Бабуля Карціны вясковага жыцця Бажэна Немцава

Бабуля

Карціны вясковага жыцця
Бажэна Немцава
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 256с.
Мінск 2007
62.43 МБ
— Яны добра будуюць, і калі хто мацнейшы не разбурыць мурашнік, сам ён не разбурыцца. Сцены і дах зроблены з драбнюткіх трэсачак, галінак, іголачак, сухіх лістоў, травы і зямлі; калі яна залішне сухая, мурашы змочваюць яе слінаю і скатваюць у маленькія шарыкі. Гэтыя шарыкі замяняюць ім цэглу. Найболып зручна мурашам будаваць пасля дробнага дажджу, калі зямля вілыотная.
— Але хто кузурак усяму навучыў? — спытаў Вілем.
— Гэта Бог даў ім такое прыроднае ўмельства, яны ад нараджэння ведаюць, чым харчавацца, як ахоўваць сябе; некаторыя насякомыя з такім майстэрствам і мудрасцю здабываюць сабе ежу, будуюць жыллё, што іх дзеянні нагадваюць разумныя ўчынкі людзей. Вось калі пойдзеце ў школу і навучыцеся чытаць, то даведаецеся з кніг шмат цікавага пра жыццё насякомых, як гэта зрабіла я, — дадала графіня.
Пакуль яны размаўлялі, прыйшла бабуля з Барункай, у абедзьвюх фартухі напоўнены кветкамі, у руках яны неслі
пучкі зёлак, якіх назбіралі на лузе. Хлопцы паведамілі бабулі ўсё, што пачулі ад Гартэнзіі пра мурашоў, а дзяўчына спытала, для чаго бабулі гэтыя травы.
— Тут, мілая паненка, кмен і трохі дзядоўніку. Кмен сушаць, зернейкі яго пойдуць у ежу і хлеб, сцябло кладуць у ваду, калі мыюць дзяцей. Дзядоўнік добра дапамагае, калі баліць горла, яго трэба паласкаць настоем. Мясцовыя людзі ведаюць, што я збіраю зёлкі, калі нешта здараецца — ідуць да мяне. Добра мець іх дома, калі не патрэбна самому — спатрэбіцца людзям.
— А што, у мястэчку няма аптэкі? — спытала графіня.
— У мястэчку няма, але ёсць непадалёк. А калі б і была ў мястэчку, што з таго? Аптэчныя лекі вельмі дарагія, і да таго ж — навошта шмат плаціць, калі самі сабе ўмеем гатаваць?
— А што, рэцэпты вам піша ўрач і кажа, як неабходна прыгатаваць?
— I што б было, мілая паненка, калі б па кожнай драбязе людзі звярталіся да доктара? Да яго цэлую гадзіну ехаць, палова дня пройдзе, пакуль дачакаешся. Хворы і памерці паспее, калі пад рукою няма патрэбных зёлак. А калі прыйдзе, то пачынаецца: лекі прымаць шмат разоў, ды пластыры, ды п’яўкі, тут і ў здаровага чалавека галава закруціцца, а ў хворага тым больш, ён яшчэ мацней расхварэецца. Я, мілая паненка, зусім дактарам не веру, а калі мне нешта баліць ці дзецям, дастаю свае зёлкі. Ужо калі яны не дапамагаюць, тады я кажу «Пасылайце па доктара». Толькі, калі Бог дасылае цяжкую хваробу, і доктар не дапаможа, а таксама спашлецца на прыроду, каб дапамагла. Бог застаецца і ў далейшым найлепшым лекарам: калі патрэбна чалавеку жыць, то і без докгара ачуняе, а калі лёс памерці, ніякія аптэкі не дапамогуць.
— А ў вашых фартухах тыя самыя зёлкі? — спытала графіня.
— He, Гартэнзія, — хутка адказала Барунка. — У фартухах нясём кветкі для вянкоў. Заўтра свята Божага Цела, мы з Манчынкай будзем несці вянкі.
— I я таксама з Гелай пайду! — абвясціла Адэлька.
— А мы будзем несці свечы! — выгукнулі хлопцы.
— А хто такая Гела? — спыталася графіня.
— Гела — дачка кумы з горада, з таго вялікага дома, дзе намаляваны леў.
— Трэба гаварыць, дзе карчма, — вучыла бабуля дзяўчынку.
— Ты таксама пойдзеш на працэсію? — спытала Барунка ў Гартэнзіі.
— Безумоўна, пайду, — пацвердзіла тая і, сеўшы на траву, стала дапамагаць бабулі і Барунцы вязаць букеты.
