Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
Каб зрабіць гэтую пробу, я пайшоў налева ўздоўж возера да таго месца, дзе празрыстая вада, як крышталь, з прычыны жахлівай глыбізны здаецца чорнай, як вуголле, і таму мае такі страшны выгляд, што вусцішна робіцца глядзець; там я пачаў кідаць y возера самыя вялікія камяні, якія толькі мог падняць і данесці. Мой хросны, альбо татусь, не толькі не схацеў пасабляць мне ў гэтым, але яшчэ й прасіў-благаў, пакуль тое можна, напрамілы бог, схамянуцца і адступіцца; a я ўсё-такі рабіў сваё і тыя камяні, якіх не мог падняць, скочваў уніз, пакуль не ўкінуў іх больш трох дзесяткаў. Тут пайшоў вецер, неба завалакло хмарамі, пачуліся страшэнныя грымоты, аж мой татусь, які стаяў па той бок возера і маліўся, гледзячы на мае завіханні, закрычаў, замахаў мне, каб я хутчэй ішоў, каб нас не прыхапіла дажджом і непагаддзю альбо каб не сталася якое яшчэ горшае ліха. A я крыкнуў яму: «Тату, я застануся тут і дачакаюся, чым усё скончыцца, будзе хай хоць з неба пасыплюцца стрэлы, дзіды і валочні».— «Вой,— адказаў татусь,— вы паводзіцеся, як усе ветрагоны, якім напляваць, хоць увесь свет гарам гары!»
Тым часам, напаўвуха слухаючы ягоныя папрокі, я не зводзіў вачэй з віра, думаючы, што з дна возера зараз забулькае, як гэта бывае, калі кідаюць камяні ў глыбіню стаялых альбо працечных водаў; але нічога такога не ўсачыў, a разгледзеў толькі тое, што ў самой глыбіні круцяцца і боўтаюцца нейкія стварэнні, падобныя на жаб, ускідаюцца і рассыпаюцца, як швермеры з пульнутай угору феерверачнай ракеты, калі яна рвецца ў паветры; і чым бліжэй яны падплывалі да мяне, тым больш раслі на вачах і рабіліся з
выгляду падобнымі на людзей, што спачатку мяне няма ладу як здзівіла, a нарэшце, калі я іх убачыў зусім блізенька, увагнала ў дзікі пярэпалах і дрыготку. «Ах! — сказаў я сабе, поўны страху і здзіўлення, але даволі голасна, і мой татусь, які стаяў па той бок возера, мог добра разабраць, хоць і грымеў гром.— Якія дзівосныя і вялікія Божыя стварэнні нават y чэраве зямлі і ў бездані марской!» Ледзь толькі паспеў я вымавіць гэтыя словы, як адзін з тых сільфаў ужо высунуўся з вады і адказаў: «Бач, ты прызнаеш гэта, яшчэ нічога не пабачыўшы; што ж скажаш, калі спусцішся ў centrum terrae* і ўгледзіш селішчы нашы, якія так займаюць тваю дацеклівую пустамудрасць?» Тым часам то тут, то там пачалі вынырваць маленькія плыўцы, лупілі на мяне вочы і выносілі назад камяні, якія я ўкінуў y возера, не скажу, як моцна мяне гэта здзівіла. Першы і самы відны сярод іх быў y вопратцы, якая ззяла золатам і срэбрам, кінуў мне самацвет велічынёю з галубінае яйка, такі зялёны і празрысты, быццам смарагд, і сказаў такія словы: «Вазьмі сабе гэты каштоўны камень, каб было табе потым што расказаць пра нас і пра гэтае возера!» Але як толькі я яго падхапіў і схаваў, як зацяло мне дух, быццам само паветра сціснула мяне і душыла, аж я нават не змог устояць на нагах, закруціўся, як верацяно, і боўтнуўся ў возера. Але толькі я апынуўся ў вадзе, як адразу ачуўся і пад уздзеяннем сілы, якая была ў камені, што быў пры мне, пачаў дыхаць вадою, як паветрам; я лёгка і без ніякай натугі плыў y возеры, як і вадзяныя істоты, бо разам з імі пайшоў y прадонне, падобна на тое, як калі б чародка птушак з высокіх пластоў нагрэтага паветра сплыла на зямлю.
Калі татусь убачыў гэты цуд, менавіта тое, што адбылося над вадою, і маё раптоўнае падзенне ў ваду, ён наўскапыта кінуўся ўпрочкі ад возера, быццам за ім гналіся, на пяты насядаючы, дамоў, дзе і расказаў пра ўсё, што здарылася, асабліва ж, як вадзяныя чалавечкі павыцягвалі назад камяні, якія я паўкідаў y возера, і, нягледзячы на жахлівую навальніцу, разнеслі іх на ранейшыя месцы і што потым звалаклі на дно. Некаторыя, хто слухаў яго, верылі, a большасць палічылі гэта байкай; знайшліся і такія, якія падумалі, што я, быццам другі Эмпедокл Арыгенцкі, які кінуўся ў жарало Этны, каб кожны падумаў, нідзе яго не знайшоўшы, што ён узнёсся на неба, дык вось быццам я сам скінуўся ў возера, a свайму татусю наказаў распусціць пра мяне такую, перапрашаю, бздуру, каб знясмерціць сваё
Цэнтр зямлі (лац.).
