Бабуля Карціны вясковага жыцця Бажэна Немцава

Бабуля

Карціны вясковага жыцця
Бажэна Немцава
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 256с.
Мінск 2007
62.43 МБ
— А што гэта за прароцтва, пра якое вы нам апавядалі, памятаеце, пра бланіцкіх рыцараў, пра святых Вацлава і Пракопа?
— Гэта, пэўна, прароцтва сляпога юнака, — адказала бабуля.
— Ах, бабуля, мяне ахоплівае такі страх, што я вам і перадаць не магу. Бачыце, вы таксама не хочаце, каб родная зямля на конскіх капытах была разнесена?
— Дурненькая, як жа я магу такое няшчасце жадаць? Заўсёды, кожны дзень, малюся за дабрабыт чэшскай зямлі, бо яна наша маці. I калі б я бачыла, што маці маёй пагражае смяротная небяспека, ці магла б я на гэта спакойна глядзець? А што вы рабілі б, калі б нехта хацеў забіць вашу маці?
— Крычалі б і плакалі, — азваліся хлопцы і Адэлька.
— Яшчэ дзеці, — усміхнулася бабуля.
— Мы павінны былі б ёй дапамагчы, ці не так, бабуля? — спыталася Барунка, і вочы яе заблішчэлі.
— Так, дзяўчынка, так. Гэта праўда, крык і плач тут не дапамогуць, — казала старая, паклаўшы руку на галаву ўнучкі.
— Але, бабуля, мы малыя яшчэ, як мы маглі б дапамагчы? — распытваў Ян, якому было крыўдна, што бабуля недаацэньвае яго.
— Ці не памятаеце, як я вам расказвала пра малога Давіда, які забіў Галіяфа? Бачыце, і малы шмат можа зрабіць, калі верыць у Бога, — памятайце пра гэта. Калі станеце дарослымі, пойдзеце ў свет, то сустрэнеце і зло, і дабро, вас будуць спакушаць, прывабліваць. Вось тады ўспомніце сваю бабулю, якая вам пра гэта казала, гуляючы з вамі. Калісьці я адмовілася ад дабрабыту, які прапаноўваў мне прускі кароль, бо лепш працаваць да скону, чым пакінуць сваіх дзяцей без радзімы.
Любіце чэшскую зямлю, як сваю родную маці, болын за ўсё на свеце, працуйце не пакладаючы рук, і прароцтвы, якіх вы так баіцеся, не споўняцца. Мне ўжо не дачакацца, калі вы станеце дарослымі, але спадзяюся, што бабуліны словы будзеце памятаць, — скончыла бабуля ўсхвалявана.
— Я ніколі не забудуся, — прашаптала Барунка, хаваючы твар у бабуліны калені.
Хлопцы стаялі моўчкі. Яны словы бабулі яшчэ не разумелі так, як разумела Барунка. Адэлька ж, прытуліўшыся да старой, плаксіва спытала:
— Але ж, бабуля, вы не памрэце?
— Усё на свеце да часу, мілая дзяўчынка. I мяне калісьці Бог пакліча, — адказала бабуля Адэльцы, тулячы яе да сябе.
Усе змоўклі, бабуля задумалася, дзеці не ведалі, што сказаць. Раптам пачулі над сабою хлопанне крылаў. Зірнуўшы ўгару, яны ўбачылі над галавою чараду птушак.
— Гэта дзікія гусі, — сказала бабуля. — Яны ў вялікія чароды не збіраюцца, заўсёды ляціць адзін вывадак, які павялічваецца за лета. Глядзіце, дзве птушкі ляцяць наперадзе, дзве ззаду, а астатнія заўсёды адна каля другой, у даўжыню або ўшырыню, але ніколі не паўкругам. Галкі ж, вароны і ластаўкі ляцяць вялікімі чародамі: некалькі птушак наперадзе, якія шукаюць месцы для адпачыку, ззаду і па баках ляцяць вартавыя, якія ахоўваюць у час небяспекі самачак і маладняк. I даволі часта, калі сустракаюцца дзве чароды варон, пачынаецца бойка.
— Якая ж бойка, бабуля, птушкі ж не маюць рук, каб трымаць шаблі і стрэльбы? — пацікавіўся Вілем.
— Яны б’юцца сваёй прыроднай зброяй. Бывае, што б’юць дзюбамі і крыламі адзін аднаго так моцна, як людзі вострай зброяй. Пасля кожнай з такіх боек шмат птушак гіне.
— Вось дурныя, — заўважыў Ян.