— Ты ніколі не хадзіла з дзяўчатамі на свята Цела Хрыстова? — спыталася Барунка.
— Ніколі, але калі я яшчэ жыла ў сваёй нянькі ў Францыі, то была адной з дружак на свяце Мадонны і несла вянок з руж.
— А хто такая Мадонна?
— Мадоннай называюць у Італіі Дзеву Марыю, — адказала графіня.
— А мілая паненка паходзіць з Італіі? 3 той краіны, дзе стаяць нашы салдаты? — спытала бабуля.
— Так, толькі ў тым горадзе, дзе я нарадзілася, у Фларэнцыі, іх няма. Там плятуць прыгожыя капелюшы з рысавай саломкі. Там растуць на палях рыс і кукуруза, на пагорках салодкія каштаны і алівы, паўсюль кіпарысавыя і лаўровыя гаі, цудоўныя кветкі, сіняе бязвоблачнае неба.
— А я ўжо ведаю, — перапыніла яе Барунка, — гэта той горад, што намаляваны на карціне ў тваім пакоі, ці не так? Пасярэдзіне — шырокая рака, а на беразе ракі — вялікі горад. Ах, бабуля, якія там прыгожыя дамы і касцёлы! На другім баку сады і маленькія хаткі, каля адной з іх гуляе дзяўчынка, а побач — сядзіць старая. Гэта Гартэнзія са сваёй няняй! Ці не так ты нам апавядала, калі мы былі ў замку?
Дзяўчына адказала не адразу, яна сядзела, глыбока задумаўшыся, рукі паклала на калені. Потым яна цяжка ўздыхнула: «О bella Patria! О cara arnica!»*
— Што ты сказала, Гартэнзія? — з цікавасцю спытала Адэлька, пяшчотна прыціскаючыся да яе. Гартэнзія прытуліла да сваёй галавы галаву дзяўчынкі і дала волю слязам, якія цяклі па яе твары на сукенку.
— Мілая паненка прыгадала сваю радзіму і сваіх сяброў, — растлумачыла бабуля. — Вы яшчэ не разумееце, дзеткі, як чалавеку развітацца з тым месцам, дзе ён нарадзіўся і вырас. Як бы яму добра ні жылося потым, ён ніколі родны дом не забудзе. I вы калі-небудзь пройдзеце праз гэтае выпрабаванне. А ў мілай паненкі ці засталася там радня? — звярнулася яна да Гартэнзіі.
— Няма ў мяне на свеце нікога з родных, пра іх бы я ведала, — адказала графіня сумна. — Мая добрая няня, мой сябар Джаванна, жыве ў Фларэнцыі, я па ёй і дому ўвесь час сумую. Каміла, мая другая маці, абяцала са мною туды паехаць.
— А як здарылася, што княгіня адшукала вас так далёка? — пацікавілася бабуля.
— Княгіня добра ведала маю маці, яны былі сяброўкамі. Мой бацька ў бітве пад Лейпцыгам быў цяжка паранены і, калі вярнуўся на сваю вілу ў Фларэнцыю, праз некалькі гадоў памёр ад раны. Джаванна мне шмат расказвала пра яго. Маці пасля яго смерці цяжка перажывала і таксама памерла. Засталася я круглай сіратой. Даведаўшыся пра гэта, княгіня прыехала ў Італію і забрала б мяне з сабою, калі б не Джаванна, якая мяне любіла, як сваю дачку. Пакінула мяне ў яе, аддала вілу і ўсё, што ў ёй было. Джаванна выгадавала і выхавала мяне. Калі я вырасла, узяла пані княгіня мяне да сябе. Ох! Я яе так люблю, як любіла б сваю родную маці!
* О цудоўная Айчына! О дарагая сяброўка!
— Так і вас пані княгіня любіць, як сваю дачушку, — сказала бабуля. — Я гэта добра заўважыла ў замку, і мне гэта вельмі спадабалася. Ах, зусім забылася расказаць мілай паненцы пра Кудрновых. Калі Барунка перадала ім вашыя грошы, то ад шчасця скакалі да столі, а калі самога Кудрну ўзялі вартаўніком на панскія палі з абяцаннем плаціць і грашыма, і натурай, то было такое здзіўленне і радасць, што перадаць немагчыма. Да смерці не перастануць маліцца за пані княгіню і вас, мілая паненка!
— Гэта яны табе павінны дзякаваць, бабуля, твайму добраму слову, — адказала дзяўчына.
— Мілая паненка, нічога б не выйшла з майго добрага слова, калі б яно не ўпала на добруто глебу, не дало б добрых усходаў, — не пагадзілася бабуля.
