Багам ночы роўныя
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Рэгістр
Памер: 437с.
Мінск 2019
Яны пайшлі далей. У лапцях ісці было лягчэй, і яны адчувалі сябе пасля сённяшняга адпачынку намнога лепш. Асцерагаючыся засады, прасоўваліся наперад вельмі асцярожна. Шчасліва дабрылі да канца «сушы». Ступілі на «мора», утворанае з чорных, рыжых, зялёных і іржавых палёў балота, замаскіраваных зверху лёгкім зялёным дываном.
Вечарам хмары рассеіліся і на небе паказаўся месяц, які, як гіганцкі ліхтар, асвятляў ім шлях. Гэта было вялікім аблягчэннем і... значнай небяспекай... Лягчэй было ісці ўперад, бо яны добра бачылі мясцовасць, але іх маглі высачыць.
Вырашылі ісці далёка ад каналу, накіроўваючыся па компасе на захад, а калі б дарога аказалася ім не пад сілу, пайшлі б на паўночны захад, каб выйсці на канал.
Усю ноч ішлі яны ўперад. Правільней кажучы, не ішлі, а скокалі з купіны на купіну па гразі, якая ўгіналася пад нагамі. Асабліва цяжкой была дарога там, дзе купіны былі далёка адна ад другой. У такіх месцах, пераскокваючы з адной купіны на другую, яны часта глыбока гразлі ў балота і толькі пры дапамозе ўзятых на «сушы» доўгіх кіёў выбіраліся з гразкай, пражэрлівай багны, якая ўтваралася пад нагамі.
Пры бляклым жудасным святле месяца надзіва панура і велічна выглядалі балоты. Велічная цішыня панавала наўкол. Час ад часу яе перарывалі цмоканне і хлюпанне балотных слаёў альбо булькатанне газаў, што выдзяляліся з твані...
He было чутна ніводнага голасу на адлегласці ў некалькі кіламетраў... Удалечыні было відаць, як гайдаюцца над балотамі цені... Можа, гэта духі, можа, фантомы, можа, вупыры з народных былічак, якія блукалі па гэтых велізарных пустэчах?.. Часта можна было ўбачыць бледнае полымя, якое фасфарызавала, і блакітныя блукальныя агні.
Падарожнікі страцілі адчуванне часу. Думкі замёрлі ў іх мозгу. Мышцы здранцвелі і выконвалі свае дзеянні аўтаматычна.
Месяц усё больш зніжаўся. Наваколле акутала густая імгла. Яна пакрыла вільготнай хвалістай хмарай багну, стварыла пад гразкім балотам газападобнае мора вільгаці, у якім нічога нельга было ўбачыць.
Павеяў лёгкі паўночны вецер. Узмацніўся... усхваляваўся і раскідаў імглу. Схапіў яе і пагнаў на поўдзень. Мяккай халоднай шчоткай прыгладзіў травы... Чысціў і парадкаваў балоты, рыхтуючы іх да ўзыходзячага сонца. А сонца стрэліла ўгору фантанам пурпуровых промняў. Шырока азалаціла далягляд. Раскідала па небе багатыя цёплыя
колеры, якія пераходзілі ад бледна-ружовага ў крывавы пурпур. Узышлоціха...урачыста... Заблішчэла дыяментамі ў кроплях расы. Асадзіла вільгаць з паветра. Разагнала імглу, што блукала па балотах... Ішло пераможна, несучы жыццё і радасць... Толькі тут яно было лішняе і не ўзбуджала радасці, бо ні птах, ні звер, ні чалавек не чакалі яго. У гэтай краіне смерці і прывідаў праўдзівым было толькі святло месяца... мёртвае, халоднае, бледнае...
Перад палуднем калегі ўбачылі перад сабой першую парослую лесам выспу. Наблізіліся да яе. Сталі на цвёрды грунт.
Выспа мела некалькі соцень крокаў у даўжыню і каля ста крокаўу шырыню. Яе ахутваў зялёны паўзмрок. Гіганцкія дрэвы цягнулі шматлікія сокі з чорнай тлустай глебы і пляліся высока ўгору моцнымі калонамі. У паветра ўзносіўся востры смурод вільгаці і прытхласці. Гэта быў цвінтар лясных гігантаў. Дрэвы, якія паваліліся ад старасці або былі выварачаны бурай, ляжалі адны на другіх. Выглядалі яны, нібы толькі што ляглі на зямлю, але нага правальвалася ў іх пры найменшым дотыку.
Забава і Антон ледзь знайшлі некалькі прыдатных для вогнішча дрэў, бо ўсё вакол было гнілое альбо набрыняла вільгаццю. 3 цяжкасцю распалілі яны вогнішча і сушыліся ля яго.
