Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
A калі я сядзеў і бедаваў, думаючы пра сваё цяперашняе становішча, пачуў, як да нашага дома пад’ехалі дзве расейскія падводы, a зірнуўшы ў акно, убачыў, што мой добры гаспадар палкоўнік сядае на адну са сваімі сынамі, a на другую пані палкоўніца з дочкамі. То была падвода і слугі вялікага князя, былі там і нейкія духоўныя патрыярхі, якія праводзілі нашую пару і выказвалі ёй усялякае ўпадабанне.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
Сімпліцы Маскву забяспечыў порахам і шабляй адважна біўся з ворагам
3 таго самага часу сачылі за мною некалькі стральцоў, праўда, не адкрыта, a тайна, я нават ні разу гэтага не заўважыў, a мой палкоўнік знік з вачэй з усёю сям’ёю і бэбахамі, і я не ведаў, куды ён падзеўся. Тады, пра што можна здагадацца, самыя дурныя думкі лезлі мне ў галаву, a на ёй прыбавілася нямала сівых валасоў. Я пазнаёміўся з немцамі, якія былі ў Маскве па справах гандлю, і з рамеснікамі і пабедаваў ім на свае турботы і як хітра мяне абкруцілі; яны суцешылі мяне і параілі, як вярйуцца ў Нямеччыну з надзейнаю аказіяй. Але як толькі даведаліся, што цар рашыў пакінуць мяне ў краіне і хоча мяне да гэтага прыняволіць, дык усе як вады ў рот панабіралі і так цураліся мяне, што мне стала цяжка знайсці сабе прыстанак, бо я ўжо праеў свайго каня разам з сядлом і вуздэчкай і распускаў свае дукаты, якія разумна зашыў y вопратцы. Пад канец я пачаў прадаваць пярсцёнкі і іншыя каштоўнасці, спадзеючыся пракарміцца да таго часу, пакуль не ўлаўлю шчаслівага выпадку вярнуцца ў Нямеччыну. Тым часам прайшло тры месяцы, пасля чаго памянёны палкоўнік быў перахрышчаны ў артадоксію разам з усімі дамачадцамі і адораны шляхецкім станам з грунтамі, добрамі і мноствам прыгонных.
У той самы час быў абвешчаны ўказ, які забараняў пад загрозай непазбежнай кары ўсякае дармаедства тамтэйшым чужапанцам, a ўсіх гультаёў і валацуг, каб яны не аб’ядалі працаўнікоў і не вырывалі ў іх з горла кавалак хлеба, загадваў выгнаць з усёй дзяржавы за месяц, a з Масквы за дваццаць чатыры гадзіны. I вось, сабралася нас чалавек пяцьдзесят, каб з Божай дапамогай разам выправіцца ў Нямеччыну праз Падолле; але не паспелі мы аддаліцца ад горада на дзве гадзіны дарогі, як нагнаў нас гуф расейскіх коннікаў і завярнуў назад, паведаміўшы, што іх царскі маестат дужа ўгневацца мелі за тое, што мы самачынна і ў такой колькасці сабраліся гамузам і асмеліліся бяспашпартна праехаць па яго землях, дадаўшы, што яго вялікасць не палічаць несправядлівым за такое ўчыненае намі вялікае самаволле выслаць усіх нас y Сібір. Па дарозе назад я даведаўся і вельмі засмуціўся, што справы мае зусім швах; бо ж начальнік таго гуфа сказаў мне, што яго царскі маестат не дазволіць мне выехаць з Маскоўшчыны, a таму шчыра мне раіць схіліцца перад найлітасцівейшай воляй яго вялі-
касці, перайсці ў іхнюю веру і, як зрабіў палкоўнік, не пагрэбаваць салідным дваранскім маёнткам, і запэўніў, што калі я ад гэтага адмоўлюся і не захачу жыць y іх панам, дык воляй-няволяй буду служыць y іх як слуга; і яго царскі маестат ніколі не перадумаюць і не выпусцяць з дзяржавы такога абазнанага чалавека з такімі выдатнымі якасцямі, як гэта апісаў ужо не адзін раз памянёны палкоўнік. Адказваючы на гэтую інтэрвенцыю, я пачаў упрошваць яго і сказаў, што пан палкоўнік ужо, напэўна, прыпісаў мне куды больш даброцяў, навук і мастацтваў, чым y якіх я абазнаны. Праўда, я па тое прыехаў сюды, каб служыць да апошняй кроплі крыві іх царскаму маестату і праслаўленай расейскай нацыі супроць яе ворагаў, a не каб выменьвацца вераю, на што я ўсё яшчэ не магу адважыцца. Ва ўсім астатнім, y чым і чым толькі магу паслужыцца іх царскаму маестату, не азмрочваючы свайго сумлення, дык проша пана! — гатовы не пашкадавацца.