— Мілы хлопчык, людзі, хоць і маюць розум, але б’юцца часам з-за дробязі і забіваюць адзін другога да смерці, — адказала бабуля, устаючы з лавачкі і клічучы дзяцей дахаты.
— Паглядзіце, сонца садзіцца барвовае, заўтра будзе дождж, — і, паглядзеўшы на горы, дадала: — А Снежка апранула каптур.
— Бедны пан Бейер, колькі трэба яму выцерпець, пакуль ходзіць па лесе, — са спачуваннем сказаў Вілем, прыгадаўшы крканошскага лесніка.
— Кожнае рамяство мае свае цяжкасці, але калі абярэш сабе справу, то мусіш зносіць добрае і дрэннае, нават калі б табе і пагражала небяспека, — сказала бабуля.
— Я буду лесніком і пайду да пана Бейера, — весела сказаў Ян і, пусціўшы ў паветра папяровага змея, панёсся ўніз з гары, а Вілем за ім. Абодва пачулі звон званочкаў, гэта пастух гнаў статак з поля дахаты, і дзеці з радасцю аглядалі прыгожых кароў, асабліва тых, што ішлі наперадзе з меднымі званочкамі на чырвоных скураных ашыйніках; званочкі мелі кожны свой голас. Здавалася, што каровам падабаецца іх упрыгожанне, яны з гонарам паварочвалі галовы з боку на бок, а званочкі адказвалі ім прыемным гучаннем.
Убачыўшы кароў, Адэлька запела:
— Гоў, гоў, каровы ідуць, нясуць малако са смятанкай, — і пацягнула бабулю з гары.
Бабуля павярнулася да Барункі, што засталася яшчэ на ўзгорку. Тая глядзела на небасхіл. Заходні бок яго быў надзвычай жывапісны. На светлым фоне то выступалі цёмныя горы, высачэзныя, дзіўных форм, то цягнуліся доўгія хрыбты лесу, то малыя ўзгоркі, на якіх стаялі замкі і каплічкі, то на раўніне ўздымаліся стромкія калоны і аркі грэчаскай архітэктуры; на самым захадзе рудую зару аблямавалі залатыя іерогліфы і арабескі. Горы, лясы і замкі знікалі, а на іх месцы ўзнікалі яшчэ больш дзіўныя краявіды.
Дзяўчынцы ўсё гэта так падабалася, што яна клікала бабулю на ўзгорак, але бабулі ўжо не хацелася падымацца; зразумела, у яе ж не было маладых ног, і дзяўчынцы прыйшлося далучыцца да астатніх.
Раніцаю, у Дзень усіх святых, дзеці як звычайна пайшлі сустракаць бабулю і па дарозе казалі:
— Сёння нам бабуля з касцёла прынясе свечкі.
I сапраўды, бабуля прынесла свечы.
— Калі мы не можам пайсці на могілкі і памянуць душы памерлых, запалім свечкі дома, — казала яна.
Кожны год бабуля з дзецьмі паміналі ў свята памерлых родных. Увечары на Дзяды старая прыляпіла на стол адну за другою запаленыя свечкі, кожны раз прамаўляючы імя сваяка, якому прызначалася свечка. Памянуўшы ўсіх сваякоў, яна даставала яшчэ некалькі свечак і казала:
— А гэта за тых, пра каго забыліся.
— Бабуля, я запалю свечку за няшчасных маладых у Гержманскім лесе.
— Запалі, запалі, дзяўчынка. Малітва будзе ім прыемнай.
Запалілі яшчэ адну свечку, бабуля з дзецьмі ўкленчылі ля стала і маліліся, пакуль усе свечы не дагарэлі.
— Няхай ім свеціць спрадвечнае святло, хай спачываюць у спакоі, — скончыла бабуля малітву, а дзеці павінны былі сказаць «амінь».
Праз тыдзень пасля Дзядоў, калі бабуля будзіла дзяцей раніцай, то абвясціла, што прыехаў святы Марцін на белым кані. Дзеці хуценька выскачылі з ложкаў, падбеглі да вакна — а там усюды бела. На ўзгорку не бачна ніводнай зялёнай галінкі, на вербах ля ракі, на вольхах каля ручая таксама. Зелянелі толькі хвоі ды піхты, але галіны іх сагнуліся пад тоўшчай снегу. На рабіне, што стаяла каля дома, вісела некалькі змерзлых гронак, там сядзела варона, а хатняя птушка стала цішэйшай і са здзіўленнем пазірала на гэтае абнаўленне. Толькі вераб’і весела скакалі пад вокнамі, падбіраючы забытае курамі зерне. Котка, вяртаючыся з палявання, пры кожным кроку абтрасала ад снегу свае лапкі, імкнучыся хутчэй дабрацца да печкі. Сабакі ж, грузнучы па калена ў снег, весела скакалі па сумётах.
