• Часопісы
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 415с.
    Мінск 1997
    128.03 МБ
    Падбадзёрыўшы сябе такімі словамі, я разам з новай рашучасцю здабыў і новую сілу, пашыбаваў весялей, чым раней, хоць ужо ноч села на пяты. Поўня, праўда, ужо свяціла на ўвесь кругляк, але высокія яліны не прапускалі столькі святла, як мінулае ночы глыбокае мора. Але я ўсётакі ішоў ды ішоў, пакуль пад поўнач не згледзеў агню і не рушыў нацянькі на яго, ды і натыкнуўся на сялян-лесавікоў, якія гналі смалу. I хоць такім малойчыкам не след было давяраць, але мусовасць і мая адвага тузанулі мяне загаварыць з імі; я ціхенька падкраўся да іх і гукнуў: «Добрай ночы, панове, ці добры дзень, ці добрай раніцы, ці добры вечар! Скажыце мне спярша, каторая цяпер гадзіна, каб я мог правільна вітаць вас!» Усе шасцёра, што там былі, хто стаяў, хто сядзеў, задрыжалі ад страху і не ведалі, што сказаць; мабыць, мая жардзястая пастава ў чорным жалобным адзенні, якое я ўсё яшчэ насіў y глыбокім смутку па памерлай жонцы, ды жахлівая жардзіна ў руках, на якую я абапіраўся, як дзікі чалавек, нагналі на іх столькі страху і жуды. «Як? — усклікнуў я.— Ніхто не хоча сказаць?» Яны яшчэ нейкі час былі ў здранцвенні, пакуль адзін не схамянуўся і не буркнуў: «Адкуль ты ўзяўся, спадарочку?» Тут я скеміў, што яны швабы, якіх, праўда,— і дарма! — маюць за прыдуркаў, і таму сказаў ім, што я вандроўны шкаляр і вяртаюся з Венерынай гары, дзе вучыўся мноству дзівосных
    рэчаў. «Эге,— сказаў стары селянін,— дзякуй Богу, цяпер я ўжо веру, што дажыву да мірнай часіны, калі па свеце зноў зашвэндаліся вандроўныя шкаляры».
    РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ
    Сімпліцы не мерыўся так памыліцца: заснуў — і пабегла пад ім крыніца
    I вось мы разгаварыліся, і яны сустрэлі мяне так ветліва, што запрасілі да вогнішча і пачаставалі лустай чорнага хлеба і нятлустага каровінага сыру, што я і прыняў з годнасцю. Нарэшце яны даверыліся мне так, што пачалі ўпрошваць мяне як вандроўнага шкаляра паваражыць ім, нічога не ўтойваючы. A як што я быў крыху абазнаны ў фізіягноміцы і хірамантыі, дык пачаў ім кашалі плесці, што, як мне здалося, кожнаму падабалася, ды я не хацеў страціць іхняга даверу, бо сярод такіх лясных малойцаў было б мне не вельмі спакойна на душы. Яны дамагаліся, каб я адкрыў ім розныя вядзьмарскія хітрыкі, a я, спаслаўшыся на тое, што заўтрае пакажа, прасіў даць мне перавесці дух. Нейкі час я такім чынам удаваў з сябе цыгана, a потым лёг крыху наўзбоч, але не тое каб дужа хочучы заснуць, хоць і вельмі цягнула на сон, a каб прыслухацца і скеміць, што ім наўме. I чым мацней я хроп, тым больш яны насцярожваліся; яны пачалі ціхенька перагаворвацца ды так і гэтак прыкідваць, хто я такі. На жаўнера як бы і не падобны, бо на мне ўсё чорнае, за мешчаніна таксама не прымеш, бо вось жа ў такі нягожы час залез y глухамань да самага Мюкенлёха, a так называўся той лес. Напаслед яны рашылі, што я лацініст-чаляднік, які заблудзіўся тут, альбо, як я сам назваўся, вандроўны шкаляр, бо спрытна варажу. «Ага ж,— сказаў яшчэ адзін,— відаць, таму ён і не спанатраны ў такіх гешэфтах; ен хутчэй за ўсё беглы ваяка і толькі апрануўся пад шкаляра, каб высачыць наша быдла і ўсе сцежкі ў лесе. Каб жа ж мы дакладна ведалі, дык уклалі б спаць, каб і прачнуцца забыўся. Нікому цяперашнім часам давярацца нельга: яйкі на патэльню — і куранят не будзе!» Але тут усунуўся яшчэ адзін і запярэчыў, думаючы, што я зусім іншага складу. A я ляжаў, наставіўшы вушы, і думаў: «Хай толькі нападуць гэтыя валухі, я двух-трох пакладу, перш чым яны мяне прыкончаць».