імя; бо і з маёй меланхоліі можна было выснаваць, што я ўпаў-такі ў роспач і etc. A іншыя, хто не ведаў маёй цялеснай сілы, ахвотна паверылі, што мой прыёмны бацька, як стары сквалыга, сам мяне ўклычыў, каб назаўсёды адчапіцца ад мяне і завалодаць усімі маімі добрамі. Так што ў той час на кіслых водах і па ўсёй краіне ні пра што больш не талкавалі так і гэтак, як толькі пра Мумэльзэе, пра мяне, пра мой зыход y бездань і пра майго бацьку.
РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ
Сімпліцы ў дарозе на дно марское многа Божых дзівосаў спазнаў і засвоіў
Пліній піша ў канцы другой кнігі сваёй «Historiae naturalis» пра геаметра Дыянісія Доруса, нібыта яго сябры знайшлі ў ягонай магільніцы пісьмо, напісанае ім, Дыянісіем, y якім ён паведамляе, што са сваёй магілы дастаўся да самага цэнтра зямлі і вылічыў, што да яго 42 000 стадый. Але князь Мумэльзэе, які суправаджаў мяне і вышэйпамянёным чынам зацягнуў мяне ў бездань і цвёрда заявіў, што з centri terrae праз палавіну зямное кулі 'да паверхні будзе якраз 900 нямецкіх міляў, усё роўна ці мераючы да Германіі, ці да антыподаў, і гэтыя падарожжы яны павінны рабіць праз такія азёры, якіх то тут, то там па ўсім свеце набярэцца столькі ж, колькі дзён y годзе, і ўсе гэтыя бездані сыходзяцца каля палаца іхняга ўладара. I такую жахлівую адлегласць мы адолелі меней чым за гадзіну, так што такое шпаркае падарожжа зусім альбо, можа, толькі ледзь-ледзь адставала ад бегу месяца; і гэта адбылося без аніякай цяжкасці, аж бо я не толькі не адчуў ніякай стомы, але і пры такім мяккім лунанні мог яшчэ весці дыскурс пра розныя матэрыі з памянёным прынцам Мумэльзэе; бо калі я заўважыў ягоную прыязнасць, дык спытаўся, дзеля чаго яны ўзялі мяне з сабою ў такую далёкую, небяспечную і ніводнаму чалавеку не звычайную дарогу. Тады адказаў ён мне даволі ветліва, што дарога зусім не далёкая, за гадзіну абярнуцца можна, і не небяспечная, бо са мною ён сам і ягоны почат, і апрача таго, мяне ахоўвае дадзены мне каштоўны камень; a што мне гэта не прывычна, дык ніякага ў тым дзіва няма; зрэшты, ён узяў мяне з сабою не па загадзе свайго караля, які, канечне, хацеў бы са мною пагутарыць, a дзеля таго, каб сам я мог пабачыць дзівосы
прыроды ў водах і пад зямлёю, з якіх ужо дзіваваў на паверхні, хоць згледзеў толькі ніцы іх цень. Пасля гэтага я папрасіў яго сказаць мне, дзеля чаго найдабрэйшы Творца стварыў такое мноства загадкавых азёраў, калі ад іх, як мне здаецца, няма ніякай карысці людзям, a хутчэй мецьмецца шкода. A ён адказаў: «Сапраўды ты годнасна пытаешся пра тое, чаго не ведаеш альбо не разумееш. Гэтыя азёры створаны з траякай прычыны: па-першае, імі ўсе моры, асабліва вялікі Акіян, прымацаваныя да зямлі як усё роўна цвікамі; па-другое, праз гэтыя азёры, як па каналах, з трубамі і помпамі, якімі людзі карыстаюцца ў гідраўлічных мастацтвах, мы пераганяем ваду з бездані Акіяна ва ўсе зямныя крыніцы, што ўжо ёсць нашая праца. адкуль выходзяць яны на паверхню зямлі і ўжо цякуць як вялікія і малыя рэкі, арашаюць зямлю, вільготняць расліны, пояць людзей і жывёлу; нарэшце, мы жывём тут як разумныя істоты, створаныя Навышнім, робім нашую працу і славім Бога ў ягоных дзівосных дзеях. На тое і створаны гэтыя цудоўныя азёры, якія будуць стаяць да Страшнага Суда. Калі ж мы ў гэты астатні час з той ці іншай прычыны спынім усё, дзеля чаго мы створаны і пастаўлены Богам і прыродаю, спынім і пакінем, дык увесь свет непазбежна згарыць y агні, што, думаю, настане не раней, чым Месяц (donec anferatur luna. PsaL 71), Венера альбо Марс перастануць быць ранішнімі і вячэрнімі свяціламі, бо павінны спярша загінуць generationes fructuum et animalium i ўсе воды знікнуць, перш чым зямля сама ад сонечнага жару загарыцца, падвергнецца кальцынацыі і зноў рэгенеруе. Але гэта вядома аднаму Богу, a нам не дадзена ведаць, акрамя таго, што мы можам толькі дапускаць, здагадвацца альбо чэрпаць з таго, што пра сваё мастацтва балабоняць вашыя хімікі».
