Бабуля Карціны вясковага жыцця Бажэна Немцава

Бабуля

Карціны вясковага жыцця
Бажэна Немцава
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 256с.
Мінск 2007
62.43 МБ
— Бачыш, жонка, хто ж не хацеў бы дагадзіць прыгожай пані, а наша княгіня хоць і не надта маладая, але ж вельмі прыгожая. Што ж мне заставалася рабіць? Мусіў апавядаць.
— Але ж і хітры вы, куме, ужо два гады, як я жыву тут, чую вашыя абяцанні расказаць пра тое, што здарылася з Вікторкай, а так нічога і не ведаю, толькі пятае цераз дзесятае. Я не прыгажуня, загадваць вам не магу, таму, пэўна, ніколі нічога не даведаюся!
— Ах, бабуля, вы мне мілей за самую прыгожую пані ў свеце, і калі вам хочацца паслухаць, то раскажу вам гэтуто гісторыю цяпер.
— Пан кум захоча, дык шаўковы дыван падкладзе, гэта праўда, — усміхнулася бабуля. — Калі кума не супраць, лаўлю вас на слове. Стары — што малы, а дзеці, як вы ведаеце, любяць аповеды.
— I я, хоць не старая, таксама з задавальненнем паслухаю. Так расказвай, бацька, расказвай, выдатна пройдзе час, — сказала жонка лесніка.
— Мамка, дай нам, калі ласка, яшчэ хлеба, бо ў нас ужо няма ні кавалка, — пачуўся ў дзвярах голас Берціка.
— Гэта немагчыма, і куды ў дзяцей столькі змяшчаецца! — здзівілася бабуля.
— Палову з’елі, палову аддалі сабакам, сарне і вавёркам. Яны заўсёды так. Ох, і цяжка мне з вамі, — уздыхнула гаспадыня, наразаючы зноў хлеб.
Пакуль яна другі раз хадзіла на лужок карміць дзяцей і клапацілася пра малую дзяўчынку, ляснік набіваў тытунём люльку.
— У нябожчыка мужа, царства яму нябеснае, быў такі ж звычай: калі пачынаў пра нешта апавядаць, рыхтаваў сабс люльку, — сказала бабуля, і вочы яе заблішчэлі ад успамінаў.
— Я не ведаю, мужчыны нібы згаварыліся, усе завялі такую кепскую звычку, — пачуўся ў дзвярах голас гаспадыні, да якой даляцелі бабуліны словы.
— He рабі выгляд, нібыта не церпіш гэтую звычку, бо сама мне прывозіш тытунь з горада, — сказаў паляўнічы, запальваючы люльку.
— Ведама, каго любіш, таго і галубіш. А цяпер пачынай аповед, — сказала гаспадыня, сядаючы з верацяном каля бабулі.
— Дык слухайце!
Сказаўшы гэта, ляснік пусціў да столі першае воблачка дыму, зручней уладкаваўся на крэсле і пачаў апавядаць пра Вікторку.
VI
Вікторка — дачка селяніна з Жэрнава. Бацькі яе ўжо даўно памерлі, а брат з сястрою жывуць і сёння. Пятнаццаць гадоў назад Вікторка была, што маліна, цяжка было знайсці ёй роўную. Гарэзлівая, як сарна, працавітая, як пчолка, ніхто не мог лепшай жонкі і пажадаць. Такая дзяўчына, ды яшчэ з добрым пасагам, зразумела, не заседзіцца ў дзеўках. Пра Вікторку ішла слава па ўсёй акрузе, ад сватоў не было адбою. Бацьку і маці многія падабаліся, некаторыя былі заможнымі гаспадарамі, і дачка, як кажуць, магла б мець дастатак. Але яна нічога не хацела разумець. Толькі той ёй спадабаўся б, хто добра танцаваў, і абавязкова пад музыку.
Часам узнікала ў галаве бацькі думка, што дачка занадта пераборлівая і жаніхі паступова знікнуць, тады падступаў да яе з патрабаваннямі, каб спыніла выбар на адным, бо інакш сам жаніха знойдзе і прымусіць яе пайсці замуж. Тады дзяўчына пачынала плакаць, прасіла не гнаць яе з дому, казала, што не трэба ўмешвацца, бо цяпер ёй толькі дваццаць гадоў, што яна яшчэ не бачыла свет, і толькі Бог ведае, каму яна дастанецца і ці будзе шчаслівая. Бацька дзяўчыну вельмі любіў, і, калі чуў такія словы, шкадаваў дачку, і, гледзячы на яе прыгожы твар, думаў: «У цябе яшчэ шмат часу, жаніха заўсёды знойдзеш».
