Бабуля
Карціны вясковага жыцця
Бажэна Немцава
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 256с.
Мінск 2007
— Бабуля, не забудзьцеся пакінуць нам абед і ўсё, што будзеце есці, — прасіў Ян.
— Ідзі, дурненькі, ці забывалася на вас я хоць калі-небудзь? — смяялася бабуля.
Перахрысціўшы дзяцей, яна ўжо хацела вярнуцца, але раптам нешта прыгадала.
— Калі раптам сустрэне навальніца па дарозе, хоць наўрад ці яна сёння будзе, не бойцеся: ідзіце ціхенечка сваім шляхам і маліцеся Богу. He спыняйцеся пад дрэвам: маланка часта б’е ў дрэва. Зразумелі?
— Зразумелі, бабуля, бацька нам ужо пра такое казаў.
— Ну, тады ідзіце з Богам, пакланіцеся ад мяне пану настаўніку.
Бабуля з гэтымі словамі хутка павярнулася, каб дзеці не ўбачылі слёзы, якія міжволі каціліся з яе вачэй. Сабакі скакалі каля хлопчыкаў, думаючы, што яны ідуць на шпацыр. Ян растлумачыў ім, куды яны накіроўваюцца, і стаў іх адганяць.
Бабуля паклікала сабак, і тыя пабеглі за ёю, увесь час азіраючыся ў надзеі, што іх паклічуць. Азірнулася неаднойчы і бабуля, а калі пераканалася, што дзеці перайшлі масток, на якім іх чакала Манчынка, не спыняючыся пайшла дахаты. Увесь дзень бабуля была задумлівая і без усялякай мэты хадзіла па доме, нібы кагосьці шукаючы. Ледзьве зязюля на гадзінніку пракувала чатыры, бабуля ўзяла пад паху верацяно. Паклікаўшы Адэльку, яна сказала:
— Пойдзем, дзяўчынка, пойдзем школьнікам насустрач, пачакаем іх каля млына.
Яны пайшлі.
Каля статуі пад ліпамі сядзелі пан бацька і пані мама, некалькі завознікаў стаяла побач.
— Ці не ідзеце сустракаць кампанію? — спытала пані мама здалёк, — мы таксама чакаем Манчу. Сядайцс побач з намі, бабуля!
Бабуля села.
— Што ў вас новага? — спыталася ў пана бацькі і іншых.
— Я вось апавядаю, што на гэтым тыдні рэкруцкі набор, — азваўся адзін з завознікаў.
— Няхай Бог дапаможа, — уздыхнула бабуля.
— Ба, мілая бабуля, шмат слёз пральецца. Думаю, што і ў Мілы душа ў пятках апынулася, — сказала пані мама.
— Так заўсёды бывае, калі хлопец ладны, — усміхнуўся пан бацька і прыжмурыў вока. — Калі б не яго прыгажосць, не баяўся б цяпер салдатчыны, але дачка старасты Люцыя зусім ад рэўнасці звар’яцела, злая на Мілу, вось яму і насаліла.
— Можа быць, бацька Мілы паправіць справу, — уздыхнула бабуля, — Якуб толькі на гэта і спадзяецца, бо на Каляды аканом адмовіўся ўзяць яго на панскі двор.
— Ну, — пачаў адзін з завознікаў, — стары Міла не пашкадуе для такога выпадку сотню-другую.
— Дзве сотні, браток ты мой, тут мала, — сказаў пан бацька, — а стары Міла болып даць і не можа, бо жывёлы ў яго
няшмат, а колькі дзяцей на ім! Што і казаць, найлепш бы Якуб сабе дапамог сам, каб ажаніўся з дачкой старасты Люцыяй. Але сілком не будзеш мілы. Думаю, каб Міла мусіў выбіраць, то хутчэй бы пайшоў у салдаты, чым стаў зяцем старасты.
— Ну, бяда дык бяда, — пагадзіўся адзін з завознікаў, — хто ажэніцца з Люцыяй, не можа прасіць: «Не карай мяне, Божа», — бо будзе пакараны дастаткова.
— Больш за ўсіх мне шкада Крыстлу. Што з ёю будзе, — сказала бабуля.
— Што ж, дзяўчына паплача і ўсё, — прыжмурыўся пан бацька, — Якубу будзе горш.
— Той, хто супраць волі ідзе ў салдаты, цяжка прызвычайваецца, але ў рэшце рэшт прывыкае, як і кожны іншы. Я гэта добра ведаю, пан бацька, як гэта бывае. Майму нябожчыку Іржы — царства яму нябеснае — цяжка прыйшлося, ды і мне з ім разам. Толькі ў нас усё па-іншаму атрымалася, чым у Мілы з Крыстлаю. Іржы атрымаў дазвол на жаніцьбу, пабраліся мы з ім, і жылі мы добра. Тут такога быць не можа, і няма чаму дзівіцца, што Міла ідзе ў войска без усялякага жадання. Толькі падумайце, што трэба чатырнаццаць гадоў чакаць! Ну, можа, усё абыйдзецца яшчэ, — сказала старая, і твар яе ў адзін момант пасвятлеў, бо яна здалёк убачыла, што ідуць дзеці. Тыя ж, заўважыўшы бабулю, пусціліся бегчы.
