Бабуля Карціны вясковага жыцця Бажэна Немцава

Бабуля

Карціны вясковага жыцця
Бажэна Немцава
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 256с.
Мінск 2007
62.43 МБ
Графіня не адказала, ружовым стаў яе твар, яна прыўзнялася.
— Здаецца, княгіня едзе.
Бабуля адразу пра ўсё здагадалася; цяпер яна ведала, чаго не хапае дзяўчыне. Ніякай княгіні не было. Графіня зноў села, і бабуля, пагаварыўшы пра рознае, пачала апавядаць пра Крыстлу з Мілам і прызналася графіні, што хоча папрасіць за іх княгіню. Гартэнзія ўхваліла яе думку і абяцала, што ахвотна далучыцца.
Нарэшце з’явілася княгіня. Яна ішла па сцежцы, а карэта ехала па дарозе. Сардэчна павітаўшыся з бабуляй, княгіня дала Гартэнзіі букет дзікіх гваздзікоў і сказала:
— Ты, здаецца, любіш дзікія гваздзікі. Я нарвала іх для цябе ў полі.
Дзяўчына нахілілася і пацалавала руку княгіні, а букет заткнула за пояс.
— Гэта слёзкі, — заўважыла бабуля, паглядзеўшы на кветкі.
— Слёзкі? — здзівіліся дамы.
— Так, слёзкі Дзевы Марыі. Так называюць гэтуто кветку. Калі Хрыста вялі на Галгофу, Дзева Марыя ішла за ім, хоць сэрца яе разрывалася ад болю. I калі ўбачыла яна па дарозе кроплі крыві Хрыстовай, то горка заплакала, і з тых слёз
Маці Божай і крыві Яе Сына выраслі, кажуць, вось гэтыя кветкі, — казала бабуля.
— Дык гэта кветкі гора і любові.
— Закаханыя ніколі іх не рвуць і не дораць адзін аднаму, бо думаюць, што яны да слёз, — растлумачыла бабуля і падала княгіні шклянку смятанкі, просячы яе не адмаўляцца і прыняць у знак удзячнасці. Княгіня бабулі не адмовіла.
— Божа ж мой, — працягвала бабуля размову, — нават калі б слёзкі і не рвалі, то заўсёды знойдзецца прычына плакаць, бо ў каханні бываюць і гора, і радасць. Калі закаханыя шчаслівыя, то іншыя імкнуцца ім перцу падсыпаць.
— Дарагая княгіня, бабуля хоча прасіць вас за няшчасных закаханых. Выслухайце яе. Я вельмі вас прашу дапамагчы ім!
Графіня склала на грудзях рукі і з просьбаю зірнула на княгіню.
— Кажы, бабуля, я табе ўжо гаварыла, каб ты звярталася да мяне, што рада табе дапамагчы, бо ведаю, што не будзеш прасіць за нягодных, — сказала княгіня, гладзячы пышныя валасы сваёй выхаванкі і ў той жа час ласкава гледзячы на старую.
— Я ніколі не адважылася б, міласэрная княгіня, калі б ведала, што не заслугоўваюць, — і бабуля пачала апавядаць пра Крыстлу і Мілу, найперш пра тое, як Міла трапіў у салдаты; адзінае не сказала, што аканом да сённяшняга дня пераследуе дзяўчыну. Ёй не хацелася шкодзіць гэтаму чалавеку больш, чым трэба.
— Гэта тая дзяўчына, пра якую я ўжо чула? У хлопца, здаецца, была сварка з Піккала?
— Вось-вось, літасцівая пані.
— Яна такая прыгожая, што за яе б’юцца мужчыны?
— Дзяўчына як сунічка, міласэрная пані! Яна панясе вянок на дажынках, і ваша міласць убачыць яе. Але гора не ўпрыгожвае, калі дзяўчыне ў каханні няма шчасця, адразу схіляецца яе галава, як завялая кветка. Крыстла сёння як цень, але дастаткова аднаго слова, і яна ажыве, будзе такой, як
раней. Мілая паненка таксама бледная, але калі дасць Бог і яна ўбачыць родны край і ўсё, што сэрцу міла, яе тварык расквітнее, як пялёсткі ружы, — дадала бабуля, робячы націск на словах «што сэрцу міла», ды так, што дзяўчына была ў роспачы.
Княгіня кінула хуткі позірк на графіню, потым на бабулю, але апошняя зрабіла выгляд, што нічога не адбылося. «Калі ёй дарагое шчасце дзяўчыны, то яна дойдзе да праўды», — падумала сама сабе старая.
