Багам ночы роўныя
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Рэгістр
Памер: 437с.
Мінск 2019
— Я пайду туды... Прашу пачакаць тут, бо пры чужым чалавеку яны будуць баяцца прадаць.
Раман даў ёй грошы.
— Колькі купіць гарэлкі?
— Тры літры, бо як калега прыйдзе, таксама захоча выпіць.
Праз дзесяць хвілін Магда вярнулася, нагружаная пляшкамі. Раман узяў некалькі ў кішэню. Пайшлі ў зваротны шлях.
— Колькі табе гадоў? — спытаў Раман у дзяўчыны. Яна паказала ва ўсмешцы рады цудоўных зубоў. — Дваццаць тры.
— Чаму не выходзіш замуж?
— Цяпер такі час... Хлопцаў няма... На вайне загінулі. Некаторыя паўцякалі ад бальшавікоў...
У халупе Раман пачаў піць самагонку. Яна сапраўды была добрая. Запрасіў гаспадара, які вельмі ахвотна з ім выпіў. Магда таксама не пагарджала кілішкам.
Пасля вячэры пайшлі спаць.
Раман доўга не мог заснуць. Некалькі разоў уставаў і глядзеў у акно. Яму здавалася, што чуе на двары чыесьці крокі, нават галасы, што хтосьці ходзіць паблізу дома. Але гэта быў падман. Заснуў ён позна, спаў неспакойна.
У тую ноч Пятроў не прыйшоў. Удзень Забава неаднаразова выходзіў на двор і глядзеў на тэлеграфныя слупы, якія былі бачны здалёк і беглі ўздоўж тракту. Але ніхто не спяшыў да хутара.
Раман адчуваў сябе знуджаным і расчараваным. Шкада было яму непатрэбна страчанага часу. Нарэшце, напіўся і пайшоў спаць.
— Гаспадару, — сказаў ён, — калі хто-небудзь будзе ісці на хутар, прабудзіце мяне. Добра?
— Добра, добра... Але хто цяпер пойдзе да нас? Навошта? Суседзяў не маем. Сваякі далёка. Ад тракту таксама няблізка. Ніхто сюды не заглядвае.
Забава прачнуўся вечарам. Пятроў не прыйшоў. Тады ён пайшоў у лес на шпацыр. Увайшоў паміж высокімі дрэвамі і доўга блукаў па сцежках, якія згадваліся пад снежнай заслонай. Быў мароз. Снег скрыпеў пад нагамі. Вялікія шматкі снегу ападалі з галінак. Праз некаторы час ён вярнуўся на хутар.
— Хадзіце вячэраць, — запрасіў селянін. — Даўно чакаем.
— Выдатна! Зараз.
Пасля шпацыру Раман трохі павесялеў. Апрача гэтага ў добры гумор яго ўвяло тое, што заўтра заканчваўся тэрмін чакання Пятрова. Выпілі з гаспадаром шмат самагонкі і пайшлі спаць.
Размораны алкаголем, ён адразу заснуў, але прачнуўся пасля кароткага сну. У нейкую хвіліну яму здалося, што хтосьці пастукаў у акно, але хутка пераканаўся, што гэта (як і ў мінулую ноч) падман. Глянуў на гадзіннік: толькі пару хвілін пасля адзінаццатай. Устаў, выняў з-пад падушкі пісталет і ліхтарык. Потым выйшаў у кухню. Ад моцнай гарачыні ў хаце і выпітай самагонкі яму хацелася піць. Калі папіў вады, то падышоў да акна і доўга глядзеў у бок тракту... На двары было ціха... Снег іскрыўся ў промнях месяца... Дрэвы былі ў інеі, нібы срэбраныя...
Ноч была цудоўнай... Мясцовасць выглядала як казачная дэкарацыя.
Раман пачуў у цемры за сабою гучны ўздых, нібы енк. Ён хутка азірнуўся і, залазячы на лаўку абок сцяны, пасвяціў ліхтарыкам па печы. Там убачыў дачку гаспадара, якая спала на разасланым поўсцю наверх кажусе. Дзяўчына была зусім голая, бо ад гарачыні скінула з сябе тоўстую ільняную кашулю. Яна ляжала з нядбала раскінутымі рукамі, нібы вылітымі з гарачага ружовага мармуру. Ен доўга глядзеў
з затоеным дыханнем на голую дзяўчыну, і сэрца ўсё мацней калацілася, а потым выйшаў у агульную хату і лёг у ложак... Заснуць не мог. Пасля добрага адпачынку ўчарашняй ноччу і часткі сённяшняга дня няможна было нават думаць аб далейшым сне. А цяпер... калі закрываў вочы, бачыў шыкоўна раскінутае цела жанчыны... такое павабнае, такое прыцягальнае.