— Што, Манча, галодная? — спытаўся пан бацька, калі дачка з ім прывіталася.
— А як жа, тата, усе мы галодныя, бо ніхто не абедаў, — адказала дзяўчынка.
— А той акраец хлеба, булкі, сушаная садавіна. Ці гэта была раса? — пан бацька закруціў у руцэ табакерку.
— Ну, тата, ці ж гэта абед? — засмяялася дзяўчынка.
— Такі вялікі шлях прайсці і столькі вучыцца, як жа ж тут не адчуць голад, ці не праўда, дзеці? — усміхнулася бабуля і, сунуўшы верацяно пад паху, дадала:
— Ідземце ж хутчэй, каб вы не памерлі з голаду.
Усе пажадалі адзін другому добрай ночы. Манчынка нагадала Барунцы, што будзе заўтра чакаць на мосце, і пабегла ўслед за маці да млына. Барунка ўзяла бабулю за руку.
— Апавядайце мне цяпер, як вам там было, чаму вучылі ў школе, як вы сябе там паводзілі? — пыталася бабуля па дарозе.
— Паслухайце, бабуля, я bankaufser, — хутка сказаў Ян, скачучы перад бабуляю.
— Скажы, калі ласка, хлопчык, што гэта такое? — спыталася бабуля.
— Ведаеце, бабуля, апошні ў радзе павінен сачыць за паводзінамі ўсіх, хто сядзіць з ім на адной лаўцы, а калі хто не слухаецца, таго запісваць, — растлумачыла Барунка.
— Мне здаецца, што такога вучня клічуць назіральнікам, толькі ім заўсёды робяць самага паслухмянага і ўзорнага вучня. He мог жа пан настаўнік адразу зрабіць Яна назіральнікам.
— Вось Копржываў Тонік і наракаў на нас, калі мы ішлі са школы, што калі б мы не былі Прошкавы, настаўнік з намі гэтак бы не насіўся, — скардзілася Барунка.
— Ну, гэта не так, — сказала бабуля, — пан настаўнік не будзе паіураць вам. Калі тое заслужыце — пакарае, як і Тоніка. А зрабіў ён гэта дзеля таго, каб вы цанілі яго давер, ахвотна хадзілі ў школу і імкнуліся быць добрымі вучнямі. А чаму вас там навучылі?
— Мы пісалі дыктоўку, — адказалі Барунка і хлопцы.
— А што гэта такое?
— Пан настаўнік чытаў нам уголас па кнізе, а мы пісалі, а потым перакладалі з нямецкай мовы на чэшскую і з чэшскай на нямецкую.
— I што, дзеці разумелі нямецкую мову? — здзівілася бабуля, імкнучыся даведацца пра ўсе школьныя справы, як гэта рабіла княгіня, нягледзячы на тое, што на гэты конт яна мела ўласную думку.
— Ах, бабуля, ніхто не разумее нямецкай мовы, толькі мы троху, таму што дома вучылі і бацька з намі размаўляў па-
нямецку. Але гэта нічога не значыць, што не разумеюць, галоўнае, каб урок вывучылі, — растлумачыла Барунка.
— Але як яны яго вывучаць, калі не разумеюць нічога ў нямецкай мове?
— Таму іх і караюць за тое, што не робяць гэта добра; пан настаўнік ставіць палачкі ў чорнай кнізе, выводзіць да дошкі і ганьбіць, а часам нават па руцэ б’е. Сёння павінна была стаяць ля чорнай дошкі старастава Аніна, якая сядзіць побач са мною, яна яшчэ ні аднаго разу не напісала дыктоўку па-нямецку. Яна мне скардзілася, што не можа падрыхтавацца да ўрока, і са страху нічога не ела. Я ёй усё напісала і атрымала ад яе дзве гамолкі* за гэта.
— Табе не трэба было браць, — сказала бабуля.
— Я і не хацела браць, але яна сказала, што мае яшчэ дзве. Яна была такая задаволеная, што я напісала ўрок, што паабяцала кожны дзень прыносіць мне чаго-небудзь, калі я буду ёй дапамагаць у нямецкай мове. Чаму ж мне не дапамагчы ёй?
— Дапамагаць дапамагай, але не рабі за яе ўрокі, бо інакш яна не навучыцца.
— Ну дык што з таго? Ёй і не патрэбна. Мы вучым нямецкую мову толькі таму, што так хоча пан настаўнік.
— ён таму гэтага хоча, каб з вас выйшлі адукаваныя людзі, і чым больш будзеце ведаць, тым лягчэй праб’ецеся на сваю дарогу. А нямецкая мова спатрэбіцца: бачыце, я нават з вашым бацькам пагаварыць не магу.
— Але ж тата вас разумее, і вы яго таксама, хоць і не ведаеце нямецкую мову. У Жлічы размаўляюць толькі па-чэшску, таму не абавязана Аніна валодаць нямецкай моваю. Яна казала, што калі захоча навучыцца мове, то пойдзе да немцаў. Пан настаўнік думае па-іншаму. Ах, галубка, бабуля, ніхто не хоча вучыцца пісаць дыктоўку па-нямецку, гэта так цяжка. Вось калі б па-чэшску — то ішло б як «Ойча наш».
