Бабуля Карціны вясковага жыцця Бажэна Немцава

Бабуля

Карціны вясковага жыцця
Бажэна Немцава
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 256с.
Мінск 2007
62.43 МБ
— Божа мой, і як я недагледзела за гэтай дзяўчынкай. Ну і прыгажуня! Што ты нарабіла? — пляснула рукамі бабуля, аглядаючы перамазаную ягадамі дзяўчынку.
— Я тут не пры чым, гэта Ян мяне падштурхнуў і я павалілася ў ягады, — пралепятала малая.
— Заўсёды вы свавольнічаеце. Што цяпер княгіня будзе пра вас думаць, скажа, што вы дурасліўцы. А цяпер уставайце, пойдзем да лесніка. Я вам паўтараю, хлопцы, будзеце свавольнічаць, ніколі больш не вазьму з сабою, — гразілася бабуля.
— Мы будзем паслухмянымі, бабуля, — абяцалі хлопцы.
— Убачым, — адказала бабуля, ідучы за дзецьмі па лясной сцяжынцы да хаты лесніка.
Хутка яны апынуліся ў гаі і скрозь лістоту ўбачылі белую сядзібу лесніка. Перад домам зелянеў лужок, вакол якога раслі ліпы і каштаны, а пад імі размяшчалася некалькі лавачак і столікаў, укапаных у зямлю. Па траве хадзілі паўліны, пра якіх бабуля казала, што маюць анёльскае цярпенне, д’ябальскі крык і ліхадзейскі крок; тут жа хадзілі задумлівыя, у крапінку, цацаркі, а белыя трусікі, седзячы ў траве, стрыглі вушамі і пры кожным шоргаце баязліва разбягаліся ў розныя бакі. На ганку ляжала прыгожая сарна з чырвоным аброжкам. Па двары туляліся сабакі, якія, як толькі дзеці паклікалі іх, радасна кінуліся малым насустрач, пачалі вакол іх скакаць, ледзь не збіваючы з ног. Сарна падышла да Адэлькі і так міла на дзяўчыку паглядзела, нібы хацела сказаць: «Дык гэта ты прыносіш мне салодкія стравы? Вітаю цябе!» Адэлька прачытала просьбу ў яе вачах, адразу засунула руку ў кішэню і падала сарне кавалак салодкай булкі. Тая схапіла яго і доўга яшчэ бегла за дзяўчынкай.
— Што вас, готы, так разбірае! — даляцеў аднекуль голас, і праз хвіліну з дома выйшаў ляснік у лёгкай зялёнай куртцы і хатнім капелюшы на галаве. Убачыўшы бабулю, ён выгукнуў: «Дарагія госці! Вітаю вас, праходзьце ў хату!» I накінуўся на сабак: «Гектар, Дзіяна, Аміна, прэч адсюль! Слова сказаць не дадуць!»
Бабуля ўвайшла ў хату, над дзвярыма якой былі прыбіты велізарныя рогі аленя. У сенцах віселі стрэльбы, але так высока, што дзецям не дацягнуцца. Бабуля заўсёды баялася зброі, нават не зараджанай, а калі пан ляснік смяяўся, то казала:
— Хто ж можа ведаць, што здарыцца, чорт не спіць!
— Праўда, — пагаджаўся ляснік, — калі Бог дапусціць, то матыга стрэліць.
Бабуля ахвотна прабачала лесніку ягоныя кпіны, абы толькі ён не прыгадваў між іншым імя Бога, і калі чула гэта, то закрывала вушы рукамі і абуралася: «I як гэта язык паварочваецца так казаць, навошта ўжываць такія словы, пасля якіх трэба акрапляць сябе святою вадой!»
Ляснік вельмі любіў бабулю, і таму пры ёй стараўся не згадваць чорта, імя якога міжволі зрывалася з яго вуснаў.
— А дзе ж гаспадыня? — спытала бабуля, калі ўвайшла ў святліцу і нікога там не ўбачыла.
— Сядайце, я яе паклічу, вы ж ведаеце, яна заўсёды, як квочка, сярод куранятак, — адказаў паляўнічы і пайшоў па жонку.
Хлопцы спыніліся перад шафай, дзе блішчэлі стрэльбы і паляўнічыя нажы, дзяўчаты гулялі з сарнай, якая забегла за імі ў святліцу. Бабуля, агледзеўшы ўтульны, чысты пакой, падумала: «I праўда, калі не прыйдзеш сюды, у свята або будзень, тут заўсёды ўсё блішчыць, як шкло». А калі ўгледзела пражу, што ляжала на лаве ля печы ўжо звязаная і пазначаная, дык падышла бліжэй і стала яе разглядаць.
