Багам ночы роўныя  Сяргей Пясецкі

Багам ночы роўныя

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Рэгістр
Памер: 437с.
Мінск 2019
97.49 МБ
Пасля прыбыцця ў Ракаў я найперш пайшоў да шаўца. Ён узяў у рамонт чаравік і распачаў працу. Выглядам сваім ён выклікаў давер. Хочучы распачаць размову пра гранічныя адносіны, я сказаў яму, што прыбыў з Ракава з мэтай перайсці граніцу ў Мінск, дзе маю сваякоў і дзе хачу ўзяць метрыку, без якой не магу атрымаць пашпарт.
Шавец любіў пагаварыць і падчас працы распавёў мне шмат цікавых, невядомых мне падрабязнасцей пра граніцу і пра Саветы. 3 яго слоў я даведаўся, што Мінск знаходзіцца ў 33 вёрстах ад Ракава, калі ісці ўздоўж тракту. Ад Ракава да граніцы дзве вярсты. У 5 вёрстах ад граніцы першая вёска — Краснае. Гэтыя дробязі вельмі мяне цікавілі, і таму я вельмі скрупулёзна распытваў яго.
Шавец, добры чалавеча, не хацеў узяць ад мяне платы за рамонт абутку, бо я папярэдне сказаў яму, што з грашыма ў мяне туга. Ён адказаў, каб я разлічыўся пасля вяртання. Я згадзіўся на гэта і пайшоў у штаб 29 пагранічнага батальёна.
Мая матэрыяльная сітуацыя была наступнай: маю 5 тысяч марак. Гэта мае вартасць аднаго даляра. Савецкіх грошай я не маю ўвогуле. He маю ані зброі, ані дакументаў... 3 гэтым мяне выправілі на выкананне спробнага задання. Нават адпаведнай для Саветаў адзежы не маю. Ужо шавец звярнуў увагу на гэтую акалічнасць. Але ж усё гэта нецікава і фільм нішто не нагадвае.
ГЛАВА 1
Першая разведка
Дзяжурны абцягнуў левай рукой мундзір ззаду і, нахіляючы галаву ўправа, пастукаў у дзверы кабінета камандзіра 29 батальёна — вайсковага аддзялення пагранічнай варты.
— Увайдзіце!
Узводны ўвайшоў усярэдзіну, выпраміўся, казырнуў і пачаў выкідваць з горла некалькі разоў паўтораныя ў памяці словы:
— Пан афіцэр, дакладваю, што нейкі цывільны да пана афіцэра...
— Што за цывільны?
— Кажа, што па сакрэтнай справе.
— Няхай увойдзе!
Праз хвіліну ў кабінет увайшоў высокі шчуплы юнак. За ім стаў у дзвярах узводны.
— Чэсць!
— Чэсць! Чаго пан жадае?
— Па сакрэтнай справе, — «цывільны» сарваўся з месца і паглядзеў на ўзводнага.
— Папрашу выйсці! — загадаў афіцэр узводнаму.
Раман Забава падаў пісьмо. Афіцэр перарэзаў канверт, выняў з яго пагранічны пропуск, уважліва яго прачытаў і хвіліну вагаўся.
«Шпіён... Можа, нават афіцэр... Неяк дзіўна апрануты... Клопат з такімі гасцямі!»
— Прашу сесці! — сказаў, паказваючы рукой на стул.
Забава сеў.
— Пан хоча перайсці граніцу на адрэзку майго батальёна?
— Так.
— Калі пан хоча ісці?
— Сёння... калі сцямнее...
— Ці мае пан абраны пункт для пераходу граніцы?
— He. Але добра было б выйсці на пераходзе паблізу тракту, які вядзе ў Мінск.
— Добра.
Камандзір націснуў кнопку званка. У дзвярах вырас узводны.
— Слухаю!
— Папрасі да мяне камандзіра першай роты. Зараз!
— Слухаю!
Калі ўзводны пайшоў, афіцэр пачаў пераглядаць нагрувашчаныя на століку паперы. Ён меў ахвоту спытаць шпіёна пра пэўныя рэчы.
«Чалавек, як-ніяк, цікавы... — думаў ён, — але лепей дыстанцыя... Можа, таксама пачне пра нешта распытваць або акажацца грубіянам».
Праз нейкі час звярнуўся да Забавы:
— Пан хоча пакінуць у мяне якія-небудзь паперы? Калі так, то залатвім гэта цяпер.
— Канешне.
Забава выняў з бакавой кішэні фрэнча пачак дакументаў, лістоў, фатаграфіі. Афіцэр паклаў усё гэта ў вялікі канверт, апячатаў яго і напісаў наверсе дату.
— Калі пан вернецца, папрашу прыйсці ў гэтую дату.
