Багам ночы роўныя
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Рэгістр
Памер: 437с.
Мінск 2019
— Нічога, нічога, голькі б дайсці да Казакевіча, — суцяшаў яго Кучынскі.
— Што гэта за Казакевіч? — спытаў Забава.
— Стары воўк... Партызан... У яго стаяў штаб атамана Караткевіча... Залаты чалавек! Брыль-ян-та-вы! У яго ўсё знойдзем і належным чынам адпачнём...
Ішлі амаль у роспачы, чакаючы выхаду на жаданую сушу. Стан Рамана і Антона пагаршала тая акалічнасць,
што яны навярэдзілі сабе ступні. Гэта стала таму, што яны ўвесь час ад граніцы ішлі ў лазовых лапцях, а боты заткнулі за пояс, таму ступня мела зусім іншую апору. (У ботах ісці было вельмі цяжка, бо ногі глыбока западалі ў балота, затое лапці былі шырэйшыя і ўяўлялі сабой штосьці накшталт лыжаў.)
Познім вечарам выйшлі на сушу, селі пад вялізнай хвояй і адпачывалі. Потым з цяжкасцю нацягнулі боты на спухлыя ногі. Пайшлі далей. Голад данімаў іх.
Мінулі малую вёску, а прайшоўшы кіламетр, заўважылі справа ад дарогі нейкія пабудовы.
— Тут жыве ляснік Рунц, — сказаў Кучынскі. Праз хвіліну нерашуча дадаў: — Можна было б у яго атрымаць штосьці з ежы.
— Дык ідзі і купі! — сказаў Забава. — Мы галодныя, як ваўкі!
— Толькі да Казакевіча... — зноў пачаў Кучынскі.
— Што ты там усё пра Казакевіча мне пляцеш? Маеш грошы, ідзі і купі нешта з’есці... Хаця б хлеба, бо калі не, то я сам пайду. Як не прададуць, то сілаю вазьму! — выбухнуў раз’юшаны Забава.
— Ну добра, добра... іду...
Кучынскі знік на падворку. Праз хвіліну калегі пачулі бразганне дзвярэй, якія вялі ў сенцы. Хочучы ўбачыць, што робіць праваднік, нябачныя ў цемры, яны наблізіліся да акна. Але ў гэтую ж хвіліну ўсе вокны ў хаце завесілі. Кучынскі вярнуўся праз пятнаццаць хвілін.
— Ну, што?
— Нічога.
— Як гэта нічога?
— А так... Нічога ў іх няма... нават хлеба...
— Нешта ты, дзед, круціш! Калі не было нічога, то якога чорта ты столькі часу там сядзеў? — Забава плюнуў, а потым дадаў: — Ну, ідзі далей! Вядзі да свайго Казакевіча! Казаў, што ты стары агент, а дарог не ведаеш, па дарозе на сваім адрэзку не можаш даць сабе рады!
Кучынскі нічога не адказаў.
У лесе на вялікай адлегласці ад дарогі развялі вогнішча. Ляжалі ля яго нерухома, галодныя, схуднелыя, адчуваючы боль ва ўсім целе. Наўкол драмаў таямнічы чорны маўклівы лес. Гарачыя вясёлыя іскры вогнішча ўзляталі ўгору і каналі ў халодных, вільготных лапах ядлоўцу.
Спалі па чарзе — па двое. Сны былі трывожныя, мучаніцкія... Яны енчылі, скрыгаталі зубамі, сціскалі кулакі.
Пачынаўся імглісты, халодны ранак. Дзённае святло з цяжкасцю прадзіралася паміж велізарнымі калонамі чорных, панурых, атуленых імглой ядлоўцаў. Падарожныя ўсталі і, дрыжучы ад холаду, набрынялыя вільгаццю, выйшлі на дарогу.
Пасля адной гадзіны маршу ўбачылі вёску.
— Гэта Кучынка... над Арэсай, — сказаў праваднік. — Адсюль да Казакевіча ўжо недалёка.
Яны наблізіліся да вёскі. Кучынскі загадаў ім пачакаць за хлевам, а сам увайшоў у першую з краю халупу.
— Пагляджу, — сказаў перад адыходам, — што там робіцца. Калі спакойна, то паклічу вас. Тут знаёмы мужык жыве... Ён перавязе нас праз Арэсу.