У гэты момант адчыніліся дзверы і ўвайшла пані, яшчэ дастаткова маладая, у чыстай хатняй сукенцы і белым каптурыку на галаве, у руках яна трымала малую русавалосую дзяўчынку. Яна сардэчна прывітала бабулю і дзяцей, і па яе твары было ясна відаць, што яна шчыра радуецца.
— Я хадзіла паліваць палатно. Цешуся, што сёлета будзе яно бялюткае, як лебедзь, — выбачалася жонка лесніка за сваю адсутнасць.
— Адразу бачна гаспадарлівасць, — сказала бабуля, — адзін кавалак адбелены, а тут я бачу пражу, падрыхтаваную ткачу. Палатно павінна быць гладкім, як пергамент. Толькі б ткач не сапсаваў, не падмануў. Ці задаволеная вы сваім ткачом?
— Самі ведаеце, мілая бабуля, кожны з іх можа падмануць, — адказала жонка лесніка.
— Хацеў бы я ведаць, які гэта ткач вас, жанчын, падмане, калі вы нават любую дробязь падлічваеце, — смяяўся ляснік
— Але ж не стойце, сядайце, — звярнуўся ён да бабулі, якая не хацела адыходзіць ад пражы.
— Яшчэ насяджуся, — адказала бабуля, беручы за руку маленькую Анітку, якую жонка лесніка паставіла каля лавы, каб тая не павалілася, бо толькі вучылася хадзіць.
Як толькі гаспадыня адышла ад дзвярэй, з-за яе спіны ўзніклі загарэлыя хлопцы, адзін быў светлавалосы, як маці, другі — чорнавалосы, у бацьку. Яны прыбеглі ў хату ўслед за маці, але, калі пачалася паміж дарослымі размова, засаромеліся, не ведалі, як падысці да дзяцей, і схаваліся за матчыну спадніцу.
— Што ж вы, вераб’і, — пачаў бацька, — хаваецеся за маму, калі трэба вітаць гасцей? Зараз жа падайце бабулі руку.
Хлопцы ахвотна падышлі да бабулі, працягнулі ёй свае рукі, у якія яна паклала па яблыку.
— Вось вам пачастунак і ідзіце гуляць, а ў наступны раз не саромейцеся. Хлопцам не трэба трымацца за маміну спадніцу, — павучала бабуля, і тыя, апусціўшы вочы, глядзелі на яблыкі.
— А цяпер ідзіце ў двор, — загадаў бацька, — пакажыце дзецям пугача і кіньце яму сойку, што я сёння застрэліў, пакажыце ім шчанятаў і маладых фазанаў. Але, прашу вас, сярод птушак не лётайце, як ястрабы, а то я вас...
He паспеў бацька прамовіць гэтыя словы, як уся кампанія ўжо была за дзвярыма.
— Ну і хуткасць! — усміхнуўся ляснік, але было бачна, што гэтая жвавасць яму падабаецца.
— Дзеці і ёсць дзеці, маладая кроў! — сказала бабуля.
— Калі б толькі хлопчыкі не былі такімі свавольнікамі, — уздыхнула жонка лесніка. — Ведаеце, бабуля, у мяне цэлы дзень сэрца не на месцы. To яны па пастках лазяць, то па дрэвах, то перакульваюцца, рвуць штаны — проста гора! Вось за дзяўчынку дзякую Богу, добрае дзіця.
— Як сабе хочаце, кума, дачка — у маці, а сын у бацьку ўдаецца, — заявіла бабуля.
Гаспадыня з усмешкай перадала дачушку бацьку, каб той з ёю паняньчыўся.
— Пайду, збяру чаго-небудзь паесці, праз хвіліну вярнуся, — сказала яна.
— Добрая жонка, — прамовіў паляўнічы, калі гаспадыня выйшла з пакоя, — грэх такую пакрыўдзіць. Толькі дужа баіцца, каб хлопцы не забіліся. А што толку ад хлопца, калі ў ім няма агню?
— Усялякая крайнасць шкодная, кум, дасі ім поўную волю, дык яны на галовах пачнуць хадзіць, — не пагадзілася бабуля, хоць і сама не вызначалася строгасцю.
Хутка вярнулася гаспадыня. На дубовым стале з’явіліся белы абрус, фаянсавыя талеркі, нажы з ручкамі, зробленымі з рагоў сарны, а затым суніцы, яечня, смятанка, хлеб, мёд, масла і піва.