А калі мяне не будзе... Праз які час пан думае вярнуцца?
— Гэта залежыць ад акалічнасцей. Можа, зусім не вярнуся, — адказаў Забава даволі весела.
«Няварта было пытацца ў яго пра гэта», — паду маў маёр і голасна дадаў:
— На граніцы цяпер спакойна...
«Навошта я гэта гавару? Супакойваю яго... Ён зусім не выглядае спалоханым».
На калідоры загудзелі крокі, а потым нехта пастукаў у дзверы.
— Увайдзіце!
У кабінет увайшоў высокі малады паручык.
— Пан афіцэр...
— Так, я выклікаў пана. Прашу заняцца гэтым панам. Аблегчыць праход на сваім адрэзку з пропускам, як звычайна: нумары слупоў, гадзіна, прысутныя...
— Слухаю!
Маёр падаў паручыку пропуск і кіўнуў Забаве:
— Шчаслівай дарогі!
— Дзякуй.
Але ж паручык меў нейкую «вельмі важную справу» ў мястэчку, таму ён перадаў Забаву каменданту мінскай заставы, які, па яго словах, зможа «дасканала ўсё залатвіць».
Камендант заставы пачаў даследаваць Забаву:
— Калі пан хоча ісці?
— Як толькі сцямнее.
— Гм... Як толькі сцямнее... Ці не лепей уначы?
He.
— Гм... Ну як пан хоча. Толькі раіў бы ісці пану ўначы. Тыя хваробы ўвечары, як ваўкі, лазяць. Спачатку заўсёды болып востра пільнуюць... Ведаеце што... — сказаў пасля хвіліннага перарыву камендант. — Можа, пан згадзіўся б, каб пана там салдат «перакінуў»? Я маю ў мястэчку адну тэрміновую справу... ну, і таго... ну, а пану ўсё адно. Што?
Спярша Забаву гэта ўгнявіла, але хутка ён памякчэў, бо справа падалася яму ўжо надта камічнай. «Цікава, салдат мяне каму перадасць? Можа, якой бабе, а тая дзіцяці?»
— Добра, — адказаў. — Але глядзі, пан, толькі каб ішлі па той дарозе, якая вядзе ў Мінск.
Камендант усцешыўся:
— А, натуральна! Перакіне пана, дзе толькі пан захоча. Гэты ж хлопец, як халера! Граніцу ведае, як сваю кішэню!
Нарэшце прыйшоў «хлопец, як халера»: маленькі салдат у вялікіх ботах. У яго быў задзёрты прыплюснуты нос. Забаве ўсё здавалася, што той глядзіць на яго праз акно, датыкаючыся да шыбы кончыкам носа.
— Гэты? — неспадзявана гучным басам, нягледзячы на сваю малую постаць, спытаўся ён у каменданта.
— Гэты...
— Добра. Шуруй сабе. Я ўсё зраблю, як належыць! — цыкнуў ён праз зубы вузкай сопляй сліны на сцяну будынка.
Яны засталіся адны. Сядзелі на вялікай кучы каменняў пад старой бярозай. Злева ад комплексу будынкаў батальёна блішчэла возера. Удалечыні, як рамка, чорная сцяна лесу засланяла гарызонт. Салдат маўчаў. Забава быў стомлены доўгай вандроўкай і нядаўняй дарогай пешшу. Мінулай ноччу ён не спаў увогуле, таму вочы яго клеіліся ад сну.
Набліжаўся вечар. Змучанае бледнае сонца ападала штораз ніжэй да зямлі, заліваючы румянцам касых промняў лагодны чысты фон неба. Запаліла яно вяршаліны дрэў і дахі дамоў. Засцяліла золатам блакітную далеч. Абвязалася багатым пурпуровым поясам, нядбайна кінутым над зямлёй далёка ўлева і ўправа. Пурпурай выстраліла высока ўгору. Уздрыгнула... яшчэ... яшчэ... і пагасла. Уздыхнуў вецер. Зашапталі трывожна камышы. Вада ў возеры з крывавазалатой стала чорнай і пакрылася дробнай луской хваль. Гарызонт апрануўся жалобным цёмным фіялетам... Шарызна пачала працавіта зацягваць неба павуціннем змроку...
Ноч крочыла па зямлі. Ішла, шырока раскідваючы шэрыя лахманы змроку, пакрываючы ўсё мяккім, насычаным вільгаццю плашчом цемры.
Цішыня...
— Можа, пойдзем? — спытаў Забава, абуджаючыся ад думак. Ён амаль не заснуў, размораны цяплом і цішынёй вечара.
— Можа, — басам згадзіўся салдат.
