Бабуля Карціны вясковага жыцця Бажэна Немцава

Бабуля

Карціны вясковага жыцця
Бажэна Немцава
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 256с.
Мінск 2007
62.43 МБ
— Таму, што яны бедныя, ці таму, што ядуць котак і вавёрак? — спытала княгіня.
— Таму, — пацвердзіла бабуля.
— Ну, вавёрка — зусім не дрэнная ежа, я сама каштавала, — заўважыла княгіня.
— Так, міласэрная пані, вы елі вавёрку ад раскошы, а яны ядуць з голаду. Бог узнагародзіў катрыншчыка здаровым страўнікам, дзеці, зразумела, таксама маюць добры апстыт, а што заробіш гэтай музыкай? Што ж рабіць, калі няма ні на сябе, ні ў сябе, а ў хаце — як вымецена!
Між тым княгіня села за стол, Гартэнзія пасадзіла дзяцей побач з сабою, бабуля таксама мусіла сесці. Графіня хацела наліць ёй кавы або шакаладу, але тая замахала рукамі, што не іге ні таго ні другога.
— А чым жа ты снедаеш? — спытала княгіня.
— 3 малых гадоў я навучылася снедаць поліўкаю, часцей гэта кісело*, так у нас у гарах прынята. Кісело і бульба — да сняданка, да абеда — кісело і бульба, а без вячэ-
’ Кісело — поліўка з квасу з грыбамі.
ры можна і абыйсціся. У нядзелю кавалак аўсянага хлеба. Вось такая страва ў беднага люду ў Крканошскіх гарах цэлы год. Людзі дзякуюць Богу, калі хоць у гэтым няма недахопу. A то бывае часта, што ядуць толькі вотруб’е, ды і то не дасыта. У тых, хто жыве бліжэй да даліны, знойдзецца трохі гароху, пшанічнай мукі, капусты, рознай зеляніны, а раз на год і кавалак мяса звараць, тады ўжо рай! Але з панскай ежай простаму чалавеку звыкацца не трэба, бо нядоўга і па свеце пайсці. Мне гэтыя прысмакі мала сілы далі б.
— Ты памыляешся, старая, такая ежа вельмі пажыўная, і калі б людзі маглі б есці кожны дзень кавалак мяса і запіваць нечым карысным, думаю, што сталі б больш здаровымі, чым ад сваёй штодзённай стравы, — сказала княгіня.
— Ну вось, бачыце, чалавек заўсёды нечаму можа навучыцца, я думала, што паны таму такія бледныя і худыя, што ядуць адны прысмакі, якія не даюць ні здароўя, ні сіл.
Княгіня ўсміхнулася, але нічога не сказала і, наліўшы маленькі кілішак салодкага віна, падала яго бабулі і сказала:
— Выпі, матухна, гэта карысна для страўніка!
Бабуля ўзяла кілішак, прамовіла: «За здароўе міласэрнай пані», — і крыху выпіла, а таксама ўзяла кавалак печыва, каб не пакрыўдзіць гаспадыню.
— Што там у тых шкарлупках, якія есць княгіня? — спытаўся шэптам у Гартэнзіі Ян.
— Гэта марскія жывёлы, называюцца вустрыцы, — уголас адказала графіня.
— Гэтага б Цылька не ела, — працягваў Ян.
— Розная ежа ёсць на свеце, розныя густы, мой мілы хлопчык, — адказала графіня.
Падчас размовы Барунка, якая сядзела каля бабулі, сунула ёй нешта ў кішэню і прашаптала:
— Схавайце, бабуля, гэта грошы, паненка мне дала іх для дзяцей Кудрнавых, але я баюся згубіць.
Княгіня пачула, што сказала Барунка, і з невыказнай пяшчотаю паглядзела на мілы твар графіні. Сэрца бабулі напоўнілася радасцю, і яна сказала ўсхвалявана:
— Бог аддзячыць вам, мілая паненка.
Паненка зачырванелася і пагразіла пальцам Барунцы, якая таксама пачырванела.
— Вось узрадуюцца! — працягвала бабуля, — хоць апрануцца!
— А я яшчэ дадам, няхай у іх будзе і на што-небудзь іншае, — абвясціла княгіня.
— Вы зрабілі б добрую справу, міласэрная пані, калі б дапамаглі тым людзям, але не міласціна, — сказала бабуля.
— А чым жа?
