Бабуля Карціны вясковага жыцця Бажэна Немцава

Бабуля

Карціны вясковага жыцця
Бажэна Немцава
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 256с.
Мінск 2007
62.43 МБ
Дарога ад гаці да маста праходзіла паўз схіл гары, а ад маста да Рызенбургу была з двух бакоў абсаджана таполямі. Бабуля выбірала дарогу ўздоўж крутога берага ракі, праз лесапільню, за ёю узвышаўся лысы пагорак, расквечаны жоўтымі краскамі дзіванны, якія Барунка ахвотна збірала. За лесапільняй даліна звужалася, і рака ў цесных берагах бегла праз вялікія камяні вельмі хутка. Схілы ўзгоркаў параслі хвоямі і піхтамі, што кідалі цень амаль на ўсю даліну. Па ёй ішлі дзеці з бабуляй, пакуль не дайшлі да парослых мохам руін Рызенбургскага замка, якія выглядалі з-за жывой агароджы.
Каля замка, над старым падзямеллем, дзе хады нібыта цягнуцца на тры мілі пад зямлёй і куды ні адзін чалавек не мог дайсці з-за надта вільготнага паветра, стаяла альтанка з трыма высокімі спічастымі вокнамі. Коннікі падчас палявання наладжвалі там другі сняданак. Да той альтанкі дзеці караскаліся па строме, як козачкі. Бедная бабуля ледзьве за імі паспявала, хапаючыся справа і злева за дрэвы. «Але ж вы мяне прымусілі пакутаваць, ледзьве дух пераводжу», — сказала яна, апынуўшыся на гары.
Дзеці ўзялі бабулю за руку, павялі ў альтанку, дзе было прахалодна і адкрываўся прыгожы краявід, пасадзілі ў крэсла. Пад імі з правага боку альтанкі цягнуліся руіны замка, яшчэ ніжэй ляжала паўкругам невялікая даліна, узгоркі вакол яе параслі хвоямі. На адным з іх стаяла маленькая каплічка. Шум вады і спеў птушак ажыўлялі пануючую наўкол цішыню.
Ян успомніў паданне пра асілка Цыбора, пастуха рызенбургскага рыцара. Якраз унізе, у гэтай самай даліне, рыцар
сустрэў пастуха, які нёс на плячы хвою, вырваную з коранем у панскім садзе. На пытанне рыцара, дзе Цыбор узяў дрэва, той прызнаў сваю віну. Пан дараваў яму ды яшчэ загадаў прыйсці да замка з мехам, бо абяцаў даць яму столькі ежы, колькі той зможа падняць. Цыбор не разгубіўся, узяў чахол з пярыны на дзевяць локцяў і пайшоў у замак. Там яму насыпалі гароху і паклалі вэнджаных кумпякоў поўны чахол. За сілу і праўдзівасць палюбіў рыцар Цыбора і, калі ў Празе кароль аб’явіў вялікі турнір, узяў яго з сабой. На тым турніры пастух перамог нямецкага асілка, якога ніхто не мог адолець, за што кароль і зрабіў яго рыцарам.
Дзецям гэтае паданне вельмі падабалася, і з таго часу, як стары пастух яго расказаў, і замак, і луг сталі для іх асабліва цікавымі.
— Бабуля, а як называецца тое мястэчка, дзе стаіць каплічка? — спытаў Вілем.
— Гэта на Боўшыне. Калі дасць нам Бог здароўя, то абавязкова туды пойдзем на імшу.
— А што там здарылася, бабуля? — Спытала Адэлька, якая магла слухаць бабулю з раніцы да вечара.
— Цуд там здарыўся. Ці вы не памятаеце, як нам пра гэта Ворша апавядала?
— Мы ўжо не памятаем. Раскажыце нам, вельмі вас просім, — загаманілі дзеці, і бабуля не прымусіла доўга сябе ўпрошваць.
— Тады ўладкоўвайцеся добра на лавачцы і не выглядайце з акна, a то зваліцеся і заб’ецеся. За гэтай гарою і лесам ляжаць вёскі Турынь, Літаборж, Слаціна, Мечоў, Боўшын. У даўнія часы належалі яны аднаму рыцару, які зваўся Турынскім, таму што жыў у сваім замку на Турыні. У рыцара былі жонка і адзіная дачушка, прыгожая дзяўчынка, але, на жаль, глуханямая, што было вялікім горам для бацькоў.
Аднойчы гуляла па замку тая дзяўчынка і раптам вырашыла пайсці ў Боўшын паглядзець, што робяць ягняткі і ці падраслі яны з таго часу, калі яна іх бачыла.
