Бабуля Карціны вясковага жыцця Бажэна Немцава

Бабуля

Карціны вясковага жыцця
Бажэна Немцава
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 256с.
Мінск 2007
62.43 МБ
— Чаму хварэла тваё беднае сэрцайка? Што з табою зрабілі? — сказала бабуля ціхім голасам. — Ці атрымаеш ты ўзнагароду за свае зямныя пакуты, Бог будзе вырашаць. Табе цяпер светла і спакойна.
— Каваліха сказала, што трэба было пакласці пад галаву пілавінне, а муж прынёс моху; баюся, каб не асудзілі мяне людзі і Вікторчыны родныя. Узялі на сябе клопат і так бедна хаваем, — нервавалася жонка лесніка.
— Няма тае хусткі, каб завязаць людзям вусны. Мілая кума, не звяртайце ўвагі на тое, што кажуць людзі. Пакуль чалавек жывы, у яго не пытаюцца, як яму жывецца, а пасля смерці ў золата б апранулі. Ці не так? Пакіньце ёй зялёную
падушку, бо пятнаццаць гадоў іншай не ведала, — з гэтымі словамі бабуля ўзяла крапіла, тройчы акрапіла нябожчыцу святой вадой ад галавы да ног, перахрысціла, сказала дзецям зрабіць тое ж і пакінула вартоўню.
За Рызнбургам у рамантычнай даліне, ля боўшынскай каплічкі, якую калісьці Турынскі пан пабудаваў у гонар сваёй нямой дачкі, якая вылечылася, ёсць могілкі. Там пахавалі Вікторку. На магіле пасадзіў ляснік хвою.
— Хвоя зялёная і зімою і летам, ды і любіла яна яе, — казаў ён бабулі, калі выпадала ім размаўляць пра Вікторку.
На Вікторку не забыліся, хоць не гучала больш каля гаці яе калыханка; пустою была яе пячора, а хвоі ссечаныя. Імя няшчаснай дзяўчыны жыло далей у сумнай песні, якую склала пра яе Барла з Жэрнава.
XVIII
Бабулін партрэт графіня пакінула ў сябе, а партрэты ўнукаў аддала, і яны вельмі ўсцешылі бацькоў, а больш за ўсё бабулю. Гартэнзія здолела ўкласці ў твары душу, і мела рацыю бабуля, калі кожнаму, каму паказвала партрэты (а іх павінны былі ўбачыць усе знаёмыя), казала: «Засталося толькі раскрыць вусны і загаварыць». I праз шмат гадоў, калі ўнукі ўжо пакінулі родны дом, яна адзначала: «Хоць простыя людзі не ўмеюць маляваць сябе, але гэта добры звычай. Я пакуль усіх добра памятаю, але, калі пройдуць гады і памяць аслабне, пачынае чалавек забывацца на рысы твару. Тады будзе радасцю, калі змагу я такую карцінку паглядзець».
3 панскіх палёў ужо звозілі апошнюю пшаніцу. Усе ведалі, што княгіня доўга не затрымаецца ў маёнтку, бо збіраецца з графіняю ў Італію, таму і вырашыў аканом наладзіць дажынкі адразу пасля таго, як вывезуць апошнюю пшаніцу.
Крыстла была самай прыгожай дзяўчынай у наваколлі і да таго ж спрытнай, бабуля добра прыдумала, каб абралі яе
падносіць вянок княгіні. За замкам цягнулася пожня, часткова парослая травой, часткова занятая высокімі стажкамі саломы. У траве хлопцы зрабілі высокі памост і ўпрыгожылі яго хваёвымі галінкамі, стужкамі і чырвонымі хустачкамі, якія луналі ў паветры, паміж галін панаўтыкалі палявых кветак і каласкоў. Вакол стагоў паставілі лавы, парабілі з хвой альтанкі, каля святочна прыбранага моста ўтапталі зямлю для танцаў.
— Бабуля, бабуля, — казала Крыстла, — вы мяне ўвесь час супакойвалі, я вашымі словамі толькі жыла, Мілу дала столькі надзеі. I вось дажынкі, а пакуль не ведаем, на што спадзявацца. Скажыце мне, калі ласка, ці не было гэта суцяшальным яблыкам, якое вы нам паказалі, каб мы адвыклі адзін ад аднаго?
— Было б неразумна вас такім чынам абнадзейваць, дурненькая. Што я вам казала, тое і будзе. Заўтра прыгожа апраніся, княгіня гэта любіць. I я таксама, калі буду жывая і здаровая, прыйду паглядзець. А калі ў мяне будзеш пытаць, то скажу ўсю праўду, — адказала бабуля дзяўчыне і ўсміхнулася. Шчыра сказаць, бабуля ведала, як склаўся лёс Мілы, і калі б не паабяцала княгіні маўчаць, пастаралася б супакоіць Крыстлу.