Ён знік у дзвярах, якія вялі ў сенцы. Хутка выйшаў на двор і паклікаў калег у халупу. Яны ўвайшлі ў вялікую брудную хату. На прыпечку гарэў вялікі агонь, ля якога жудасна худая дзяўчына штосьці гатавала. Гаспадар, стары мужык з вялікай расчухранай галавой, запрасіў іх на сняданак. Яны выпілі па кубку гарачага малака і з’елі па кавалку грубага хлеба. Забава з цяжкасцю глытаў пухлы калючы хлеб... Заплаціў шчодра гаспадарам, і яны выйшлі з халупы. Агульнымі намаганнямі сцягнулі ў ваду лодку, якая ляжала пад маленькай страхой хлеву, і мужык перавёз іх на другі бераг ракі. Яны развіталіся з ім і рушылі ў далейшую дарогу. Хутка прасоўваліся ўперад. Адчувалі блізкі адпачынак і не шкадавалі рэшты сіл.
Вузкай лясной дарогай выйшлі на ўскрай велізарнай паляны, акружанай з чатырох бакоў чорнай сцяной лесу. Пасярод яе былі відаць шматлікія пабудовы хутара.
— Вось і Казакевіч! — сказаў Кучынскі. — Цяпер і адпачнём, і вып’ем, і пакурым, і пагрызём!
Яны пайшлі берагам ракі да таго месца, дзе дарога паварочвала на хутар. Кучынскі накіраваўся праз поле да будынкаў, а Забава і Кралевіч засталіся паблізу густых зараснікаў ляшчыны. Кучынскі быў апрануты як паляшук: у ільняныя штаны і кашулю, у сярмягу, а на нагах меў лазовыя лапці. Меў палатняную торбу, павешаную на баку, у руцэ тоўсты кій. За поясам, спераду, схаваў наган, а ў кішэню гранату, якую выпрасіў у Забавы. Калі Кучынскі аддаліўся, Антон сказаў:
— Падазроны дзядыга!
— Д’яблы яго ведаюць, — адазваўся Забава. — Мяне толькі здзіўляе, чаму ён так баяўся пераязджаць Случ?.. Баяўся бальшавікоў.
— А можа, баяўся, каб падчас страляніны кулі не дастаць. Або каб мы яму ў лоб не выкапцілі? — выказаў сваё меркаванне Антон.
Калегі ўбачы лі дзяўчыну, якая бегла ад хутара ў напрамку лесу. Думалі, што яна шукае іх, але адразу не выйшлі. Паказаліся толькі тады, калі яна была блізка. Калі дзяўчына ўбачыла іх, то аслупянела ад здзіўлення.
— Куды бяжыш? — спытаў Забава.
— Свінню шукаю...
— Ну, то сып* далей.
Яна пабегла дарогай да ракі, некалькі разоў аглядаючыся. Праз нейкі час з хутара выйшла дзяўчына гадоў пятнаццаці і некалькі разоў гучна свіснула на пальцах. Забава і Кралевіч выйшлі з кустоў. Яна некалькі разоў махнула рукой, клічучы іх да сябе. Яны пайшлі прама ў напрамку будынкаў.
Хутар быў заможны, будынкаў шмат, новых, вялікіх. Забава і Кралевіч, папярэджаныя дзяўчынай, увайшлі ўвялікія сенцы.якія падзялялі дом надзвечасткі. Пайшлі направа. Убачылі ў вялікай хаце Кучынскага, а побач з ім
* Сып (жарг) — ідзі, сходзь, уваходзь, сыходзь.
старога, ужо сівеючага мужчыну, апранутага па-гарадскому.
Апрача іх у хаце было яшчэ двое малодшых мужчын, відочна, сыноў Казакевіча. Забава і Антон прывіталіся з прысутнымі, падаючы ім рукі.
Іх запрасілі да стала.
— Вельмі цешуся, што прымаю такіх прыемных гасцей, — сказаў Казакевіч з салодкай усмешкай. — Зараз нам бабы штосьці прыгатуюць падсілкавацца.
— Дзякуй, — адказаў Забава. — За ўсё, што нам падасцё, добра заплачу.
— He трэба ніякай платы. Вы ж мае госці.
Забава і Антон з прыемнасцю курылі скручаныя з газетнай паперы папяросы з моцнага тытуню хатняга вырабу. Тым часам на стол падалі багаты сняданак. Была нават бутля самагонкі, на якую Антон асабліва часта і з замілаваннем паглядаў. Кучынскі і Казакевіч успаміналі даўнія часы — як калісьці «лазу цёрлі». Гэта значыць, хаваліся ад бальшавікоў па лясах у зарасніках лазы. Калі ўсё было пададзена на стол, Казакевіч звярнуўся да гасцей:
— Вельмі прашу не пагарджаць. Чым хата багата, тым і рада!
Ён наліў у шклянкі самагонкі. Забава піў стрымана, але еў прагна. Затое Антон, беручы прыклад з Кучынскага, часта наліваў гідкую, смярдзючую гнілой рыбай, але досыць моцную самагонку.
— Ці хочаце паспаць? — спытаў у гасцей Казакевіч, калі снеданне падыходзіла да канца.