Людзі на гэта глядзелі інакш. Казалі, што Вікторка мае празмерны гонар і чакае, калі за ёю прыедуць у карэце, прарочылі, што ганарлівасць да дабра не давядзе, бо хто доўга выбірае, той заўсёды памыляецца.
У той час былі ў вёсцы на пастоі салдаты. Адзін з іх пачаў хадзіць за Вікторкай. Ішла тая ў касцёл — ён ішоў за ёю, у касцёле стаяў непадалёк і, замест таго каб глядзець на алтар, вачэй не зводзіў з Вікторкі. Калі яна ішла накасіць травы, ён таксама знаходзіўся паблізу; словам, куды б яна ні ішла, ён ішоў за ёю, як цень. Людзі казалі, што салдат страціў розум, а Вікторка, калі ў таварыстве сябровак гутарка за-
ходзіла пра яго, пыталася: «I чаго гэты салдат за мной ходзіць? Нічога нс гаворыць, што той воўк. Я яго баюся. Калі стаіць паблізу, мне млосна робіцца, а ад тых вачэй галава кружыцца».
Тыя вочы, на думку людзей, нічога добрага не абяцалі; уначы яны нібы свяціліся, а чорныя бровы над імі нагадвалі два крумкачовыя крылы, што зрасліся, і гэта была ўжо надзейная прыкмета злога вока. Некаторыя, шкадуючы салдата, казалі: «Божа мой, хто ж вінаваты, што ён такім нарадзіўся! На ўсіх гэтыя вочы так уздзейнічаюць, дык хіба ўсе павінны баяцца». Тым не менш суседкі, ледзь толькі ён паглядзіць на дзяцей, у жаху спяшаліся абцерці тых белай хусткай, а калі на вёсцы ў каго-небудзь хварэла малое, то казалі. што яго сурочыў чорны салдат. У рэшце рэшт людзі звыкліся з хмурым тварам салдата, і сярод дзяўчат узнікала думка, што ён не быў бы такі страшны, калі б быў крыху весялейшы. Агульная думка была наступная: «Дзівак. Бог ведае, адкуль узяўся ён, магчыма, гэта і не чалавек. Лепш пры сустрэчы з ім перахрысціцца і сказаць: «3 намі Бог, а злая сіла прэч!» Ніколі ён нс танцуе, не размаўляе, не спявае. Хай ідзе сваёй дарогай». Пра яго забыліся, але гэта не дапамагло. Лёгка дзяўчатам казаць, што не трэба звяртаць на яго ўвагу. Ён жа за імі не хадзіў. А ў Вікторкі было сапраўднае пекла.
Яна ўжо не выходзіла з хаты, калі не было патрэбы, толькі б схавацца ад яго вачэй. Ужо перастала радаваць яе музыка, таму што заўсёды аднекуль з куга за ёю сачыў пахмурны погляд. Ужо не хадзіла яна з радасцю на вячоркі, бо ведала, што салдат калі не сядзіць у святліцы, то стаіць ля акна, і ад гэтага ў дзяўчыны зрывасцца, знікае голас, рвецца нітка. Напакутавалася яна. Кожны бачыў перахмены, што з ёю адбываліся, але ніхто нават не здагадваўся, што вінаваты ва ўсім чорны салдат. Усе лічылі яго вар’ятам і думалі, што Вікторка, не ведаючы, як пазбавіцца ад салдата, махнула на яго рукой. Але аднойчы тая сказала сваім сяброўкам:
— Верце мне, дзяўчаты, калі б хто-небудзь да мяне цяпер пасватаўся, бедны або заможны, прыгожы або не, не задумваючыся б за яго пайшла.
— Што ты ўзяла сабе ў галаву? Няўжо родны дом настолькі табе абрыд, што спяшаешся, або з намі быць не падабаецца? — пыталіся дзяўчаты.
— He думайце так пра мяне. Але я не магу больш трываць прысутнасць чорнага салдата. Вы нават не можаце сабе ўявіць, як гэты чалавек даймае, як мучыць мяне. He ў сілах я спаць спакойна, маліцца, бо паўсюль пераследуюць мяне гэтыя вочы, — плачучы, скардзілася Вікторка.
— Божачкі, чаму ты яму не забароніш хадзіць за табою? Чаму не скажаш, што бачыць яго не можаш, што ён табе, як бяльмо на воку, — дзівіліся дзяўчаты.
— А ці ж я гэтага не рабіла? 3 ім я не гаварыла, ды і як з ім пагаворыш, калі ходзіць за мною, як цень, і маўчыць. Але перадавала яму праз ягоных таварышаў.
— Ну, ці паслухаўся ён? — пыталіся сяброўкі.