Мяне аддзялілі ад усёй кампаніі і паставілі на кватэру да аднаго купца і цяпер ужо адкрыта трымалі пад наглядам, затое кармілі выдатна, дорага паілі ад стала яго вялікасці, кожнага дня мяне наведвалі розныя людзі і мелі са мною аўдыенцыі, клікалі ў візіты, асабліва адзін там хітры пралазень, якому, відаць, я быў даручаны; гэты прыходзіў да мяне штодня і пацяшаў сяброўскай гутаркай, бо я ўжо няблага намянціўся па-расейску. Ён часцей талкаваў мне пра розныя механічныя штукі, item пра ваенныя і іншыя машыны, пра фартыфікацыю, артылерыю etc. Нарэшце, калі ўжо ён мяне як след вымацаў, a ці не схілюся я прыняць умовы іх царскага маестату, і не залучыўшы ніякай надзеі, што я хоць крыху пахіснуўся, пачаў пад’юджваць, што калі я не хачу перайсці ў рускую веру, дык, прынамсі, я павінен паведаміць вялікаму цару да славы іх нацыі сёетое з таго, чым абазнаны ў навуках, і валадар за такую маю гатоўнасць адораць мяне сваёй высокай царскай мілатою. На гэта я адказаў, што служыць вераю і праўдаю іх царскаму маестату заўсёды было маім палкім жаданнем, дзеля таго я і прыбыў y Маскоўшчыну, і што і дагэтуль я ўсё яшчэ выношваю тыя самыя намеры, хоць і бачу, што мяне тут за палоннага маюць. «Ай, зусім не, пане мой,— сказаў ён,— ты не ў палоне, a толькі царская вялікасць выказваюць табе такое ўпадабанне, што не хацелі б разлучын з тваёй асобай!» — «Дык жа дзеля чаго такога,— спытаўся я,— мяне трымаюць пад наглядам?» — «А дзеля Tare,— адказаў ён,— што яго царская вялікасць дбаюць пра
тое, каб не спрыгодзілася табе якой прыкрасці і непамыслоты альбо пахібы твайму здароўю».
Калі ж ён уразумеў маю прапазіцыю, дык сказаў, што іх царскі маестат найлітасцівей удабраволілі загадаць y сваёй дзяржаве капаць салетру і рабіць з яе порах; але як што ў іх такіх майстроў не было, якія б гэта ўмелі, дык я саслужыў бы вельмі спадобную службу іх царскаму маестату, калі б толькі мог зрабіць гэта; яны даставілі б пад маю каманду даволі людзей і ўсяго, што патрэбна, a ён ад сябе самога шчыра просіць мянв не адкідаць гэтай найлітасцівейшай прапановы, бо атрымаў вестку, што я дужа добра разумею гэтую справу. На што я адказаў: «Пане, я, як раней, так і сёння, запэўніваю, што гатовы ўсім, чым толькі магу, служыць іх царскаму маестату і не пашкадую сілы свае, калі толькі іх маестат літасціва дазволяць мне застацца ў маёй веры». Mae словы так развесялілі гэтага расейца, які быў са слыннага княскага роду, што ён распіў са мною віна больш за любога немца.
На другі дзень прыйшлі да мяне ад цара два князі і перагаворшчык, каб вырашыць са мною ўсё канчаткова і адарыць мяне багатай расейскай вопраткай ад яго вялікасці. I вось ужо праз некалькі дзён пасля гэтага я пачаў шукаць салетраную зямлю і вучыць расейцаў, якіх мне даверылі, як трэба здабываць і ачышчаць салетру, a тым часам я падрыхтаваў таксама чарцяжы парахавога млына І вучыў таксама, як трэба абпальваць вугаль, так што неўзабаве мы пачалі вырабляць выдатны ручны і грубы гарматны порах y вялікай колькасці, бо ў мяне было дастаткова людзей і, акрамя таго, меў дзіўных слуг, якія слугавалі мне ці, слушней сказаўшы, ахоўвалі і сачылі за мною.
