• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 415с.
    Мінск 1997
    128.03 МБ
    РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ
    Сімпліцы страчае названага брата, які бадзяўся ў плюндрах і латах
    Не праседзеў я і паўгадзіны ў развагах, аж, гля,— наш мужык, засопся, як мядзведзь; бяжыць штомоцы і не згледзеў мяне, пакуль я яго не дагнаў. «Куды ляціш? — пыта-
    юся.— Што новага?» Ён адказвае: «I не пытайся, уцякай хутчэй! Сюды ідзе капрал з шасцю мушкецёрамі, a ў іх загад узяць пад варту цябе і Олівера і жывых ці мёртвых даставіць y Ліхтэнэк. Яны і мяне захапілі і загадалі весці сюды, але па дарозе я ўцёк і вось прыбег». Я падумаў: «Ах ты, чмурыла! Засыпаў нас, каб прысабачыць дупло»; але не падаў выгляду, бо мне быў патрэбен праваднік, a сказаў толькі, што Олівер і ўсе, хто меўся ўзяць нас пад варту, вунь яны там, ляжаць, ножкі згарнуўшы. A як што мужык не даваў веры, я зрабіў ласку, пайшоў з ім на месца, дзе ён на свае вочы ўбачыў тую ліхату — сем трупаў. «Сёмаму з тых, што прыйшлі па нас, я даў уцячы, і бачыць Бог, калі б я мог зноў ажывіць палеглых тут, я б так і зрабіў!» Мужык аслупянеў ад жаху і дзіва і ўсклікнуў: «Што ж рабіць?» Я адказаў: «Што рабіць, ужо ясна! Выбірай адно з трох: альбо ты зараз правядзеш мяне праз лес y Філінген, альбо пакажаш дупло, дзе схаваныя грошы Олівера, альбо памрэш на месцы і зробіш добрую кампанію гэтым падлам! Калі правядзеш y Філінген, грошы застануцца табе аднаму, a пакажаш дупло, падзелім напалам, a калі ні тое, ні другое, я прыстрэлю цябе і пайду сваёй дарогай, a грошы ні мне, ні табе». Мужык з вялікай ахвотай умыкнуўся б ад мяне, але баяўся мушкета, a таму бухнуў на калені і выбраў першае. I вось мы, y вялікім спеху і без ежы, пітва і адпачынку, рушылі і ішлі ўвесь той дзень і ноч, бо, на наша шчасце, было даволі светла, a пад раніцу ўбачылі горад Філінген, дзе я і адпусціў мужыка. На гэтай дарозе мужыка падганяў страх, a мяне жаданне ўратаваць жыццё і свае грошы, і я амаль паверыў, быццам золата дадае чалавеку сілы, бо хоць я нёс на сабе вялікі цяжар, аднак не адчуваў, каб вельмі стаміўся.
    Я палічыў за добрую аснову, што, калі я падышоў да Філінгена, гарадская брама была адчынена. Каравульны афіцэр учыніў мне допыт, і калі пачуў, што я назваўся вольным райтарам з таго самага палка, які мне вызначыў Хэрцбрудэр, вызваліўшы ад мушкецёрства ў Філіпсбургу, a таксама, што я ўцёк з лагера пад Брайзахам, ад веймарцаў, куды трапіў пасля таго, як быў захоплены ў палон каля Вітэнваера і запхнуты сілаю ў іхняе войска, a цяпер вось хачу вярнуцца ў свой полк да баварцаў, ён прыставіў да мяне мушкецёра, які і завёў мяне да каменданта. Той яшчэ кволіўся ў ложку, бо за поўнач прашчыраваў за справамі, і мне давялося чакаць з добрых паўгадзіны каля ягоных дзвярэй, але як што людзі ішлі з ранішняй імшы, дык мяне з усіх бакоў абступілі гараджане і жаўнеры, усім хацелася
    ведаць, як там пад Брайзахам; ад гэтага вэрхалу прачнуўся камендант, які загадаў упусціць мяне.
