Багам ночы роўныя
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Рэгістр
Памер: 437с.
Мінск 2019
Ад адзінаццатай гадзіны раніцы да змяркання мы ледзьве змаглі прайсці дваццаць кіламетраў. Мы ішлі, як сказаў наш праваднік, па добрай дарозе. Антон сказаў, што па тых «добрых дарогах» могуць хадзіць толькі д’яблы і палешукі... Трэба было ісці па рэдка раскіданых па балоце ссечаных бярозках і алыпынках, дапамагаючы сабе кіямі. Марш заключаўся ў пастаянным скаканні, балансаванні, абапіранні на кіі, каб захаваць раўнавагу. Такім спосабам мы пераадоль-
валі кіламетр за кіламетрам. Увечары пачулі перад сабой шум. Спыніліся. Кучынскі доўга прыслухоўваўся.
— Дзікі валяць, — сказаў ён.
Я выняў парабелум і чакаў. Антон падрыхтаваў наган.
— He страляць, пакуль яны не выйдуць на нас, — папярэдзіў Кучынскі. — Можа, прасунуцца бокам.
Дзікі бурай прабеглі ў хмызняк. Хутка мы ўбачылі шлях іх пераходу. Гэта была вырытая капытамі статка ў багне баразна... Чорная, няроўная, яна сачылася мутнай вадой.
Нарэшце мы выйшлі, калі было ўжо зусім цёмна, на вялікую выспу. Тут вымушаны былі чакаць прыбыцця праважатагаз рэчамі.
Маленькую паляну на беразе Лані акружаў густы чорны бор. Мы распалілі вогнішча. Ляглі каля яго адпачыць. Кучынскі пачаў расказваць пра свае прыгоды з таго часу, калі сам быў разведчыкам, чым, відавочна, вельмі ганарыўся. Ён доўга і досыць цікава расказваў пра свае перажыванні, але калі заўважыў, што Антон зусім яго не слухае, а я слухаю няўважліва, то замаўчаў. Потым мы з Антонам спявалі. Дзед падцягваў. Дзіўна гучалі гэтыя песні ўначы сярод гэтых змрочных балот. I дзіўна выглядала наша тройка пры святле гіганцкага вогнішча на беразе ракі, шырока разлітай сярод лугоў, выспаў і лясоў.
Фурманка прыехала пасля поўначы. Хлопец-фурман зняў з возу рэчы. Праважаты скардзіўся на жудасную дарогу, называючы яе пякельнай.
— Гэта Азія, а не Еўропа... Джунглі... А што робіцца далей... там, за Случчу?
— Тут ходзяць д’яблы і палешукі, — сказаў я, — а там адны д’яблы. Але і мы пройдзем... бо павінны...
Калі пачало світаць, хлопец з фурманкай, запрэжанай малым конікам, вырушыў у зваротны шлях. Мы доўга чакалі паром з таго боку Лані.
Далей дарога была трошкі лепшая. Пакідаючы збоку Леніна, мы паехалі ў Мілевічы, дзе намерваліся перайсці, а дакладней, пераплыць граніцу.
Цяпер мы на апошняй сваёй пляцоўцы. Антон чысціць зброю і напявае савецкую турэмную песеньку:
У Кулікоўскім завулку
Труп знайшоў патруль —
Быў ён у чорнай скураной куртцы, У грудзях было дваццаць куль!
Сёння вечарам выходзім у дарогу.
Дзед неспакойны... Чаму? Трэба быць пільнымі...
ГЛАВА 9
...Там, дзе ходзяць д’яблы
На беразе Случы стаяла дзевяць чалавек. Чатыры цывільныя і пяць вайсковых. Ля іхніх ног плёскалася аб падмытыя берагі вада. Вечар быў цёмны, і цяжка было штосьці адрозніць на адлегласці ў некалькі крокаў. Ля берагоў мароз сцягнуў ваду тонкай гладдзю лёду. Усе размаўлялі шэптам, хаця галасы іх не маглі быць пачутымі на супрацьлеглым беразе. Іх заглушаў шум выды, і нёс на захад усходні вецер. Адзін з салдат, якія стаялі на беразе, трымаў лодку, другі выліваў з яе ваду, выламваючы крохкія, звонкія абломкі лёду.
— Ці-шэй там... — шыпеў хтосьці з берага.
Кучынскі звярнуўся да Рамана:
— He раю сёння пераязджаць... Тут нязручна... Лепш ніжэй... за каналам... Нас маглі пачуць... Заўтра днём мы абгледзім месца, а вечарам махнём...
Раману здавалася, што дзед перапалоханы. «Мусіць, баіцца бальшавікоў». Гэта трохі развеяла ягоныя падазрэнні.