Пачуўшы такія словы і што ён цытуе Святое Пісанне, я спытаўся, ці яны істоты смяротныя, якія чакаюць пасля гэтага часовага свету будучага веку, альбо ж яны духі, якія выконваюць ускладзеныя на іх абавязкі, пакуль стаіць свет. Ён адказаў: «Мы не духі, a смяротныя чалавечкі, якія, праўда, як і вы, людзі, надзелены розумам, аднак паміраем разам з нашым целам і прападаем. Бог такі дзівосны і ў сваіх творах, што гэтага не можа растлумачыць мова ніякага стварэння, аднак, што да нас, я намераны расказаць табе так, каб ты мог зразумець, наколькі мы адрозніваемся ад іншых твораў Божых. Святыя анёлы справядлівыя, разумныя, свабодныя, цнатлівыя, светлыя, прыгожыя, ясныя, імклівыя і несмяротныя, яны — падабенства
Божае і на тое створаны, каб y вечнай радасці славіць, хваліць, шанаваць і апяваць яго святое імя, a ў гэтым мінушчым жыцці на зямлі слугавацца царкве Божай і выконваць святыя Божыя наказы-запаведзі, з якой прычыны іх часам і называюць дабравеснікамі. I створана іх было адразу столькі сотняў тысячаў тысяч мільёнаў, колькі было заўгодна Божай мудрасці. A пасля таго як безліч іх захапіла сваволя і яны, узбунтаваўшыся, адпалі, створаны былі Богам прабацькі людзей з такою самаю разумнаю і несмяротнаю душою паводле падабенства Божага і надзелены целам, каб яны маглі самі пладзіцца, пакуль іх род не зраўняецца з лікам адпалых анёлаў. На такі канец і быў створаны свет з усімі астатнімі творамі, каб зямны чалавек, размножыўшыся да ліку адпалых анёлаў, аднавіў яго і, жывучы на зямлі, славіў Бога сярод усіх іншых створаных на ей істот, валадаром над якімі Бог паставіў яго, каб яны служылі дзеля пракорму яго прахлага цела. Тады чалавек атрымаў адрозненне ад святых анелаў y тым, што быў надзелены цяжарам зямнога цела і не ведаў, што ёсць дабро і зло, і таму не мог мець ні сілы, ні хуткасці анёлаў, аднак жа не было ў яго нічога агульнага і з неразумнымі істотамі. A калі чалавек пасля грэхападзення ў раі асудзіў на смерць сваё цела, стаў ён, як мы лічым, пасярэднікам паміж святымі анёламі і неразумнымі істотамі. Бо падобна на тое, як душа, пакінуўшы цела зямнога, але ахінутага нябесным святлом чалавека, мае ўсе цудоўныя ўласцівасці святых анёлаў, так і цела, якое страціла душу зямнога чалавека, мае ўласцівасць гніць, як і любое іншае падла неразумнай жывёлы. A нас самых мы лічым пасярэднікамі паміж вамі і ўсімі іншымі істотамі на гэтым свеце, бо мы, хоць і маем душу, надзелены розумам, аднак мы паміраем разам з нашымі целамі, як знікае жывы дух неразумных істот разам з іхняй смерцю. Праўда, нам вядома, што прадвечны Сын Божы, які ёсць і наш Творца, сваім вялікім чынам узнёс вас, прыняўшы ваш вобраз і ўчыняючы Божую справядлівасць, суняў гнеў Айца свайго і зноў адсланіў вам вечнае шчасце, што ставіць ваш род высока над намі. Але я спамінаю і разумею тут не вечнасць, якое мы скаштаваць не спадобімся, a адно толькі часовае наша жыццё, y якім добры Творца дастаткова адуховіў нас, даўшы нам добпы і здаровы розум і здольнасць спазнаць святую волю Божую, наколькі гэта нам патрэбна, так і здаровае цела і даўгалецце з высакароднаю свабодай, неабходнымі навукамі, мастацтвамі і разуменнем усіх натуральных рэчаў; і нарэшце, што найважней, мы бязгрэшныя, a таму не падупадаем ні