    Ён учыніў мне новы гізамант*, a я адказваў усё тое самае, што і каля гарадское брамы. Потым ён распытаўся пра ўсякія прыватныя дробязі аблогі і ўсякае астатняе, і тут я прызнаўся, што тыдні два прабыў y аднаго малойца, які таксама быў з беглых, і з ім разам мы напалі на карэту і абабралі яе, спадзеючыся здабыць y веймарцаў столькі, каб купіць коней, экіпіравацца і явіцца кожнаму ў свой полк; аднак учора на нас напаў капрал з шасцю мушкецёрамі, y выніку чаго мой прыяцель і яшчэ шасцёх, пасланых ад праціўніка, палеглі на месцы, a сёмы ўцёк, як і я, прычым кожны на свой бок. Пра тое, што я мерыўся прабрацца ў Л. y Вестфаліі да сваёй жонкі і што на мне два поўныя наплечнікі, я маўчаў, як мёртвы. I тое, праўду сказаць, я зусім не саромеўся, што прамаўчаў, бо што яму да таго? Ён не пытаўся, я не хлястаў языком, ён не цягнуў на рэмус, я не ўпіраўся, ён толькі не мог даць веры, што мы ўдвух з Оліверам паслалі ў процьму шасцёх мушкецёраў, a сёмага завярнулі ў бегі, хоць мой прыяцель заплаціў за гэта жыццём. У час гэтага дыскурсу мне якраз надарыўся выпадак завесці мову пра выдатны меч Олівера, якім, вось ён пры мне, я нахваліцца не мог. I ён так спадабаўся каменданту, што я, каб адысці ад яго добрым манерам і атрымаць пашпарт, мусіў памяняцца з ім на шпагу. I праўда, меч быў выдатны, прыгожы і ладны, на ім быў вытраўлены вечны каляндар, і магу пабажыцца, што ён быў выкаваны самім Вулканам y hora Mortis і ўжо ж, напэўна, быў зроблены, як апісана ў «Скарбніцы герояў», і менавіта таму ўсе іншыя мячы ламаюцца аб яго і самыя бясстрашныя ворагі і адважныя, як ільвы, ваяры ўцякаюць, нібы зайцы. Калі ён мяне адпусціў і загадаў выпісаць мне пашпарт, я самай кароткай дарогай выправіўся на пастойны двор, дзе і сам не ведаў, ці то заваліцца спаць, ці паесці. Аднак рашыў спачатку спатоліць голад і таму загадаў прынесці мне ежы і напіткаў, раздумваючы, як я зладжу свой гандаль і пры маіх грошах ужо ж напэўна дабяруся да Л. да сваёй жонкі, бо ў мяне было столькі ж ахвоты вяртацца ў полк, як і скруціць сабе карак.
    Тым часам, пакуль я аддаваўся ў думках такім спекуляцыям і прыдумваў розныя іншыя хітрыкі, y пакой прашкандыбаў нейкі малойчык з мыліцаю пад пахай; y яго была перавязаная галава, рукі на перавязі і такія страшныя лах-
    Экзамен (бел. гутарковае).
    маны, што я не даў бы за іх і гелера. Ледзь толькі тракцірны слуга ўбачыў яго, як адразу хацеў прагнаць, бо ад яго нясцерпна смярдзела і ён быў увесь y вошах, імі можна было б абсыпаць швабскі стэп. A ён маліў-прасіў, каб яму, дзеля Бога, дазволілі пагрэцца, але дарма. Калі я ўмілажаліўся з яго і папрасіў за яго, таго пусцілі да печы, як валацугу. Ён глядзеў на мяне, як мне здалося, заходзячыся з голаду і неяк багавейна, пры гэтым некалькі разоў глыбока ўздыхнуў; і калі слуга выйшаў, каб прынесці смажаніны, ён падышоў да майго стала і працягнуў мне гліняны кубак. Я лёгка мог здагадацца, чаго ён падышоў, узяў y яго кубак і наліў піва, перш чым ён паспеў папрасіць. «Ах, дружа,— сказаў ён,— дзеля Хэрцбрудэра дай мне таксама крыху паесці!» Калі я пачуў гэта, y мяне сэрца захалонула, і я зразумеў, што гэта сам Хэрцбрудэр. Я ледзь не самлеў, калі ўбачыў яго ў такім бядотным стане, але сцерпеў, кінуўся яму на шыю і пасадзіў побач з сабою, бо нам абодвум слёзы засцілі вачы, мне ад жалю, яму ад радасці.
    РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ШОСТЫ
    Сімпліцы слухае, колькі бедаў Хэрцбрудэр за час іх разлукі зведаў
    Наша неспадзяваная сустрэча так нас уразіла, што мы не маглі ні есці, ні піць, a толькі апытваліся, што ды як сталася з кожным з таго часу, як мы бачыліся апошні раз. Але мы не маглі шчыраваць адкрыта, бо тракціршчык і слуга ўвесь час шнуравалі туды-сюды. Тракціршчык здзіўляўся, што я не грэбую такім завашыўленым хлопцам, a я сказаў, што на вайне такое часта бывае. Як што я зразумеў, што Хэрцбрудэр дагэтуль быў y шпіталі і карміўся жабраваннем і што раны ягоныя кепска перавязаныя, дык умовіўся з гаспадаром, каб ён адвёў яму асобны пакой, паклаў Хэрцбрудэра ў ложак і загадаў паклікаць да яго найлепшага доктара, якога толькі можна было знайсці, a таксама краўца і швачку, каб апрануць яго і звесці ўсе вошы, якія стачылі яго да касцей. У мяне ў кашальку яшчэ вадзіліся дублоны, якія Олівер дастаў з рота ў мёртвага жыда. Я ляснуў імі па стале і сказаў Хэрцбрудэру так, каб чуў тракціршчык: «Глядзі, браце, вось мае грошы; хачу іх патраціць на цябе і праесці разам з табою», і гаспадар пачаў нам старанна прыслужваць. A фельчару я паказаў рубін, таксама дастаты з памянёнага халдэя, цаною прык-
    ладна ў дваццаць талераў, і сказаў: «Як што тыя невялікія грошы, што пры мне, пойдуць на пракорм і на вопратку майму сябру, дык я намераны даць табе гэты рубін, калі толькі ты хутка паставіш на ногі памянёнага сябра», фельчар быў задаволены і таму ўжыў сваё найлепшае лячэнне.
    Дык вось, даглядаў я Хэрцбрудэра, як свае другое Я; аддаў пашыць яму простае адзенне з шэрага сукна, але спярша выправіўся да каменданта з-за пашпарта і паведаміў яму, што сустрэў цяжкапараненага прыяцеля і хачу дачакацца, калі ён паправіцца; a пакідаць яго тут не адважваюся, каб не адказваць за яго ў палку. Камендант пахваліў мой намер і дазволіў заставацца, колькі мне будзе мусова, і паабяцаў даць нам добры пашпарт, калі мой прыяцель уздольніцца на дарогу разам са мною.