    I вось, пакуль яны так меркаваліся, a я курчыўся ад страху, раптам мне здалося, што нехта прылёг побач і пусціў пад сябе, бо я ўвесь падмок. O, mirum! Пагібель Троі! I ўсе мае выдатныя планы пропадам пайшлі, бо я адразу па паху заўважыў, што гэта мая гаючая крыніца. Тут мяне ахапіў такі гнеў і шал, што я гатовы быў кінуцца на ўсіх шасцёх мужыкоў і зацяцца з імі ў бойцы. «Ах вы, галганы бязбожныя! — закрычаў я, размахваючы кіем.— Па гэтай крыніцы, што адчынілася пад мною, можаце здагадацца, хто я такі. Якое дзіва, калі я пакараю вас так, што чэрці костак вашых не пазбіраюць, калі вы што намыслілі супроць мяне!» I пры гэтым я напускаў на твар свой такую жуду, што нагнаў на іх поўнага страху. Але я адразу схамянуўся і ўбачыў, якога нарабіў глупства. «Не,— падумаў я,— лепш страціць гаючую крыніцу, чым жыццё, якім ты лёгка можаш заплаціць, калі завядзешся з гэтымі камлукамі і ёлупамі»,— таму я зноў загаварыў з імі лагодна і сказаў: «Зірніце толькі ды скаштуйце з гэтай крыніцы кіслай вады, якая адчынілася ў гэтай глухамані і якою ад сённяга з маёй ласкі будуць карыстацца ўсе лесарубы і смаляры!» Яны ніяк не маглі ўцяміць, што такое я ім даводжу, a толькі лыпалі вачыма, як палтусы, пакуль не ўбачылі, што я спакойненька зачарпнуў капелюшом і адпіў. Тут і яны адзін за адным паўставалі ад вогнішча, каля якога сядзелі, дзіву даліся з цуду і паспыталі вады, але замест каб падзякаваць мне, пачалі ганіць мяне, кажучы, каб я ішоў са сваімі кіславодамі к чартаматары; бо калі паны даведаюцца, дык замардуюць усю Дорнэнштэцкую акругу шарваркамі і падаткамі і прымусяць правесці сюды дарогу, ад чаго ім набяжыць вялікая страта. «Зусім наадварот,— сказаў я,— калі ўсе пачнуць імі карыстацца, дык вы больш награбяце грошай за курэй, яйкі, масла, мяса і ўсё такое ўсялякае».— «Не, не,— залапаталі яны,— не! Пан пасадзіць тут тракціршчыка, ён адзін і разбагацее, a мы толькі будзем на яго каркі гнуць, чыста дурні тыя, ды даглядаць дарожкі і сцежкі, a ніхто табе пасля і дзякуй не скажа!» Пад канец яны разышліся ў думках, двое былі за крыніцу, a чацвёра за тое, каб я зноў яе зачыніў і, як што яно ў маёй уладзе, адчыніў яе дзе-небудзь y іншым месцы, не ўблытваючы іх y такі гандаль, не думаючы пра іхні прыбытак альбо страты.
    A калі тым часам развіднела, і мне там рабіць больш не было чаго, і я пабойваўся, што калі мы доўга тут завалэндаемся, дык на ліхі лад можам пабіцца, a таму сказаў, што калі яны не хочуць, каб ва ўсім Баерсбруне ў кароў ішло крывавае малако да таго часу, пакуль не высахне гэтая
    крыніца, дык яны павінны мяне вывесці да Зэебаха, на што яны згадзіліся, далі мне двух праваднікоў, бо ісці аднаму са мною было страшнавата.