Трэба сказаць, што гэтай каплічкі там не было, не было і вёскі, толькі стаяў хутар, дзе жыла дворня Турынскага рыцара і знаходзіліся яго статкі. Вакол глухі лес, а ў лесе шмат дзікіх звяроў.
Дачушка Турынскіх некалькі разоў была на хутары, але заўсёды з бацькам. Вось і вырашыла, дурненькая, што калі пабяжыць, дык адразу там і апынецца. Ішла яна, ішла куды вочы вялі, думала, што дарога як дарога, бо была малая і неразумная, як і вы. Доўга ішла, а белага хутара ўсё няма, і паступова станавілася ёй страшна. Падумала, што скажуць бацька і маці, калі не знойдуць яе ў замку. Узяў яе страх, і кінулася яна назад. Але калі чалавек баіцца, дык лёгка можа разгубіцца, а тым больш такое дзіця. Збілася дзяўчынка з дарогі і не трапіла ні дахаты, ні на хутар. Зайшла ў густы лес, дзе ні сцежкі не было, ні святла. Цяпер толькі зразумела, што заблукала. Можаце сабе ўявіць, што яна адчувала. Вам бы так дрэнна не было, бо можаце чуць і гаварыць, чаго дзяўчынка была пазбаўлена. Бегала яна ў адчаі па лесе і яшчэ болып блыталася. Нарэшце захацелася ёй есці і піць, балелі ногі, але мацнейшым за гэта быў страх, што ноччу яна застанецца ў лесе, дзе адны звяры. Яшчэ больш яна баялася, што бацькі гневацца будуць. Спалоханая, заплаканая, яна раптам апынулася ля крыніцы, нахілілася да вады і прагна напілася, а калі азірнулася, то ўбачыла дзве сцежкі, але не ведала, па якой ісці, бо ўжо дастаткова блукала і засвоіла, што не кожная сцежачка вядзе дадому. I тут успомніла, што яе маці, калі надыходзіць цяжкая хвіліна, заўсёды ідзе ў свой пакой і моліцца. Укленчыла дзяўчынка і стала маліцца, каб Бог вывеў яе з лесу.
Раптам пачула яна дзіўныя гукі, і ў яе вушах зазвінела і загуло. Гул рабіўся ўсё яснейшым і яснейшым. Дзяўчынка не разумела, што з ёю адбываецца, адкуль гукі. Яна закалацілася ад страху, пачала плакаць, хацела ўцякаць. I раптам бачыць, па сцежачцы да яе бяжыць белая авечка, потым другая, трэцяя, чацвёртая, пятая, шостая... Хутка сабраўся каля яе цэлы
статак. У кожнай авечкі на шыі быў званочак, менавіта гэты звон і пачула дзяўчынка. To былі авечкі яе бацькі. За імі бег белы сабака. Нарэшце з’явіўся і сам пастух Барта. Дзяўчынка крыкнула: «Барта!» — і кінулася да яго. Узрадаваўся Барта, што яна і гаворыць, і чуе, узяў яе на рукі і заспяшаўся на хутар, што быў непадалёк. А там сядзела ў адчаі пані Турынская і думала, куды знікла яе дачка і што з ёю здарылася. Паслала па лесе людзей, сам рыцар таксама ўсюды шукаў дачку, а пані чакала на белым хутары. Уявіце сабе радасць маці, калі Барта прынёс ёй дачку, ды яшчэ зусім здаровую. Калі вярнуўся бацька, дачка ўсё расказала. Пакляліся бацькі, што аддзячаць Богу, пабудаваўшы каплічку. Так і зрабілі. Тая каплічка, якую вы бачыце, пабудавана на месцы крынічкі, дзе дзяўчынка піла ваду і малілася, і ў тутэйшых лясах блукала. Дзяўчынкі той даўно ўжо няма на гэтым свеце, як і паноў Турынскіх, і Барта памёр, а ад замка засталіся толькі разваліны.
— Куды ж падзеліся авечкі і сабака? — спытаў Вілем.
— Сабака здох, старыя авечкі таксама, маленькія сталі вялікімі, і ў іх нарадзіліся ягняты... Так, дзеткі, заведзена на белым свеце: стары старыцца, а малады расце.
Дзеці скіравалі свае погляды на раўніну, у думках яны бачылі рыцара, бачылі, як блукала дзяўчынка. I раптам заўважылі, што з лесу выехала на прыгожым кані пані і панеслася па раўніне. За ёю ехаў берэйтар. На пані былі цёмны жакет і доўгая карычневая спадніца, якая закрывала страмёны, чорныя кудзеркі на яе галаве ўпрыгожваў чорны капялюшык з зялёнай вуаллю.
