Бабуля
Карціны вясковага жыцця
Бажэна Немцава
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 256с.
Мінск 2007
— Бачыце, як дзеці прыгожа ўмеюць усё гэта паказаць, як прыемна паслухаць, — захаплялася Ворша. Бабуля таксама вельмі хваліла акцёраў і шчодра іх адорвала на развітанне.
За домам пераглядалі ўсё, што атрымалі; ежу кароль тут жа дзяліў паміж усімі, а грошы клаў сабе ў кішэню, бо меў на гэта права як арганізатар і адпаведна нёс і расходы і адказнасць за ўсіх. Пасля такога справядлівага падзелу акцёры накіроўваліся ў бок Рызнбургу. Дзеці Прошкавых доўга яшчэ паўтаралі пачутыя рэплікі і маналогі і ўяўлялі Дароту. Маці ніяк не магла зразумець, як такое глупства можа падабацца.
А тут ужо надышла апошняя нядзеля Масленіцы, і да ганку пад’ехалі з горада прыгожыя сані. Калі коні страсянулі грывамі, званочкі так моцна зазвінелі, што варона, зімняя госця Прошкавых, з перапуду пераляцела з прызбы на рабіну, а куры і вераб’і з вялікім здзіўленнем разглядалі вупраж, думаючы пры гэтым: «Гэта, мабыць, па караля прыехалі!»
А здарылася тое, што за сям’ёй Прошкавых прыслаў коней кум Станіцкі з мястэчка, ён запрашаў адсвяткаваць у іх
Масленіцу. Бабуля заўсёды адмаўлялася ехаць, кажучы: «Што мне там рабіць? Лепш застануся дома, я паміж панамі дрэнна пачуваюся». Станіцкія былі добрымі і прыветлівымі людзьмі, але ён трымаў карчму, дзе збіраліся розныя людзі з усяго наваколля, і гэта не падабалася сціплай бабулі.
Калі ўвечары дзеці вярнуліся дахаты, яны расказалі бабулі, што бачылі добрага, аддалі ёй гасцінцы, хвалілі вясёлую музыку і пералічвалі тых, хто там быў.
— Адгадайце, каго мы там бачылі? — сказаў Ян.
— Ну каго? — спытала бабуля.
— Гандляра-італьянца, што да нас ездзіць і заўсёды дорыць фінікі. Але ж вы яго не пазналі б: ужо не такі брудны, як тады, калі прыязджаў да нас, выглядаў, як князь, і гадзіннік павесіў на залаты ланцужок.
— Калі ёсць грошы, чаму не выглядаць добра, — заўважыла бабуля. — Вы ж таксама не ходзіце ў госці ў тым адзенні, у якім дома коўзаліся па падлозе. Ужо з павагі да сябе і іншых людзей чалавек мусіць хадзіць чыста апранутым, калі гэта магчыма.
— Але ж ён вельмі заможны, ці не так? — дапытваліся дзеці.
— He ведаю, я ў яго куфар не глядзела, але можа быць, бо ён умее гандляваць.
У апошні дзень Масленіцы прыйшлі зноў пераапранутыя і прынеслі з сабою шмат гоману і мітусні. На чале ішла падобная на няўклюднага мядзведзя Масленіца, якая была цалкам завешана гарохавай саломай. У кожным доме гаспадыня адрывала ад саломы трошкі і захоўвала, сухую галіну вясной клалі ў гусінае гняздо, каб гусцы лепей сядзелася на яйках.
Скончылася Масленіца, а разам з ёю надышоў канец зімоваму вяселлю. Бабуля спявала каля калаўрота вялікапосныя малітвы, а калі дзеці падсаджваліся да яе, апавядала ім пра жыццё Ісуса Хрыста, а ў першы ж посны тыдзень яна апранулася ў цёмнае адзенне. Дні станавіліся даўжэйшымі,
сонца прыгравала мацней, цёплы вецер з’ядаў снег на ўзгорках. Зноў у двары весела заквакталі куры, гаспадыні пры сустрэчы абмяркоўвалі пытанні, ці час садзіць квактуху на яйкі, разважалі пра пасевы льну. Гаспадары рыхтавалі плугі ды бароны. Ляснік ўжо не хадзіў з лесу на Старую бялільню напрасткі праз раку: лёд трэскаўся і кавалак за кавалкам «адкланьваўся», як жартаваў пан бацька, які раніцою хадзіў аглядаць гаць, спыняючыся на прызбе Прошкавых пагаварыць з бабуляй. Незаўважна праляцелі чатыры тыдні посту, а пятага тыдня дзеці чакалі з асаблівай радасцю.
— Сёння будзем хаваць зіму, — крычалі яны разам у нядзелю раніцою. А дзяўчаты дадавалі:
— Сёння наша чарга валачобнічаць!
