Бабуля Карціны вясковага жыцця Бажэна Немцава

Бабуля

Карціны вясковага жыцця
Бажэна Немцава
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 256с.
Мінск 2007
62.43 МБ
— Можна ўвайсці? — спытала яна пяшчотным голасам.
— Уваходзь, Гартэнзія, тут ты знойдзеш прыемную кампанію, — адказала княгіня.
У кабінет увайшла графіня Гартэнзія, як казалі, выхаванка княгіні. Фігурка ў яе была тоненькая, яшчэ не аформленая, апранутая ў простую белую сукенку, саламяны капялюшык вісеў на руцэ, у якой яна трымала букет ружаў.
— Ах, якія мілыя дзеткі! — выгукнула дзяўчына. — Гэта, пэўна, Прошкавы, тыя, ад каго ты прынесла такія смачныя суніцы?
Княгіня пацвердзіла.
Графіня нахілілася, дала кожнаму дзіцяці па ружы, па адной дала таксама бабулі і княгіні, апошнюю заткнула сабе за пояс.
— Такі ж свежы бутончык, як і вы, мілая паненка, — сказала старая, панюхаўшы ружу. — Ды хай захавае вам яе Бог, васпані, — дадала яна, звярнуўшыся да княгіні.
— Гэта і маё самае гарачае жаданне, — адказала княгіня, пацалаваўшы ў лоб сваю выхаванку.
— Ці магу я ненадоўга забраць дзяцей? — спытала графіня ў княгіні і бабулі; княгіня дазволіла, а бабуля выказала асцярогу, што дзеці могуць нарабіць клопату мілай паненцы, асабліва хлопцы, сярод якіх вызначаецца сваёй няўрымслівасцю Ян. Але Гартэнзія з усмешкай працягнула дзецям абедзьве рукі, пытаючыся:
— Хочаце пайсці са мной?
— Хочам, хочам! — узрадаваліся дзеці, схапіўшы яе рукі.
Пакланіўшыся княгіні і бабулі, дзяўчына знікла ў дзвярах разам з дзецьмі. Княгіня ўзяла сярэбраны званочак са стала і пазваніла. У той жа момант у дзвярах паказаўся камердынер Леапольд. Княгіня яму загадала, каб распарадзіўся падрыхтаваць у салоне сняданак, і перадала пачак лістоў для адпраўкі.
Леапольд пакланіўся і выйшаў.
Пакуль княгіня аддавала загады камердынеру, бабуля разглядала партрэты на сценах кабінета.
— Божа мой! — сказала, калі камердынер пайшоў. — Якія дзіўныя касцюмы і твары! Вунь тая пані апранута як нябожчыца Галашкова, дай ёй, Божа, царства нябеснае. Тая таксама насіла высокія абцасы і ўздутыя спадніцы, талію перацягвала, а на галаве насіла парык. Яе муж быў суддзёй у Добрушцэ, і калі мы хадзілі туды на набажэнства, бачылі яе ў касцёле. Нашы хлопцы называлі яе «макавая паненка», у гэтых спадніцах з напудранай галавой яна была падобная да галоўкі мака. У нас казалі, што гэта французскі крой.
— Гэтая пані — мая бабуля, — сказала княгіня.
— Прыгожая пані, — адазвалася бабуля.
— Направа — мой дзед, налева — бацька, — працягвала паказваць княгіня.
— Добрыя людзі, міласэрная пані ўся ў бацьку. А дзе матуля?
— Вось мае маці і сястра, — сказала княгіня, паказаўшы на два партрэты над пісьмовым сталом.
— Прыгожыя пані, радасна на іх глядзець, — заўважыла бабуля, — але сястрычка ваша ні да бацькі, ні да маці не
падобная. Часам бывае, што дзеці падобныя да каго-небудзь з далёкага калена. А гэты малады пан мне знаёмы, толькі не магу прыпомніць адкуль.
— Гэта рускі цар Аляксандр, — хутка адказала княгіня. — Ты яго, безумоўна, не ведаеш.
— Вось і не, усяго ў дваццаці кроках ад яго стаяла. Гэта быў прыгожы чалавек, тут ён маладзейшы, але я ўсё адно яго пазнала. Што ён, што імператар Іосіф — прыгожыя людзі.
Княгіня паказала на супрацьлеглую сцяну, дзе вісеў паясны партрэт у натуральную велічыню.
— Імператар Іосіф! — пляснула ў далоні бабуля. — Як жа я яго адразу не ўбачыла. Як добра, што маеце іх разам. Я нават не думала, што ўбачу сёння імператара Іосіфа. Дай Бог яму вечную славу, быў гэта добры пан, асабліва для простых людзей. Гэты талер даў уласнаручна, — дадала бабуля, выцягнуўшы з-за пазухі талер.