A калі, здавалася, я ўсё так выдатненька ўладзіў, дык з’явіўся да мяне, пышна і раскошна, не раз памянёны палкоўнік y дарагім расейскім убранні з процьмай слуг, несумненна каб гэтай паказною раскошаю схіліць мяне да перамены веры. Але я добра ведаў, што адзенне яму пазычылі ў дзяржаўнай палаце, каб y мяне слінкі пабеглі, бо пры царскім двары гэта была звычайная хітрасць,
I каб чытач мог уразумець, як там звычайна ўсё вядзецца ў тых расейцаў, я хачу расказаць пра гэта на сваім прыкладзе. Аднаго разу быў я на парахавым млыне, які я збудаваў пад Масквой на рацэ, і аддаваў указанні падначаленым мне людзям, якую каму з іх рабіць працу таго самага і наступнага дня; аж тут нечакана падняўся алярм, бо за чатыры мілі ад нас аб’явіліся татары, арда якіх y сто тысяч коней спусташала краіну і хутка імчала наперад. Тады я
вымушаны быў разам з усімі сваімі людзьмі паспяшацца ў крэмль, дзе нас экіпіравалі з царскай зброевай палаты і канюшні. Мне, праўда, дастаўся замест кірасы залаты шаўковы каптан, які хоць і бараніў ад стрэлаў, але мог быць прабіты любой куляй. Далі мне яшчэ боты, астрогі, княскі шалом з плюмажам і шаблю, такую вострую, што секла волас, аздобленую шчырым золатам і ўсыпаную чыстымі камянямі; a з царскай канюшні прывялі мне выдатнага каня, якога такога другога, колькі жыву, не бачыў, не кажучы, каб мець. I сам я, і конская збруя ззялі золатам, срэбрам, жэмчугам і каштоўнымі камянямі; я падвесіў жалезную булаву, якая ззяла, як люстра, і была зроблена так добра і была такая цяжкая, што магла забіць кожнага, каму ўваліць, так што сам цар, калі б ён выправіўся на бітву, не мог бы экіпіравацца лепей. За мною везлі белы сцяг з двухгаловым арлом, да якога з усіх бакоў сцякаліся ваяры; не мінула і дзвюх гадзін, як сабралася сорак тысяч, a праз чатыры гадзіны тысяч шэсцьдзесят коннікаў, якія ўсе і выступілі супроць татараў. Праз кожныя чвэрць гадзіны я атрымліваў вуснае ўказанне ад вялікага князя, якім ён нагадваў мне, што я павінен паказаць сябе сёння адважным ваякам, якім сябе называў, каб і іх царскі маестат маглі прызнаць мяне за такога. 3 кожнай хвілінай войска наша множылася, бо да яго прыходзілі простыя жаўнеры і начальнікі цэлымі атрадамі і паасобку, так што ў гэтым вэрхале я не мог пазнаць, хто камандуе ўсім корпусам і хто павінен весці баталію.
Мне не хочацца акідацца падрабязнасцямі гэтай бітвы, бо яна мала клеіцца да маёй гісторыі; я толькі хачу сказаць, што татары на стомленых конях і ўцяжаныя здабычай былі нечакана, калі яны менш за ўсё таго спадзяваліся, дагнаны і атакаваны намі ў даліне так шалёна і зацята, што мы амаль з самага разу іх рассеялі. У першай схватцы я сказаў тым, што ішлі за мною, па-расейску: «Ну, з Богам! Рабі кожны, як я». Яны закрычалі тое самае, і я, апусціўшы налбіцу, кінуўся на ворагаў і першаму, каго дагнаў, a гэта быў мірза, згаламоўзіў галаву з такой сілай, што мазгі яго, змяшаныя з крывёю, прыліплі да булавы. Расейцы паследавалі гэтаму геройскаму прыкладу, татарва не ўстояла супроць націску і кінулася бегчы. A я біўся, як апантаны ці як чалавек, які шукае сабе смерці і не можа яе знайсці. Я валіў і крышыў усіх, каго быў зарваў, хто быў на дарозе, не разбіраючы, хто там быў — татарын ці расеец. A тыя, каго цар прыставіў да мяне, тлуміліся за мною і тым самым надзейна прыкрывалі з тылу. Паветра