Яны ціха пасунуліся наперад. Наблізіліся да лесу. Спачатку ішлі сцежкай, а потым па прамой. Паблізу звінела рачулка, крадучыся па камянях паміж дрэвамі... Яны павольна перайшлі ваду, пагружаючыся ў некаторых месцах да пояса. Потым ускараскаліся на стромкі ўзгорак.
Салдат спыніўся і паказаў рукой некуды ўніз:
— Там, — зашаптаў ён, — дзе агні... млын... Бальшавіцкая застава... Тут, — выцягнуў ён руку перад сабой, — дарога на Мінск... Я вяртаюся...
Праз хвіліну ён знік у цемры.
Пэўны час Забава нерухома стаяў на месцы. Глядзеў у напрамку млына, агні якога, як вочы звера, які прытаіўся ў гушчары, міргалі ўдалечыні і блішчэлі чырвонай злосцю. Забава выняў з кішэні спружынавы нож, расклаў яго, дакрануўся пальцам да ляза. Павольна выйшаў на дарогу і ціхім, але ўпэўненым крокам рушыў уперад, злёгку нахіляючы галаву, даследуючы вачыма гэтую кароткую прастору, якую мог дапільнаваць у цемры.
Ішоў амаль гадзіну. Яго здзіўляла, што да гэтага часу ён не спаткаў па дарозе ніводнага моста. Памятаў, што шавец у Ракаве сказаў: «Да Краснага будзе вёрст з пяць... А мастоў? Мастоў хіба з чатыры».
Забаве здавалася, што ён блукае, але ішоў уперад. Аднекуль здалёк да яго вушэй даляталі гукі песні. Напэўна, вясковыя дзяўчаты гулялі на вечарынцы, спяваючы свае бедныя беларускія мелодыі, бедныя, як іх лёс, нудныя і сумныя, як іх жыццё.
Больш за дзве гадзіны ён быў у дарозе, калі заўважыў — хутчэй інстынктам, чым зрокам — нейкі рух перад сабой. У некалькі скокаў апынуўся на полі і лёг у баразне, цалкам зліваючыся з зямлёй. Неўзабаве каля яго прайшлі тры вясковыя дзяўчыны, размаўляючы паміж сабой. Забава ўстаў і рушыў услед за імі.
— Скажыце мне, прыгажуні, ці далёка Краснае? — сказаў ён, набліжаючыся да іх ззаду.
Дзве піскнулі і скокнулі ўбок. Трэцяя, смялейшая, плюнула.
— Цьфу, цьфу, д’ябал! Перапалохаў!.. Краснае далёка... Вёрст з дзесяць, а можа, і больш...
Забава жахнуўся.
«Столькі дарогі марна!»
— А гэтая дарога куды?
— Гэтая ў Койданава.
— Вось табе і на!.. Скажыце, дзяўчаты, як дайсці да Краснага?
Дзяўчыны правялі яго больш за кіламетр дарогі і паказалі вузкую палявую сцяжынку:
— Так дойдзеш да Ляхаў. 3 Ляхаў ідзі ў Барсукі. 3 вёскі Барсукі ідзі да маёнтка Барсукі. А адтуль ужо рукой падаць да Краснага.
Забава падзякаваў ім і пайшоў, прыспешваючы крок, па дарозе, якую яму паказалі. Калі выйшаў з Ляхаў у Барсукі, заблукаў і зноў прыйшоў у Л яхі. Зноў распытваўся пра дарогу, стараючыся знайсці адзінокага чалавека на адной з вуліц або на падворках.
Нарэшце апынуўся наўскрайку нейкай вёскі. Стаў на ганку першай з краю халупы, пастукаў у акно:
— Хто там? — пачулася з сярэдзіны.
— Ці далёка адсюль Краснае?
— Тут Краснае. А вы да каго?
— Да «председателя».
— Прэдсядацель жыве на другім канцы вёскі.
Забава дасканала абследваў абодва канцы вёскі, але не знайшоў тракту, які вёў у Мінск. Вельмі змучыўся. Нарэшце вырашыў не адыходзіць ад вёскі далёка, каб зноў не заблудзіцца. Але неабходна было трохі паспаць, пакуль развіднее.
Пайшоўу поле. Паблізу знайшоўлес. Увайшоўглыбока ўсярэдзіну паміж гіганцкімі хвоямі, шукаючы густых зараснікаў. У адным месцы разгроб рукамі мох і схаваў пад ім канверт з лістамі і фатаграфіямі. Успомніў салдата, які паказаўяму «дарогу на Мінск». Паціху вылаяўся. Лёгу гушчыні кустоў і адразу заснуў.
Забава прачнуўся, дрыжучы ад холаду. Была раніца. Ён выняў з укрыцця лісты і фатаграфіі, схаваў іх на сабе і пайшоў да ўскрайку лесу. Заўважыў дзвюх жанчын, якія працавалі ў полі паблізу дарогі. Падышоў да іх.