Бабуля
Карціны вясковага жыцця
Бажэна Немцава
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 256с.
Мінск 2007
— Пра што ты здагадалася? Што пачула? Раскажы мне, гэта не простая цікаўнасць, але клопат пра маё дзіця, якое я
люблю, як уласнае, і таму я вымушана ведаць пра ўсё, — з трывогаю казала княгіня.
— Што чула, тое і скажу, нічога ў гэтым няма дрэннага, ды я і не заракалася маўчаць, — адказала старая і расказала, што ёй было вядома пра заручыны і хваробу графіні. — Думка адна прыводзіць думку другую. Калі чалавек глядзіць здалёк, ён інакш бачыць, чым зблізку, а што галава, то і розум. Так, міласэрная пані, і мне прыйшло на розум, што паненка згадзілася на шлюб з графам не кахаючы яго, а толькі з жадання дагадзіць вашай светласці. Учора, гледзячы на паненку, я ледзь не заплакала. Сталі мы з ёю разглядаць прыгожыя малюнкі, што яна намалявала — на дзіва добрыя, — і тут трапіўся мне малюнак, які, як сказала мне паненка, настаўнік яе маляваў і ёй падараваў. Спытала я ў яе, ці гэты прыгожы пан і ёсць ён? Стары чалавек, як дзіця малое, усё павінен ведаць. Расчырванелася яна, як ружа, устала, не сказаўшы ні слова, а ў самой вочы поўныя слёз. Мне гэтага было дастаткова, а міласэрная пані найлепей будзе ведаць, ці мела рацыю старая бабуля.
Княгіня паднялася з месца, прайшлася па пакоі і сама сабе сказала: «Не заўважала я нічога. Яна заўсёды вясёлая, паслухмяная. Ніколі пра яго не казала».
— Ну, — азвалася бабуля ўголас, — кожны чалавек не падобны да другога. Аднаму радасць не радасць, смутак не смутак, пакуль з людзьмі не падзеліцца, іншы, наадварот, пачуцці свае ўсё жыццё з сабою носіць і з імі кладзецца ў дамавіну. Цяжка зразумець такіх людзей, але каханне нараджае каханне. Я думаю, што з людзьмі, як з тымі зёлкамі. За адной далёка хадзіць не трэба, усюды яе знойдзеш, на кожным лузе, на кожнай мяжы. Іншую ж даводзіцца шукаць у лясных нетрах, зазіраць пад лісточкі, не лічыць за клопат і ўздымацца ў горы і на дзікія скалы, не заўважаць цярноўніка і калючак, што часам перапыняюць шлях. Затое такая зёлка мне ў тысячу разоў даражэй. Баба, што збірае лекавыя расліны і ходзіць да нас з гор, заўсёды кажа, калі прыносіць духмяны
мох: «Шмат працы пакладзена, каб дастаць яго, але ён таго варты». Гэты мох пахне фіялкамі, і зімою той мох чалавеку нагадвае пра вясну. Прабачце, ваша міласць, я і сама саб’юся з дарогі. Хацела я сказаць, што ііаненка таму вясёлая была, што мела надзею, а цяпер, калі яе страціла, тут каханне яшчэ мацней разгарэлася. Бывае так, што не ведаеш, што маеш, пакуль не страціш.
— Дзякуй за праўду, матуля, — сказала княгіня, — ці змагу я заваяваць яе давер, не ведаю, толькі б яна была шчаслівая. Табе яна павінна быць удзячная, бо без цябе я так нічога і не ведала б. He буду больш цябе затрымліваць. Заўтра графіня збіраецца маляваць, прыходзь сюды з унукамі.
3 гэтымі словамі праводзіла княгіня бабулю, якая пайшла з перакананнем у сэрцы, што садзейнічала добрым словам шчасцю чалавека.
Падыходзячы да дома, сустрэла яна лесніка. Ён быў усхваляваны і ішоў няцвёрдым крокам.
— Паслухайце, што здарылася, — сказаў ён голасам, які зрываўся.
— He мучце мяне, скажыце хутка што?
— Вікторку Бог прыбраў!
Бабуля ўспляснула рукамі, хвіліну нічога не магла сказаць, дзве буйныя, як гарошыны, слязіны выкаціліся з яе вачэй.
— Бог яе любіў, таму і даў ёй спрадвечны спакой, — сказала ціха.
— Прыняла лёгкую смерць, — уздыхнуў ляснік.
На вуліцу выйшлі Прошкавы з дзецьмі і, пачуўшы сумную навіну, спыніліся, уражаныя.
— Значыць не выпадкова я напалохаўся, калі ўбачыў яе пад дрэвам! Крычаў я, махаў рукою, але яна толькі смяялася. Выходзіць, я бачыў яе ў апошні раз. Ну, цяпер ёй добра.
