Бабуля Карціны вясковага жыцця Бажэна Немцава

Бабуля

Карціны вясковага жыцця
Бажэна Немцава
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 256с.
Мінск 2007
62.43 МБ
сядзець без працы, узялася чысціць хлявы, не думаючы пра тое, што праз нейкі час іх можа заліць брудная вада.
Змяркалася. Вада ўсё прыбывала; рэчышча ручая каля млына ўжо не змяшчала яе. Лугі за гаццю ўжо былі пад вадой. У прасветах паміж вербамі бачыла бабуля з акна, як калыхаліся хвалі, нягледзячы на тое што дом стаяў нізка, а раку закрываў высокі бераг. Яна адклала верацяно, склала рукі і пачала маліцца. Ворша таксама прыбегла ў святліцу.
— Вада гудзіць так, што чалавеку страшна робіцца, жывёлы нібы чуюць, што нешта адбудзецца, усе пахаваліся, нават вераб’і, — сказала, выціраючы пыл з лаўкі каля акна.
Раптам пачуўся конскі тупат, па дарозе ад гаці імчаўся коннік. Каля дома спыніўся і крыкнуў:
— Беражыцеся, людзі, вада ідзе! — і паімчаўся паўз бераг да млына, а ад млына да мястэчка.
— Памажы, Божа! Відаць на гары дрэнныя справы, калі накіравалі пасланца, — сказала бабуля, збялеўшы. Але ў той жа час угаварыла Воршу, каб не баялася, а сама пайшла паглядзець яшчэ раз, ці ўсе людзі ў бяспецы і ці не пачынае выступаць з берагоў вада. Каля ракі яна сустрэла пана бацьку, які быў апрануты ў высокія боты над каленам. Ён паказаў бабулі, што вада выйшла не толькі з рэчкі, але і з ручая каля млына. Прыйшлі Міла з Кудрнам і прапанавалі бабулі дапамогу, бо нельга ў доме заставацца адной, але бабуля адправіла Кудрну дахаты.
— У вас дзеці, калі не дай Бог, здарыцца няшчасце, то маё сумленне не вытрымае. Ужо калі трэба некаму застацца, то няхай гэта будзе Якуб; у шынку яго дапамога не патрэбная, там няма страху, вада далей за хлеў не пойдзе.
Разышліся. Ужо апоўначы дом цалкам стаяў у вадзе. Па жэрнаўскім узгорку хадзілі людзі з факеламі. Ляснік таксама спусціўся на ўзгорак, бліжэй да сушыльні Прошкавых. Ведаючы, што наўрад ці бабуля будзе спаць у гэтую ноч, ён пачаў свістаць і клікаць яе, пытаючыся, ці ўсё ў парадку ў доме. Якуб азваўся з акна святліцы, што ён тут і глядзіць,
каб пані Прошкава не трывожылася за маці. Ляснік пайшоў. Раніцай уся даліна ператварылася ў возера. У святліцы можна было хадзіць толькі па насланых дошках. Міла з цяжкасцю дабраўся да ўзгорка, каб пакарміць птушку. Вада з такой хуткасцю неслася па дарозе, што ледзь не збіла яго з ног. Удзень на ўзгорак прыйшлі ўсе, хто хаваўся на сядзібе лесніка, каб паглядзець на раўніну. Калі дзеці ўбачылі, што дом у вадзе, а бабуля ходзіць у святліцы па дошках, пачалі так плакаць і крычаць, што іх ледзьве супакоілі. Сабакі выглядалі з дахавых вокнаў; калі Ян іх паклікаў, то яны пачалі брахаць, выць і абавязкова саскочылі б уніз, каб Міла іх не ўтрымаў.
Прыйшоў Кудрна і расказаў, якой бяды нарабіла вада ў даліне. У Жлічы знесла два дамы, у адным з іх была старая кабета, якая не хацела слухаць заклікі пасланніка з гор, пайшла ўсё праверыць, сабралася потым, але было позна. Вада зносіла масты, лаўкі, дрэвы, карацей — усё, што сустракалася на шляху. Жыхары млына забраліся на гарышча і там сядзелі.
Крыстла выйшла паглядзець, ці нельга аднесці бабулі цёплай ежы, але гэта было немагчыма, і калі смелы Міла, убачыўшы дзяўчыну, хацеў да яе перабрацца, яна яго стала прасіць застацца на сваім месцы.
