Бабуля
Карціны вясковага жыцця
Бажэна Немцава
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 256с.
Мінск 2007
Існаваў звычай і на млыне, і на лесніковай сядзібе, і ў Старой бялільні: кожнага, хто заходзіў у дом на Шчодры вечар і на Вялікдзень, карміць і паіць да адвалу, а калі б ніхто не зайшоў, то бабуля, пэўна, пайшла б шукаць госця на скрыжаванне. Як узрадавалася старая, калі нечакана прыехалі перад Шчодрым вечарам яе сын Кашпар і пляменнік з Алешніц. Ледзь не палову дня яна плакала ад радасці і штохвіліны бегала з кухні, дзе пякла каляднае печыва, у святліцу, дзе сядзелі госці ў акружэнні дзяцей. Яна не магла наглядзецца на сына, у пляменніка пыталася, як ідуць справы ў таго або іншага ў Алешніцах, а дзецям паўтарала сто разоў:
— Паглядзіце на дзядзьку, ён з твару падобны на дзядулю, толькі ростам ніжэйшы.
Дзеці агледзелі аднаго і другога дзядзьку з усіх бакоў, і яны ім вельмі спадабаліся, асабліва тым, што ахвотна адказвалі на
іх пытанні. Кожны год дзеці збіраліся трымаць пост да зоркі, каб убачыць залатое парася, але гэтае жаданне ніколі не спаўнялася, таму што імкненне было добрым, а целы слабымі. На Шчодры вечар кожны атрымліваў гасцінцы, нават птушкам і хатняй скаціне давалі здобныя булкі. Пасля вячэры бабуля брала патроху ўсяго, што падавалася на стол, і палову кідала ў рэчку, а палову закопвала ў садзе пад дрэвам, каб вада была чыстай і здаровай, а глеба — ўрадліваю. Крошкі яна збірала і кідала «ў агонь», каб «не нарабілі бяды».
За хлявом Бетка трэсла бэз, прыгаворваючы:
Трасу, трасу я бэз, скажы мне, Сабака, дзе мой мілы сёння.
А ў святліцы дзяўчаты лілі свінец і воск, а дзеці пускалі ў місцы з вадою запаленыя свечкі ў шкарлупках ад арэхаў. Ян употай штурхаў міску, каб шкарлупкі, што ўяўлялі сабой човен жыцця, хутчэй адплывалі ад краю на сярэдзіну.
Па звычаю на Каляды дарослыя і дзеці пасціліся «да зоркі», гэта значыць, нічога не елі да чатырох гадзін дня, калі з’яўлялася першая зорка. Каб дзеці не парушалі паста, ім абяцалі паказаць «залатое парася».
Пазней Ян радасна закрычаў:
— Паглядзіце, як далёка, далёка паеду па свеце!
— Ах, мілы хлопчык, калі паплывеш па моры жыцця сярод віроў і скал, калі хвалі будуць кідаць твой човен ва ўсе бакі, то неаднойчы ты прыгадаеш з сумам ціхі прыстанак, ад якога пачалося тваё падарожжа, — сказала ціха маці, разразаючы яблык на дзве паловы «на шчасце» хлопчыка. Семечкі ўтваралі зорку; тры промні былі чыстыя, а два сапсаваныя чырвоным. Цяжка ўздыхнуўшы і адклаўшы яблык убок, маці разрэзала другі, «на шчасце» Барункі, і, убачыўшы, што зорка пацямнелая, сказала сабе:
— Няўжо ні той, ні другая не знойдуць сабе поўнага шчасця?
Разрэзала яшчэ два яблыкі з думкаю пра Вілема і Адэльку, у іх былі здаровымі ўсе праменьчыкі.
— Нарэшце. Хоць бы ім добра жылося! — падумала маці.
Адэлька вывела яе з задуменнасці, заявіўшы, што яе човен не хоча адчаліць ад краю, а свечка ўжо дагарае.
— I мая таксама згасла, але недалёка сплыла, — скардзіўся Вілем.
У гэты час нехта штухнуў посуд, вада закалыхалася і ўсе шкарлупкі, што плавалі пасярэдзіне, патанулі.
— Глядзіце, глядзіце, вы раней за нас будзеце паміраць! — ускрыкнулі Адэлька з Вілімекам.
— Ну і што, затое мы шмат дзе будзем! — сказала Барунка, і Ян пагадзіўся з ёю. Маці з сумам глядзела на згаслае святло, і ў яе душы поўнілася прадчуванне, што гэтая нявінная дзіцячая гульня прадказвае іх будучыню.
— Ці прынясе нам што-небудзь немаўля Ісус? — пыталіся дзеці ўпотай бабулю, калі пачалі прыбіраць са стала.