— А хто яе знайшоў? Дзе? — пыталіся ўсе.
— Ішоў я, — сказаў ляснік, — калі навальніца сціхла, паглядзець на лес, ці не нарабіла яна бяды. Выходжу на ўзгорак да хвой, што зрасліся, ведаеце, якія растуць над Вікторчынай
пячорай, і бачу, што нехта ляжыць пад хвоямі, а зверху хваёвыя галінкі. Паклікаў — ніхто не адказвае, глянуў угару — адкуль бы тут хвоям ўзяцца, а з абодвух дрэў нібыта хтосьці спецыяльна кару садраў зверху данізу разам з галінкамі. Разгроб я хуценька лапнік, гляджу — пад ім нежывая Вікторка. Дакрануўся, а яна ўжо халодная. Ад пляча да нагі на левым баку сукенка спаленая. Хутчэй за ўсё, яна ўзрадавалася навальніцы (Вікторка, звычайна, як убачыць маланку, то смяецца), выбегла на ўзгорак, з якога далёка бачна, і села пад хвою. Там і прыйшоў ёй канец.
— Як нашай старой грушы, — ціха сказала бабуля. — А дзе вы яе паклалі?
— Загадаў аднесці да сваёй хаты, гэта бліжэй. Сам і пахаваю, хоць сябры мяне адгаворваюць. Ужо быў у Жэрнаве, паведаміў, каму трэба. He думаў я, што так хутка мы страцім яе. Будзе мне яе не хапаць! — гараваў ляснік.
3 Жэрнава пачуўся гук звона. Усе перахрысціліся і зашапталі словы малітвы. Гэта званілі па Вікторцы.
— Пойдзем паглядзім на яе, — прасілі дзеці бацькоў і бабулю.
— Прыходзьце заўтра, калі яна будзе ляжаць прыбраная ў труне, — вырашыў ляснік і, развітаўшыся, сумны пайшоў.
— Ужо не будзе да нас хадзіць Вікторка, ужо не будзе спяваць каля гаці, бо яна на небе, — казалі дзеці, зноў вяртаючыся да сваіх спраў, і былі настолькі ўзрушаныя, што не спыталіся ў бабулі пра графіню.
— Бясспрэчна, на небе, бо шмат гора зведала на зямлі, — думала бабуля.
Чуткі пра смерць Вікторкі хутка разнесліся па ўсёй даліне; кожны яе ведаў, шкадаваў і лічыў, што лепш такой не жыць. I вось прыняла яна смерць такую, якую Бог рэдка дасылае людзям. Калі раней пра яе казалі са спачуваннем, то цяпер — з павагай.
Калі бабуля на другі дзень разам з дзецьмі прыйшла ў замак, каб графіня пачала маляваць, княгіня таксама завяла
гаворку пра Вікторку. Калі графіня пачула, як у сядзібе лесніка і Старой бялільні яе любілі, то паабяцала перамаляваць для іх тую карціну, якую бачыла бабуля, — Вікторку пад дрэвам.
— Ёй хочацца перад ад’ездам кожнага парадаваць, а калі б магла, то забрала б усіх з сабой, — усміхнулася княгіня.
— А дзе ж лепей адпачнеш душой, як не сярод людзей, якія цябе любяць. Ці ёсць большая радасць, чым радаваць іншых? — адказала бабуля.
Дзеці з цікавасцю чакалі. калі з’явяцца іх партрэты (пра тое, што малююць бабулю, не ведаў ніхто), радаваліся падарункам, якія абяцала ім графіня: калі будуць сядзець спакойна, і сядзелі як вады ў рот набраўшы. Бабуля з цікавасцю сачыла, як пад майстэрскім пэндзлем дзяўчыны рысы мілых сэрцу твараў выступалі ўсё жывей і жывей, а сама спыняла ўнукаў, калі яны прымаліся за сваё:
— Сядзі, Ян, не круціся, a то атрымаешся сам на сябе непадобны. Ты, Барунка, не моршчы нос, як трусік, каму такая будзеш патрэбна. Вілімек, не ўздымай увесь час плечы, нібы гусь крылы, калі ён пер’е губляе.
Адэлька забылася і сунула палец правай рукі ў рот; бабуля яе сарамаціла:
— Сорамна, такая паненка, што ўжо магла б і хлеба накроіць, а я мушу намазаць ёй палец гарчыцай.