Вянкі былі зроблены, і бабуля з дзецьмі сабраліся дахаты.
— Я паеду з вамі да перакрыжавання, — сказала дзяўчына і ўзяла коніка, які скуб траву, за аброць.
— Калі хочаце, то я пакатаю вас па чарзе на коніку.
Хлопцы ад радасці заскакалі, а Ян у адно імгненне быў на кані.
— Глядзі ты, які малайчына! — усклікнула бабуля, бачачы, як смела Ян сядзіць на кані. Вілем, хоць і рабіў выгляд, што не баіцца, але зачырванеўся па вушы, калі дзяўчына пасадзіла яго на сядло, аднак смех Яна прымусіў яго ўзяць сябе ў рукі. Маленькую Адэльку графіня пасадзіла на поні, але сама ішла побач, падтрымліваючы яе. Дзяўчынка была задаволеная, хлопчыкі смяяліся, што яна сядзіць на кані, як цыбулька ці малпачка, і дражніліся да таго моманту, пакуль бабуля іх не спыніла.
На раздарожжы графіня ўскочыла на свайго белага каня, апусціла сваю сінюю спадніцу на стрэмя, паправіла чорны капялюшык, махнула дзецям хлыстом на развітанне, а конік, пачуўшы гучную каманду «avanti»’, узляцеў на гару,
’ Avanti — наперад.
як ластаўка. А бабуля з дзецьмі памалу пайшлі да Старой бялільні.
На другі дзень раніца была цудоўная, неба чыстае, нібы падмеценае. Перад сядзібай стаіць вазок, а ў ім Ян і Вілем у белых штанах, чырвоных камізэльках, з вянкамі ў руках. Пан Прошак абыходзіць добрых коней, пляскае па іх бліскучых баках, перабірае густую грыву, вопытным вокам азірае збрую. Час ад часу ён падыходзіць да дома і крычыць у акно: «Ці яшчэ вы не сабраныя? Паспяшайцеся!»
— Хвілінку, тата, хвілінку! — чуецца з вокнаў. Гэтая «хвілінка» цягнецца досыць доўга, і нарэшце выходзяць з дому дзяўчаты, сярод іх Манчынка, пані Прошкава, бабуля, Бетка і Ворша.
— Наглядайце за гаспадаркай, асабліва за птушкай! — загадвае бабуля.
Султан хоча ласціцца да Адэлькі, панюхаць кветкі, якія яна трымае ў руцэ, але дзяўчынка ўзняла абедзве рукі ўгару, і бабуля адагнала сабаку са словамі:
— Ці ты не бачыш, што Адэлька будзе сёння дружкай?
— Нібы анёлы, — кажа Бетка Воршы, калі дзяўчаткі садзяцца ў вазок. Пан Прошак садзіцца на козлы побач з фурманам Вацлавам, бярэ аброць у руку, шчоўкае языком, коні ганарыста ўскідваюць галовы, і вазок імчыцца да млына, нібы вецер. Сабакі пабеглі за ім, але калі пан прыгразіў ім бізуном, вярнуліся, леглі на ганку на сонейку і паснулі.
Якая прыгажосць у мястэчку! Дамы ўбраныя зялёнымі галінкамі, плошча ператварылася ў гай. На гасцінцы і дарогах раскідана зялёнае трысцё. На ўсіх чатырох вуглах плошчы пабудаваны алтары, адзін прыгажэйшы за друті. Пасярэдзіне, каля статуі Яна Непамуцкага, пад зялёнымі ліпамі, стаіць гармата, ля якой сабраліся падлеткі.
— 3 яе будуць страляць, — заўважыў пан Прошак, паказваючы дзецям на гармату.
— Але я баюся, — занепакоілася Адэлька.
— Чаго ж баяцца, бухне так, нібы гаршчок зваліўся з паліцы, — заспакоіла яе Манчынка. Такое Адэлька чула дома, таму і супакоілася.
Каля высокага дома, на якім вісела шыльда з белым ільвом і вялікай гронкай вінаграду, вазок спыніўся. На парозе з’явіўся кум — пан Станіцкі, які, зняўшы аксамітную шапку з доўгім кутасом, вітаў гасцей. Кума ў сярэбраным каптуры і ў кароткай шаўковай кофце міла ўсміхалася. Калі малая Гела хацела за ёю схавацца, яна ўзяла яе за руку, Адэльку за другую і, паставіўшы іх побач, сказала: «Ну, пакажыцеся, якія вы ёсць!»
— Нібы двайняткі, — выказалася бабуля.
Дзяўчынкі нясмела зірнулі адна на адну і, засаромеўшыся, апусцілі галовы.