Княгіні спадабаліся бабуліна шчырасць і трапныя словы, і яна пажадала даведацца пра гісторыю талера. Бабуля не прымусіла сябе ўгаворваць і расказала княгіні тое, што мы ўжо чулі на млыне. Княгіня смяялася ад душы.
Абвёўшы позіркам пакой, бабуля ўбачыла партрэт караля Фрыдрыха.
— Гэта ж прускі кароль! — ускрыкнула. — Яго я добра ведала. Мой нябожчык Іржы служыў у прускім войску, і мне давялося пятнаццаць год пражыць у Сілезіі. Кароль не аднойчы выклікаў Іржы паперад строю і ўзнагароджваў яго. Ён любіў высокіх мужчын, а мой Іржы ў палку быў вышэй за ўсіх, да таго ж зграбны, як дзяўчына. He думала я, што перажыву яго, быў чалавек-скала, ды толькі даўно ўжо на тым свеце, а я тут, — уздыхнула старая, і сляза скацілася па яе зморшчанай шчацэ.
— Твой муж загінуў у баі? — спытала княгіня.
— He, ён памёр ад раны. Калі выбухнула паўстанне ў Польшчы, а прускі кароль і рускі цар яго душылі, наш полк там быў таксама. Я паехала за палком з дзецьмі, двое ў мяне
ўжо было, а трэцяе нарадзілася ў паходзе. Гэта была Іаганка, тая, што цяпер жыве ў Всне, магчыма такая баявая, што ад нараджэння вымушана была звыкнуцца з салдацкім жыццём. Нешчаслівая гэта была вайна. Ужо з першага бою прынеслі Іржы ў лагер на насілках. Гарматным ядром пакалечыла яму нагу, адрэзалі яе. Я даглядала яго, як магла. Калі ён троху ачуняў, адправілі яго зноў у Нісу. Узрадавалася я, думаю, калека ім не патрэбны і зможам мы, калі ён паздаравее, вярнуцца ў Чэхію. Але надзеі мае не спраўдзіліся. Пачаў ён марнець. і не маглі даць яму ніякай рады, памёр. Калі быў які грош, аддавала яго на лекі, але нічога не дапамагло. Думала я тады, што або розум страчу, або сэрца ў мяне разарвецца з гора. Але чалавек можа многае вытрываць, міласэрная пані. Засталася я з трыма сіроткамі на руках, грошай — ні талера, толькі троху тых ануч. У тым палку, дзе служыў Іржы, быў яго найлепшы сябар фельдфебель Лягоцкі. Даведаўшыся, што я ўмею ткаць коўдры, Лягоцкі купіў мне станок і ўсё, што патрэбна для ткацтва. Хай пашле Бог яму здароўя! Спатрэбілася рамяство, якому я ў нябожчыцы свекрыві з маладосці навучылася. Справа пайшла добра, і я, хутка выплаціўшы Лягоцкаму пазыку, магла ўтрымліваць сябе і сваіх дзяцей. Трэба сказаць, што ў тым горадзе жылі добрыя людзі, але я там вельмі сумавала; ад таго часу, як не стала Іржыка, адчувала я сябе пакінутай і забытай, як груша ў полі. Падумалася мне, што дома лепей, чым на чужыне, і сказала я пра гэта Лягоцкаму. А ён пачаў мяне адгаворваць, упэўніваць, што я атрымаю пенсію, што кароль паклапоціцца пра маіх дзяцей. Я яму падзякавала за параду, але вырашыла, што ўсё ж такі вярнуся на радзіму. Вельмі ж мяне даймала нямецкая гаворка. Пакуль мы жылі ў Кладску, было лягчэй, адчувала я сябе, як дома, бо там больш гаварылі па-чэшску, чым па-нямецку, але ў Нісе — сапраўдная Нямеччына, а я ніяк нямецкай мове навучыцца не магла. Толькі я троху абжылася, як здарылася паводка. Злая сіла — вада, калі ж разальецца, то чалавек і на кані не ўцячэ. Такі быў патоп, што людзі ледзь выратаваліся. Я хутка
сабрала ўсё, што было лепшага, завязала ў вузел за спіну, малодшую дачку ўзяла на рукі, старэйшых дваіх — за руку і пабегла, а вады ўжо па костачку. Лягоцкі і тут прыйшоў на дапамогу, вывеў нас у гарыстую частку горада, дзе прынялі нас пад страху добрыя людзі.