Усе, хто хадзіў на паншчыну, і моладзь, якая працавала на панскім двары, сабраліся на другі дзень на зялёным траўніку. На калёсы паклалі снапы, грывы коней упрыгожылі стужкамі, адзін з хлопцаў сеў наперадзе; Крыстла з сяброўкамі ўзлезлі на снапы. Астатняя моладзь стала парамі за калёсамі, старэйшыя — ззаду. Жняцы трымалі ў руках снапы і косы, жнеі — сярпы і граблі. У гарсажах дзяўчат былі букеты з каласкоў, валошак і іншых палявых кветак; хлопцы ўпрыгожылі кветкамі шапкі і капелюшы. Пахолак узмахнуў пугаю, пагнаў каня, жанчыны пачалі спяваць і спявалі аж да самага замка. Перад замкам калёсы спыніліся, дзяўчаты злезлі са снапоў. Крыстла паклала на рукі вянок з каласоў, падсцяліўшы пад яго чырвоную хустку, моладзь стала за ёю, і з песняю
ўвайшлі ў пярэдні пакой, куды тым часам выйшла княгіня. Крыстла калацілася ад страху, твар яе зачырванеўся; апусціўшы вочы, заікаючыся, павіншавала яна княгіню з паспяховым завяршэннем жніва і багатым ураджаем, пажадала ёй сабраць не меншы і на будучы год і паклала вянок да яе ног. Жняцы знялі шапкі і пажадалі княгіні здароўя і доўгіх гадоў жыцця. Ласкава падзякаваўшы, княгіня загадала аканому ўсіх накарміць і напаіць.
— А табе, мілая дзяўчына, за добрае пажаданне і вянок асабліва ўдзячная, — сказала яна Крыстле, вешаючы вянок на руку, — бачу, што ўсе па парах, а ты адна. Пэўна, лепшай узнагародай будзе, калі я знайду табе танцора!
Усміхнулася, адчыніла дзверы салона, а з іх выйшаў Міла ў цывільным адзенні.
— Езус-Марыя, Якуб! — ускрыкнула дзяўчына; ногі яе падкасіліся, і яна павалілася б на зямлю, калі б Міла не паспеў яе падтрымаць пад пахі.
Княгіня ціха выйшла з салона.
— Пойдзем, пойдзем, — прыспешваў Міла, — княгіня не хоча, каб ёй дзякавалі.
Калі выйшлі з памяшкання, то ён узняў угару руку з поўным мяшэчкам і сказаў: «Гэта мне дала княгіня, каб я паміж вамі падзяліў. Вазьмі, сябра, раздай сам! — дадаў ён, падаючы грошы Томашу, які здзіўлена, як і астатнія, глядзеў на Мілу. Цяпер, калі выйшлі з замку, моладзь дала волю сваёй радасці, а Якуб горача абняў каханую дзяўчыну і ўсім растлумачыў, што сваім вызваленнем ад службы абавязаны княгіні. «I бабулі, — дадала Крыстла, — калі б не яна, нічога не было б».
Пачалі рыхтавацца да танцаў. Прыйшлі, акрамя жняцоў, служачыя з замка са сваімі роднымі, Прошкавы, ляснік і млынар з сем’ямі; бабуля з’явілася раней за ўсіх. Яна імкнулася ўбачыць як мага хутчэй закаханых, і зразумела, чаму Крыстла і Міла яе ледзь не абдымалі.
— Мне не дзякуйце, я толькі сказала, а княгіня дапамагла, і Бог таго пажадаў.
— А вы, бабуля, — гразіла пальцам Крыстла, — ведалі ўчора, што Міла вярнуўся і сядзіць у Вацлава, а маўчалі!
Я не магла. Ці не дастаткова было табе майго слова, што яго ты хутка ўбачыш? Памятай, дзяўчына, што цярплівы заўсёды выйграе.
Музыка, крыкі, спевы і смех гучалі каля ўпрыгожанага мосту. Служачыя замка запрашалі на танцы вясковых дзяўчат, а іх дочкі не саромеліся танцаваць з вясковымі хлопцамі, кожны знайшоў сабе пару. Піва, наліўкі і танцы разгарачылі галовы. А калі княгіня з графіняю прыйшлі паглядзець, і моладзь перад імі танцавала народныя танцы. радасць дасягнула найвышэйшай ступені, знікла нясмеласць, шапкі і капялюшы лёталі ў паветры, кожны крычаў: <-Добрага здароўя нашай княгіні!» Пілі і пілі за яе здароўе безупынку.
