Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 415с.
Мінск 1997
было напоена стрэламі, быццам ляцеў рой чмялёў альбо пчол, з якіх адна ўпілася мне ў руку, бо я закасаў рукавы, каб лягчэй было ўпраўляцца з шабляю і булавою, крышыць і біць да смерці. I датуль, пакуль я не перахапіў стралу, гэта кровапусканне весяліла мне сэрца, a калі я ўбачыў, што пралілася мая кроў, дык весялосць перайшла ў лютасць. Пасля таго як ліхія ворагі былі змушаны да ўцёкаў, некаторыя князі сказалі мне па царскім указе даставіць радасную вестку, як мы адолелі татараў, самому цару. I вось, па іх слове, я вярнуўся назад са світаю прыкладна ў сто коннікаў. Я праскакаў праз увесь горад да царскага палаца, і мяне ўсюды сустракалі радаснымі крыкамі і дабраславеннямі ўсяго народу; аднак як толькі я далажыў пра баталію, хоць вялікі цар ужо быў пра ўсё ўведамлены, дык мусіў зняць з сябе ўсё княскае адзенне, якое было вернута ў царскую скарбніцу, хоць усё яно разам з конскім уборам было запырскана і запэцкана крывёю, так што стала ні на што не прыдатнае, і я думаў, што не інакш, як мне яго разам з канём аддадуць як узнагароду за тое, што я ў гэтай баталіі біўся, бы рыцар; a таму даведаўся, як y расейцаў было ўсё з тою пышнасцю ў вопратцы, якою фарсіў перада мною мой палкоўнік, бо ўсё гэта было пазычанае, якое, як і ўсе іншыя рэчы ва ўсёй расейскай дзяржаве, належыць аднаму толькі цару.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ
Сімпліцы на Волзе; y дадатак кар'еры — татарскі палон, піраты, галеры...
Увесь час, пакуль не загоілася мая рана, мяне трактавалі па-княску; і я пахаджаў y футраным шлафроку, расшытым золатам і падбітым собалем; і хоць рана мая была зусім не смяротная і не небяспечная, я, колькі жыву, не меў такое тлустае кухні, як тады. Але гэта была мая адзіная выгода за ўсе адбытыя турботы, не лічачы пахвалы, якую я меў ад цара, якая, аднак, была атручана зайздрасцю некаторых князёў.
A калі я зусім ачуняў, мяне адправілі на караблі ўніз па Волзе ў Астрахань, каб там учыніць выраб пораху, бо цару было досыць нязручна кожны раз завозіць y гэтую памежную крэпасць свежы порах з Масквы, ды і далёкая дарога па вадзе тоіла ў сабе шмат небяспекі. Я ахвотна згадзіўся, бо меў надзею, што, калі выканаю ўсё, цар адправіць мяне
ў Галандыю і ўзнагародзіць грашмі адпаведна сваей велічы і маім заслугам. Але ах, ледзь толькі мы найбольш упэўніліся ў нашых надзеях і канцэпцыях, як раптам падымаецца вецер і перакульвае ўсё хісткае збудаванне, якое мы так старанна ўзводзілі. Губернатар Астрахані трактаваў мяне гэтак сама, як цар, і неўзабаве я ўсё там y іх пераналадзіў; заляжалую амуніцыю, якая пагніла і паржавела, так што ад яе ўжо не было ніякага толку, я перарабіў нанава, як той бляхар, які старыя алавяныя лыжкі пералівае на новыя, што на тыя часы ў расейцаў было нечувана; з гэтай прычыны, a таксама за мае іншыя ўмельствы адны лічылі мяне чарадзеем, другія новым святым ці прарокам, a некаторыя новым Эмпедоклам альбо Горгам Леанцінам. Аднаго разу, калі я быў заняты па горла і начаваў на парахавым млыне за крапасным мурам, мяне па-зладзейску захапіла ў палон шайка качавых татараў, якія звялі мяне разам з мноствам іншых y глыбіню сваёй краіны, так што я не толькі пабачыў там дзівосную расліну баранец, але і пакаштаваў яе. Качавыя татары памянялі мяне на розныя кітайскія тавары ў нючаскіх татараў, a тыя спрэзэнтавалі мяне як адмысловае дзіва карэйскаму каралю, з якім толькі што замірыліся. Там я здабыў сабе вялікую пашану, бо ніхто не мог дараўнацца са мною ў баі на цесаках, і я вучыў