Разнеслася па горадзе чутка, што я амаль усё страціла, і добрыя людзі прыйшлі на дапамогу; пан генерал запрасіў мяне да сябе і сказаў, што буду атрымліваць па міласці караля ў год некалькі талераў і дадуць мне сталую працу, а дзяцей змесцяць у закрытыя ўстановы: хлопца — у ваеннае, а дзяўчат— у жаночае вучылішча. Гэта мяне зусім не радавала, і прасіла я даць мне лепш пару залатых, калі хочуць мне аказаць міласць, каб я змагла вярнуцца ў Чэхію. Дзяцей я ўсё роўна не аддам і выхаваю іх у сваёй веры, навучу роднай мове. Але мне гэтага не дазволілі і сказалі: калі там не застануся, то не атрымаю нічога. «Ну, нічога, дык нічога, Бог не дасць мне памерці з голаду», — падумала я і падзякавала каралю за ўсё.
— Мне здаецца, што пра дзяцей яны добра паклапаціліся б, — выказалася княгіня.
— Можа быць, міласэрная пані, але я стала б для іх чужою. Хто іх вучыў бы там любіць сваю Айчыну і роднае слова? Ніхто. Засвоілі б чужую мову, навучыліся чужым норавам і звычаям і назаўсёды забыліся на сваю кроў. Як я спавядалася б перад Богам? He, хто нарадзіўся чэхам, няхай пры чэшскай мове і застаецца. Паклапацілася я пра пашпарт, сабрала рэчы, што ў мяне засталіся, узяла дзяцей і пайшла з горада, дзе перажыла столькі цяжкіх і шчаслівых дзён.
Гаспадыні наклалі дзецям поўныя кішэні печыва, а мне далі некалькі талераў на дарогу. Няхай Бог аддзячыць гэтым людзям добрымі дзецьмі за ўсё тое дабро, якое яны мне прынеслі. Лягоцкі, бедны, праводзіўў нас з мілю і нёс маю Іаганку. Бедаваў, што я сыходжу, у нас ён адчуваў сябе як дома. Плакалі мы абодва на развітанні. Пакуль ён быў у Нісе, хадзіў маліцца на Іржыкаву магілу, яны ж любілі адзін аднаго
як родныя браты. Яго забілі падчас французскай вайны. Няхай зямля яму будзе пухам!
— Як жа ты дабралася з дзецьмі да Чэхіі? — спытала княгіня.
— Шмат я зведала гора, міласэрная пані, на шляху. He ведала я добра дарогу і шмат часу змарнавала, блукаючы. Ногі ў дзяцей і мяне былі ў крывавых мазалях, шмат мы плакалі ад голаду, стомы і хвароб, доўга мы не маглі трапіць у родныя мясціны. Нарэшце пашчасціла нам дабрацца да Кладскіх гор, а там ужо я была як дома. Я родам з Алешніц, што на сілезскай мяжы, але васпані наўрад ці ведае, дзе знаходзяцца Алешніцы. Калі я падыходзіла да дому, тут мне як камень прыціснуў сэрца. Падумала я, ці жывыя мае бацькі і як яны мяне прымуць. Далі яны мне добры пасаг, а я вяртаюся дадому з пустымі рукамі і прыводжу з сабою трох сіротак. Што мне скажуць? Гэтае пытанне ўсю дароіу звінела ў маіх вушах. Баялася я, ці не здарылася чаго-небудзь за тыя два гады, як я пра іх нічога не чула.
— А што вы, ім ніколі не пісалі, калі не ты, то твой муж? — дзівілася княгіня.
— У нас няма звычкі пісаць лісты адзін аднаму. Успамінаем, молімся адзін за аднаго і, калі здараецца выпадак, калі трапіцца знаёмы чалавек, на словах перададзім пра сваё жыццё. Невядома куды і да каго трапіць ліст. Мой тата калісьці пісаў лісты салдатам, што нарадзіліся ў нашай вёсцы, а стаялі далёка за мяжой, — калі іх бацькі хацелі ведаць, ці жывыя іх дзеткі або пасылалі ім некалькі залатых. А вярнуўшыся, салдаты казалі, што нічога не атрымлівалі. Так бывае, васпані, калі прыйдзе такі ліст ад простага чалавека, то дзе-небудзь і згубіцца.
— Дарэмна ты думаеш так, матуля, — не пагадзілася княгіня, — кожны ліст, не мае значэння, ад каго ён, павінен трапіць у рукі таго, каму ён адрасаваны. Ніхто не мае права яго затрымаць або адкрыць, за гэта ёсць строгае пакаранне.