Бабуля Карціны вясковага жыцця Бажэна Немцава

Бабуля

Карціны вясковага жыцця
Бажэна Немцава
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 256с.
Мінск 2007
62.43 МБ
Пан Ставіцкі ўзяў пана Прошака пад руку і павёў яго ў дом, запрасіўшы ўсіх ісці за імі.
— Мы яшчэ паспеем пагаварыць і выпіць па шклянцы віна, пакуль пойдзе працэсія, — весела сказаў ён.
Пані Прошкава пайшла за імі, а бабуля засталася на вуліцы разам з дзецьмі, сказаўшы:
— Вы можаце не спяшацца, таму што пойдзеце з панамі, а я з дзецьмі, бо да касцёла пазней не траплю.
I засталася стаяць у парозе.
Праз некаторы час на рагу вуліцы паказаліся хлопчыкі ў чырвоных камізэльках, якія ішлі парамі.
— Ідуць! — крыкнуў Ян.
— Адэлька і ты, Геленка, — нагадвала бабуля, — калі пойдзеце за працэсіяй, глядзіце ўважліва пад ногі, каб не паваліцца. Наглядай за імі, Барунка. Вы, хлопцы, будзьце паслухмянымі, не нарабіце бяды з агнём. У касцёле ля алтара памаліцеся, каб Бог радаваўся за вас!
Між тым да іх падышоў настаўнік з вучнямі.
— Хвала Ісусу, пан настаўнік, я прывяла вам яшчэ дзяцей, жадаю вам з імі цярпення, — прывітала бабуля старога настаўніка.
— Вось і добра, пані бабуля, — у мяне, як у статку, ёсць і вялікія, і маленькія, — смяяўся настаўнік, разводзячы хлопчыкаў да хлопчыкаў, дзяўчынак да дзяўчынак.
У касцёле бабуля засталася ля дзвярэй побач са старымі суседкамі, а дзеці з настаўнікам — ля алтара.
Пасля таго як зазванілі ў трэці раз, народ кінуўся да касцёла, служка прынёс хлопчыкам запаленыя свечы ў трыножніках, зазвінеў званочак, святары наблізіліся да алтара, і пачалася імша.
Дзяўчынкі склалі рукі і доўга, не адрываючыся, глядзелі на алтар, а калі стаміліся, пачалі глядзець улева, управа, і тут погляд іх затрымаўся на мілым твары графіні, якая сядзела ўгары, ля хораў. Ну як тут не ўсміхнуцца. Але за графіняй сядзела іх маці, а побач з ёю стаяў іх бацька, які дзяўчаткам даў знак, каб глядзелі на алтар. Адэлька нічога не зразумела і ўсміхнулася бацьку, але Барунка пацягнула яе за сукенку і шапнула: «Глядзі на алтар!»
Святар узняў захавальніцу дароў, народ пачаў спяваць: «Божа, злітуйся!» Пачуўся ўрачысты звон, і працэсія выступіла з храма. Наперадзе ішлі дзеці, якія трымалі ў руках трыножнікі з запаленымі свячамі, дзяўчаткі ў вянках пасыпалі кветкамі шлях, за імі выступалі святары, кіраўніцтва горада, ганаровыя госці з усёй аколіцы, а потым гарадскі і вясковы люд, у натоўпе была і бабуля. Сцягі розных цахоў узнялі над галовамі людзей, пах кадзілаў змешваўся з пахамі свежай зялёнай лістоты і кветак, гук званоў стаяў у паветры. Тыя, хто не мог ісці разам з усімі, выходзіў на ганак або высунуўся з акна, каб паглядзець на працэсію.
Якая асалода вачам бачыць гэты стракаты натоўп! Якая вопратка! Якое хараство! Прыгожа апранутыя дзеці, святары ў святочным адзенні, паны ў модных фраках побач з ганаровымі гараджанамі ў паліто па модзе пяцідзесяцігадовай даўніны, юнак у расшытым камзоле побач з бацькам у доўгім да ног паліто.
Проста, але элегантна апранутыя пані побач з іншымі, апранутымі дорага, але без густу. Гараджанкі ў карункавых, затканых золатам і срэбрам каптурах, вясковыя кабеты ў палатняных, накрухмаленых каптурах і белых хустках. Дзяўчаты ў вяночках і чырвоных хустачках.
Як кожны мог здагадацца па шыльдзе, што дом Станіцкіх — карчма, так і вопратка гэтых людзей была своеасаблівай шыльдаю іх грамадскага становішча, складу думак, роду заняткаў. Адразу можна было адрозніць капіталіста ад рамесніка або чыноўніка, заможнага селяніна ад беднага, па крою вопраткі было бачна, хто прытрымліваецца старых поглядаў і звычак, а хто, як казала бабуля, шукае ўсяго новага.