Два дні працягваўся гэты жах, на трэці дзень вада пачала спадаць. Дзеці здзівіліся, калі вярнуліся дахаты. Агародчык каля хаты быў затоплены, у сад нанесла шмат пяску, а месцамі вада вырыла глыбокія яміны, вербы і вольхі стаялі да паловы аблепленыя брудам, масток праз ручай каля млына знесла, хлявы падмыла, будак для сабак зусім не было на месцы. Хлопчыкі з Адэлькаю пабеглі паглядзець, што робіцца за домам. Там раслі маладыя дрэвы, якія яны ў мінулым годзе прынеслі з лесу; бабуля тады пасадзіла бярозы — дзяўчаткам, хвоі — хлопчыкам. Дрэвы стаялі непашкоджаныя. Пад грушаю дзеці калісьці пабудавалі маленькую хатку, зрабілі агародчык і плот, вырылі равок і паставілі млын. Крылы круціліся, калі равок напаўняўся вадою. Была там і печка, у якой
Адэлька рабіла пірагі і булкі з гліны. Ад усёй гэтай гаспадаркі не засталося і знаку.
— Дзеткі! — усміхнулася бабуля, пачуўшы, як яны скардзяцца. — Што ж вы хочаце, каб ацалелі вашыя цацкі, калі напорам грознай стыхіі выварочвала стогадовыя дрэвы і змывала добра пабудаваныя дамы.
За кароткі час сонца высушыла палі, лугі і дарогі, вецер разнёс наносы з пяску, трава зазелянела яшчэ ярчэй, усё было адрамантавана, і хутка амаль нішто не нагадвала пра знішчальную паводку. Толькі людзі пра гэта доўга яшчэ гаварылі.
Прыляцелі ластаўкі. Дзеці радасна сустрэлі іх, цешыліся надзеяй, што хутка спусціцца з гор пан Бейер, а ўслед за ім прыедзе і бацька. Быў вечар Філіпа і Якуба. Накрэсліўшы тры крыжы асвечанай крэйдаю на кожнай з вонкавых дзвярэй, у доме, хляве і куратніку, бабуля разам з дзецьмі накіравалася на ўзгорак, да замка.
Хлопчыкі неслі на плячах старыя мётлы. На ўзгорку ўжо сабралася ўся моладзь, сярод якой былі Крыстла, Міла, Манчынка. Вацлаў Кудрна з братамі дапамагаў Мілу смаліць мётлы, а астатнія рыхтавалі дровы і хваёвыя галінкі для вогнішча. Ноч была цудоўная; цёплы ветрык хваляваў маладыя зялёныя парасткі і разносіў па ўсім узгорку пах кветак, якія расквітнелі ў парку і садзе. 3 лесу чулася вухканне савы, на высокай таполі каля дарогі шчабятаў дрозд, а з кустоў у парку раскацістыя гукі салаўінай песні даносіліся аж да самай вяршыні ўзгорка. Раптам успыхнуў агонь на жліцкім узгор’і, і ў гэты ж самы момант асвятліўся жэрнаўскі ўзгорак, а потым пачалі ўзнікаць вялікія і малыя вогнішчы, заскакалі, замільгацелі факелы. А далей на вяршынях находскіх і новагародскіх запаліліся агні, затанцавала святло. Міла таксама запаліў асмоленую мятлу і кінуў яе ў вогнішча, якое ў адну хвіліну ўспыхнула. Моладзь пачала крычаць, кожны імкнуўся як мага вышэй падкінуць сваё палаючае памяло, прыгавор-
ваючы:
— Ляці, вядзьмарка, ляці!
Пазней усе сталі ў адзін рад і з запаленымі факеламі пачалі вадзіць карагод. Дзяўчаты, узяўшыся за рукі, з песнямі кружыліся вакол вогнішча. Калі яно пачало згасаць, яго раскідалі і пачалі скакаць праз агонь, імкнучыся скочыць як мага далей.
— Гэй, глядзіце, цяпер мая старая вядзьмарка паляціць вышэй за ўсіх, — крыкнуў Міла і кінуў запаленую мятлу з такою сілаю, што яна пырхнула ў паветры, узляцела высока і павалілася каля зялёнай азіміны, дзе знаходзіліся гледачы.
— Бач ты, як пырхае! — смяяліся навокал, і некалькі чалавек кінуліся наўздагон за пырхаючай мятлою. Хлопцы запляскалі ў далоні. 3 жэрнаўскага і жліцкага ўзгоркаў таксама чуліся вясёлыя крыкі, смех і спевы. Каля рудога агню, як фантастычныя істоты, калыхаліся ў танцы постаці юнакоў і дзяўчат. Час ад часу з натоўпу высока ўзлятаў чорцік і, сатрасаючы паветра палаючаю паліцаю, абсыпаючы ўсіх тысячамі іскраў, падаў уніз да агульнай радасці.
— Гляньце, як высока ўзляцела! — крыкнула Манчынка, паказваючы пальцам на жэрнаўскі ўзгорак. Адна з жанчын схапіла руку дзяўчынкі і схіліла ўніз, нагадаўшы, што на вядзьмарку нельга паказваць, бо яна можа пусціць табе ў палец стралу.
