• Газеты, часопісы і г.д.
  • Бабуля Карціны вясковага жыцця Бажэна Немцава

    Бабуля

    Карціны вясковага жыцця
    Бажэна Немцава

    Выдавец: Радыёла-плюс
    Памер: 256с.
    Мінск 2007
    62.43 МБ
    Барунка і Манчынка ўважліва прыслухоўваліся да Марцінца і спявалі разам з іншымі. Калі прайшлі Чэрвенную гару, Барунка раптам спытала ў бабулі:
    — Скажыце, калі ласка, бабуля, дзе знаходзіцца Турынь, у якім жыла нямая дзяўчынка?
    На гэта бабуля строга адказала:
    — Калі ідзеш на набажэнства, павінна думаць пра Бога, а не пра іншыя рэчы. Спявай або ціха маліся.
    Дзяўчаты трохі паспявалі, але тут увайшлі ў лес, дзе ў траве яшчэ чырванелі суніцы, было шкада пакідаць іх. Дзяўчаты ахвотна збіралі ягады, капелюшы іх ссунуліся на патыліцы, спадніцы апусціліся, трэба было прыводзіць сябе ў парадак, нарэшце адна і другая прыпомнілі пра булкі ў кайстрах і адламалі па кавалку. Бабуля і пані мама на іх не зважалі, засяроджаныя ў малітвы, але Крыстла, ідучы з Анчай, азірнулася на іх і асудзіла дзяўчат са смехам:
    — Нічога не скажаш, добрыя багамолкі! Шмат грахоў вы так адмоліце.
    Пад вечар падарожныя дайшлі да Сватанёвіц. Перад мястэчкам спыніліся, жанчыны абуліся, прывялі сябе ў парадак і толькі тады ўвайшлі ў гарадок. Найперш багамольцы накіраваліся да крынічкі пад гарой ля касцёла, што выбягала сямю струменьчыкамі з-пад дрэва, на якім вісеў абраз Дзевы Марыі. Калі крынічкі яны ўкленчылі і памаліліся, пазней кожны папіў з крынічкі вады і тройчы памыў ёю вочы і твар. Казалі, што тая чыстая сцюдзёная вада — цудадзейная, бо вылечыла ад хвароб тысячы людзей. Потым багамольцы ўзняліся на ўзгорак да ярка асветленага касцёла, адкуль чуліся рознагалосыя спевы; сюды прыходзілі людзі з розных бакоў, і кожны спяваў на свой лад.
    — Ах, бабуля, як тут прыгожа, — шапнула Барунка.
    — Як бы ні было, уставай на калені і маліся, — адказала бабуля.
    Дзяўчынка ўкленчыла побач са старой, якая, прыпаўшы галавой да зямлі, горача малілася Божай Маці, статуя якой ўзвышалася на алтары ў зіхаценні шматлікіх свечак. Дзяўчаты і нявесты, што прасілі Дзеву Марыю блаславіць іх каханне, упрыгожылі яе вянкамі і букетамі, а багатая коўдра на статуі і мноства каштоўнасцей каля яе ног былі падарункамі тых, хто шукаў і знайшоў збавенне ад хвароб.
    Пасля малітвы праваднік перагаварыў са служкам і павёў сваіх людзей на начлег. Ён не мог не клапаціцца пра іх; як ластаўкі, што прылятаюць вясною на старыя гнёзды, так і багамольцы разышліся па тых дамах, дзе з года ў год знаходзілі калі не шчодры пачастунак, то прыветлівыя твары, хлеб-соль і чысты ложак. Пані мама і бабуля заўсёды спыняліся ў сям’і кіраўніка вутальнай капальні; гэта былі немаладыя ўжо людзі, як казала бабуля, «са старога свету», і таму пачувалася яна ў іх, як у сябе дома. Жонка кіраўніка, пачуўшы, што прыйшлі жэрнаўскія багамольцы, выходзіла ўвечары на вуліцу і сядала на лавачку перад домам, каб іх сустрэць.
    Перш чым ісці спаць, гаспадыня паказвала пані маме сваё багацце: мноства палатна, каніфасу, пражы — колькасць усяго павялічвалася ў яе з кожным годам, большую частку пражы яна напрала за год.
    — Для каго, пані, усё гэта збіраеце, калі дачка ўжо пайшла замуж?
    — Ды ў мяне тры ўнучкі, а вы самі ведаеце: дзяўчат замуж выдаваць — холст ды пражу запасаць.
    3 гэтым пані мама была цалкам згодная. Калі ж выпадкам быў дома пан кіраўнік, то казаў:
    — Зноў, маці, вы свой тавар расклалі. Мабыць, анучамі гандляваць збіраецеся?
