• Газеты, часопісы і г.д.
  • Бабуля Карціны вясковага жыцця Бажэна Немцава

    Бабуля

    Карціны вясковага жыцця
    Бажэна Немцава

    Выдавец: Радыёла-плюс
    Памер: 256с.
    Мінск 2007
    62.43 МБ
    ’ Галубок — фігура птушкі, звычайна выразаная з дрэва, якая падвешвалася пасярод пакоя. Гэты прадмет адлюстроўваў народную набожнасць, падобна крыжу, што з’яўляецца сімвалам Богасына. Сёння прадаецца як сувенір.
    Больш за ўсё ў бабуліным пакоі дзяцей прыцягваў маляваны куфар. Яны любілі разглядаць намаляваныя на чырвоным фоне блакітныя і зялёныя ружы з карычневымі лісточкамі, блакітныя лілеі і чырвона-жоўтых птушак паміж імі. Але куды большая радасць апаноўвала, калі бабуля адчыняла куфар! Там было на што паглядзець! Распісаны знутры абразамі з малітвамі, радкамі з казанняў, ён напоўнены шмат якімі цікавымі рэчамі: сямейныя запісы, лісты ад дачок з Вены, маленькі баваўняны мяшэчак, запоўнены сярэбранымі грашыма, якія бабуля атрымала ад дзяцей, але не скарыстала; драўляная шкатулка з пяццю ніткамі гранатаў, на якіх віселі манеты з профілямі цэзара Іосіфа і Марыі Тэрэзы. Калі яна шкатулку адчыняла (а яна яе заўсёды адчыняла па просьбах дзяцей), то казала: «Глядзіце, мілыя дзеткі, гэтыя гранаты я атрымала ад нябожчыка вашага дзядулі да вяселля, а гэты талер я атрымала ад цэзара Іосіфа ўласнаручна. To быў добры пан, дай яму, Божа, добрую славу! Але калі я памру, то яна будзе ваша!» — дадавала заўсёды, закрываючы шкатулку.
    — Бабуля, раскажыце, як Вам імператар даў гэты талер, — папрасіла аднойчы Барунка.
    — Калі-небудзь нагадайце мне, і я вам раскажу, — адказала бабуля.
    Акрамя гэтых рэчаў у бабуліным куфры было двое пацерак, стужкі для каптуроў, паміж якімі заўсёды ляжаў які-небудзь ласунак для дзяцей.
    На дне куфра была складзена бабуліна бялізна і вопратка. Разнастайныя спадніцы, фартухі, летнія кабаткі, шнуровачкі і хусткі ляжалі ў выключным парадку, а наверсе — два белых скураных каптуры, з «галубкамі» ззаду. Дзецям было забаронена перабіраць бабуліны рэчы, але калі ў яе быў добры настрой, то яна сама брала рэч за рэччу і казала: «Бачыце, дзеткі, гэтая каніфаска ў мяне ўжо пяцьдзесят гадоў, гэты каптан насіла мая прабабка, гэты фартух мае ўзрост вашай маці, а ўсё як новае. Вы ж сваё адзенне не шануеце! Таму што не ведаеце цаны грошам! Бачыце, гэтая шаўковая блуза
    каштавала сто гульдэнаў, за яе па частках плацілі ў банк», — працягвала бабуля, і дзеці моўчкі слухалі, нібыта ўсё разумелі.
    Пані Прошкава жадала іншага, на яе погляд, лепшага адзення на бабулі, але тая нічога не мяняла ў сваім выглядзе і заўсёды казала: «Пан Бог мяне, старую кабету, пакараў бы, калі б захацела пайсці такой у свет. Гэтае адзенне не для мяне, стары мой розум такога ўбора не прымае». I заставалася ў старым. Хутка ў доме запанавала бабуліна слова, кожны называў яе «бабуляю», і ўсё, што яна казала і рабіла, было хораша.