— Дзе мы? — спытаў Антон.
— Мы прайшлі амаль трэцюю частку шляху. Я так мяркую. Паблізу павінна быць возера Князь... Далей трэба ісці на паўночны захад... Там канал... Лепшая дарога. Тут небяспечна. Можам трапіць у такую багну, што загінем...
Спалі яны па чарзе. Сны былі трывожныя. Абуджаліся ад голаду і болю. Вечарам пачалі збіраць лісце розных дрэў і раслін. Сушылі іх ля агню і спрабавалі паліць.
Абгледзелі ногі. Закруцілі іх у высахлыя анучы і добра ўмацавалі лапці. Потым Антон паправіў у Забавы павязку, і яны вырушылі ў далейшы шлях.
Позна, пасля паўночы, выйшлі на бераг каналу. Вельмі гэтаму ўзрадаваліся. Гэта мізэрнае сведчанне супольнага
намагання людзей, пакінутых у пустыні, нібы злучала іх са светам жывых людзей і вырывала з краіны прывідаў.
Далей пайшлі ўздоўж каналу.
На світанні мінулі злева ад каналу вёску Скушын. Далей берагі каналу былі парослыя лесам. Калі ўвайшлі ў яго, сонца паказалася на небе.
Прайшлі дзве ночы і адзін дзень зваротнай дарогі. Ад часу пераходу граніцы з Польшчы ў Саветы былі ў дарозе шэсць дзён і начэй. Вырашылі ў тую ноч абавязкова дайсці да Польшчы. Яны зусім выбіліся з сіл. У іх былі жудасна спухлыя ногі. У Забавы паднялася тэмпература. Рана на левай лапатцы загнаілася, і ён з цяжкасцю рухаў плячом. Ён баяўся класціся, бо ведаў, як цяжка будзе ўставаць і ісці ў далейшы шлях.
Мінулі Кузьміцкія хутары. Пакінулі за сабой тры чвэрці шляху. Брылі пастаянна па беразе каналу. Тут дарога была лягчэйшай. Ішлі па вытаптаных сцежках. Яны лічылі за лепшае трапіць на засаду і, ваюючы, вырвацца з балот або загінуць, чым зноў ісці ў багну.
А другой гадзіне дня пачулі брэх сабакі і спыніліся на павароце каналу за альховымі кустамі. У лесе брахаў сабака. Паблізу паказаўся стары мужчыназ дубальтоўкай пад пахай і скураной торбай на баку. Забава і Антон пайшлі да яго.
— А вы што тут робіце? — груба звярнуўся да іх незнаёмец.
— Ловім перамытнікаў і самагоншчыкаў, — адрэзаў Забава, набліжаючыся да яго па адзінай вузкай сцежцы, па якой можна было прайсці.
Незнаёмец падышоў да іх, думаючы, што мае справу з чэкістамі.
— Рукі ўгору! — скамандаваў Раман, накіроўваючы дула парабелума ў ягоныя грудзі.
Ён падняў рукі ўгору. Антон схапіў паваленую дубальтоўку.
— Хто ты такі? — спытаў Забава.
— Я... ляснік...
— А навошта чэпішся да людзей?
— Я нічога... Я... з цікавасці...
— I я з цікавасці. Хадзем у лес!
— Хлопцы, што вы!.. За што вы?..
— Ну, ідзі... He балбачы!
Яны адышлі на некалькі соцень крокаў і там зрабілі рэвізію свайго палоннага. Зброі ён не меў. У паляўнічай торбе знайшлі кавалак хлеба і сухога сыру. Было таксама крыху тытуню. Яны забралі тытунь і ежу. Ляснік усё прасіў, каб яго пусцілі. Прыбег сабака і пачаў брахаць, круцячыся паблізу.
— Супакой яго! — сказаў Забава Антону.
Той стрэліў з дубальтоўкі. Сабака, скуголячы, пабег да кустоў.
— Яму нічога не будзе... Дробавы зарад, — сказаў ляснік.
Набліжаўся вечар. Калегі падсілкаваліся, з’еўшы сыр і хлеб. Закурылі папяросы, а потым зноў выйшлі на бераг каналу. Ляснік ішоў паміж імі і ўсё прасіў, каб яго пусцілі. Відавочна, ён вельмі баяўся, што заб’юць дзесьці на балотах. Кляўся, што нікому не скажа, што тут пераходзілі. Забаву гэта злавала.
— He енчы, бо зараз кулю ў лоб і ў канал! Ведаю я, калі цябе пусціць!.. Разумнік!.. Ведаю вас! Ведаю, пра што ты думаеш!
