Бабуля
Карціны вясковага жыцця
Бажэна Немцава
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 256с.
Мінск 2007
— Так вы былі салдатам усяго чатырнаццаць дзён? Ну, калі б Міле палічылі дні за гады, ён прайшоў бы салдацкую службу іграючы, — заўважыў млынар.
— Ды я так не пакутаваў бы, калі б наперад ведаў, што адзін мой сябар клапоціцца пра выкуп, а брат збіраецца заступіць на маё месца ў салдатах. Прыйшла гэтая навіна да мяне нечакана. Брату ваенная служба падабалася, яна яму больш падыходзіць ва ўсіх адносінах. He падумайце толькі, што я баязлівец. Калі б давялося бараніць сям’ю і радзіму, я першым бы ўзяў зброю. Але не ўсе людзі аднолькавыя, адзін створаны для аднаго, другі для друтога. Ці не так, Тэрэзка? — кажучы так, пан Прошак паклаў руку на плячо пані Тэрэзы і ласкава зазірнуў у яе вочы.
— Так, так, Ян, ваша месца сярод нас, — адказала бабуля за дачку, і ўсе прысутныя, ведаючы мяккую натуру гаспадара, пагадзіліся з ёю.
Калі сябры пачалі разыходзіцца, Крыстла прашмыгнула да бабулі ў пакой і, вынуўшы з-за карсажа ліст з адбіткам салдацкага гузіка, ціха сказала: «Ад Якуба».
— Дык гэта цудоўна! Што ён піша? — бабуля ўзрадавалася не менш за Крыстлу.
Крыстла разгарнула ліст і пачала чытаць па складах:
«Мая дарагая Крыстлінка! Сто разоў вітаю цябе і цалую. Ах, Божа, што ў гэтым толку. Я лепш адзін раз у сапраўднасці пацалаваў бы цябе, чым тысячу разоў на паперы, але тры мілі ляжаць паміж намі, і не ўбачыцца нам. Я ведаю, што ты не аднойчы за дзень падумаеш: «А што цяпер робіць Якуб? Як яму там жывецца?» Працы ў мяне дастаткова, але якая ж гэта работа, калі цела на працы, а думкі далёка. Дрэнна мне жывецца. Калі б маё сэрца было вольным, як у Віткова Тонды, можа, тады мне салдацкае жыццё спадабалася б. Таварышы звыкаюцца памалу, ім ужо няцяжка. А я ўсяму навучаюся, нікому не пярэчу, але мяне нішто не радуе, і замест прывыкання кожны новы дзень для мяне ўсё больш тужлівы. Ад світання да начы думаю пра цябе, мая галубка, калі б толькі ведаць, што ты здаровая, хоць бы паклон ад цябе атрымаць, то быў бы я спакойны. Стоячы на варце і бачачы, як птушкі ляцяць у ваш бок, заўсёды думаю, чаму яны не маюць мовы,
каб перадаць табе мае пажаданні, але лепш было б мне самому стаць птушкаю, малым салавейкам, каб да цябе прыляцець. Ці не казала табс чаго-небудзь бабуля Прошкавых? Пра што яна думала, калі гаварыла, што расстанне наша з табою будзе нядоўгае? He ведаеш? Калі надыходзяць горкія хвіліны, заўсёды прыгадваю яе апошнія словы, і нібы Бог да мяне схіліўся, так мяне акрыляе надзея на яе парады. Яна ніколі не гаворыць дарэмна. Хоць колькі радкоў пашлі мне, каб я парадаваўся, няхай табе хто-небудзь напіша. Пішы пра ўсё, добра? Ці паспелі нашыя сабраць сена ў добрае надвор’е? Як жніво? Тут ужо пачынаецца ўборка. Калі бачу жняцоў, што ідуць у поле, то, здаецца, кінуў бы ўсё і ўсіх. He хадзі, калі ласка, адна на працу, я ведаю, што будуць у цябе пытацца пра мяне, будуць вярэдзіць табе душу. He хадзі. I гэты пустабрэх пісар...»
— Вось вар’ят, ён баіцца, што я... — загневалася Крыстла, але ў тую ж хвіліну працягвала:
■ „.не даў бы табе спакою. Трымайся Томаша. Я прасіў яго, каб ён быў тваёй правай рукой. Прывітай яго і Анчу. Зайдзі да нашых, перадай ім маё прывітанне, вашых я таксама вітаю сто разоў, і бабулю з дзецьмі, і ўсіх знаёмых і сяброў. Я хацеў бы шмат табе напісаць, але на такім малым кавалку паперы ўсё не змяшчаецца, патрэбны быў бы такі, што пакрыў бы цалкам жэрнаўскі ўзгорак, але ўжо час ісці на варту. Калі стаю на пасіу, дык заўсёды спяваю «Цудоўныя зорачкі, чаму вы маленькія». Мы з табою разам спявалі гэтую песню, расстаючыся, і ты плакала. Божа мой! Як радавалі нас калісьці зорачкі, але толькі Бог ведае, ці будуць нас радаваць зорачкі ў будучым. Заставайся з Богам!»