— Чаму ты раней не сказаў, што тут нядобрае месца? — звярнуўся Раман да Кучынскага. — Блазена з сябе робіш!
Я ж не... Я толькі таму, што нас могуць чакаць на тым беразе... Лёд ламалі мы... Там жа ж чуваць...
— Едзем сёння! — вырашыў Забава. — Я не хачу больш чакаць. Многа часу змарнавалі. Тонька! — звярнуўся ён да Кралевіча. — Падрыхтуй гранаты і на сярэдзіну. Я з «машынамі» на hoc, а ты, дзед, на вясло. Вядзі лодку і не плёскай, бо пляснеш сваёй крывёю!
Раман хутка паціснуў рукі вайсковым і праважатаму, якія засталіся на беразе, а потым сеў у лодку, займаючы месца спераду. Антон з узведзенымі французскімі гранатамі размясціўся пасярод лодкі. Праваднік, штосьці невыразна мармычучы, відавочна, незадаволены, сеў ззаду і ўзяў вясло.
— Шчаслівай... Поспехаў... — пачуліся прыцішаныя галасы.
Лодку адпіхнулі ад берага. Яна адразу нырнула ў змрок ночы.
Раман укленчыў, прыціскаючы калені да вільготных дошак лодкі. Наган і парабелум меў напагатове да выстралаў. Енглядзеўуцемру, стараючысязаўважыцьсупрацьлеглы бераг. Некалькі разоў ён азіраўся і бачыў за сабой нахіленую постаць Антона, а далей ледзь адрозніваў мутную пляму твару правадніка.
Лодка гайдалася на хвалях, паволі наўскасяк пераразаючы раку. Вакол панавала цішыня... Лодка слізганула каля мелі. Яны сутыкнуліся... Потым скіравалі ўбок... Паплылі досыць хутка па цячэнні. Потым зноў скіраваліся папярок ракі.
Нарэшце Забава ўбачыў бераг у некал ькіх кроках ад сябе. Ён нахіліўся ўперад і ўвесь уважліва сканцэнтраваўся. Даплылі да берага. Потым нейкі час ціха сядзелі ў лодцы, а потым выйшлі на бераг і пусцілі лодку па цячэнні, якое павінна было знесці лодку на мель левага берага на павароце ракі.
Яны пайшлі ўперад. Кучынскі вёў. Забава звяртаў увагу не столькі на мясцовасць, колькі на рухі правадніка. Прайшлі шырокі балоцісты луг і ступілі на сапраўдныя балоты. Пасля дзвюх гадзін дарогі Кучынскі спыніўся.
— He магу выйсці на канал. Ноч вельмі цёмная.
— Калі мы пераехалі раку, дзе застаўся канал — справа ці злева? — спытаў у правадніка Раман.
— Злева.
— Добра. Ідзі ззаду. Я выведу на канал.
Забава, ідучы за правадніком, разглядаў кірунак дарогі і заўважыў, што яны доўгі час ішлі на ўсход, потым на паўднёвы ўсход, потым прама на поўдзень. Ён думаў, што Кучынскі спецыяльна так вядзе, выбіраючы лепшую дарогу... Ён пайшоў першы, час ад часу паглядаючы на фасфарызуючую стрэлку компаса, які вісеў на грудзях. Ён вёў на паўночны ўсход.
3 цяжкасцю перайшлі праз заліты вадою луг. Потым прадзёрліся праз зараснікі лазы і раптам апынуліся на беразе ручая, які матава блішчэў у цемры.
— Вось канал, — сказаў Раман Кучынскаму. — Цяпер вядзі далей.
Ішлі моўчкі, як цені, захоўваючы дыстанцыю, каб не губляцца. Скакалі ў цемры з купіны на купіну. Часам падалі ў ваду.
Урэзаліся ў густыя зараснікі лоз. 3 цяжкасцю робячы кожны крок, ішлі ўперад. Спрабавалі адысці ад каналу ўправа і прасоўваліся ўперад па свабоднай ад лазы мясцовасці. Але там была гразь з рэдка раскіданымі па ёй купінамі раслін і водарасцяў, у якіх гразлі ногі. Але іх цяжка было ўгледзець у цемры. Яны вярнуліся. Зноў упарта ваявалі з пругкімі, як сталёвы дрот, зараснікамі лазы, здабываючы дарогу. Але тыя паўсюль заступалі шлях, чапляючыся за адзенне, білі па тварах і руках — усялякімі спосабамі абаранялі праход.