— Снег, снег! Як добра! Будзем катацца на санках! — весела крычалі дзеці, вітаючы зіму, якая несла ім столькі радасці. Святы Марцін прынёс ім смачныя рагалікі, а пасля свята пачалі скубсці пер’е. Але дзеці больш любілі быць там, дзе дзяўчаты і жанкі збіраліся прасці, — з-за большай свабоды. Калі ж жанчыны садзіліся скубсці пер’е каля доўгага стала, і на стале хутка вырастала высачэзная гара пуху, падобная на сумёты, бабуля адганяла хлопчыкаў і Адэльку як мага далей. Неяк аднойчы Ян, які дапамагаў скубсці пер’е, паваліўся на гэтую гару; які ж гэта быў пярэпалах, цяжка нават уявіць. 3 таго часу бабуля казала, што малых трэба трымаць ад стала як мага далей. Дзеці не маглі ні бегаць каля стала, ні дзьмуць, ні празмерна расчыняць дзверы без таго, каб на іх не сварыліся. Адзінаю радасцю ў гэты час былі смажаны ra­pox і казкі пра розных страшыдлаў і разбойнікаў, блукаючыя агеньчыкі і лесуноў. У доўгія цёмныя вечары, калі дзяўчаты, што скублі пер’е і пралі, пераходзячы з хаты ў хату, а то і з вёскі ў вёску, часта ішлі размовы пра тое, як адзін напалохаўся таго, а другі іншага. I тут пачыналіся аповеды, якім не было канца, таму што ў кожнай знаходзілася некалькі падобных прыкладаў.
Крамоленскія злодзеі, што звычайна вясною траплялі ў астрог, а зімою вярталіся (людзі казалі, што «ідуць за ведамі», таму што там нечаму новаму вучыліся), — распаўсюджаная тэма размоў. Пагаварыўшы пра іх, пераходзілі на размовы пра злодзеяў наогул, а потым надыходзіла чарга казак пра лясных разбойнікаў. Дзеці сядзелі не зварухнуўшыся, затаіўшы дыханне. Hi за што на свеце не выйшлі б яны за дзверы, так ім было страшна! Вось чаму бабуля не любіла такога кшталту гутарак, але не мела магчымасці іх спыніць.
Пасля дня Марціна ў мястэчку ладзіўся зімовы кірмаш. Пані Тэрэза накіроўвалася туды разам з Беткай і Воршай і кунляла посуд і розныя рэчы на цэлую зіму. Дзеці з нецярпеннем чакалі маці, якая заўсёды ім прыносіла нейкую цацку і добры марцыпан. Бабуля кожны год атрымлівала ў падару-
нак панчохі з воўны, хатнія чаравікі і палову тузіна маткоў шнура да калаўрота «Кірмаш». Кладучы іх у шуфляду, казала Яну: «Калі б не ты, то мне і аднаго было б дастаткова».
Адэлька гэтым разам атрымала драўляную дошку, на якой была напісана азбука.
— Калі заўтра прыйдзе пан настаўнік, то можаш таксама пачынаць вучыцца, a то табе сумна сядзець адной, пакуль астатнія здабываюць веды. А калі завучыла <>Ойча наш» і песенькі, то завучыш і азбуку, — вырашыла маці.
Дзяўчынка заскакала ад радасці і пачала ўважліва разглядаць напісаныя на дошцы літары. Ахвочы на дапамогу Вілем прапанаваў паказаць ёй галосныя літары, але Адэлька схавала дошку за спіну.
— He хачу ў цябе вучыцца! Ты не ўмееш вучыць, як настаўнік.
— Я што, не ведаю азбуку, калі чытаю кнігі? — засмуціўся ўражаны хлопец.
— Але ў кнізе зусім не так, — адбівалася ад яго сястра.
— Ай, ай, во дурная! — пляснуў далонямі Вілем.
— He хачу, — затрэсла галавою Адэлька і пайшла з дошкаю бліжэй да святла.
Пакуль гэтыя двое спрачаліся пра навуку, Ян даваў канцэрт на кухні Султану і Тырлу: граў на ражку і адначасова біў у барабан, што маці прынесла з кірмашу. Сабакам гэтая музыка не падабалася: Султан, задраўшы морду, брахаў, а Тырл выў так, што было страшна. Бабуля з дачкою прыбірала ў каморы, складала набытыя рэчы, але, пачуўшы гэтую музыку, адразу прыбегла.