Увесь час бабуля імкнулася быць бліжэй да дзяцей, каб нічога не здарылася. Але ўсё скончылася добра, толькі пры кожным стрэле Адэлька ўздрыгвала, затыкала вушы і заплюшчвала вочы.
Пасля ўрачыстасцей бабуля і дзеці пайшлі да карчмы, дзе ўжо стаяў вазок. 3 касцёла выйшла Крысцінка, бабуля ёй адразу прапанавала ехаць з імі.
— Нашы застануцца тут на абед, то маем дастаткова месца, — казала яна.
— Я б і з вамі хацела паехаць, і з дзяўчатамі пайшла б! — адказала Крыстла, кінуўшы погляд на групу юнакоў, якія чакалі дзяўчат ля могілак, каб правесці дадому. Сярод хлопцаў вылучаўся адзін, рослы, як сасна, з прыгожым тварам і прыветлівым позіркам. Здалося, што некага выглядае, а калі раптам сустрэліся яго вочы з вачыма Крыстлы, зачырванеліся абодва.
Бабуля адвяла Геленку да кумы ў карчму, тая затрымала іх і пачала частаваць дзяцей печывам, а бабулю — віном. Крысцінка не хацела ўваходзіць у святліцу, дзе сядзелі адны паны, і бабуля вырашыла вынесці ёй пачастунак у сенцы. Але куды спрытнейшым аказаўся стройны юнак. Ён злётаў у карчму, узяў салодкай наліўкі і паднёс дзяўчыне. Дзяўчына засаромелася, але калі ён з сумам сказаў: «Ты не хочаш
прывеціць мяне?», узяла кілішак і выпіла за яго здароўе. У гэты момант падышла бабуля з віном і абодвух прымусіла выпіць.
— Ты прыйшоў дарэчы, Міла, — сказала бабуля, і ў кутках яе вуснаў зайграла добрая ўсмешка, — я ўвесь час думала, хто б са знаёмых хлопцаў мог правесці нас. Баюся я гэтых коней, асабліва, калі няма побач Яна або некага талковага. Вацлаў не лепшы кучар. Паедзем з намі!
— 3 радасцю! — сказаў Міла і, павярнуўшыся на абцасах, пабег расплаціцца.
Дзеці развіталіся з Гелай, пані кумой і бацькамі і селі ў вазок, Крыстла села да іх. Міла забраўся на козлы да Вацлава, і коні паехалі.
— Глядзіце, Міла пана з сябе робіць! — казалі хлопцы, ідучы па ходніку, калі вазок праязджаў каля іх.
— Верым! Заўсёды ёсць мне чым ганарыцца! — весела адказаў Міла, азіраючыся на тых, хто сядзеў у вазку.
Хлопец, які аклікаў Мілу, быў яго блізкім сябрам. Зняўшы шапку, ён падкінуў яе і заспяваў:
Каханне, святое каханне, Дзе яго людзі бяруць?
На гары не расце, і ў полі He ўзыходзіць...
Апошніх слоў у вазку не пачулі, коні хутка беглі дахаты. — Ці маліліся вы? — дапрошвала бабуля свой малы вывадак. — Я маліўся, а Вілем, думаю, не, — азваўся Ян.
— He верце яму, бабуля, я ўвесь час чытаў «Ойча наш», а Ян штурхаў мяне, калі мы ішлі з працэсіяй, — апраўдваўся Вілем.
— Яніку, Яніку, ты бязбожнік! Паскарджуся на цябе самому святому Мікулашу, — ківаючы галавою, ушчувала хлопца бабуля.
— I не атрымаеш ніякіх падарункаў, пачакай, — дражнілася Адэлька.
— А і праўда, праз некалькі дзён дзень святога Яна Хрысціцеля, твае імяніны, — прыгадала Крыстла.
— А што ты мне падаруеш? — спытаў Ян нібы нічога не адбылося.
— Падарую табе саламяны жгут, калі ты такі няўрымслівы, — са смехам адказала Крыстла.
— To не хачу, — засмуткаваў Ян. Дзеці засмяяліся.
— А што табе дораць? — спытала Барунка ў Крыстлы.
— Нічога, у нас няма такога звычая, толькі ў паноў. Аднойчы я атрымала верш ад настаўніка, які быў у замку справаводам. Я яго маю ў кніжцы, — і дастала з малітоўніка складзены надвое аркуш паперы з вершам, упрыгожаны намаляваным вянком з руж і незабудак. Я зберагла верш толькі з-за вяночка, таму што напісанага не разумею.
— А ці напісана не па-чэшску? — спытала бабуля.