• Гамолка — невялікі сухі сыр круглай формы.
— Ну, вы яшчэ малыя, каб разважаць, слухайцеся і вучыцеся ахвотна. А што хлопцы, добра сябе паводзілі?
— Так, толькі Янік, калі настаўнік выйшаў з класа, пачаў з іншымі хлопцамі скакаць па лаўках. Я яму казала...
— Ты мне казала? Я сам перастаў, калі пачуў, што настаўнік ідзе!
— Так я даведалася пра цікавыя рэчы, ты павінен глядзець за іншымі, а сам дурэеш. Як жа гэта так? — здзівілася бабуля.
— Ах, бабуля, — азваўся Вілем, які пакуль сядзеў ціха і паказваў Адэльцы вялікі кавалак салодкавага кораня і лісток сусальнага золата, якія вымяняў у нейкага хлопца ў школе за крэйцэр. — Ах, бабуля, каб вы толькі ведалі, якія невыхаваныя хлопцы ёсць у школе, вы б жахнуліся! Скачуць па лаўках, б’юцца, а наглядальнікі разам з імі.
— Божа ж ты мой! I што ж настаўнік на гэта кажа?
— Гэта яны робяць, калі настаўнік адыходзіць. А калі прыходзіць, то ўсе займаюць свае месцы, кладуць рукі на сталы і сядзяць ціха.
— Якія свавольнікі! — уздыхнула бабуля.
— А дзяўчаткі ў лялькі гуляюць, я сам бачыў, — скардзіўся Ян.
— Усе вы кветкі з чортавага саду, настаўнік павінен мець анёльскае цярпенне, — абагуліла бабуля.
Дзеці яшчэ доўга распавядалі пра школу, пра дарогу туды і назад, бо гэта было іх першае падарожжа, і яны так ганарыліся сваёй самастойнасцю, нібы вярнуліся з Парыжа.
— А дзе тыя гамолкі? Вы іх з’елі? — спыталася бабуля, імкнучыся даведацца, што елі дзеці, бо клапацілася пра іх здароўе.
— Адну мы з’елі, другую я хацела прынесці дахаты, але пакуль пісала на дошцы, Копржываў выцягнуў яе ў мяне з сумкі. Ён якраз ззаду сядзіць. Скажы я нешта, ён бы мяне збіў, калі мы выйшлі са школы, ён страшны задзіра.
Бабуля не ўхваліла дзяцей, у чым яны праўдзіва прызналіся, але сама падумала: «I мы не былі лепшымі».
Дзеці ведалі, што бабуля больш лагодная, чым маці, і што яна скрозь пальцы глядзіць на дзіцячыя свавольствы хлопцаў, дазваляла яна падурэць і Барунцы. Вось чаму яны былі больш шчырыя з бабуляю, чым з маці, якая пра ўсё судзіла вельмі строга.
XIV
Праз некалькі дзён пасля першага траўня, у чацвер — дзень, калі ў дзяцей не было заняткаў у школе, яны дапамагалі бабулі паліваць у агародчыку кветкі і вінаград, які ўжо віўся па сцяне. Акрамя таго, кожны паліваў сваё дрэўца. У чацвер кожны меў шмат спраў: ажно тры дні Барунка не бачыла сваіх лялек, хлопчыкі не ганялі драўляных коней; вазкі, дудкі, мячыкі — усё гэтыя дні ляжала ў куце. У галубятню ніхто не зазіраў, а трусікаў карміла Адэлька. Сёння трэба было нагуляцца за тры дні! Калі закончылі паліваць, бабуля дазволіла дзецям займацца сваімі цацкамі, а сама ўладкавалася на лавачцы з дзёрану пад кустом бэзу і пачала прасці: яна ні хвілінкі не магла сядзець без справы. Была сумная, не спявала, як звычайна, і нават не заўважыла, як чорная курыца ўвайшла праз адкрытую калітку ў агародчык, а паколькі яе не чапалі, пачала разграбаць градку. Шэрая гуска пасвілася ля плоту, яе жоўценькія гусяняткі прасоўвалі галоўкі ў шчыліны і з цікаўнасцю зазіралі ў агародчык. Бабуля вельмі любіла гэтых гусянятак, але цяпер нават не звярнула на іх ўвагі. Думкі перапаўнялі яе, мільгалі ў галаве. Атрымалі весткі з Вены ад Яна, што не прыедуць у палове траўня, таму што цяжка захварэла графіня Гартэнзія. Калі дасць Бог ёй здароўя, то, можа, княгіня зазірне ў свой маёнтак, але як і калі гэта адбудзецца, дакладна сказаць немагчыма. Пані Тэрэза, чытаючы ліст, плакала, дзеці таксама плакалі. У Вілема заставалася яшчэ некалькі рысак на дзвярах, а тут раптам аказалася, што ўся яго задумка дарэмная. А добрая, мілая Гартэнзія маг-