Крыстла склала ліст і запыталыза паглядзела на бабулю.
— Шчаслівая ты, добры ў цябе хлопец, перадай яму ад мяне прывітанне, каб спадзяваўся на Бога. 3 любога становішча выйсце знойдзецца. Сказаць табе нешта дакладнае не магу, пакуль сама яшчэ не ведаю. На працу ў замак ты хадзі, калі будуць патрабаваць. Мне хацелася б, каб вянок
княгіні на дажынках падавала менавіта ты. Ну, калі будзеш хадзіць на працу, другуіо не выберуць.
Словы бабулі супакоілі Крыстлу, і яна паабяцала ва ўсім слухацца яе парады. 3 часу вяртання Яна бабуля неаднойчы ў яго пыталася, калі княгіня бывае дома, калі ходзіць на шпацыр, чым вельмі здзівіла пана Прошака: «Бабулю ніколі не цікавіла, што робіцца ў замку, ён нібы для яе не існаваў, а цяпер усё пытаецца і пытаецца. Чаго яна хоча?» Але бабуля нічога не казала, а распытваць яе не хацелі і, нічога не зразумеўшы, вырашылі, што гэта простая цікаўнасць.
Праз некалькі дзён пан Прошак з пані і дзецьмі паехаў да мястэчка: ён хацеў, каб сям’я добра правяла дзень. Ворша і Бетка пайшлі ў поле. Бабуля засталася сцерагчы дом. Узяўшы верацяно, яна села ў двары пад ліпу, што ўжо ўвайшло ў яе звычку. Але яна не напявала, як звычайна, а пра нешта думала, ківаючы час ад часу галавою, і нарэшце сказала сама сабе: «Так і зробім!» I тут яна ўбачыла графіню, што спускалася з узгорка паўз сушыльні, накіроўваючыся да мосціка. На ёй былі белая сукенка і круглы капялюш з саломы. Нячутна, нібы горная фея, ішла яна па сцежцы, яе ножкі ў атласных чаравічках ледзьве датыкаліся зямлі. Бабуля паспешліва ўстала і са шчырай радасцю вітала дзяўчыну, але сэрца яе сціснулася, калі яна зірнула на збялелы, амаль празрысты твар Гартэнзіі. Столькі пакоры і глыбокага смутку было на ім, што нельга было глядзець без спачування.
— Як тут ціха. Вы адна? — спыталася Гартэнзія, калі сардэчна прывітала бабулю.
— Адна, адна, паехалі нашы да мястэчка. Дзеці не могуць нагледзецца на бацьку, бо так доўга яго не бачылі, — апавядала бабуля, выціраючы фартухом і без таго чыстую лавачку, перш чым запрасіць дзяўчыну сесці.
— Так, вельмі доўга, і гэта мая віна.
— Ну што вы, паненка. Калі Бог дапусціў хваробу, то што можа чалавек тут зрабіць. Гаравалі мы ўсе і маліліся, каб Бог даў паненцы здароўя. Гэта вялікі скарб, а чалавек пачынае
яго цаніць, калі страціць. Было вас шкада, паненка, вы яшчэ маладая, і княгіня мела б вялікае гора.
— Я гэта ведаю, — уздыхнула графіня, апускаючы рукі на альбом у прыгожым пераплёце. што ляжаў у яе на каленях.
— Што з вамі, паненка, чаму вы такая бледная? — з вялікай спагадай спытала бабуля сумную дзяўчыну.
— Нічога, бабуля, — адказала дзяўчына з пакутлівай усмешкай, якая лепш за словы казала пра затоенае гора. Бабуля не спрабавала больш пра што-небудзь даведацца, але зразумела, што хвароба дзяўчыны не столькі фізічная, колькі душэўная.
Праз хвіліну графіня ўжо распытвала, як жылося ўсім без яе ў маленькім доме, ці прыгадвалі яе дзеці. Бабуля ахвотна апавядала, пацікавілася, у сваю чаргу, як пажывае княгіня і чым цяпер займаецца.