— Па-чэшску, але вельмі па-вучонаму. Паслухайце, як пачынаецца: «Пачуй мяне, дарагая прыгажуня, Лады выхаванка!» Шчыра кажучы, нічога не зразумець! I далей такая ж бязглуздзіца. Якая ж я Лады выхаванка, калі ў мяне, хвала Богу, ёсць родная маці. У таго чалавека ад кніг розум памутнеў.
— Мы не маем права пра яго так думаць, мілая дзяўчына. Гэта быў, пэўна, чалавек высокага розуму і добра адукаваны, толькі яго склад розуму незразумелы для нас. Некалі быў у нас сусед, такі ж пісьменны і творца. Яго эканомка (кажуць, што пісьменнікі адмаўляюцца жаніцца) да нас часта заходзіла і казала, што яе гаспадар дзівак, якіх мала. Цэлымі днямі сядзіць, закапаўшыся ў кнігі, як крот у зямлю. Калі б Зузанка не клікала яго: «Пан, хадзіце есці», то быў бы галодны цэлы дзень. Зузанка павінна была пра ўсё памятаць і яму нагадваць, не было б яе, дык яго моль з’ела б. Кожны дзень стары гуляў адну гадзіну і заўсёды адзін і адзін, таварыства ён не любіў. Зузанка вельмі любіла наліўку, па мне, без яе можна і абысціся, але і я вымушана была, каб не пакрыўдзіць суседку, выпіць кілішак. Яна мне
заўсёды казала: «Хоць бы стары не ўбачыў, бо ён п’е толькі ваду, часам капне ў яе кроплю віна і заўсёды мне кажа: «Зузанка, вада — самы здаровы напой, пі толькі ваду і будзеш здаровая і шчаслівая». А я сабе думаю: «Вада — справа добрая, але мне і наліўка не шкодзіць». Хацеў ён, каб я жыла як птушка, ежа і напоі для яго нічога не значылі, яго страўнік быў напоўнены гэтымі кнігамі, вялікі дзякуй за такую страву». Так апавядала мне Зузанка. Аднойчы яна паказала мне яго пакой. За ўсё жыццё я не бачыла столькі кніг! Ляжалі яны адна на другой, як касцёр з дроў.
«Бачыце, Мадленка, — казала мне заўсёды, — усё гэта ў такога старога ў галаве, я здзіўляюся, як ён ад усяго гэтага не звар’яцеў. Калі б мяне не было, бо за ім наглядаю, як за малым дзіцем, то шчыра кажу, ён бы не пражыў, не разумее ж нічога, яму хоць трава не расці. А колькі святой цярплівасці трэба мне з ім мець. Часам я на яго прыкрыкну, а ён ні слова ў адказ, нібы пабіты сабака, і мне яго так шкада. Але часам патрэбна сварыцца, бо няма ніякага цярпення. Падумайце, Мадленка, было ў яго пакоі столькі пылу, як на плошчы, павуціння, як на старой званіцы, і думаеце, што я магла прыйсці да яго з венікам? He. Вось і думаю, пачакай, я ўсё роўна зраблю ў тваім пакоі парадак. Інакш людзі асудзілі б мяне, калі б да яго нехта ўвайшоў і ўбачыў, што там робіцца. Папрасіла я аднаго знаёмага пана, з якім ён ахвотна сустракаўся, затрымаць яго ў сябе, а сама тым часам усюды вымыла, вычысціла, стала прыемна нават паглядзець. Але бачыце, Мадленка, які чалавек! Толькі на трэці дзень зразумеў, што вакол чыста. Яму здалося, што ў пакоі стала святлей. Яшчэ б не пасвятлела! Вось так трэба абыходзіцца з дзівакамі!»
Кожны раз, калі я да яе прыходзіла або яна да нас, скардзілася на старога, а сама б ніколі не развіталася з ім. Аднойчы ён нагнаў на яе страх. Пайшоў прагуляцца і сустрэў свайго знаёмага, які збіраўся ехаць у Крканошскія горы. Прапанаваў знаёмы старому пану паехаць разам з ім і абяцаў хутка прывезці дахаты. Стары ўзяў і паехаў у чым быў. Зузан-
ка чакае, чакае, а пан не вяртаецца, ноч прайшла, а яго Ha­wa. Прыбегла да нас заплаканая, напалоханая, было нам з ёю клопату. Толькі раніцай даведалася яна, у чым справа, ужо і сварылася яна на яго. Шэсць дзён стары адсутнічаў, а яна кожны дзень гатавала яму абед і вячэру. Калі стары вярнуўся, прыбегла яна да нас і гаворыць: «Вы не ўяўляеце, як я на яго напусцілася! А ён мне: «Ну, ну, не крычы, што тут такога, пайшоў прагуляцца і трапіў на Снежку. Ці мог я вярнуцца раней?»