Княгіня пасля хвіліннага маўчання паднялася, паклала руку на бабуліна плячо і сказала сваім прыемным голасам:
— Я паклапачуся пра закаханых. Зайдзі заўтра да мяне ў той жа час, матуля, — дадала яна ціха.
— Мілая княгіня, — загаварыла графіня, беручы кнігу пад паху, — бабуля пагадзілася пазіраваць мне, але не хоча афішыраваць, пакуль яна жывая. Як жа гэта зрабіць?
— Што ж, прыходзь у замак, матуля, Гартэнзія цябе намалюе, а партрэт застанецца ў мяне, пакуль будзеш жывая. Намалюе яна і тваіх унукаў, іх партрэты возьмеш сабе, каб засталася ў цябе памяць, калі яны вырастуць.
Так вырашыла княгіня і, ветліва пакланіўшыся, увайшла разам з Гартэнзіяй у карэіу. Бабуля, усім задаволеная, пайшла дадому.
XVII
Раніцаю парыла, і старыя і маладыя працавалі ў полі, спяшаючыся сабраць ураджай. Гаспадары працавалі да глыбокай начы, каб паспець сабраць і сваё, і панскае. Людзям было цяжка, кветкі завялі, птушкі лёталі над самай зямлёй, усё жывое шукала ценю. 3 раніцы ўжо з’явіліся дзе-нідзе на даляглядзе маленькія шэрыя і белыя воблачкі, там-сям растрапаныя. Чым ярчэй разгараўся дзень, тым больш іх прыбывала, яны грувасціліся, падымаліся вышэй, зліваючыся ў вялізнае
воблака, якое цямнела з кожнай хвілінай. Да поўдня на захадзе ўсё было зацягнута чорнай цяжкай хмарай, якая цягнулася да сонца. Са страхам глядзелі жнеі на хмару, хоць людзі ледзь дыхалі ад стомы, — яны працавалі, не разгінаючы спіны. Бясконцыя крыкі і пануканні пісарчука былі дарэмныя. Між іншым, гэта ўвайшло ў ягоную звычку. A то, глядзі, людзі забудуцца, што ён над імі пан, і страцяць да яго рэспект.
Бабуля сядзела на ганку, з трывогай сочачы за хмараю, якая павісла над самым домам. Хлопчыкі і Адэлька гулялі за домам, але ад гарачыні марылі ўсё з сябе паздымаць і ўскочыць у рэчку, калі б толькі бабуля дазволіла. Адэлька, якая заўсёды была шчабятушкай і скакала, як берасцяначка, сёння пазяхала, не хацела гуляць, і вочкі яе заплюшчваліся. Бабуля таксама адчувала, што яе павекі становяцца цяжкімі. Ластаўкі нізка лёталі над зямлёю і хаваліся ў гнёздах; павук, які, як заўважыла бабуля, раніцою аблытаў павуцінаю і прыдушыў некалькі мух, залез у павуцінне, хатняя птушка стайкамі збіралася ў халадку ў двары. Сабакі ляжалі каля бабуліных ног і, высунуўшы языкі, цяжка дыхалі, нібы пасля палявання. Дрэвы стаялі нерухома, ні адзін лісток не варушыўся.
Пан Прошак з жонкаю вярнуліся з замку. «Людзі, збіраецца навальніца, ці ўсе ўжо дома?» — пыталася гаспадыня здалёк. Прынеслі палатно з бялільні, дзяцей паклікалі дахаты, птушак загналі ў хлеўчык. Бабуля паклала на стол хлеб, падрыхтавала грамнічную свечку і зачыніла вокны. Усё змярцвела, сонца закрылі хмары. Пан Прошак спыніўся па дарозе і паглядзеў навокал.