караля, што трэба зрабіць, каб, паклаўшы мушкет на плячо і павярнуўшыся да мішэні спінай, усё-такі пацэліць y самую сярэдзіну, і з гэтай прычыны ён стаў такі ласкдвы, што на маю вернападданую просьбу даў мне свабоду і праз Японію адправіў y Макаа да партугальцаў, але тым да мяне клопату не было; таму я бадзяўся ўсюды, як авечка, якая адбілася ад чарады, пакуль дзіўным чынам не быў захоплены турэцкімі ці то магаметанскімі марскімі піратамі, a яны цэлы год цягалі мяне па морах сярод розных нябачаных дзівосных народаў і людаў, якія жылі на ўсходнеіндыйскіх выспах, пакуль не старгаваліся з некалькімі купцамі з Александрыі ў Егіпце. Яны даставілі мяне разам з сваім таварам y Канстанцінопаль, і як што турэцкі султан якраз тады ладзіў галеры супроць Венецыі, дык быў недахоп y веславальнай сіле і многія турэцкія купцы мусілі саступіць, аднак за наяўныя грошы, сваіх рабоў-хрысціян, сярод якіх апынуўся і я, бо быў малады і здаровы дзяцюк. I вось я мусіў навучыцца веславаць; але такая цяжкая служба доўжылася не больш як два месяцы, бо ў Леванце нашай галерай па-рыцарску авалодалі венецыянцы, і я разам з усімі маімі сугалернікамі быў вызвалены з турэцкай няволі. A калі памянёная галера разам з багатаю здабычаю і
некалькімі знатнымі туркамі была прыведзена ў Венецыю, дык мне далі поўную свабоду, бо я выказаў намер спаломнічаць y Рым і ў Ларэта, каб агледзець тыя мясціны і падзякаваць Богу за збавенне. Дзеля такой мэты я лёгка атрымаў пашпарт, a некаторыя багалюбцы, асабліва немцы, падтрымалі мае планы, так што я быў забяспечаны доўгай пілігрымскай вопраткай і мог выбрацца ў дарогу.
Пасля карацейшай дарогай рушыў y Рым, дзе мне досыць пашанцавала, бо я нажабраваў y багатых і ў простага люду шмат усякай міласціны; і пасля таго, як правеў там прыкладна тыдняў шэсць, выправіўся ў Ларэта разам з іншымі паломнікамі, сярод якіх былі і немцы, асабліва з Швейцарыі, якія хацелі вярнуцца дамоў. Адтуль я пераваліў цераз Гатард і прайшоў Швейцарыю, дабраўся да Шварцвальда да майго татуся, які захаваў мой двор і сваім кіраваннем прывеў яго ў выдатны стан, тым часам як сам я не прынёс дамоў нічога, апрача барады, якая вырасла ў мяне на чужыне.
Я прабыў y вандроўках тры гады і некалькі месяцаў і за гэты час пераплыў некалькі мораў і нагледзеўся розных народаў, але ўсюды сустракаў больш ліха, чым дабра, пра што можна было б напісаць вялікую кнігу. Тым часам быў падпісаны нямецкі мір, так што цяпер я мог жыць y майго татуся ў поўным спакоі; я пакінуў яго на гаспадарцы клапаціцца пра ўсё, a сам зноў засеў за кнігі, якія з гэтага часу сталі мне поўнай радасцю і працай.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
Сімпліцы жыццё зразумеў зямное — яно цяпер яму марнае і пустое
Аднойчы я прачытаў, як адказаў Апалонаў аракул рымскім пасланцам, калі яны папыталіся ў яго, што трэба зрабіць, каб спакойна кіраваць і валадарыць падданымі: «Nosce te ipsum», што азначае — спазнай самога сябе. Я задумаўся і азірнуўся на пражытае жыццё, і закарцела мне парахавацца з самім сабою. «Жыццё тваё не было жыццём, a смерцю; дні твае — цяжкія цені, гады — цяжкія сны, асалоды — цяжкія грахі; твая маладосць — міраж, блізір, тваё дабрадзенства — скарб алхіміка, які коціць y трубу і пакідае цябе, перш чым ты паспееш гэта ўразумець! Ты зведаў многія небяспекі на вайне, дзе перападалі табе і шчасце і няўдачы, то ты ўзносіўся, то падаў, то быў знака-