— Добра было б Кудрне знайсці сталую працу, думаю, што ён выказаў бы старанне, таму што гэта чалавек сумленны і пачцівы. Бог вам аддзячыць за ўсё, але міласціня, міласэрная пані, гэтым людзям дапаможа часова. Купяць сабе што-небудзь, часам і непатрэбныя рэчы, калі грошы ў руках, а як усё з’ядуць і зносяць, зноў застануцца ні з чым, у другі раз прасіць не асмеляцца. А калі б меў дзённы заробак, была б яго сям’і сапраўдная дапамога, а літасцівая пані атрымала б працавітага работніка і вернага слугу, ды яшчэ да таго ж зрабіла б добрую справу.
— Праўду гаворыш, матухна, але якую ж работу я магу прапанаваць музыканту?
— Міласэрная пані яе знойдзе. Я ведаю, ён з радасцю пайшоў бы вартаўніком або наглядчыкам. Хадзіў бы па палях, мог бы насіць катрынку з сабою. Ён і без таго, ідучы полем, грае па дарозе, каб сябе павесяліць. Вясёлы чалавек, — дадала бабуля з усмешкай.
— Тады трэба пра яго паклапаціцца, — сказала княгіня.
— Ах, мая дарагая, мілая княгіня! — усклікнула графіня і ўстала, каб пацалаваць яе прыгожую руку.
— Толькі каля добрых людзей ёсць анёлы, — сказала бабуля, паглядзеўшы на княгіню і яе выхаванку.
Княгіня памаўчала хвілінку, а потым ціха сказала:
— Гэта мне Бог яе даў, за што яму ніколі не перастану дзякаваць, — і потым гучна дадала: — Хацелася б мне мець такога сябра, які заўсёды шчыра казаў бы мне праўду, як ты, матухна.
— Калі захочаце, васпані, то заўсёды знойдзеце. Сябра лягчэй знайсці, чым утрыманца.
— Ты думаеш, што я не змагла б яго ацаніць?
— Чаму ж я так павінна думаць пра вас, міласэрная пані? Толькі часта так здараецца, што часам шчырасць па сэрцу прыйдзецца, а часам і не, тады і сяброўству канец.
— Зноў праўду кажаш. Дазваляю табе прыходзіць, калі хочаш, і гаварыць мне тое, што хочаш, я заўсёды з радасцю выслухаю, а калі прыйдзеш з просьбаю, то выканаю з прыемнасцю ўсё, што змагу, — так казала княгіня, устаючы з-за стала. Бабуля хацела пацалаваць ёй руку, але тая не дазволіла, а сама расцалавала старую ў шчокі. Дзеці ўзялі свае падарункі, але развітвацца з мілай графіняй ім не хацелася.
— Прыходзьце цяпер да нас, мілая паненка, — запрасіла яе бабуля, беручы Адэльку за руку.
— Прыходзьце, прыходзьце, Гартэнзія! — прасілі дзеці. — Мы зноў назбіраем суніц.
— Прыйду абавязкова, — усміхнулася дзяўчына.
— Дзякуем вам за ўсё, міласэрная пані. Заставайцеся з богам, — сказала бабуля на развітанне.
— Ідзіце з Богам! — кіўнула княгіня, а Гартэнзія правяла гасцей да дзвярэй. Камердынер, прыбіраючы са стала, зморшчыў нос і падумаў: «Дзіўныя фантазіі ў нашай пані, размаўляць з простай бабай».
Між тым княгіня стаяла каля акна і сачыла поглядам за адыходзячымі, пакуль яшчэ можна было бачыць белыя сукенкі дзяўчат і бант на бабуліным каптуры. Вяртаючыся ў свой кабінет, прашаптала: «Шчаслівая кабета!»
VIII
Панскі луг стракацеў рознакаляровымі кветкамі, пасярэдзіне луга пралягала мяжа, на мяжы чабор, як насціл. На чаборы, нібы на падушцы, сядзіць Адэлька і сочыць за божай кароўкай, якая бегае па сукенцы, з сукенкі перапаўзае на ножку, з ножкі — на зялёны чаравічак.
— He ўцякай, маленькая, застанься са мною, я цябе не пакрыўджу, — тлумачыць дзяўчынка кузурцы і, узяўшы яе пальчыкамі, зноў вяртае на сукенку.
Побач з Адэлькай каля мурашніка сядзяць на кукішках Ян і Вілем. Яны з цікавасцю назіраюць за валтузнёй мурашоў.
— Глядзі, Вілем, як бегаюць, а бачыш, вунь той мураш згубіў яйка, другі падхапіў яго і спяшаецца да мурашніку.
— Пачакай, у мяне ёсць кавалак хлеба ў кішэні, я ім насыплю крошак і паглядзім, што будуць рабіць.
Ён узяў кавалак хлеба і частку яго накрышыў на дарозе.