— Дзе там! Сказаў, што ніхто не мае права яму загадваць і што будзе хадзіць за тым, за кім хоча. Аднак ён ніколі мне не гаварыў пра каханне, каб я яму не адказала, што бачыць яго не хачу!
— Сапраўдны грубіян, — абураліся дзяўчаты. — Ды што ён пра сябе думае?! Трэба яго правучыць за гэта.
— 3 такім лепш не звязвацца, a то яшчэ зачаруе, — выказаўся нехта асцярожна.
— Глупства, нічога ён нам не зробіць! Да таго ж, каб зачараваць, ён павінен атрымаць нешта такое, што мы носім на целе, а гэтага ніхто яму не дасць, ды і ад яго нічога не возьме. Чаго ж тут баяцца? I ты, Вікторка, не бойся. Мы заўсёды побач з табою будзем хадзіць і некалі чорту адплоцім! —крычалі, смеючыся, смялейшыя з дзяўчат.
Але Вікторка, баязліва азіраючыся, уздыхала: «Толькі б засцярог мяне Бог ад бяды!»
Toe, што Вікторка сказала дзяўчатам, не засталося таямніцай, і хутка чуткі разнесліся паўсюль, дайшлі яны і да суседняй вёскі.
Ужо праз некалькі дзён нейкі паслужлівы чалавек з іншай вёскі з’явіўся ў доме Вікторчынага бацькі. Пагаварылі яны пра тое, пра сёе, і нарэшце, госць, зачырванеўшыся, сказаў, што яго сусед хацеў бы ажаніць свайго сына з Вікторкаю, прасіў быць сватам і даведацца, ці можна весці размову пра заручыны.
— Пачакай хвілінку, я спытаю Вікторку. Хай сама і адкажа. Што тычыцца мяне, то я ведаю Шыму і сына яго, Тонду, таксама ведаю і не супраць з імі парадніцца; маюць добрую гаспадарку, — сказаў стары свату і пайшоў у пакой да дачкі, каб з ёю параіцца.
Калі Вікторка пачула, што яе хочуць сватаць, то адказала, не вагаючыся:
— Хай прыходзяць!
Бацьку здалося дзіўным, што яна так хутка згадзілася. Стаў ён яе распытваць, ці ведае яна Тонду, каб хлопца не падмануць. Але Вікторка трымалася свайго і сказала бацьку, што Тоніка Шымовіча добра ведае, што гэта годны хлопец.
— Я рады твайму рашэнню, — пагадзіўся бацька, — рабі, як хочаш. Няхай тады з Богам прыходзяць.
Калі бацька пайшоў, у пакой зайшла маці, перахрысціла дачку і пажадала ёй шчасця.
— Мяне асабліва радуе, што не трапіш ты ні да свекрыві, ні да залоўкі, будзеш сама гаспадыняй, — дадала маці.
— Ах, матуля, я пайшла б за яго, нават калі б у мяне было дзве свекрыві! — адказала Вікторка.
— Гэта лепей, калі так кахаеце адзін аднаго.
— Ды не, матуля, я любому добраму хлопцу слова дала б.
— Што ты гаворыш? Да цябе ж многія сваталіся, а ні за каго ты не захацела пайсці.
— He хадзіў тады за мною салдат са злымі вачыма, — прашаптала Вікторка.
— Ці ў сваім ты розуме! Што ты таворыш пра салдата, што ён табе? Няхай ходзіць, дзе хоча. Кінь пра яго думаць. Ён цябе з дому выганяе!?
— Выганяе, матуля, ох, выганяе! Пакутую я, змучылася ўся, няма мне ні спакою, ні адпачынку, — заплакала дзяўчына.
— Чаму ж ты раней мне нічога не казала? Я пайшла б з табою да кумы каваліхі. Тая ўмее ў такіх справах дапамагаць. Супакойся, заўчра ж пойдзем да яе, — суцяшала маці дачку.
На другі дзень маці з дачкой пайшлі да старой каваліхі. Тая ведала пра многія рэчы, пра якія не ведалі іншыя людзі. Згубіцца нешта, карова не доіцца, сурочыць нехта, — каваліха ва ўсім дапаможа, усё разгадае. Вікторка даверліва пра ўсё кавалісе расказала.
— I ты з ім ніводным словам не перамовілася? — дапытвалася ў яе каваліха.
— Ніводным.
— А ён, ці не дасылаў табе праз сяброў што-небудзь з ежы, яблык ці марцыпан?
— Нічога, кума, нічога. Hi адзін з салдат з ім не сябруе, бо занадта важны і зусім нелюдзімы, як у нас кажуць на вёсцы.