У лесе пад дрэвам ён убачыў Вікторку. Раптам падзьмуў ветрык, здалёку загрымела, у чорнай хмары зазіхацела маланка. «Божа, гэтая няшчасная стаіць пад дрэвам!» — падумаў пан Прошак і пачаў крычаць і паказваць рукамі, каб адышла. Вікторка пры кожнай бліскавіцы пляскала ў далоні і рагатала, а на пана Прошака не звяртала аніякай увагі. Упалі першыя буйныя кроплі, маланкі перакрыжоўваліся на чорным
небе, гром пачаў грукацець, бура выбухнула з вялікай сілай. Пан Прошак увайшоў у дом. Бабуля запаліла грамнічную свечку і малілася разам з дзецьмі, якія ўздрыгвалі пры кожнай бліскавіцы, пры кожнай грымоце. Пан Прошак хадзіў ад акна да акна, пазіраючы на двор. Ліло як з вядра, неба нібыта расчынілася, маланкі зіхацелі адна за адной, здавалася, нібы злыя духі лёталі ў паветры. Імгненне ціха — і зноў сінежоўты водбліск асвятліў пакой, падобная на крыж маланка рассекла неба і дзве страшныя грымоты прагучалі проста над домам. Бабуля хацела сказаць: «Бог з намі», — але словы застылі на яе вуснах, пані Прошкава ўхапілася за стол, пан Прошак збялеў, Ворша і Бетка ўпалі на калені, а дзеці пачалі плакаць. Навальніца нібы тым сваім апошнім выбухам выліла сваю злосць і паступова пачала заціхаць. Слабейшымі сталі грымоты, хмары разыходзіліся, змянялі фарбы і зноў між шэрых аблокаў выглянула блакітнае неба. Маланкі зіхацелі ўсё радзей, дождж спыніўся, навальніца прайшла.
Як усё змянілася навокал! Стомленая зямля адпачывае, хоць пакуль не адышла ад узрушэння, а сонца глядзіць на яе яшчэ вільготным, але ясным вокам, тут і там яшчэ набягаюць хмаркі — рэшткі шалёнай буры. Трава, кветкі — усё прыгнута да зямлі; па дарогах цякуць ручаі, вада ў рэчцы скаламуцілася, дрэвы страсаюць з сябе тысячы кропель, якія зіхцяць на іх зялёных вопратках. Закружыліся ў паветры птушкі; гусі і качкі цешацца з луж і ручаін, што засталіся пасля залевы; куры зноў ганяюцца за жукамі, якія ў вялікай колькасці мітусяцца па зямлі; павук зноў тчэ сваю павуціну. Усё жывое, якое затаілася, зноў спяшаецца да новага жыцця, да новай барацьбы.
Пан Прошак выйшаў на вуліцу, абышоў сядзібу і ўбачыў, што маланка зваліла старую грушу, галіны якой столькі гадоў засцерагалі страху яго дома. Адна палова яе ляжала на даху, другая — на зямлі. Ужо шмат гадоў не радзіла старая дзічка, плады яе былі нясмачнымі; але грушу любілі, бо з вясны да зімы ўпрыгожвала яна страху сваёй лістотай.
На палях лівень таксама нарабіў бяды, але людзі ўсё ж радаваліся, што абыйшлося без граду, a то яшчэ горш было б. Пасля абеду дарогі прасохлі, і пан бацька пайшоў да гаці, як звычайна, у чаравіках. Ён сустрэў бабулю, што ішла да замка. Млынар расказаў ёй, колькі шкоды нарабіла навальніца садавіне, пачаставаў бабулю табакай, спытаўся, куды яна ідзе, а калі пачуў, што да двара, пайшоў сваёю дарогай, а бабуля сваёй.
Пану Леапольду загадалі прывесці бабулю да княгіні адразу. Калі старая паказалася ў пярэднім пакоі, ён без усялякіх роспытаў адчыніў дзверы ў маленькую гасцёўню, дзе сядзела княгіня. Яна была адна. Княгіня запрасіла бабулю сесці no634 з сабою, і тая асцярожна села.
— Мне вельмі падабаюцца твая простасардэчнасць і шчырасць; я стаўлюся да цябе з усім даверам і думаю, што з той жа шчырасцю ты адкажаш на мае пытанні, — пачала княгіня.
— Інакш і быць не можа, міласэрная пані, толькі пытайцеся, — сказала бабуля, не разумеючы, чаго княгіня ад яе хоча.
— Ты ўчора сказала: калі дзяўчына прыедзе на сваю радзіму і ўбачыць тое, што сэрцу міла, то яе твар паружавее. Гэтыя словы ты сказала так шматзначна, што я задумалася. Ці я памыляюся, ці ты на самой справе гаварыла з намерам?
Княгіня, прамаўляючы гэта, уважліва глядзела на старую, але тая зусім не збянтэжылася. Яна хвілінку падумала, а потым шчыра прызналася:
— Я з намерам так сказала. Пра што думала, тое і на язык трапіла. Хацела я, княгіня, вам на сёе-тое вочы адкрыць. У час сказанае слова даражэй за золата.
— Цябе прасіла графіня? — дапытвалася княгіня.
— Божа барані! Паненка не з тых, што выносяць свае слёзы на вуліцу. Ды толькі той, хто сам прайшоў праз выпрабаванні, і без слоў усё разумее. He заўсёды чалавеку ўдаецца ўтаіць тое, што ў яго на душы, вось я і здагадалася.