, як яна жаласна балбоча не па-нашаму і заклікае Бога, я