Шэсць гадзін страцілі на пераход 5-кіламетровага пояса лазы, што раслаўздоўж каналу. Трохі адпачылі, потым зноў пайшлі далей больш лёгкай (у параўнанні з папярэдняй) бездаражжу.
Калі пачало світаць, яны былі ў дваццаці кіламетрах ад граніцы. У некаторых месцах выходзілі на сушу. Пасля
пятнаццаці кіламетраў дарогі час ад часу злева і справа ад каналу сталі пачынацца лясы. Некалькі разоў адпачывалі. Уначы мінулі нейкую вёску, якую праваднік назваў Скушын. Вёска была вялікая, і Забава думаў: «Як тут могуць жыць людзі?»
Першы доўгі адпачынак зрабілі на Разбітай Выспе (так гэтую выспачку назваў Кучынскі), за якой пачыналіся гіганцкія балоты, якія цягнуліся адтуль аж да ракі Арэса. Кучынскі казаў, што на гэтай выспе бальшавікі разбілі рэшткі партызанскага атрада Караткевіча. Можа, таму гэтая выспа называецца Разбітай. Выспамі тут называюць скупа раскіданыя па велізарнай прасторы балот сухія месцы, на якіх растуць падобныя да кустоў марныя бярозкі, алешыны і вербы. Лядамі называюць навакольныя балоты або пастаянныя выспачкі грунту, парослага змешанымі лясамі.
Калі пасля доўгага адпачынку вырушылі ў далейшую дарогу, Забава з цікавасцю разглядаў ваколіцы. Як вока магло дастаць, на вялізныя прасторы цягнуліся балоты. Вакол зеляніна ўсіх адценняў.
Усю гэтую гіганцкую прастору складалі балоты, замаскіраваныя зялёным дываном. Калі б зняць з іх зялёныя шаты, можна было б убачыць шматкаляровае месіва рэдкага балота, мноства глыбокіх азёраў і ручаёў. Месіва гэтае, рэдкае і густое, глытала, засмоктвала, часам пераходзіла ў іржавую закваску, нібы ўтвораную з гліны і жытнёвай мукі, магло бясконца паглынаць усё, што трапляла ў балота.
Месцамі зелянелі прыгожыя лугі далікатнага зялёнага колеру, замаскіраваныя кароткай аксамітнай травой, пад якой стаілася смерць. Адзін крок на гэты прыгожы лужок — і чалавек абавязкова гінуў, засмактаны хцівым жэрлам балота. Дзе-нідзе раскінуліся бліскучыя, як сталь, азерцы... Зрэдку падкрадаліся павольныя халодныя ручаі. Каля іх грунт быў цвярдзейшы. У густых травах чакалі ахвяраў страшныя «вокны», глыбокія, як студні, цяжка было іх заўважыць, і не аддавалі яны сваіх ахвяраў.
Мёртва i ціха наўкол. He відаць тут пражэрлівай птушкі, няма на гэтых голых, бяздрэўных прасторах звера... Бо тут голадна, бо гэтая краіна — краіна смерці, якая торгаецца пры святле месяца па зялёным вільготным дыване, закрытым ад святла гіганцкім празрыстым каўпаком неба.
Час тут адмерваюць распалены залаты шар сонца і халодны, мёртвы шчыт месяца, якія ляніва перавальваюцца ў небе. Чалавек тут падаецца дзівосна малым, мізэрным і нейкім асабліва недарэчным. Страх і роспач агортваюць кожную жывую істоту ў гэтых балоцістых безданях. Сюды нельга ўваходзіць беспакарана: перашкаджаць задуманай засяроджанасці прыроды, якая ляніва спіць і ўтварае для людзей новы лад. Няможна падглядаць і падслухоўваць таямніцу прыроды, якая тут на кожным кроку.
Падарожнікі былі ў дарозе больш за дзве ночы, а прайшлі толькі сорак кіламетраў. Да сушы, па сцверджанні Кучынскага, заставалася каля трыццаці кіламетраў. Яны адчувалі голад, бо ў іх скончылася ежа. Найцяжэй было ім без курэння, бо і тытуню забракла. Забава наракаў на Кучынскага, які не папярэдзіў іх, што яны так доўга будуць у дарозе.
— He, хлопцы, пацярпіце. Толькі б дайсці да Казакевіча, а там будзе ўсё, — гаварыў Кучынскі.
Паўтараў гэта вельмі часта, але ім не было ад гэтага ані лягчэй, ані весялей. У адным месцы Раман заўважыў, што згубіў наган, які быў прывязаны да пляча. Вярнуўся на пошукі рэвальвера. Хутка зразумеў, што знайсці яго тут немагчыма. Ён яшчэ больш раззлаваўся і праклінаў усё і ўсіх.