    — Ну, бацька, якія ж гэта анучы? Мой тавар і праз пяцьдзесят гадоў не парвецца!
    Кожны раз жонка кіраўніка перажывала, што не можа пачаставаць бабулю чым-небудзь лепшым, чым хлеб, бо бабуля на багамоллі жыла толькі на хлебе і вадзе. Але што зробіш, супраць святога абяцання не было чаго сказаць. Пані мама таксама любіла начаваць у кіраўніка, і, лежачы ў пуховых падушках, яна заўсёды казала: «Мілы ложак, чалавек нібы ў сумёты праваліўся».
    Крыстла з Анчай спыніліся ў беднай удавы; гаспадыня паклала іх спаць у адрыну. Яны паснулі б нават на голых камянях, але ў гэтую ноч сон не ішоў да дзяўчат і яны спусціліся ў сад.
    — Тут у тысячу разоў лепей, чым наверсе! Сад — наша святліца, зоркі — свечкі, зялёная трава — ложак, — напявала Крыстла, хутаючы ногі ў спадніцу і кладучыся пад дрэвам.
    — Тут будзем спаць, мілая сяброўка, — адказала ёй Анча, кладучыся побач. — Але, паслухай, як храпіць старая Фаўскова! Нібы каменні ляцяць з гары, — засмяялася яна.
    — Ба, як прыемна спаць каля яе. Як ты думаеш, родная, ці прыйдуць яны заўтра? — спытала Крыстла, павярнуўшыся да сваёй сяброўкі.
    — Яшчэ б не прыйшлі, — упэўнена адказала Анча. — Томаш будзе тут як на кані. А каб Міла не прыйшоў — такога быць не можа, ён цябе так кахае.
    — Хто ведае, мы ж пра гэта ніколі не гаварылі.
    — А навошта казаць, і так усё зразумела. Я не памятаю, каб Томаш мне казаў пра сваё каханне, а мы моцна кахаем адзін аднаго, і хутка ўжо вяселле.
    — Калі яшчэ яно будзе, тое вяселле?
    — Бацька хоча перадаць нам гаспадарку, а сам адпачываць, вось толькі дабудуе дом. Думаю, што паспеем да Кацярынінага дня. Добра было б нам браць шлюб у адзін дзень!
    — Ты так разважаеш, нібы ў нас усё дамоўлена, а яно яшчэ за гарамі.
    — Гэтага не можа быць. Мілавы будуць задаволены, калі Якуб увойдзе ў вашу сям’ю, а твой бацька атрымае цудоўнага сына. Лепшага хлопца для вашай гаспадаркі не знойдзеш, і для цябе таксама. Якуб — самы прыгожы хлопец у вёсцы, што праўда, то праўда. Старастава Люцына, думаю, даўно сумуе па ім!
    — Вось бачыш, яшчэ адзін камень, што ляжыць на нашым шляху, — уздыхнула Крыстла.
    — Дзяўчына, гэта больш чым адзін камень. Ты думаеш, што Люцына не з’яўляецца небяспечнай суперніцай? Яна і з твару цікавая, і бацька дасць на пасаг мех з грашыма.
    — Тым горш.
    — He бяры да галавы, бацька-стараста — гэта яшчэ не Бог, а Люцыну з усімі яе грашыма з табою не параўнаць. Mae ж Міла вочы.
    — Але калі яго абгавораць і таму не прымуць на працу ў замак, Міла будзе вымушаны пайсці ў салдаты.
    — He думай пра гэта. Калі будзе аканом дрэнна глядзець, падмажам яго, разумееш?
    — Было б добра, але заўсёды нешта перашкаджае. Між іншым у светаянскую ноч мне здалося, што Міла да мяне
    прыйшоў, і тады мы маглі б пабрацца, але сон ёсць сон. I бабуля кажа, што не можам давяраць прыкметам, толькі Бог ведае, што з намі будзе.
    — Але ж твая бабуля — не Евангелле.
    — Я веру бабулі, як Закону, яна заўсёды шчыра дасць чалавеку параду; усе кажуць, што яна жанчына выключная; усё, што яна скажа, — святая праўда.
    — Я таксама так лічу, але магу паспрачацца, што яна, калі была маладая, верыла ў тое ж, у што і мы. Усе старыя людзі такія: мая маці бясконца наракае, што моладзь сёння толькі імкнецца да радасці, танцаў і весялосці, а розуму ні на грош. I яшчэ кажа, што ў гады яе маладосці так не было, а я дакладна ведаю, што нашыя прабабкі не былі ні на волас лепшымі за нас; і мы, калі будзем старымі, тое ж будзем спяваць. А цяпер пад аховай Маці Божай давай спаць, — сказала Анча, прыкрыўшы ногі спадніцай. Праз хвіліну, калі Крыстла зазірнула ёй у твар, яна ўжо спала.