    A вярнуўшыся да Хэрцбрудэра і сеўшы каля ягонага ложка, я папрасіў яго расказаць мне, як ён трапіў y такую бядоту; бо я ўжо быў падумаў, што, можа, з якой-небудзь важнай прычыны ці з якой-небудзь прамашкі яго пазбавілі ранейшага высокага звання і гонару і ўвалілі ў цяперашнюю ліхату. A ён сказаў: «Браце, ты ж ведаеш, што я быў самы любімы і давераны сябар і фактар y фон Гёца; табе таксама даволі добра вядома, як нешчасліва закончылася мінулая кампанія, y якой ён быў галоўны генерал і камандзір, калі мы не толькі прайгралі бітву пад Вітэнваерам, але і не змаглі вызваліць з аблогі Брайзах. I як што пра тое пайшлі па свеце самыя розныя пагалоскі, дык памянёнага графа заклікалі да адказу і павезлі ў Вену, я ад сораму і страху па добрай волі ўвергнуў сябе ў такую мізэрнасць і часта зычыў сабе смерці ў такой нэндзы ці жыць употайкі, пакуль не выявіцца, што граф ні ў чым не вінаваты, бо, наколькі я ведаю, ён заўсёды быў верны рымскаму імператару. A што ён летась не меў удачы, дык, як я мяркую, трэба прыпісаць гэта не графавай памылцы, a прадвызначанасці ад Навышняга, які пасылае перамогу таму, каму хоча.
    Калі мы надумаліся вызваліць з аблогі Брайзах і я ўбачыў, што ў нас справы ідуць ні хібка ні зыбка, як на заўтра збіраючыся, я ўзброіўся і пайшоў на абложны плывучы мост, нібыта адзін мог усё завяршыць, чаго тады не разумеў і што, зрэшты, не было маім абавязкам; аднак я хацеў падаць прыклад астатнім, і, як летась улетку нам не ўдалося нічога зрабіць, дык, на шчасце ці на няшчасце, я апынуўся ў першых радах наступу, і мне першаму давялося сутыкнуцца з непрыяцелем, і тут пайшла пацеха. I хоць я быў першы ў наступе, аднак жа апынуўся апошні ў абароне, бо мы не вытрымалі шалёнага націску французаў і та-
    му раней за іншых трапілі ў рукі ворагам. Мяне паранілі ў правую руку і амаль адразу ў сцягно, і я не мог ні бегчы, ні выхапіць шпагу; a як што цесната і небяспека не дазвалялі ні прасіць, ні даваць пардону, дык атрымаў я яшчэ і ўдар па галаве, ад якога ўпаў на зямлю, і як што на мне была добрая вопратка, дык мяне распранулі і скінулі, як мёртвага, y Рэйн. У такой бядзе я паклікаў Навышняга і аддаўся яго святой волі, і калі я даваў розныя зарокі, дык адчуў яго заступніцтва: Рэйн выкінуў мяне на бераг, я заткнуў свае раны мохам, і хоць ледзь не замерз, аднак жа адчуў y сабе асаблівую сілу, так што здолеў адпаўзціся, бо мне памог Бог, і вось я, хоць і вельмі моцна скалечаны, трапіў да братоў-мэрадзёраў і жаўнерскіх жонак, якія пашкадавалі мяне, хоць мяне зусім не ведалі. Яны ўжо й не думалі пра шчаслівае вызваленне крэпасці, што мне спрычыніла боль большы, чым ад ран. Яны накармілі і абагрэлі мяне каля вогнішча, далі вопратку, і, перш чым я паспеў як след перавязаць свае раны, як убачыў, што нашыя змерыліся да ганебнага адступлення і прызналі справу за прайграную, што мяне вельмі засмуціла; я рашыў нікому не адкрывацца, каб і на маю долю не дасталася кпінаў, a таму прыстаў да некалькіх параненых з нашай арміі, з якімі ішоў фельчар. Яму я аддаў свой залаты крыжык з шыі, за што той перавязаў мае раны. Так я і вёў, дарагі Сімпліцы, сваё мізэрнае жыццё, пастанавіўшы нікому не адкрывацца, пакуль граф фон Гёц не выйграе справу. I цяпер, бачачы тваю вернасць і шчырую сардэчнасць, я атрымаў вялікую надзею, што мілажальны Бог яшчэ не пакінуў мяне, бо сёння раніцай, калі я ішоў ад першай імшы і ўбачыў цябе каля камендантавай кватэры, дык уявілася мне, што Бог паслаў цябе да мяне замест свайго анёла, які павінен прыйсці да мяне на дапамогу ва ўсякай маёй нагодзе».