— Ну, я гэтага не магу ведаць, пачуеце, калі зазвоніць, — сказала бабуля. Меншыя дзеці сталі каля акна, спадзеючыся, што так яны лепей пачуюць, калі немаўлятка Ісус пройдзе каля дома.
— Ці ж вы не ведаеце, што немаўлятку Ісуса нельга ўбачыць або пачуць? — пыталася бабуля. — Ён сядзіць на светлым троне на небе і дасылае падарункі паслухмяным дзецям праз сваіх анёлаў, якія прыносяць іх на залатых воблаках. Вы не пачуеце нічога, акрамя званочка.
Дзеці глядзелі ў акно, набожна слухаючы бабулю. У гэтае імгненне каля вокнаў мільгнуў агеньчык і пачуўся меладычны звон. Усе склалі рукі, а Адэлька прашаптала:
— Бабуля, гэтае святло было немаўляткам Ісусам, ці не так?
Бабуля пацвердзіла, у той жа момант увайшла маці і сказала, што ў пакоі бабулі дзяцей чакае нешта цікавае ад немаўляткі Ісуса. Колькі было радасці, калі дзеці ўбачылі ўпрыгожаную, залітую агнямі хвою, а пад ёю прыгожыя
падарункі! Бабуля раней не ведала гэтага звычая, простыя людзі не наладжвалі такое свята, але яно ёй падабалася. Задоўга да Каляд заўсёды памятала пра хвою і дапамагала дачцэ яе ўпрыгожваць.
— А ў Нісе і ў Кладску таксама пануе звычай упрыгожваць хвою, ці памятаеш ты, Кашпар? Ты ўжо падрос, калі мы там жылі, — звярнулася бабуля да сына, пакінуўшы дзяцей радавацца падарункам і сядаючы ля печкі бліжэй да яго.
— Як жа такое не памятаць! Прыгожы гэта звычай, і добра, Тэрэзка, робіш, што яго завяла. Будуць калісьці ў дзяцей цудоўныя ўспаміны, асабліва ў цяжкі перыяд жыцця. Пра гэты дзень чалавек нават на чужыне найчасцей прыгадвае, я гэта адчуў, калі некалькі гадоў вандраваў па свеце. Нават калі добра было ў гаспадара, я заўсёды думаў: «Лепей дома ў маці паесці кашы з мёдам, булак з макам, варанага гароху з травамі, чым на чужыне найсмачнейшай ежы».
— Наша ежа, — усміхнулася бабуля і паківала галавою. — Ты забыўся пра сушаную садавіну.
— Ведаеце, што я яе не вельмі любіў. У Добрушцы яе называюць «заедкамі». Пра нешта іншае я ўспамінаў, што мы заўсёды любілі паслухаць.
— Я ведаю, пра што ты думаеш: каляда пастухоў, тут таксама калядуюць, пачакай, хутка пачуеш, — усміхнулася бабуля, і толькі гэта сказала, як раздаліся гукі ражка пастуха. Ён спачатку адтрубіў мелодыю каляды, а пазней пачаў спявацы «Уставайце, вялікая навіна, Хрыстос нарадзіўся ў гэтую хвіліну...»
— Твая праўда, Кашпар, калі б не пачула гэтую песню, то і свята не прайшло б так весела, — адзначыла бабуля, з задавальненнем слухаючы спевы.
Пазней яна выйшла з хаты і паклала ў сумку пастуха шмат разнастайнай ежы.
На святога Штафана хлопчыкі пайшлі калядаваць да млына і да леснічоўкі. Калі б не прыйшлі ў гэты дзень, то пані мама магла б падумаць, што на Прошкавых дах зваліўся, і са-
ма прыбегла б на Старую бялільню. У сваю чаргу, Берцік і Францік прыходзілі калядаваць у даліну.
Прайшлі Каляды, дзеці казалі, што хутка будуць «Тры каралі»; прыйдзе пан настаўнік, напіша на дзвярах іх імёны і стане калядаваць, а пасля гэтага свята праллі спраўляюць «Доўгую ноч». Безумоўна, на Старой бялільні і на млыне гэтае свята праходзіла не так, як на вёсцы, дзе было шмат моладзі. Там выбіралі караля і каралеву, грала музыка, упрыгожвалі кветкамі калаўрот, кароль падносіў у дар сваёй каралеве фігурны хлеб у выглядзе верацяна з галінкай размарыну наверсе.
На Старой бялільні рыхтавалі добрую вячэру, сабраліся папрадухі, спявалі, елі, пілі, і калі раптам за дзвярыма пачуліся гукі катрынкі, тут жа пачалі танцаваць на кухні. Прыйшлі таксама Томаш, пан бацька і ляснік, прыйшоў яшчэ нехта, і баль разгарэўся з новай сілай. Падлога на кухні была выкладзена каменнымі плітамі, але дзяўчаты на гэта не звярталі ўвагі, а хто шкадаваў чаравікі, той танцаваў босым.