    У адрыне не магла заснуць яшчэ адна з багамолак, што там начавалі, бо не магла супакоіць дзіця.
    — Няўжо, маці, кожную ноч яно вас так даводзіць? — спыталася нейкая жанчына, што абудзілася ад сну.
    — Ды ўжо чатырнаццаць дзён кожную. Варыла я яму тое, што мне раілі: і галоўкі мака, і багародзіцкую траўку, — нічога не дапамагае. Каваліха кажа, што ў яго высыпка на кішках. Вырашыла я аднесці яго на алтар Маці Божай, і няхай будзе што будзе: або ачуняе дзіця, або Бог возьме.
    — Пакладзіце заўтра яго пад струмень, каб вада тройчы праз яго перакацілася. Маёй дачушцы гэта дапамагло, — разважыла жанчына і, павярнуўшыся на бок, заснула.
    Раніцай, калі падарожныя, сабраўшыся каля касцёла, працягвалі адзін аднаму рукі са словамі «Прабач мяне, грэшніка», — як гэта звычайна водзіцца перад споведдзю, Крыстла і Анча пачулі за сабою знаёмыя галасы: «I нас прабачце!»
    — I без споведзі адпускаем вашы грахі! — адказала Анча, падаючы руку Томашу. Крыстла, пачырванеўшы, падала сваю Мілу. Хлопцы таксама паступілі пад кіраўніцтва Марцінца і разам з усімі пайшлі да касцёла.
    3 касцёла ішлі ўсе мыцца да лазні, дзе старыя кабеты і мужчыны пускалі сабе кроў, так было заведзена, а потым ішлі купляць падарункі. Пані мама накупіла вялікую колькасць абразоў, ружанцаў, фігурак і іншых падарункаў.
    — У мяне шмат працаўнікоў, ды і сяляне на млын завітаюць, спытаюць пра падарункі з набажэнства, — растлумачыла яна бабулі.
    Побач з бабуляй стаяла старая Фаўскова, якая хацела набыць фісташкавыя ружанцы, але пачуўшы ад гандляра, што яны каштуюць дваццаць крэйцэраў срэбрам, з сумам паклала іх на месца, кажучы, што задорага.
    — Дорага? Ці гэта дорага? — абурыўся гандляр. — Пэўна вы ніколі не трымалі фісташкавых ружанцаў у руках, купіце сабе з персіка!
    — Для кагосьці гэта і танна, а ў мяне толькі палова гульдэна.
    — Ну, на гэта фісташкавых не купіш, — адказаў гандляр.
    Фаўскова адышла, але бабуля пайшла за ёю следам і сказала, што тут ёсць яшчэ адзін гандляр, які мае вельмі танныя рэчы. I што бачым! Гэты гандляр аддаваў усё вельмі танна, як бабуля і хацела, і Фаўскова за палову залатога купіла не толькі фісташкавыя ружанцы, але яшчэ і амброзіі, і шмат чаго іншага.
    Калі адышлі ад крамы, Барунка сказала:
    — Бабуля, вы ж гэтаму гандляру даплацілі. Я бачыла, як вы падміргнулі яму, калі Фаўскова выбірала.
    — Калі бачыла, дык маўчы, нікому не кажы. Што робіць правая рука, таго хай не ведае левая, — адказала бабуля.
    Крыстла купіла сярэбраны пярсцёнак з двума палаючымі сэрцамі. Міла тут жа набыў пярсцёнак, на якім былі дзве злучаныя рукі. Усё набытае багамольцы аднеслі асвяціць: і
    ружанцы, і пярсцёнкі, і абразкі, і малітоўнікі. Кожную рэч яны захоўвалі, як рэліквію.
    Па завяршэнні спраў падарожныя падзякавалі гаспадарам за гасціннасць, яшчэ раз памаліліся каля святой крынічкі і, даверыўшыся Маці Божай, рушылі дахаты.
    У Ртынскім лесе, недалёка ад дзевяці крыжоў, яны спыніліся адпачыць каля ручая. Тыя, хто пакутаваў ад смагі, схіліліся да крынічкі, а ўбачыўшы, як Крыстла з далоняў поіць Мілу, прасілі, каб яна і іх напаіла, што тая ахвотна і зрабіла. Старыя, пасеўшы на траве, паказвалі адзін аднаму падарункі і апавядалі пра тых багамольцаў з іншых мясцін, якіх сустрэлі ў Сватанёвіцах. Дзяўчаты пайшлі збіраць кветкі для вянкоў, а хлопцы пачалі папраўляць драўляныя крыжы, што стаялі на магілах.