Ён устаў. Выйшаў у кухню. Паціху, стрымліваючы дыханне, узняўся на запечак і ўкленчыў каля Магды. Уключыў ліхтарык. Вырваў з цемры закінутую пад галаву руку, хвалюючыя грудзі, раскрытыя вусны. Ноздры казытаў лёгкі пах поту. Пагладзіў яе па шчацэ...
— Што? Хто гэта? — адазвалася яна, адкрываючы вочы.
— Ціха, Мадзя, ціха... гэтая...
Дзяўчына маўчала. Праз хвіліну трохі ссунулася ўбок. Ён застаўся з ёю да раніцы...
Калі развіднела, гаспадар паехаў у Мінск на базар.
— Няма чаго купляць на тым базары, але от... ездзім. Па прывычцы, — сказаў ён Забаве.
Магда паехала разам з ім. Хацелі памяняць на соль трохі бульбы і збожжа.
Раман стараўся ўбачыць твар Магды. Думаў, што пасля сённяшняй ночы ён будзе разгублены і сарамлівы, бо думаў, што яна аддалася яму «дзеля прыстойнасці». Замест гэтага пару разоў злавіў на сабе такія шэл ьмаўскія позіркі яе вачэй і заўважыў свавольную ўсмешку, што зусім супакоіўся.
Апоўдні заўважыў праз акно ў кухні мужчыну, які здалёк ішоў па дарозе ад тракту. Пачаў скакаць ад радасці, пазнаўшы Пятрова.
— Чэсць, кракадзіл! — рыкнуўкалега, уваходзячыўхату і кідаючы на ложак прынесены пачак. — Ну і стаміўся ж! Для людзей мароз, а для мяне лазня! — працягваў далей, выціраючы спацелы лоб. — А ў цябе што чуваць?
— Усё ў парадку, толькі задоўга чакаў цябе.
— Нічога. Другім разам я пачакаю. Паквітаемся. Але ж намучаўся і тры дні не піў.
— Чаму? Вады не хапае?
— Вады? Цьфу! Гарэлкі бракуе!
— Маю крыху самагонкі.
— Што? I маўчаў?! Давай хутчэй!
Залпам выпіў шклянку самагонкі і аблізаў вусны.
— Ведаеш што? — расчулена звярнуўся ён да Забавы. — Добры ты хлопец, толькі... каб другую скуру, рукі, ногі, лоб...
— А табе каб з галавы ваду выліць, то не дурны быў бы чалавек. Але досыць жартаў. Кажы, як пайшла работа?
— Бачыш! — паказаў Пятроў на пачак на ложку. — Тры фунты адных прыгавораў. Што смяешся? Я на фунты лічу. Ёсць якія хочаш: звычайныя, патаемныя, вельмі патаемныя... Я калісьці хацеў у аднаго са сваіх агентаў фатаграфаваць прыгаворы. А ён мне кажа: «На якога чорта! У нас салдаты ў тайныя прыгаворы селядцоў загортваюць. Бяры за апошні квартал і рві, што хочаш!» Ну я і дзяру... з мясам... У іх, браце, за манету ўсё купіш! Цэлы штаб... з шафамі, сталамі, крэсламі і ў дадатак з машыністкамі!.. Усё купіш за хромавыя боты, за порткі, за бабскія панчохі, за грам какаіну, за пляшку гарэлкі... Усё, апрача сумлення, бо гэта буржуазны перажытак, таму пралетарыю — у іх разуменні — хопіць сліны, каб пляваць, зубоў, каб жаваць, кулакоў, каб біць, і смуроду!
Прыйшла гаспадыня.
— Можа, хлопцы, дапаможаце мне трохі дроў напілаваць, бо мой з Магдай паехаў, а я не здолею.
— Ідзі дапамажы, — сказаў Пятроў калегу.
— Ідзі сам, — адказаў Забава. — Ты пралетарый, дык і рабі.
— Няхай трактар робіць!
— Ну, я не пайду!..
— Ідзі, ідзі! — сказаў Пятроў. — Я з дарогі. Змучаны... I хворы я, браце, хворы... Сілу яшчэ маю конскую, але здароўе паскуднае. Размяняў яго на дробязі, але і дробязяў нямнога засталося...
Забава выйшаў з хаты, хутка скончыў працу і вярнуўся. Пятроў, лежачы на ложку, чытаў артыкул у савецкай газеце і смяяўся:
— «Совкультура»! Хочуць, у найлепшым выпадку, выціснуць чалавека ў зручны для ўрада стан і кажуць: совкультура!
— Увогуле, — перапыніў яго Забава. — Расейцы пра культуру нават гаварыць не маюць права, бо ў мільярд разоў больш зрабілі, каб яе знішчыць, чым развіць!