— Бабуля, бабуля, глядзі, рыцарша! — закрычалі дзеці.
— Ну, што ж вы прыдумалі. Няўжо ёсць сёння рыцаршы? Гэта пані княгіня, — сказала бабуля, азіраючы даліну з акна.
Дзеці крыху засмуціліся, што гэта не была рыцарша, як яны спачатку падумалі.
— Пані княгіня едзе да нас на гару! — крычалі ўсе.
— Няўжо вы думаеце, што гэта конь сам сюды ўздымаецца, — сказала бабуля.
— Сапраўды, Орланд лезе сюды, як кошка, толькі паглядзіце, — сцвярджаў Ян.
— Пакіньце мяне ў спакоі, я не хачу гэта нават бачыць. Чаго толькі заможныя людзі не прыдумаюць! — сама сабе казала бабуля, стрымліваючы дзяцей, каб не зваліліся з вокнаў.
У хуткім часе княгіня ўжо была на гары. Лёгка саскочыла з каня, перакінула шлейф цераз плячо і ўвайшла ў альтанку.
Бабуля ўстала і ветліва прывітала яе.
— Гэта сям’я Прошкавых? — спытала княгіня, углядаючыся ў твары дзяцей.
— Так, міласэрная пані! — адказала бабуля.
— А ты, значыць, іх бабуля?
— Так, міласэрная пані, маці іхняй матулі.
— Ты можаш усцешыцца, бо маеш здаровых унукаў. А вы, дзеці, ці слухаецеся сваю бабулю? — спытала княгіня ў дзяцей, што не зводзілі з яе вачэй.
На яе пытанне малыя, апусціўшы вочы, прамовілі:
— Слухаем.
— Ну, бывае па-рознаму, часам не слухаюць, але нічога не зробіш, і мы былі не лепшыя, — заўважыла бабуля.
Княгіня ўсміхнулася, а калі ўбачыла на лавачцы кошык з суніцамі, то спытала, дзе дзеці іх назбіралі. Бабуля тут жа паклікала Барунку, гаворачы: «Ідзі, дзяўчынка, пачастуй міласэрную княгіню. Яны свежыя. Дзеці па дарозе назбіралі. Можа, спадабаюцца ласкавай пані. Калі я была маладою, то з радасцю ягады ела, але калі ў мяне памерла дзіця, то ніводнай не ўзяла ў рот».
— А чаму? — спытала княгіня, беручы ў Барункі кошык з суніцамі.
— Ёсць такі звычай, васпані: калі ў маці памірае дзіця, то не есць яна да дня святога Яна Хрысціцеля ні чарэшняў, ні суніц. Кажуць, што ў гэты час Маці Божая ходзіць па небе і адорвае ягадамі памерлых дзяцей. Дзіцяці, чыя маці не вы-
трымае і паесць ягад, Дзева Марыя кажа: «Табе таму мала ягад дасталося, што твая маці іх з’ела». Вось і стрымліваюцца маці, баяцца есці ягады. Ну, а хто датрымаецца да Янавага дня, то і пазней лёгка не есці, — дадала бабуля.
Княгіня ўзяла ў руку ягаду, спелую, салодкую, чырвоную, як яе вусны, але пасля слоў бабулі паклала яе назад у кошык.
— He хочацца, ды і вам, дзеткі, нічога не застанецца на дарогу.
— Нічога, пані княгіня, ешце на здароўе або забірайце ўсе з кошыкам дадому, мы назбіраем яшчэ, — хутка прагаварыла Барунка, адсоўваючы працягнуты ёй назад кошычак.
— У такім разе прымаю ваш падарунак, — сказала княгіня, усміхаючыся ў адказ на шчырасць дзяўчынкі. — Але, глядзіце, заўтра прыходзьце па кошык у замак і бабулю прыводзьце з сабою. Добра?
— Прыйдзем, прыйдзем! — паабяцалі дзеці менавіта так, як рабілі, калі пані мама клікала іх да млына. Бабуля хацела нешта сказаць, але не паспела, княгіня злёгку пакланілася ёй, села на Орланда і знікла між дрэў, як цудоўны прывід.
— Бабуля, я так хачу ў замак! Бацька казаў, што ў княгіні шмат прыгожых карцін! — сказала Барунка.
— Ёсць там папугай, які размаўляе. Ой, бабуля, там ёсць на што падзівіцца! — крыкнуў Ян, пляскаючы ў далоні.
Малая Адэлька, агледзеўшы сябе, сказала бабулі:
— А ты пераменіш мне сукенку, ці не так, бабуля?