Графіня малявала з вялікай радасцю і шмат смяялася разам з дзецьмі. Яна з кожным днём станавілася ружавейшая, бабуля казала, што на яе думку, выглядае паненка не як ружачка, а як ружовенькая галінка квітнеючай яблыні. Дзяўчына павесялела, вочы яе ясна і прыгожа свяціліся, кожнаму яна міла ўсміхалася, усім ёй хацелася сказаць нешта прыемнае. Часам, калі яна глядзела на бабулю, яе вочы станавіліся вільготнымі, і, адклаўшы пэндзаль, яна абдымала бабуліну галаву сваімі рукамі і цалавала лоб у зморшчынках, гладзіла сівыя валасы. Адзін раз яна нахілілася і пацалавала бабуліну руку. Гэтага бабуля не чакала і ўздрыгнула, быццам яе абдалі варам.
— Што вы робіце, паненка, ці так можна!?
— Я ведаю, што раблю, я вельмі ўдзячная табе, ты была маім анёлам! — I графіня стала перад бабуляю на калені.
— Няхай Бог вас бласлаўляе і дасць вам шчасця, якога вы жадаеце, — сказала бабуля, паклаўшы сваю руку на белы і чысты, як пялёстак лілеі, лоб схіленай дзяўчыны. — Я памалюся за вас і княгіню. Яна цудоўная пані!
На другі дзень пасля навальніцы ляснік зайшоў на Старую бялільню і паведаміў, што могуць прыйсці і развітацца з Вікторкаю. Пані Прошкава не магла бачыць нябожчыкаў і засталася дома. Пані млынарка ісці адмовілася, як растлумачыў пан млынар, яна баялася, што Вікторка з’явіцца да яе ўначы. Крыстла была на паншчыне, з бабуляю і дзецьмі пайшла толькі Манчынка. Па дарозе нарвалі кветак, а з хатняга агародчыка захапілі з сабою рэзеду, хлопцы ўзялі асвечаныя абразкі, якія прынесла ім бабуля з Сватанёвіц, бабуля трымала ружанец. У Манчынкі ў руках былі абразкі.
— Хто б мог падумаць, што хутка будзем ладзіць пахаванне? — сказала жонка лесніка, вітаючы бабулю на парозе.
— Усе пад Богам ходзім, раніцаю ўстаем, а ці будзем увечары класціся спаць, не ведаем, — адказала бабуля.
Прыбегла сарна і ткнулася ў фартух Адэлькі, сыны лесніка і сабакі круціліся вакол гасцей.
— Дзе яна ляжыць? — спыталася бабуля, заходзячы ў сенцы.
— У садовай вартаўнічцы, — адказала леснічыха і, узяўшы Анушку за руку, павяла гасцей у сад.
Вартаўнічка, у якой быў толькі адзін пакой, была знутры выкладзена хвояй; пасярод на пахавальных насілках, што былі зроблены з негабляваных бярозавых дошак стаяла дубовая труна, а ў ёй ляжала Вікторка. Жонка лесніка апранула яе ў белую кашулю, лоб абвіла вянком з чырвоных гваздзікоў, пад галаву паклала зялёны мох. Рукі Вікторкі былі складзены на грудзях, як любіла яна іх трымаць пры жыцці. Труну і крышку леснічыха ўпрыгожыла хваёвымі галінкамі; каля галавы
гарэла лампадка, каля ног стаяў кілішак са святой вадой і ляжала крапіла з жытніх каласоў.
Жонка лесніка сама ўсё зрабіла і некалькі разоў на дзень заходзіла ў вартоўню, каб паглядзець на Вікторку, бо лічыла гэта сваім абавязкам. Бабуля падышла да труны, перахрысціла нябожчыцу, укленчыла і стала маліцца. Дзеці зрабілі тое ж
— Скажыце мне, ці падабаецца вам тое, што я зрабіла? — спытала заклапочана жонка лесніка, калі бабуля ўзнялася з кален пасля малітвы. — Я не стала класці шмат кветак і абразкоў, бо падумала, што і вам захочацца пакласці нешта ў труну.
— Добра ўсё зрабіла, кума, добра, — ухваліла бабуля гаспадыню.
Жонка лесніка ўзяла ў дзяцей кветкі і абразкі, паклала каля цела нябожчыцы. Бабуля надзела ружанец на яе халодную руку, доўга глядзела ёй у твар. Гэты твар не быў дзікаватым! Чорныя бяздонныя вочы яе былі закрытыя, святло ў іх назаўсёды згасла. Цёмныя, ускалмачаныя валасы былі прыбраныя, на халодным, як мармур, ілбе ляжаў вянок з чырвоных гваздзікоў, як залог кахання. На твары не было бачна слядоў сутаргавых цікаў, што рабілі твар непрыемным. Але на вуснах застылі горкая ўсмешка і страх, нібы адлюстраванне апошняй думкі нябожчыцы.