— Слухай, — сур’ёзна сказаў Пятроў, — у Расіі няма яшчэ нічога пастаяннага. Народ тут яшчэ немаўлятка. Гуляюць дзіка, гуляюць жорстка. Гуляюць, як дзеці: па-свойму паслядоўна. Спачатку возьмуць цацку ў рукі — пацешацца. Потым разгледзяць і зробяць аналіз: распораць жывот!.. Была адна цацка: цар-бацюхна! Цяпер другая: марксізм. Прыйдзе чарга на іншыя... Пакуль дарастуць... А імі ўсімі д’ябал забаўляецца! He той элегантны, еўрапейскі — у цыліндры, у фраку, лакерках, добра выхаваны д’ябал, а наш, брудны, каханы, рускі, смярдзючы «чорт», які жыве ў балоце і забаўляецца такім чынам: камусьці вока выпара, руку выкруціць, нагу зломіць, вёску спаліць, студню атруціць, грошы ўкрадзе, плёткі пусціць, хабар возьме... Мы таксама ягоныя цацкі. Як мухі, па ліпкай паперы лазім!
Хутка Пятроў лёг спаць. А вечарам, калі толькі сцямнела, калегі вырушылі ў дарогу яшчэ да прыезду гаспадара і Магды з Мінска.
Пасля дзвюх гадзін хуткага маршу апынуліся ў 26 вёрстах ад Мінска. Да Ракава заставалася 7 вёрст. Пятроў, задыханы, спыніўся на мосце.
— Пачакай... Адпачнём...
Ён лёг на снег ніцма і доўга так трываў без руху... вялікі, гратэскны... Выглядала, як быццам ён выграваўся ў промнях месяца...
— Ведаеш што? — сказаў Раману. — Я хутка сканаю... Так... У мяне сіфіліс, парок сэрца, сухоты.
— Чаму не лечышся? Маеш магутны арганізм!
— А навошта?.. Усё роўна мяне і так заб’юць!..
Пайшлі далей. Раптам Пятроў спыніўся і павярнуў да Забавы вялікую ільвіную галаву, якой нагадваў Забаве
Хмяльніцкага, падабенства з якім бачыў на нейкай ілюстрацыі.
— Ведаеш што?.. — сказаў прыцішаным голасам.
— Ну? — спытаў Раман, здзіўлены гэтай таямнічасцю.
— Добра б напісаць аповесць...
— Якую аповесць?
— Аповесць. Пад назвай «Разведчык»... Разумееш? I так апісаць гэта ўсё, — правёў рукой па высокім ілбе.
— Гэты масток, лясок, дарогу? — спытаў Забава.
— Дурня граеш?.. Апісаць жыццё... якое ёсць... Няхай бы ўбачылі тыя, якія спяць у чыстых ложках... Намі пагарджаюць тыя, на якіх мы працуем, праз якіх мы мучымся і гінем... Мы існуем для іх: цёмныя тыпы, авантурнікі, п’яніцы... Няхай бы яны паспрабавалі...
Ён махнуў рукой, плюнуў і шырокім крокам пайшоў наперад.
Праз гадзіну наблізіліся да другой лініі, Пятроў спыніўся. Звярнуўся да Рамана:
— Як хочаш ісці далей?
— Я прапаную ісці дарогай праз мост. Потым дарогай далей і дарогай праз граніцу. Ім у галаву не прыйдзе, што шпікі або перамытнікі пойдуць трактам. Калі нават заўважаць, то падумаюць, што свае. А мы тады іх прывітаем.
Пятроў з ушанаваннем трэснуў Рамана далонню па спіне.
— Выглядаеш, як паненка, толькі кіпцюры маеш воўчыя!
Забава ўсміхнуўся:
— Ува мне ніколі не памылішся!
Рушылі ўперад. Ішлі левым бокам шырокага тракту па сцежцы, вытаптанай нагамі пагранічнай варты. Аднак нікога не сустрэлі на сваёй дарозе і хутка выйшлі на пагранічную паласу.
Затрымаліся на сцежцы паміж гранічнымі слупамі.
Справа былі бачны заснежаныя пасачкі калючага дроту. Паласа плавілася ў промнях месяца.
— Ведаеш што? — сказаў Пятроў. — Давай заспяваем.
Раман зірнуў на яго.
— Навошта?
— Зробім канцэрт «зялёнкам».
— Добра. Што будзем спяваць?
— Давай «Волгу».
У імгненне над граніцай, над лесам, над палямі паплыла ўрачыстая песня:
Волга, Волга, Мать родная, Волга — русская река... He вндала ты подарка От донского казака.