Багам ночы роўныя
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Рэгістр
Памер: 437с.
Мінск 2019
Раман сышоў з дарогі і пайшоў полем, штораз больш аддаляючыся ад дарогі. Ішоў прама па жудаснай бездаражы. Час ад часу глядзеў на компас, каб не страціць кірунку на захад.
Калі ўбачыў, што да світання засталося не больш за дзве гадзіны, накіраваўся на поўнач, хочучы адшукаць тракт, з якога папярэдне сышоў. Праз гадзіну пакутлівай дарогі адшукаў гэты тракт. Пачало світаць. Да граніцы было яшчэ пяць кіламетраў. Ён вырашыў пайсці ў лес і там чакаць да змяркання, каб пад заслонай цемры перайсці ў Польшчу.
Дзень правёў у лесе, на поўнач ад тракту. Яму вельмі хацелася спаць, але, не ведаючы добра ваколіцу, баяўся, каб не заўважылі яго, калі ён будзе спаць. Ён меркаваў, што пасля здарэнняў учарашняй ночы граніцу на гэтым адрэзку могуць патруляваць. Ён цягаўся па лясах. Даследаваў дарогі і сцежкі. Зрабіў на карце гэтага адрэзку некалькі паправак. Еў арэхі. Збіраў познія маліны.
Толькі пад вечар выйшаў на тракт. У лесе было ўжо цёмна, а на дарозе і ў полі толькі пачало змяркацца. Калі паволі наблізіўся да другой лініі, то сышоў у дол па шырокім,
крутым, парослым маладым ядлоўцам схіле... Паслухаў, абгледзеў, наколькі ахопліваў зрок, адкрытыя лугі і, выкарыстоўваючы кожную заслону на мясцовасці, выйшаў на бераг імклівай рачулкі. Доўга шукаў брод.
У адным месцы заўважыў старую зламаную вярбу, перакінутую праз ваду. Доўга прыслухоўваўся, і калі пераканаўся, што паблізу нікога няма, перайшоў на другі бераг рачулкі і неўзабаве зноў увайшоў у лес.
Раман паволі прасоўваўся ўперад, ловячы вухам кожны шум. Прайшоў некалькі добра вытаптаных сцежак паміж граніцай і другой лініяй. Гэта паказвала, што граніца ў тылах таксама добра ахоўвалася. Ён уважліва даследаваў усё навокал. За кожным кустом магла быць засада, на кожным кроку таілася небяспека, у кожную хвіліну маглі спаткаць стрэлы.
Амаль гадзіну патраціў на пераход вярсты дарогі паміж другой лініяй і сапраўднай граніцай, дзе на гэтым адрэзку былі вялікі яр і шырокі дукт*. Доўга сядзеў пад старым ядлоўцам на краі яра, слухаючы плёскат вады ўнізе, дзе ў капрызных паваротах імчала рачулка. Усюды было ціха. Ён пачаў паволі ссоўвацца ўніз з крутога пагорка. Некалькі разоў затрымліваўся і прыслухоўваўся... I тут парушыў нагой камень, які пакаціўся ўніз... Раман затрымаўся... Праз некалькі секунд пачуўся гучны пляск вады і амаль адначасова пачуўся стрэл, а за ім другі. Раздаліся крыкі: «Стой! Хто ідзе? Стой! Стой!»
Раман, карыстаючыся шумам, зноў спрытна ўскараскаўся на верх крутога яра. Прайшоў ускрайкам трыста крокаў далей... бліжэй да тракту. Амаль не захоўваючы асцярожнасці, ссунуўся ў гэтым месцы ўніз. Перайшоў рачулку і выбраўся на процілеглы бераг яра.
Перад ім раскінулася шырокая адкрытая прастора, пасярэдзіне якой праходзіла мяжа, за ёй была відаць чорная сцяна лесу... на польскім баку.
Ён прыслухаўся... Абгледзеў — наколькі хапала зроку — тэрыторыю і выйшаў з яра. На адным дыханні, напалову
* Дукт — высечаная доўгая прастора ў лесе.
прыгнуты, перабег гэты адрэзак і апынуўся на граніцы. Ззаду, з цемры, чуліся крыкі і стрэлы чырвонаармейцаў, якія палявалі на неіснуючых там перамытнікаў.