— Княгіня паехала да леснічоўкі, — адказала графіня, — я папрасіла ў яе дазволу, каб намаляваць гэтую даліну і наведаць вас. Яна заедзе за мной.
— Сам Бог яе пасылае, — узрадавалася бабуля. — Трэба апрануць чысты фартух, чалавек ад таго льну ўвесь у пыле. Дазвольце, паненка, я хутка вярнуся!
3 гэтымі словамі бабуля ўстала і пайшла ў дом; хутка яна вярнулася ў чыстым фартуху, у чыстай хустцы на галаве і на шыі, несучы з сабою белы хлеб, мёд, масла і смятанку.
— Пэўна, надышоў час, мілая паненка, пакаштаваць хлеба, што ўчора спечаны. Ды пойдзем у сад. там лепей. Праўда, і пад ліпаю даволі ценю. Я люблю сядзець пад ёй: тут і птушка ўся каля мяне гуляе, грабе, у зямлі корпаецца.
— Тады застанемся, мне і тут добра, — перапыніла графіня, каштуючы пачастунак. Без асаблівай цырымоніі яна адрэзала сабе хлеба і пачала есці і піць. Яна ведала, што пакрыўдзіла б бабулю, калі б нічога не паспытала. Між тым яна раскрыла альбом і паказала бабулі свой малюнак.
— Ах ты, Божа мой! Гэта ж цэлая даліна: і луг, і ўзгоркі, і лес, і гаць! Вунь там, здаецца, і Вікторка, — усклікнула здзіўленая бабуля.
— Яна падыходзіць да гэтага самотнага кутка. Я сустрэла яе на ўзгорку. Якая яна абарваная! Ці можна ёй дапамагчы? — са спачуваннем спыталася дзяўчына.
— Ох, мілая паненка, целу, безумоўна, дапамагчы можна, ды што з таго, калі галоўнага няма, — розуму. Душа яе блукае недзе, і бачыць яна ўсё, нібы ў сне. Можа, гэта літасць Божая, што забраў у яе памяць, і яна забылася, што перанесла. Калі б вярнуўся да яе розум, то, можа, у адчаі і сваю душу загубіла б. Бог ёй даруе, калі саграшыла, сваімі пакутамі заслужыла яна збавенне.
Бабуля перарвала аповед. Перагарнуўшы старонку, яна зноў здзівілася.
— Збавіцель мой! Гэта ж Старая бялільня! Вось і двор, і ліпа, гэта я, дзеці, сабакі — усе, як жывыя. Мой Езус! Чаго я не чакала. Калі б нашы гэта бачылі! — усклікнула старая.
— Я ніколі, — сказала графіня, — не забываюся на людзей, што мне падабаюцца. I каб лепш памятаць любыя рысы, я замалёўваю іх. Так і мясціны, дзе я правяла мілыя дні, люблю пераносіць на паперу на добрую памяць. А гэтая даліна цудоўная. Калі б дазволіла, дарагая бабуля, я намалявала б цябе дзецям на памяць.
Бабуля зачырванелася і пахітала галавой.
— Мяне, старую? Гэтага, мілая паненка, не трэба рабіць.
— Чаму ж не, бабуля? Будзем у хаце адны, я прыйду і намалюю цябе. Зрабі гэта для ўнукаў, няхай ім застанецца твой партрэт.
— Калі вы так хочаце, мілая паненка, няхай будзе павашаму, — вырашыла бабуля. — Толькі каб ніхто не ведаў пра гэта, a то скажуць, што бабуля здурнела на старасці год. Пакуль я жывая, ім мой партрэт не патрэбны, а памру, то хай будзе як будзе.
Дзяўчына пагадзілася.
— Дзе ж вы, мілая паненка, гэтаму навучыліся? Каб жанчына малявала! — спытала бабуля, перагортваючы аркушы.
— У нашым коле мусіш шматлікім рэчам вучыцца, каб ведаць, чым заняць вольны час. Мне жывапіс асабліва спадабаўся, — адказала дзяўчына.
— Прыгожая гэта справа, — разважыла бабуля, разглядаючы малюнак, укладзены ў альбом. На ім была выява скалы, якая парасла лесам і аб якую разбіваліся марскія хвалі. На скале стаяў малады чалавек з бутонам ружы ў руцэ і глядзеў на мора, удалечыні бачыўся карабель з распушчанымі ветразямі.
— Гэта таксама ваша работа? — спыталася бабуля.
— He, мастак, у якога я вучылася, даў мне гэтую карціну, — адказала дзяўчына ледзь чутна.
— Так, значыць, гэта ён сам?