— Глядзі, глядзі, колькі іх набегла і думаюць, адкуль дабро ўзялося. Глядзі, яны штурхаюць хлеб усё далей і далей. Бачыш, ім на дапамогу бягуць мурашы з усіх бакоў, але як пра гэта даведаліся іншыя?
Назіранні былі спынены звонкім голасам:
— Што вы тут робіце?
Гэта была графіня Гартэнзія, якая пад’ехала да іх на сваім белым коніку так ціха, што яны не чулі.
— У мяне божая кароўка! — сказала Адэлька, працягваючы сціснуты кулачок графіні, якая саскочыла з сядла і падышла да дзяўчынкі.
— Пакажы мне!
Адэлька выставіла далоньку, у якой нічога не было.
— Ой, яна ад мяне ўцякла, — засумавала дзяўчынка.
— Пачакай, яшчэ не ўцякла, але хоча ўцячы, — прагаварыла Гартэнзія, здымаючы божую кароўку з голага плечыка дзяўчынкі. — А што ты з ёю будзеш рабіць?
— Дам ёй паляцець. Глядзі!
Адэлька паклала божую кароўку ў раскрытую далонь і пачала прыгаворку:
— Божая кароўка, паляці на неба...
— Прынясі нам глечык малака! — дадаў Вілем, злёгку стукнуўшы Адэльку па руцэ.
Кузурка ўзняла свой чырвоны ў чорныя крапінкі плашчык, расправіла складзеныя пад ім пяшчотныя крылцы і паляцела.
— Навошта ты яе штурхнуў, хто цябе прасіў? — раззлавалася Адэлька.
— Каб яна хутчэй паляцела, — засмяяўся хлопец і, звярнуўшыся да Гартэнзіі, узяў яе за руку са словамі:
— Пойдзем, Гартэнзія, пойдзем паглядзім, я даў мурашам хлеба, а іх набегла столькі! — і ён здзіўлена развёў рукамі.
Графіня пашукала ў кішэні свайго чорнага аксамітнага паліто і, дастаўшы кавалачак цукру, дала яго Вілему.
— Пакладзі ў траву і ўбачыш, як яны адразу ж яго аблепяць. Мурашы любяць салодкае.
Вілем паслухаўся і быў вельмі здзіўлены, калі ўбачыў, як да цукру з усіх бакоў прыбеглі мурашы, пачалі ляпіцца да яго, адкусвалі маленькія, як кропкі, кавалачкі і адносілі ў мурашнік Хлопчык спытаў графіню:
— Скажы мне, Гартэнзія, а як гэта мурашы ведаюць, што тут ёсць нешта смачнае, і што яны робяць з яйкамі, якія пераносяць з месца на месца?
— Гэта іх дзеці, а мурашы, якія іх цягаюць, іх няні і выхавацелькі. Калі свеціць сонца і гарачы дзень, яны выносяць дзетак з цёмных пакояў пагрэцца, каб яны хутчэй раслі.
— А дзе іх маці? — пацікавілася Адэлька.
— Яны сядзяць дома, нясуць яйкі, каб род мурашоў не звёўся. Таты ходзяць вакол іх, весяляць іх, каб не сумавалі. Тыя мурашы, якіх тут бачыце, гэта працаўнікі.
— А што яны робяць? — спытаў Ян.
— Запасаюць корм, будуюць і рамантутоць памяшканні, нянчаць лялечак, дзетак мурашоў, прыбіраюць у доме, выносяць памерлых, ахоўваюць мурашнік ад ворагаў і ў выпадку
нападзення становяцца на абарону сваёй суполкі. Вось колькі клопатаў у працаўнікоў!
— Як жа мурашы разумеюць адзін аднаго, яны ж не ўмеюць гаварыць? — здзівіліся дзеці.
— Хоць яны і не размаўляюць, як людзі, але ж выдатна разумеюцца паміж сабой. Вы бачылі. як адзін мураш знайшоў цукар і адразу ж пабег паведаміць астатнім, і тыя збегліся. Паглядзіце, як яны спыняюцца па двое, дакранаюцца вусікамі, нібы мімаходзь хочуць паразмаўляць, а часам збіраюцца ў групкі і пра нешта раяцца.
— А ці ёсць у мурашніку пакоі і кухні? — спытала Адэлька.
— Кухні ім без патрэбы, таму што яны не гатуюць, а пакоі маюць у мурашніках для дзяцей і маці, ёсць пакоі для працаўнікоў, іх дом падзелены на некалькі паверхаў, і з аднаго паверха на другі вядуць калідоры.
— А як гэта так пабудавана, што не развальваецца? — працягвалі дапытвацца дзеці.