— Канешне, вельмі ахвотна. Мы стаміліся ў дарозе.
— Мы падрыхтавалі вам пасцель у гумне. Сюды ніхто чужы не прыходзіць, а беражонага Бог беражэ.
Казакевіч загадаў аднаму з сыноў падрыхтаваць для гасцей пасцель у гумне. Праз пятнаццаць хвілін той вярнуўся і сказаў, што ўсё ўжо гатова. Раман і Антон накіравал іся да выхаду. Забава ўзяў з сабой крыху тытуню. Кучынскі сказаў:
— Ідзіце, хлопцы, спаць, а я трохі пагавару з сябрам. Праз паўгадзінкі прыйду.
Сын гаспадара правёў калег у вялікае, нядаўна збудаванае гумно. Раман убачыў пасланую на падлозе пасцель. Гэта не спадабалася яму. Ён агледзеў гумно і сказаў сыну гаспадара, што яны будуць спаць на гарышчы, на саломе, высока пакладзенай у засеку.
— Як хочаце, — адрэзаў той і палез на гару, дзе хутка зрабіў для іх пасцель.
Калегі ўзлезлі на засек і пачалі рыхтавацца да сну. Паздымалі боты і курткі. Зброю паклалі ў шапкі, каб не перашкаджала, аднак трымалі яе паблізу.
Антон заснуў хутка. Раман чакаў прыходу Кучынскага. Хацеў папрасіць, каб той прынёс вады, бо пачаў адчуваць смагу. Апрача гэтага, ён не быў цалкам спакойны. Нягледзячы на тое, што ўсё паказвала, што яны знаходзяцца ў бяспечным месцы, ён адчуваў нейкі непакой і не хацеў спаць адначасова з Антонам.
У нейкую хвіліну Раман пачуў знадворку нейкія крокі, нібы хтосьці падкрадаўся.
«Можа, Кучынскі ідзе?» — падумаў ён.
I тут дзверы гумна паціху расчыніліся. Раман сеў на пасцелі. Убачыў, што праз прыадчыненыя дзверы ўгору паглядае нейкі чалавек.
Гэта працягвалася нядоўга. Дзверы зачыніліся, і Забава выразна пачуў скрыгатанне засоўкі.
«Дзіўна!.. Што гэта значыць?» — падумаў Забава.
У гэты ж час знадворку пачуўся сухі трэск выстралаў, і салома вакол яго, як ад ветру, зашалясцела. Гэта быў карабінавы залп, выпушчаны ў яго напрамку праз замкнутыя дзверы гумна.
Антон прачнуўся. Сеў на пасцелі і здзіўленымі вачыма глядзеў на калегу.
— Хутчэй збірай рэчы і на падлогу! Збірай лежачы, бо нраз хвіліну зноў выстраляць, — кінуў Забава, збіраючы гранаты, магазіны да парабелума, пояс з патронамі і компас.
Залпы грымелі адзін за адным. Усе яны былі накіраваны туды, дзе хвіліну таму яны ляжалі.
— Хамы, баязліўцы, гады! — праклінаў Забава. — He спрабавалі нават жывымі ўзяць. Ім трупы патрэбны.
Забава скокнуў на падлогу. Антон саслізнуў услед за ім.
— Выспаліся! — сказаў ён са злосцю.
— Толькі да Казакевіча дойдзем... там будзе ўсё... — паўтарыў Забава словы правадніка.
— Сцерва дзед! Сука! — сказаў Антон.
— Так... Прадаў нас!
— Памятаеш дзеўку, што шукала свіней?.. Мусіць, у Ніжын па міліцыю бегла!
— Можа, нас дзядыга ўжо ў Рунца засыпаў, а можа, у Кучынцы... Ой, як хочацца піць! Хаця б кроплю вады!
— Так. Пачаставаў нас Казакевіч! Эх, каб вырвацца за дзверы!
А карабінавыя стрэлы грымелі безупынку.
Калегі паклалі некалькі мяшкоў са збожжам ля сцяны гумна, утвараючы штосьці накшталт барыкады, дзе яны маглі ўкрыцца ад куль...
Падрыхтавалі гранаты і рэвальверы... Кінулі адначасова дзве гранаты ў напрамку дзвярэй. Праз некалькі секунд пачуліся амаль адначасова два выбухі. 3 дзвярэй паляцелі трэскі, але зробленыя з моцных тоўстых дошак і акутыя жалезам дзверы вытрымалі і ўсё яшчэ загароджвалі выхад.
Забава хацеў выламаць вароты гумна, каб вырвацца вонкі і калі ўжо загінуць, то, прынамсі, забіць некалькі чалавек, якія акружылі іх. На выратаванне не было надзеі.