Бабуля зрабіла для Адэлькі «лета»: галінку вярбы ўпрыгожыла яечнымі шкарлупкамі (яна іх збірала некалькі дзён) і чырвонымі банцікамі, каб было весела. I дзяўчаты накіраваліся валачобнічаць. Надвячоркам дзяўчаты сабраліся на млыне і пачалі ўпрыгожваць чучала, што сімвалізавала зіму. Цылька звязала сноп з дахавай саломы, кожная з дзяўчынак прынесла нешта з вопраткі. Чым лепш будзе ўпрыгожана Маржэна, тым больш гонару тым, хто валачобнічае. Калі «зіма» была апранута, дзве дзяўчынкі павялі яе пад рукі з млына, астатнія рушылі за імі. Размахваючы ўпрыгожанымі галінкамі вербалозу, усе спявалі:
— Ідзі, зіма, з вёскі! Добры дзень, лета!
Валачобнікі накіроўваліся з млыну да гаці. Дзяўчаты, старэйшыя па ўзросце, ішлі наводдаль за імі, хлопцы з кплівымі грымасамі скакалі вакол Маржэны, імкнучыся сарваць з яе каптур, а дзяўчаткі яе абаранялі. Ля гаці яны хуценька сцягнулі з чучала сукенку і з радаснымі крыкамі кінулі сноп у ваду. Потым хлопчыкі і дзяўчаткі сабраліся разам і, павярнуўшыся назад, заспявалі: «Смерць плыве па вадзе, а новае лета да нас ідзе з чырвонымі яйкамі, з жоўтымі кулічамі». Потым дзяўчаты зацягнулі: «Лета, лета, лета, дзе ты так доўга было? Ля студні, ля вады — рукі і ногі! Фіялкі, ружы цвісці не
могуць, пакуль Бог не дапаможа». Хлопцы падхоплівалі: «Святы Пётр з Рыму, дашлі фляіу віна, каб мы напіліся, Бога славілі!»
— Ну, валачобніцы, хадзіце ў дом, — паклікала пані Прошкава, слухаючы на прызбе спевы. — Заходзьце ў хату, віна вам не дадзім, але нештачка іншае для вас падрыхтавалі.
Усе дзеці ўвайшлі ўслед за дзяўчынкамі Прошкавых у святліцу, а за імі, весела спяваючы, Крыстла з дзяўчатамі.
Раніцай у Вербную нядзелю Барунка збегала да ракі за вярбою, якая толькі што распусцілася. «Нібы ведала, што ў гэты дзень будзе патрэбная», — падумала дзяўчынка. Калі ішла разам з бабуляю да касцёла на імшу, кожная несла свяціць пучок вярбы.
У Перадвелікодную сераду, калі бабуля закончыла свой «урок» і занесла калаўрот на гарышча, Адэлька крыкнула: «Бабуля схавала калаўрот на гарышчы! Значыць, хутка возьмецца за верацяно’»
— Дасць Божа, дажывем да зімы, зноў дастанем яго з гары, — усміхнулася бабуля.
У Чысты чацвер дзеці ведалі, што не атрымаюць нічога, акрамя аладак з мёдам. На Старой бялільні пчол не было, але пан бацька, дастаючы з вулляў соты, заўсёды дасылаў мядку суседзям. Млынар быў добрым пчаляром, і вулляў у яго было шмат. Ён і Прошкавым абяцаў падарыць вулей з пчоламі, калі яны адрояцца. Неаднойчы чуў пан бацька ад бабулі, што аднаго толькі не хапае на Старой бялільні — пчол, што весялей чалавеку, калі ён бачыць, як пчолкі цэлы дзень лётаюць з вулля ў вулей і напружана працуюць.
— Барунка, уставай, хутка сонца ўзыйдзе! — будзіць бабуля ў Перадвелікоднуто пятніцу ўнучку, дакранаючыся да лба.
Барунка спала чуйна, яна імгненна прачнулася і, убачыўшы каля свайго ложка бабулю, прыгадала, што ўчора ўвечары прасіла яе разбудзіць раней, каб не спазніцца да ранішняй службы. Яна ўскочыла, апранулася, накінула хустку і пайшла з бабуляю. Воршу і Бетку старая таксама пабудзіла. «Дзеці
няхай яшчэ спяць, яны малыя яшчэ, неразумныя, мы за іх памолімся», — вырашыла яна. Як толькі дзверы ў сенцах зарыпелі, падалі голас хатнія птушка і скаціна. Выскачылі з будак сабакі. Бабуля ласкава адпіхнула ад сябе сабак, а астатнім сказала: «Пацярпіце, мы ідзем маліцца!»