Раман наблізіўся да пагранічных слупоў, якія стаялі на невысокіх узгорках, з дзяржаўнымі гербамі і нумарамі на фасадах. Стаялі яны панура, як барцы, засяроджана збіраючы свае сілы перад пачаткам бітвы. Ён стаў паміж імі і глядзеў у бок чорнай сцяны лесу на ўсходзе. Учарашняя ноч і сённяшні дзень навучылі яго іншымі вачыма глядзець на граніцу, дарогі да яе і ўсё, што было з імі звязана. Ён разумеў, што многа яшчэ ёсць перад ім таямніц, што доўга яшчэ павінен вучыцца, пакуль зможа свабодна чытаць таямнічую кнігу граніцы і пагранічча. Во цяпер толькі азбуку пачаў вывучаць. Ён адчуваў, што акружаны невядомымі, хітра схаванымі ворагамі.
3-за лесу, як злодзей з-за плота, выглянуў адным рогам месяц. Сеў на вяршыню хвоі. Азірнуўся наўкол... Раптам погляд яго ўпаў на граніцу. Убачыў увачавідкі тое, што яго ўразіла. Хацеў схавацца, але было ўжо позна. Тады ён у роспачы адпіхнуўся ад вяршыні хвоі і, ныраючы ў халодных воблаках, паплыў угору. Там схаваўся за вялікую хмару...
Дзённік шпіёна
Ваўкаўшчызна, 17 верасня 1922 г.
Я не пісаў з канца жніўня, хаця было пра што пісаць. Цяпер не буду да гэтага вяртацца.
За граніцай быў толькі тры разы, але колькі спазнаў цікавых людзей і рэчаў. Па магчымасці раскажу пра іх.
У Гомелі прыняў удзел у «бібцы»*, натуральна, з самагонкай, за якую сам заплаціў. Адзначалі дзень нараджэння
высокапастаўленага афіцэра Чырвонай Арміі, майго... агента. Былі там некалькі вайсковых, двое цывільных і тры жанчыны, служачыя нейкай савецкай установы. Пілі алкаголь і жартавалі нароўні з мужчынамі. Яны паводзілі сябе горш за звычайных прастытутак. Там я пачуў новыя куплеты, якія даволі добра спяваў адзін з вайскоўцаў:
Троцкі — генерал, Троцкі і палітык, Троцкі — літаратар, Троцкі... і крытык. Троцкі ўсё ўмее, Ведае ўсё.
Кожны мае па галаве, Затое Троцкі — дзве!
Пакуль што праца мая зусім нецікавая. Няма ні надзвычайных прыгод, ні цікавых здарэнняў. He ведаю, што будзе далей.
У мяне многа знаёмых за граніцай. Многа з’явілася іх і ў Полыпчы. Я пазнаёміўся з некалькімі нашымі агентамі разведкі, што супярэчыла правілам канспірацыі.
Заканчваю, бо зараз павінен ехаць за граніцу, а адтуль яшчэ сёння ўночы пайду на работу.
ГЛАВА 4
«Увага: шпіён падслухоўвае!»
Было вельмі ціха. Так ціха, што найменшы шум можна было пачуць з вялікай адлегласці.
Раман, перабраўшыся праз мяжу, яр і рачулку, зразумеў, што можа лёгка папасціся, калі пойдзе далей у ботах. Гэты адрэзак узмоцнена пільнавала пагранічная варта, і гэтак жа добра яго вартавалі ў тылах. У лесе было цяжка прайсці, каб не зламаць нагой сухую галінку, якая трашчэла, як здавалася чалавеку, які краўся, гукам выстралу. Забава сеў,
зняў боты і прымацаваў іх ззаду за пояс халявамі ўніз. I пайшоў далей павольна, не робячы амаль ніякага шуму.
Калі мінуў некалькі лугавых сцежак і быў ужо паблізу другой лініі, пачаў адрозніваць справа і злева ад сябе шум і крокі людзей, якія рухаліся асобна. Ён прысеў і прыслухоўваўся некалькі хвілін. Крокі безупынна пасоўваліся да яго. Час ад часу пад нагамі людзей трашчэлі галінкі.
«Можа, перамытнікі?» — падумаў Забава, але адразу ж адкінуў гэтае меркаванне, бо ведаў, што перамытнікі не ідуць за граніцу ў такое надвор’е. А калі абавязкова павінны выйсці, то накіроўваюцца на адрэзкі, якія меней пільнуюцца пагранічнай вартай. Раман не ведаў, што гэта пагранічная варта праводзіла начныя вучэнні на тэрыторыі.
Ён пайшоў да граніцы, але хутка заўважыў, што і адтуль прасоўваюцца ўперад нябачныя ў цемры людзі, зразумеў, што ён знаходзіцца паміж дзвюма тыральеркамі*, якія ішлі насустрач адна адной. Ён успомніў, што некалькі хвілін таму чуў на граніцы тры стрэлы, а на другой лініі — свісткі. Ён думаў, што рабіць. Спачатку хацеў узлезці на вялікае дрэва і там перачакаць праход тыральеркі, але падумаў, што, калі б заўважылі яго на дрэве, прапаў бы, бо не змог бы нават ваяваць.