    II
    Летам бабуля прачыналася ў чатыры, а зімою ў пяць гадзін раніцы. Найперш яна вітала Бога і цалавала крыжык, што вісеў на фісташкавых пацерках, — яго бабуля насіла заўсёды, а ноччу клала сабе пад галаву. Устаўшы з Божым імем, апраналася і, акрапіўшы сябе святою вадою, брала верацяно і прала, прачытаўшы перад тым ранішнюю малітву. Сама яна, бедная старая, не магла доўга спаць, але ведаючы, наколькі сон салодкі, не замінала спаць іншым. Праз гадзіну пасля таго, як яна прачнулася, было чуваць размеранае шорганне яе чаравікаў, рыпенне адных, потым другіх дзвярэй, і вось бабуля з’яўлялася на ганку. У тое самае імгненне загагаталі гусі ў хляўчуку, зарохкалі свінні, замычэла карова, залопалі крыламі куры, аднекуль прыбеглі каты і пачалі лашчыцца каля яе ног. Сабакі выскачылі з будак, пацягнуліся і ў адзін момант апынуліся каля бабулі, і калі б яна не засцераглася, яны штурхнулі б яе, а пляцёнку з зернем для птушак вырвалі б з рук. Усе жывёлы вельмі любілі бабулю, а яна іх. He давядзі Божа ёй было ўбачыць, што нехта некага крыўдзіць, нават чарвячка. «Калі чалавеку нешта патрэбна для спажывы, то, калі ласка, забіце, але хай не пакутуе». Дзеці не маглі глядзець, як
    рэжуць курэй, бо шкадавалі іх і верылі, што тыя не могуць памерці.
    Аднойчы бабуля моцна ўгневалася на абодвух сабак, Султана і Тырла. Але было за што гневацца! Сабакі падкапаліся да хлеўчука і загрызлі за адну ноч дзесяць качанят, прыгожых, жоўценькіх, на якіх нельга было глядзець без замілавання. У бабулі апусціліся рукі, калі раніцай адчыніла хлявок і гуска вылецела з гогатам, нібы аплакваючы сваіх загінуўшых дзяцей, якіх выседзела замест іх непаседлівай маці, усяго толькі з трыма качанятамі. Бабуля спачатку вырашыла, што шкоднічала зладзейка-куніца, але потым па слядах зразумела, што гэта зрабілі сабакі. Сабакі, верныя вартаўнікі! Бабуля вачам сваім не верыла. А яшчэ прыйшлі і лашчацца, нібыта нічога не здарылася! Гэта бабулю ўгнявіла: «Пайшлі прэч, нягоднікі! Што вам зрабілі качаняты? Можа, вы галодныя’ Напэўна, з простага свавольства такога нарабілі? Пайшлі прэч, бо не хачу вас бачыць!» Сабакі падціснулі хвасты і папляліся да будак, а бабуля, забыўшы, што яшчэ рана, пайшла да пакоя паведаміць дачцэ пра свой смутак.
    Пан Прошак вырашыў, што няйначай злодзеі абрабавалі камору або забілі Барунку, калі ўбачыў бледны заплаканы твар бабулі, якая выходзіла з пакоя. Калі ж пачуў пра здарэнне, то з палёгкай пасміхнуўся. I сапраўды, ці мог ён перажываць праз нейкіх качанят. Ён жа не садзіў гуску на яйкі, не бачыў, як з тых яек выходзілі птушаняты; ён жа не бачыў, як, засунуўшы галовы ў ваду, перабіраюць лапкамі. Пан Ян страціў толькі некалькі кавалкаў смажаніны. Але гэта выклікала ў яго жаданне навесці парадак, таму ён узяў пугу і пайшоў задаць сабакам па заслугах. Бабуля заткнула вушы, пачуўшы віск і лямант у двары, але падумала: «I то праўда, няхай памятаюць!» Калі ж праз гадзіну-другую сабакі са сваіх будак не павысоўвалі насы, то бабуля пайшла паглядзець, ці не занадта пакрыўдзілі іх. «Што здарылася, тое здарылася, а сабакі тым не менш жывыя стварэнні!» — казала яна, набліжаючыся да будак. Сабакі пачалі скуголіць, жаласліва на яе
    пазіраць, ледзь не на жываце да яе паўзці. «Цяпер вы шкадуеце, ці не так? Бачыце, як караюць за непаслушэнства? Памятайце пра гэта!» Сабакі запомнілі. I ў далейшым, калі гусяняты або качаняты гулялі па двары, адыходзілі і глядзелі ў іншы бок, чым здабылі бабуліну сімпатыю.
    Калі бабуля дагледзела птушак, то пацікавілася, ці не прачнуліся служкі. А шостай гадзіне яна падышла да ложка Барункі, лёгка дакранулася да лба (бо так душа хутчэй прачнецца) і прашаптала: «Уставай, дзяўчынка, уставай, ужо позні час». Потым яна дапамагла ўнучцы апрануцца і пайшла да малых, што спалі наверсе. Калі бачыла, што той ці іншы малы ляжыць яшчэ ў ложку, то шлёпала яго ніжэй спіны, гаворачы: «Уставай, уставай, певень ужо дзевяць разоў абышоў сметнік, а ты яшчэ спіш, ці не сорамна?» Памыцца дзецям бабуля дапамагала, але вопраткай займацца ёй не хацелася. Цяжка было разабрацца з гузікамі, гафтачкамі, аплікамі на куртках і сукенках; звычайна яна апранала іх дзецям задам наперад. Калі дзеці былі ўжо апранутыя, бабуля станавілася разам з імі на калені перад вобразам Хрыста, які бласлаўляў дзяцей, чытала «Ойча наш», пазней усе ішлі на сняданне.