Пасля таго як Барунка па бабуліным загадзе памылася ў ручаі каля млына, яны ўзняліся на ўзгорак і прачыталі дзевяць разоў «Ойча наш» і «Цар нябесны», просячы ў Бога здароўя на цэлы год. Такім быў звычай. Старая ўкленчыла, склаўшы на грудзях маршчыністыя рукі, і ўзняла спакойны погляд да ружовага золаку, які на ўсходзе сведчыў пра хуткае з’яўленне сонца. Каля яе на каленях стаяла Барунка, свежая, ружовая, як бутончык. Хвіліну і яна малілася набожна, але мала-памалу яе ясныя, вясёлыя вочы адарваліся ад неба і позірк прабег па лясах, лугах і ўзгорках. Мутныя хвалі ракі памалу плылі, зносячы з сабою апошнія кавалкі лёду і снегу; у лагчынах паміж узгоркамі яшчэ бялеў снег, але дзе-кольвечы ўжо зелянела трава, квітнелі першыя маргарыткі, набрынялі пупышкі на кустах і дрэвах. Прырода абуджалася да жыцця і радасці. Світанак разліўся па небе, з-за гор, залоцячы верхавіны дрэў, усё вышэй і вышэй цягнуліся ў зіхаценні сонечныя промні, нарэшце ўрачыста выглянула сонца і асвятліла ўзгорак. Супрацьлеглы бок быў яшчэ напалову ахутаны цемрай, за гаццю спускалася мгла ўсё ніжэй і ніжэй, а над ёю на ўзгорку можна было разгледзець укленчыўшых работнікаў з лесапільні.
— Паглядзіце, бабуля, як узыходзіць сонца, — сказала Барунка, глыбока ўражаная веліччу нябеснага свяціла. — Ах, як добра было б цяпер памаліцца на Снежцы!
— Калі хочаш маліцца Богу, усюды для гэтага знойдзеш месца, уся Божая зямля цудоўная, — сказала бабуля, устаючы з зямлі, і перахрысцілася.
Азірнуўшыся, яны ўбачылі высока на ўзгорку Вікторку, што абаперлася на дрэва. Яе кучаравыя валасы зліпліся ад расы і віселі мокрымі пасмамі, сукенка на ёй была парваная,
шыя аголеная, чорныя вочы, палаючыя дзіўным агнём, узіраліся ў сонца, у руцэ яна трымала кветкі ключыкаў, якія ўжо расцвіталі. Здавалася, што яна нікога не бачыць.
— Недзе бадзялася, бедная, — сказала старая са спачуваннем.
— I дзе яна знайшла ключыкі?
— Недзе на ўзгорку ў лесе, яна там кожны куточак ведае.
— Я іх у яе папрашу, — сказала дзяўчынка і пабегла ўгару.
Вікторка абудзілася ад сваіх думак і хутка пайшла прэч, калі Барунка паклікала: «Калі ласка, Вікторка, дай мне кветку». Яна спынілася і, утаропіўшы вочы ў зямлю, працягнула дзяўчынцы ключыкі. Потым, усміхнуўшыся, хутка пабегла з узгорка ўніз. Барунка вярнулася да бабулі.
— Даўно яна ўжо не прыходзіла па ежу, — заўважыла бабуля.
— Учора, калі вы былі ў касцёле, яна зазірала, маці дала ёй хлеба і аладак з мёдам, — азвалася Барунка.
— Летам беднай будзе лепш. Толькі Бог ведае, як яна ўсё гэта выносіць, цэлую ж зіму бегае ў адной сукенцы і босая. Пасля яе на снезе крывавыя сляды застаюцца, а ёй хоць бы што! Жонка лесніка хацела б кожны дзень карміць яе цёплай ежаю, але яна не прымае нічога, акрамя кавалка хлеба. Няшчаснае стварэнне!
— Ёй, пэўна, не холадна ў пячоры, бабуля, a то яна абавязкова прыйшла б да каго-небудзь. Мы яе столькі разоў прасілі застацца.
— Ляснік казаў, што ў такіх падземных норах зімою цёпла, а паколькі Вікторка ніколі не заходзіць у дом, таму холад так, як мы, не адчувае. Гэта ўжо Бог так вырашыў: ён дасылае анёлаў ахоўваць дзяцей ад усяго злога, а Вікторка, як малое беднае дзіця, — казала бабуля, уваходзячы ў дом.
Звычайна апоўдні да Старой бялільні далятаў звон з Жэрнаўскай гары, з вежы над каплічкаю, але сёння Ян і Вілем лёталі па садзе з трашчоткамі і так шумелі, што напалохаліся нават вераб’і на страсе. Пасля поўдня бабуля з дзецьмі