Тым часам шум крокаў і трэск галінак усё больш набліжаліся да яго. Ён пайшоў управа ў гушчыню маладога ядлоўцу. Паблізу таксама чуўся шум.
Ён адступіў назад. Спыніўся ля кустоў... Раптам яму ў галаву прыйшла ідэя, якую ён адразу ж рэалізаваў. Паклаў паміж кустамі кішэнны ліхтар, уключыў яго і паставіў рэфлектарам угору. Потым адышоў адтуль на некалькі дзясяткаў крокаў і схаваўся ў кустах. Падрыхтаваў зброю.
Шум, крокі, трэск галінак усё выразней чуліся наўкол. А там, далей, яркі фантан святла біў угору, вырываючы са змроку цёмныя контуры дрэў і чорныя лапы ядлоўцу. Яго было бачна з вялікай адлегласці... Аднекуль завуркатаў свісток. Пачуўся шум шматлікіх крокаў. Потым паблізу ліхтара пачуліся ўстрывожаныя галасы:
— Што гэта?
— Хто свеціць?
— Патушыце святло! Што за падлюга...
Побач з Забавай прайшоў чалавек у доўгім шэрым шынялі з карабінам, гатовым да выстралу. Раман накіраваў на яго дула пісталета.
Паблізу ліхтара пачалі збірацца людзі. Чулася вульгарная лаянка. Забава ўстаў і паціху пайшоў у напрамку другой лініі — на ўсход.
Ліхтар быў страчаны, але Забава не шкадаваў яго. Можа, уратаваў яму жыццё. Боты абуў толькі за другой лініяй.
У адным куце вялікай залы стаяў вогнетрывалы сейф, дзверы якога былі напалову адчыненыя. Перад ім месціўся вялікі стол, за сталом сядзеў старшы штабны афіцэр Чырвонай Арміі. Паблізу высіліся вялізныя шафы, што займалі ўсю сцяну, на якой высока пад столлю віселі партрэты Маркса, Леніна і Троцкага, паміж якімі чырвонай крывавай плямай біла ў вочы пяцікутная зорка. Са сцен тлустым шрыфтам крычалі плакаты: «Увага: шпіён падслухоўвае!», «Скончы справу і бывай!», «Уся ўлада Саветам!», «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!». У другіх частках залы працавалі яшчэ трое вайсковых, а ля дзвярэй цішыню парушала машыністка.
Афіцэр, які сядзеў ля сейфа, скончыў чытаць нейкую паперу і падняў на Забаву дапытлівы позірк. Раман мякка ўсміхнуўся і нахіліўся ўперад.
— Таварыш, калі не памыляюся, Марозаў?
— Так.
Забава ўздыхнуў, усміхнуўся яшчэ весялей і, прыціскаючы далонню правай рукі да бядра пісталет, сказаў сцішаным голасам:
— Прывітанне ад жонкі і дачушкі... Расце дачухна, расце і прыгожа выглядае... па тату сумуе. Бацька таксама ві-
тае...
Цёмныя вочы афіцэра выказвалі здзіўленне. Ён з нямым пытаннем глядзеў у твар Забаве. А той яшчэ весялей гаварыў, жмурачы халодныя рашучыя вочы:
— Пісьмяцо маю да таварыша... Прасілі ўручыць.
— А дзе тав... — не скончыў слова, — бачыў іх?
— Дзе? Таварыш неяк дзіўна пытаецца. Вядома, дзе... Апрача ліста, маю яшчэ і іншыя даручэнні... Ве-е-льмі цікавыя! Але хацеў бы асабіста, бо гэта нібы сакрэт... сямейныя справы... Калі таварыш мае час, то мы маглі б кудысьці пайсці!
Афіцэр, які быў у чыне камбата, нервова сабраў частку папер і замкнуў іх у сейфе. Звярну ўся да аднаго з вайсковых, якія сядзелі ля акна:
— Калі хтосьці прыйдзе, то вы, таварыш, зрабіце альбо няхай заўтра прыходзяць... У мяне тэрміновая справа.
Той кіўнуў у адказ і, чытаючы нейкую кніжку, працягнуў з апетытам грызці аловак.
Выйшлі на велізарны двор, а адтуль па прыступках уверх, на першы паверх. Камбат завёў Рамана ў памяшканне, якое складалася з двух вялікіх, але без густу ўмэбляваных пакояў.