Задаволеныя княгіня і графіня перакінуліся з адным, з другім некалькімі словамі, Гартэнзія пажадала Крыстле, калі тая цалавала ёй руку, шчаслівага замужжа, пагаварыла з млынаром і лесніком, а потым ласкава звярнулася да бабулі, чым выклікала злосць у аканомавых жонкі і дачкі, якія цярпець не маглі бабулю за тое, што парушыла ўсе іх задумы. За сталом старыя пачалі лаяць пісарчукоў і аканома, а адзін з іх схапіў кубак з півам і хацеў паднесці яго княгіні, а калі Томаш яго не пусціў, то пачаў крычаць, але княгіні там ужо не было.
Праз некалькі дзён пасля дажынак княгіня з графіняю паехалі ў Італію; графіня перад ад’ездам аддала бабулі для Крыстлы прыгожыя гранаты да вяселля.
Бабуля хадзіла задаволеная, усё склалася так, як яна і задумала. Але заставаўся яшчэ адзін клопат; трэба было напісаць ліст дачцэ Іаганцы. Яго магла б напісаць Тэрэзка, але ён не быў бы такім, як хацела бабуля. Таму аднойчы паклікала яна Барунку ў свой пакой, зачыніла дзверы і, паказаўшы на стол, дзе ляжалі падрыхтаваныя папера, чарніла і пяро, сказала: «Сядай, Барунка, будзеш пісаць ліст цётцы Іаганцы». Барунка села, бабуля побач з ёю, так, каб бачыць паперу, і пачала дыктавацы
— Няхай будзе пахвалёны Езус Хрыстус!
— Але, бабуля, — не пагадзілася дзяўчынка, — так лісты не пачынаюць. Трэба пісаць: «Мілая Іаганка!»
— Hi да чаго гэта, дзяўчынка, твой прадзед і дзед так пісалі, і я дзецям інакш не пісала. Калі прыйдзеш да кагонебудзь, дык найперш прывітаеш: «Будзь пахвалёны Езус Хрыстус!» Вось і пачні, як я кажу. Будзь пахвалёны Езус Хрыстус! Сто разоў цябе вітаю і цалую, мілая дачка Іаганка, і паведамляю табе, што я, хвала Богу, здаровая. Троху мяне прымушае пакутаваць кашаль, але нічога дзіўнага, бо хутка споўніцца мне восемдзесят гадоў. Гэта добрыя гады, мілая дачка, і Богу трэба дзякаваць за тое, што жыву з такім здароўем; добра чую, бачу яшчэ так, што і цыраваць змагла б, калі б не рабіла за мяне гэта Барунка. На ногі таксама не магу скардзіцца. Спадзяюся, што і цябе гэты ліст заспее ў добрым здароўі, і Даротку. 3 твайго ліста я зразумела, што дзядзька хварэе, вельмі шкада, але спадзяюся, што гэта не будзе доўта працягвацца. Ён часта стогне, але кажуць, што частыя стогны не прыводзяць да звону. Таксама мне пішаш, што хочаш узяць шлюб і чакаеш на маё благаславенне. Мілая дачка, што я магу сказаць, калі ты ўжо абрала чалавека па сэрцу, дай Бог табе шчасця і няхай блаславіць ён вас абодвух, жывіце ў пашане і хвале божай і чалавечай. Чаму б я была супраць, калі Іржы добры чалавек і ты яго кахаеш? He мне з ім жыць, а табе. Спадзявалася я, што ты чэха знойдзеш, свой да свайго найлепш падыходзіць, ды, бачу, не быць гэтаму, я не ў крыўдзе. Усе мы дзеці аднаго бацькі і адна маці нас жывіць, і павінны яны любіць адзін аднаго, хоць і не ў адной краіне нарадзіліся. Прывітай Іржы, а дасць вам Бог здароўя, як наладзіце гаспадарку і ўсё будзе добра, то наведайце нас. Дзеці не могуць дачакацца, калі ўбачаць сваю цётку. Дай вам Бог усім здароўя і заставайцеся з Богам!»
Барунка павінна была перачытаць бабулі ліст яшчэ раз; потым яго склалі, запячаталі, і бабуля схавала яго ў шуфляду, каб, калі яна пойдзе да касцёла, самой аднесці на пошту.
За некалькі дзён да святой Кацярыны ўвечары збіралася ў шынку моладзь, хлопцы і дзяўчаты. Дом звонку і ўнутры быў вычышчаны да бляску; каля дзвярэй віселі вянкі з хвоі, у святліцы за кожным абразом — зялёная галінка, фіранкі на вокнах белыя, як снег, вымытая да белізны падлога.