Больш ляснік не гаварыў. Паслухмяна ішоў уперад. Пасля пяці гадзін дарогі праз балоты (лясы даўно скончыліся) Забава спыніў лесніка і аддаў яму дубальтоўку, забіраючы патроны, якія потым утаптаў у балота. Ляснік спачатку ішоў павольна, але калі аддаліўся ад іх на 50 крокаў, пабег, камічна прысядаючы і пераскокваючы з купіны на купіну.
— Цяпер ён нам не перашкодзіць, — сказаў Забава Антону.
Зноў вырушылі ў дарогу, хістаючыся ад стомы. Забава ўжо не адчуваў болю ў нагах, а толькі страшэнны цяжар у іх. Часам ён забываўся, дзе знаходзіцца, і ішоў напалову прытомны. Антон штораз заставаўся ззаду. У нейкі момант Раман заўважыў, што калега не ідзе за ім. Ён доўга чакаў,
думаючы, што зараз той дагоніць. Потым пайшоў назад. Знайшоў Антона, які сядзеў на купіне.
— Што з табой? — спытаў устрывожана.
— He пайду далей... He магу... Ідзі адзін...
— Павінен дайсці. Ужо блізка. Хадзем!
Ён дапамог сябру ўстаць і паволі, часта азіраючыся, пайшоў наперад. Яны прадзіраліся праз жудасную пасму лоз. Цягнуліся паволі, амаль непрытомныя. А ноч доўжылася. Месяц то хаваўся за хмары, то зноў з цікавасцю назіраў за барацьбой двух чалавек, якія імкнуліся да мэты.
Выйшлі на заліты вадой луг. Антон зноў сеў на купіну. Раман пачаў яго падымаць. Калега ў гэты момант сказаў нервовым голасам:
— Кажу табе, ідзі адзін... Што ты ад мяне хочаш? Ідзі!
— Дагані, мусіць, мы ўжо ў Полыпчы!
Раман заўважыў, што Антон уставіў у рот дул а рэвал ьвера. Сілай ён забраў у Антона рэвальвер. Далей вёў Кралевіча, трымаючы пад плячо, спатыкаючыся разам з ім. Цяжкае становішча сябра нібы дадало яму сілы. Апрача гэтага, ён адчуваў, што яны знаходзяцца паблізу ракі. Ішлі па лузе, які пачынаўся за Случчу.
Набліжаўся ранак. Месяц знізіўся і знік за хмарамі.
У нейкі момант Забава зарыентаваўся, што яны на беразе ракі. Гэта дадало яму бадзёрасці і сілы. «Але як пераправіцца праз Случ? Мушу адзін...» Але адчуваў, што не мае сілы. Пачаў шукаць якую-небудзь дошку або дрэва, якое аблегчыла б пераправу незнаёмага русла ракі.
Знайшоў цурбан, падобны да чыгуначнай шпалы, але намнога даўжэйшы і шырэйшы. Потым знайшоў дзве збітыя разам доўгія жэрдкі... Зняў лапці, анучы і штаны. Трыкацінавыя кальсоны завязаў на шыю. Шнуркамі ад лапцей звязаў разам жэрдкі і цурбан. Зрабіў маленькі плыцік, пры дапамозе якога намерваўся пераплыць раку, бо не хацеў дагала распранацца.
Потым знайшоў паблізу ракі маленькае паглыбленне ў зямлі, у якім лёгка мог схавацца чалавек. Завёў туды
Антона i змусіў яго легчы ў высокую траву. Даў яму ў руку наган і сказаў:
— Тонька... Я паплыву на той бераг... Разумееш?
— Так... А я?
— Вярнуся да цябе лодкай... Вазьмі наган... Ляжы ціха... Толькі не засні! Калі буду клікаць, адгукніся!.. Глядзі: тут бальшавікі!.. Разумееш?
— Добра, ідзі...
Забава, седзячы вярхом, а часам напалову лежачы на маленькім плыціку, які глыбока занурваўся ў ваду, так, што ён з цяжкасцю ўтрымліваў раўнавагу, паволі паплыў па рацэ... Гэта доўжылася доўга...
Даплыў да процілеглага берага. Вылез з вады і пайшоў па пясчанай водмелі. Зноў убачыў ваду.
«Рэгуліровачны канал ці заліў?»
Ён увайшоў у ваду і паплыў ужо без плыціка. Ледзь змог дабрацца да берага... Сеў у прыбярэжным балоце... У галаве ў яго віравала... Рукі былі пагружаны ў слізкі мул. Ён так сядзеў, хістаючыся ўзад-уперад.