міты, то нікчэмны, то багаты, то бедны, то рады, то засмучаны, то ўсімі любімы, то ўсім ненавісны, то ў гонары, то ў пагардзе. Але ты, о гаротніца душа мая, што здабыла ты ў гэтых прыгодах? Вось што сталася тваёю доляй: я збяднеў дабрынею, сэрца мае ўціснута клопатам, я нядбалы на ўсё добрае, я гультай, я сапсаваны, a што найгорш — сумленне маё парушана і патрывожана, a сам я заграз y поскудзі грэху і беззаконня! Цела стамілася, розум запамрочыўся, нявіннасць прапала, найлепшая пара маладосці растранжырана, залаты час страчаны. Ніхто ўжо мяне не радуе, і стаў я чужы самому сабе. Калі пасля смерці светлай памяці бацькі майго прыйшоў я ў свет, дык быў просты і чысты сэрцам, прастадушны, шчыры і сумленны, праўдзівы, пакорлівы, сціплы, паўстрымлівы, цнатлівы, сарамяжлівы, богабаязны і пабожны, але хутка я стаў злы, хітры, хлуслівы, фанабэрысты, задзірлівы і бязбожны ва ўсіх учынках сваіх і ўсім пахібам навучыўся без настаўнікаў. Я трымаў свой гонар не дзеля яго самога, a каб узвысіцца. Я глядзеў на час не дзеля таго, каб ужыць яго на душэўнае збавенне, a каб дагаджаць свайму целу. Я шмат разоў ставіў пад пагрозу сваё жыццё, але ніколі не турбаваўся, каб паправіць яго, каб здабыць сабе неганебны і шчасны скон. Я глядзеў толькі на часовае жыццё і мінушчую выгоду і ні разу не падумаў пра будучыню і яшчэ меней пра тое, што буду вымушаны адказваць перад тронам Навышняга!» Такімі думкамі мучыў сябе кожны дзень, і якраз y гэты час трапілі мне ў рукі некаторыя творы Гевары, з якіх я прывяду некалькі слоў, бо яны былі такія моцныя, што зусім адштурхнулі мяне ад свету. I гэтыя словы былі наступныя:
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ Сімпліцы свету зямнога зракаецца, жыць пустэльнікам бедным збіраецца
«Бывай, свеце! бо нельга на цябе ні спадзявацца, ні абаперціся; y доме тваім ужо знікла мінулае, з рук сплывае цяперашняе, a будучае не прыходзіць ніколі, самае трывалае валіцца, самае моцнае рассыпаецца пылам, і самае вечнае канчаецца, і ты — мёртвы сярод мёртвых, і за ўсе стагоддзі не дасі нам ані хвіліны жыцця.
Бывай, свеце! бо ты бярэш нас y палон і не вызваляеш; ты вяжаш нас і не развязваеш, ты засмучаеш і не суцяшаеш, ты рабуеш і не аддаеш нарабаванага; ты вінаваціш нас
без віны, ты асуджаеш, не выслухаўшы бакоў, і забіваеш нас без прысуду і хаваеш без памірання! I няма ў цябе радасці без маркоты, міру без нязгоды, любові без злосці, спакою без страху, паўнаты без нястачы, гонару без заганы, маёмасці без нячыстага сумлення, стану без незадаволенасці і дружбы без фалыпу.
Бывай, свеце! бо ў палацы тваім даюць абяцанні, не думаючы іх выконваць; служаць без платы, лашчаць, каб забіць; узвышаюць, каб скінуць; падтрымліваюць, каб папхнуць; шануюць, каб зняславіць; пазычаюць, каб не аддаваць; караюць без літасці.
Аслані цябе Бог, свеце! бо ў тваім доме скідаюць долу вялікіх паноў і фаварытаў, аддаюць перавагу нягодным, асыпаюць ласкамі здраднікаў і прадажнікаў, a верных трымаюць за парогам; ліхадзеяў пакідаюць на волі, a невінаватых караюць; мудрых і абазнаных гоняць y адстаўку, a няздольцам кладуць вялікую пэнсію; падступнікам вераць, a ў праўдзівых і сумленных адбіраюць крэдыт; і кожны творыць, што ён хоча, і ніхто не робіць таго, што рабіць павінен.
Бывай, свеце! бо ніхто ў табе не завецца сапраўдным імем сваім; нахабніка называюць адважным, баязліўца асцярожлівым, настырнага рупліўцам, a маладушніка міралюбным. Марнатраўцу называюць шчодрым, a скупога ашчадлівым, хітрага балбатуна і пустамалота красамоўным, a маўклівага дурнем або летуценцам, пералюбніка і разбэсту называюць кавалерам, пахібніка завуць галантам, помслівага гарачым і мяккасэрдага баламутам, так што ты нам падтыкаеш шалапута за дзельніка і дзельніка за шалапута.