— Ну як, бабуля, ці не маглі б разам троху фалды праветрыць? — спытаўся пан бацька, прыйшоўшы са святліцы, дзе сядзелі старэйшыя, на кухню да танцуючых, дзе знаходзілася і бабуля, таму што павінна была даглядаць малых, якія блыталіся ва ўсіх пад нагамі разам з Султанам і Тырлам.
— Ах, мілы пан бацька, у даўнія гады я танцавала да крывавых мазалёў на нагах. Калісьці хлопцы як толькі ўбачаць мяне на парозе шынка або летам на гумне, то крычаць: «Мадлена ідзе, грайце каламыйку або вртак!» Гайда, Мадла ляцела да кола. А цяпер, мой мілы божа, не скрануцца мне з месца, як не адарваць пара над гаршком.
— He трэба, вы яшчэ такая жвавая, як перапёлачка, маглі б і патанцаваць, — жартаваў пан бацька, верцячы табакерку паміж пальцамі.
— Вось вам і танцорка, пан бацька, яна круціцца, нібы верацяно, — сказала бабуля са смехам, беручы за руку маладую жонку Томаша, якая стаяла за імі і чула размову.
Весела ўзяла маладая жанчына пана бацьку за руку, сказала Кудрне граць памалу. Кудрна, трымаючы ў адной руцэ кавалак пірага з пшаном, ад якога час ад часу адкусваў, зайграў «Суседку», а пан бацька вымушаны быў стаць да кола і так прайсціся, аж жанчыны павыходзілі са святліцы паглядзець, што тут адбываецца. Томаш запрасіў на танец жонку млынара, пан бацька ў запале — гаспадыню дома, і праз хвіліну старыя добра наскакаліся. Бабуля доўга смяялася з пана бацькі.
Толькі паспелі адзначыць «Доўгую ноч», надышоў час святкаванняў на млыне. Там забілі парася, смажылі пончыкі, чакалі ў госці лесніка і сяброў са Старой бялільні, пан бацька паслаў па іх сані. Пазней было гулянне ў леснічоўцы, а самае апошняе — у Прошкавых. А там надышоў і дзень Дароты. Рыхтавалі спектакль.
Каралём Дыяклецыянам быў Кудрнаў Вацлаў, Даротаю — яго сястра Ліда, двума дваранамі, суддзёю, катам і яго памочнікамі — хлопцы з Жэрнава. Памочнікі ката і дваране неслі з сабою мяхі для падарункаў.
Насупраць дома Прошкавых была ледзяная горка, там звычайна акцёры спыняліся, каб пакатацца, а Дарота іх цярпліва чакала, дрыжучы ад холаду. Яна зрабіла спробу заклікаць іх, каб ішлі далей, але яе голас патануў у агульным гомане і шуме. Вось і даводзілася ёй мерзнуць і сачыць за тым, як кампанія коўзалася па лёдзе, гуляючы ў снежкі.
Нарэшце ўвайшлі ў дом, дзе іх віталі сабакі страшным брэхам, а дзеці — радаснымі воклічамі. Каля печкі паправілі касцюмы і склалі мяхі. На іх было простае адзенне. Дарота абулася ў братавы боты, на сваё адзенне апранула белую баваўняную сукенку, якую пазычыла ў Манчынкі, начапіла каралі на шыю і карону з паперы на галаву. Белая хустка маці была ў яе замест вэлюма. Хлопчыкі паверх свайго звычайнага адзення апранулі белыя кашулі, падперазаныя стракатымі хусткамі, іх галовы былі ўпрыгожаны папяровымі шапкамі. У Дыяклецыяна на галаве карона, а замест плашчу
праз плячо перакінуты стракаты святочны фартух. Фартух для такога выпадку яму ахвотна ахвяравала маці.
Трошкі абагрэўшыся, акцёры выходзілі на сярэдзіну пакоя, і пачынаўся спектакль. Нягледзячы на тое што дзеці глядзелі гэтую п’есу кожны год, яна ім надзвычай падабалася. Пасля таго як паганец Дыяклецыян асуджаў хрысціянку Дароту на смерць ад рукі ката, памочнікі ката бралі яе пад рукі і вялі да месца пакарання. Узняўшы меч, кат грозна абвяшчаў: «Дарота, станавіся на калені, схілі ганарлівую галаву ніжэй, не бойся майго мяча, ён па-майстэрску тваю галаву адсячэ!» Дарота станавілася на калені, клала сваю галаву на плаху, і кат збіваў з яе карону, якую падбіралі яго памочнікі. Потым усе кланяліся. Дарота зноў надзявала карону і станавілася ў кут каля дзвярэй.