    Зімою, калі не было важных спраў па гаспадарцы, бабуля сядзела ля калаўрота, а ўлетку — з верацяном на двары ў садку пад ліпай або ішла з дзецьмі на шпацыр. Пры гэтым збірала зёлкі, якія дома сушыла і захоўвала на патрэбу. Да дня святога Яна Хрысціцеля хадзіла па лекавыя травы па pace, таму што яны ў гэты час найлепшыя. Калі нехта хварэў, дык бабуля заварвала зёлкі: горкую канюшыну ад нястраўнасці, дзядоўнік ад хваробаў горла... I ніколі ў сваім жыцці яна не пасылала па лекара.
    Акрамя таго, зёлкі ў дом прыносіла нейкая знахарка з Крканошскіх гор, у якой бабуля набывала іх у запас. Зельніца прыходзіла кожную восень у адзін і той жа час на Старую бялільню, дзе яе хораша сустракалі. Кожны год дзеці атрымлівалі ад яе пакеты чамярыцы ад прастуды, гаспадыні — розныя араматычныя травы і мох для курэння, акрамя таго
    зельніца цэлы вечар апавядала дзецям пра Рыбрцоўля', пра тое, які ён штукар і што робіць у гарах. Асабліва падабаўся дзецям аповед пра тое, як скача Рыбрцоўль да сваёй прынцэсы Качэнкі кудысьці на Качэнчыны горы, дзе яна жыве. Але, як сапраўдная прынцэса, тая нядоўга трывае яго каля сябе і гоніць прэч, а ён плача так горка, што ўсе рэкі ў гарах разліваюцца. Калі ж яна кліча яго да сябе, то Рыбрцоўль з такой радасцю спяшаецца да каханай, што ўсё, што ляжыць на яго шляху, коціцца, выварочваецца і зрываецца. Словам, лес выварочваецца, каменне ляціць з гор, дахі зносіць з хат, і дарога выглядае, як перад канцом свету.
    Зельніца прыносіла кожны год звыклыя зёлкі і адны і тыя ж казкі, але дзецям яны здаваліся кожны раз новымі, і заўсёды малыя яе чакалі. Калі бачылі, як паступова пусцее луг, то гаварылі: «Ну, ужо хутка прыйдзе бабка з гор». Калі тая на некалькі дзён спазнялася, то бабуля перажывала: «Ці не здарылася чаго са старою, можа, захварэла ці нават, не дай Бог, памерла». Такія размовы паўтараліся да таго часу, пакуль не з’яўлялася на двары зельніца з кошыкам на спіне.
    Часта бабуля з унукамі выпраўлялася ў далёкую вандроўку ў хату лесніка, або да млына, ці ў лес, дзе весела спявалі птушкі і мяккім дываном слаўся пад дрэвамі мох, а колькі тут расло духмяных кветак: ландыш, белыя анемоны, светаяннік, пралескі, зараснікі бузіны і прыгожыя залацістыя лілеі. Гэтыя лілеі прыносіла ім бледная Вікторка, калі бачыла, што людзі збіраюць кветкі і робяць з іх букеты.
    Вікторка заўсёды была бледная, толькі вочы свяціліся як два вутольчыкі, чорныя валасы растрапаныя; ніколі не насіла яна прыгожай вопраткі, ніколі не гаварыла. Каля лесу рос вялікі дуб, пад якім Вікторка стаяла гадзінамі, гледзячы ўніз на гаць. Увечары яна спускалася да гаці, садзілася на замшэлы пень і, гледзячы на ваду, доўга, аж да начы, спявала.
    ' Рыбрцоўль — герой чэшскіх паданняў, дух гор, персаніфікаваная назва ветру. Рыбрцоўль — народная, сёння ўжо архаічная назва Крканош — самых высокіх гор у Чэхіі.
    — Бабуяя, — пыталіся дзеці ў старой, — чаму Вікторка ніколі не апранае прыгожую сукенку, нават у свята? I чаму ніколі не гаворыць?
    — Таму што звар’яцела!
    — А калі, бабуля, чалавек вар’яцее? — пыталіся дзеці.
    — Ну калі ў чалавека няма розуму.
    — А што робіцца з чалавекам, калі ён не мае розуму?