Было ўжо позна, калі бабуля з дзецьмі вярнуліся дахаты.
— Бабуля, вы нічога не чуеце? — спытала Барунка, спыніўшыся сярод квітнеючых дрэў у садзе, — здаецца, што нешта шапаціць.
— Гэта ветрык гуляе з лістотай, — адказала бабуля. — I добра робіць.
— Чаму добра?
— Таму што дрэва схіляе адно да другога. Кажуць, калі дрэвы ў квецені абдымаюцца ды цалуюцца, трэба чакаць добрага ўраджаю.
— Ох, бабуля, шкада, хутка пачнуцца чарэшні ды суніцы, будзе так весела ў садзе, а мы мусім цэлы дзень сядзець у школе, — з сумам сказаў Ян.
— Інакш нельга, хлопчык, не можаш заўсёды сядзець дома ды гуляць з цацкамі. Цяпер у вас будуць іншыя клопаты і іншыя радасці.
— А я з задавальненнем пайду ў школу, — сказала Барунка. — Вось толькі буду сумаваць без вас, бабуля, бо цэлы дзень мы не ўбачымся!
— I мне будзе не хапаць вас, мілыя дзеці, але што зробіш: дрэва квітнее — дзіця расце; адцвіце дрэва — упадзе садавіна; вырасце дзіця — ад бацькоў адыйдзе. Так трэба Богу. Пакуль дрэва здаровае, яно прыносіць карысць, а калі засохне — то ссякуць і кінуць у агонь; згарыць яно — попелам зямлю ўтноіць, і вырастуць на той зямлі маладыя дрэўцы. Так і бабуля ваша, даробіць тое, што павінна, і ляжа спаць спрадвечным сном, — напаўголаса сказала старая.
У кустах ля агародчыка заспяваў салавей, дзеці пераконвалі, што гэта іх салавейка; кожны год ён прылятае ў кусты ля агародчыка, дзе зрабіў сабе гняздо. Ад гаці даносілася сумная мелодыя Вікторчынай калыханкі. Дзеці хацелі яшчэ застацца на двары, але бабуля прымусіла іх ісці дадому.
— Вы ж ведаеце, што заўтра ў школу і трэба рана ўставаць, ідзіце спаць, пакуль матуля не раззлавалася, — казала яна, падштурхоўваючы дзяцей аднаго за другім за парог.
Раніцаю за сняданкам маці распавядала дзецям (за выключэннем Адэлькі, якая яшчэ спала), як неабходна вучыцца, слухаць пана настаўніка, па дарозе весці сябе выхавана, давала ім найлепшыя павучэнні, ды так, што дзеці ледзь не расплакаліся. Бабуля рыхтавала тым часам ім сняданак у школу.
— Тут кожнаму свая порцыя, — растлумачыла, кладучы на стол тры вялізныя лусты хлеба, — вось і тры сцізорыкі, што я прыхавала. Бачыш, Янічак, ты б даўно свой сцізорык згубіў бы і сёння не меў бы, чым хлеб накроіць, — сказала і выцягнула з кішэні тры сцізорыкі з чырвонымі ручкамі. Зрабіўшы ў кожнай лусце дзірку, яна паклала туды масла, прыкрыла масла выразаным кавалкам і паклала адну лусту ў
сумачку з рагожкі Барунцы, а дзве астатнія — у скураныя сумкі хлопчыкам. Да хлеба бабуля дадала сушанай садавіны. Пасля сняданка дзеці выйшлі з хаты.
— Ідзіце з Богам і памятайце, што я вам сказала, — нагадвала маці на парозе.
Дзеці пацалавалі маці руку, і вочы іх напоўніліся слязьмі. Бабуля яшчэ з імі не развітвалася, а правяла іх праз сад; Султан і Тырл беглі за ёю.
— Слухайцеся, хлопчыкі, Барунку, калі яна вам будзе нагадваць, як неабходна сябе паводзіць, бо яна старэйшая за вас, — казала бабуля, — не рабіце па дарозе ніякай шкоды, не крыўдзіце адзін аднаго. У школе не марнуйце час, бо потым будзеце шкадаваць. 3 усімі ветліва вітайцеся, сцеражыцеся коней і вазоў. Ты, Вілем, не абдымай кожнага сабаку, бо ёсць злыя, якія могуць цябе ўкусіць. He лезьце да вады разгарачаныя, не піце. Ты, Янік, не з’еш свой хлеб раней часу, каб потым не прасіць у іншых. Ну, ідзіце з Богам. Надвячоркам мы з Адэлькай выйдзем вам насустрач.