    I вось развітаўся я з гэтым краем, і хоць увесь ен быў неўрадлівы, як Аравійская пустыня, і не пладзіла там нічога, акрамя яловых шышак, аднак зычыў яму яшчэ горшае долі, бо пакінуў там усе свае надзеі. Я ішоў моўчкі з праваднікамі, пакуль мы не выйшлі на вяршыню гары, дзе ўжо можна было агледзецца і пазнаць мясцовасць. Тады я сказаў ім: «Вы, панове, можаце атрымаць немалую карысць ад крыніцы, калі пойдзеце і заявіце пра яе ўладам; і будзе вам вялікая пашана, бо тады сам князь загадае будаваць тут дзеля сваёй славы і карысці ўсёй краіне і абвесціць пра гэта на ўвесь свет дзеля памнажэння сваіх прыбыткаў».— «Огля! — сказалі яны.— Дурні мы былі б, калі б наклікалі дубцы на свае задніцы; не, мы хацелі б, каб лепей чорт цябе забраў разам з тваёй клятай крыніцай; мы табе ўжо казалі, чаму не хочам яе тут». Я запярэчыў: «Эх вы, бязбожныя пустадомкі, ці ж не заслужылі вы, каб вас звалі вераломнымі шэльмамі, бо вы так далёка адышлі ад праведных сцежак вашых продкаў? Яны былі такія верныя свайму князю, аж ён хваліўся, што можа з поўным даверам пакласці галаву на калені кожнаму свайму падданаму і спакойна заснуць; a вашыя баязлівыя душы такія грэшныя, што пабаяліся нават мізэрнай працы, якая з часам акупілася б і прынесла б усім вашым нашчадкам вялікую ўцеху, вашаму шаноўнаму князю карысць, a многім далеглым y хваробах здароўе і дабрадзенства, калі б адкрылася гэтая гаючая крыніца. Што з таго, калі б кожнаму давялося дзеля гэтага адбыць колькі тых дзён шарварку і крыху папацець?» — «Што? — закрычалі яны.— Ды мы хутчэй заб’ём цябе да смерці на той паншчыне, каб ніхто не даведаўся пра тваю крыніцу».— «Эх вы, птахі,— сказаў я.— Мала вас тут зляцелася!» — і, махнуўшы кіем, папёр іх да ўсіх чарцей, a сам пайшоў з гары на захад і поўдзень; і шмат намучыўшыся, пад вечар прыбіўся да сялянскага двара, такім чынам на сабе ўведаўшы, як наперад казаў мне мой татусь,— што з гэтага паломніцтва нічога людскага не выйдзе, акрамя натруджаных ног ад пустое ходні ў два канцы.
    Тытульны ліст кнігі «Валацужка Кураж». 3 першага поўнага выдання 1683—1684
    РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ Сімпліцы пярэхрыстау сустракае, даспадобы яму іх жытка такая
    Вярнуўшыся дахаты, я пачаў жыць вельмі замкнена; найбольшай радасцю і ўцехай мне зрабілася чытанне; я дастаў мноства кніг, якія трактавалі пра розныя рэчы, асабліва такіх, якія трэба было чытаць з галавою, разважліва. Тыя, над чым сядзелі шкаляры і навукоўцы, хутка паабрыдалі, арыфметыка таксама прыелася; a што да музыкі, дык і яна ўжо мне згоркла горш горкай рэдзькі, і я ненавідзеў яе, як халеру, і разлюшчыў сваю лютню на дробныя трэсачкі, дразачкі, скабачкі. Матэматыка і астраномія яшчэ сяк-так ехалі; але як толькі я па іх уехаў y астраномію, дык хай ты згары — раскланяўся і з імі і на нейкі час прыляпіўся да гэтай, памянёнай ужо, разам з астралогіяй, якая мяне няблага распацешыла. Але пад канец і яна здалася фальшывай, ненадзёйнай і неапорнай, так што нядоўга я ею галаву сабе ў затлуме трымаў, a ўхапіўся за «Мастацтва» Раймонда Лулія, але і тут выявіў, што крэчу і гвалту шмат, a толку здаровага мала, і, палічыўшы гэты твор чыстай топікай, інакш кажучы — вышукам лагічных сувязяў, не больш, дык і закінуў яго ў запечак, і звярнуўся да славутай «Кабалы» габрэяў і да егіпецкіх іерогліфаў, і нарэшце ўцяміў, што з усіх маіх навук і мастацтваў няма нічога лепшага за тэалогію, бо менавіта праз яе людзі вучацца любіць Бога і служыць яму. I, ідучы следам за яе настаўленнямі, я адкрыў людзям такі лад жыцця, які можна было б хутчэй назваць анельскім, a не чалавечым, калі б яны склалі супольнасць, куды ўвайшлі б нежанатыя і жанатыя, як мужчыны, так і жанчыны, якія, паводле прыкладу пярэхрыстаў, здабывалі б сабе ежу рупнасцю рук сваіх пад разумным прыглядам свайго начальніка, a ў вольны час славілі б Бога і турбаваліся пра збавенне сваей душы. I як што я ўжо раней нешта такое бачыў на Мадзяршчыне ў перахрышчэнскіх дварах, і як што гэтыя добрыя людзі і падобныя да іх не заблыталіся ў ерасях, супраціўных саборнай хрысціянскай царкве, і не загразлі ў іх, дык я па свабодным сумленні прыстаў да іх ці, прынамсі, пачаў шанаваць іхняе жыццф як самае праведнае на ўсім белым свеце, бо яны паўсталі перад мною ва ўсіх сваіх дзеях і чынах такімі, як Язэп Флавій, і іншыя аўтары апісвалі габрэйскіх есэяў. У іх былі сабраны вялікія скарбы, назапашаны правіянт, якім яны, аднак, не раскідаліся як папала, без карысці; y іх нельга было пачуць кленічаў, нарокаў і папрокаў,