Гаспадыня ўзяла з рук бабулі верацяно са словамі: «Кіньце сваю працу, бабуля. Калі ласка, да стала. Адрэжце сабе хлеба, намажце маслам... Масла сёння збіла. Піва свежае. Вось яечня не вельмі добрая, смажыла яе на ўсялякі выпадак, але, як кажуць, голад — лепшы кухар. Я ведаю, суніцы вы не ясце, але дзеці іх любяць са смятанкаю». Жонка лесніка гаварыла і адначасова кроіла хлеб, мазала маслам, капала на масла мёд.
Тут бабуля раптам прыгадала:
— Вось старая галава, непамятлівая! Ведаеце, я ж яшчэ не сказала вам, што размаўляла ў альтанцы з княгіняй.
— Няма нічога дзіўнага, бо дзеці каго хочаш сваім крыкам давядуць да непрытомнасці, — прагаварыла жонка лесніка.
Ляснік адразу ж пацікавіўся, пра што гаварыла з імі княгіня.
— He апавядайце, бабуля, пакуль я не вярнуся, — папрасіла гаспадыня. — Я павінна дзяцей пакарміць, каб хоць трохі спакойна пасядзелі.
Дзеці між тым паглядзелі ўсё, пра што ім расказалі і што паказалі сыны лесніка, Франак і Берцік. Калі гаспадыня з’явілася на ганку і паклікала іх есці, сябры стаялі каля дома і глядзелі, як сабака Аміна скакаў праз палку і прыносіў у зубах кінутыя рэчы. Дзяцей двойчы клікаць не давялося.
— Сядайце пад дрэвамі і паешце, ды глядзіце, не запэцкайцеся! — казала жонка лесніка, раскладаючы ежу на стале.
Дзеці селі за стол, а сабакі леглі побач з імі, зазіраючы ў рот.
Вярнуўпіыся ў святліцу, гаспадыня нагадала бабулі, што тая абяцала расказаць пра сустрэчу з княгіняй, і бабуля паўтарыла слова ў слова размову ў альтанцы.
— Заўсёды кажу, што княгіня мае добрае сэрца, — азвалася жонка лесніка. — Як ні прыедзе, заўсёды спытае пра дзяцей, а малую Анушку пацалуе ў лоб. Хто любіць малых, той добры чалавек. Слугі ж нагавораць немаведама чаго.
— Рабі чорту дабро — аддзякуе пеклам, — прамовіла бабуля.
— Так, так, бабуля, — пагадзіўся ляснік. — Гэта праўдзівая прыказка. Я таксама скажу, што лепшай пані нельга было б і пажадаць, калі б не круціліся вакол яе розныя падманшчыкі. А гэтая дворня ні на што не здатная, толькі крадзе ў Бога дзень. Паглядзіш, мілая бабуля, на ўсё гэта і не ўтрымаешся, каб не пажадаць: «Каб на вас Пярун!» Злосць бярэ, калі падумаю, што такі ёлупень, не здатны ні да чаго, акрамя як за карэтай стаяць, нібы драўляны ідал, або ў пакоях сядзець, мае столькі ж, колькі я, ці нават больш за мяне, а я ж і ў дождж, і ў завіруху павінен цягацца па лесе, удзень і ўначы драць глотку з браканьерамі, за ўсім наглядаць, за ўсё адказ-
ваць! Я на сваё жыццё не скарджуся, я задаволены. Але вось з’явіцца сюды такі Фаўн і задзірае перада мною нос. Ды я б яго... А, што дарэмна казаць, — і схапіўшы шклянку, ляснік выпіў са злосці.
— А ці ведае княгіня пра ўсё, што робіцца? Няўжо ніхто не паскардзіцца ёй, што з ім абыходзяцца несправядліва? — спытала бабуля.
— Дык хто ж захоча сам лезці ў пекла? Я з ёю часта размаўляю, мог бы што-небудзь сказаць, але заўсёды думаю: «Маўчы, Франку, нагаворыш на сваю галаву». У рэшце рэшт яна мне не паверыла б, запыталася б у сваіх прыбліжаных, і тады я прапаў. Размаўляў я з княгіняй некалькі дзён таму, калі хадзіла яна па лесе з іншаземным князем, які цяпер у яе гасцюе. Сустрэлі яны недзе Вікторку і пачалі распытваць мяне, хто яна такая і як здарылася, што яна звар’яцела.
— I што ж вы ёй сказалі? — спыталася бабуля.
— Ну, што я мог сказаць? Сказаў, што звар’яцела, але ж нікому шкоды не робіць.
— А пані што?
— Села на траву, князь каля яе ног; мне загадалі таксама сесці і расказаць, як здарылася, што Вікторка страціла розум.
— А ты з задавальненнем апавядаў, ці не так? — усміхнулася жонка лесніка.