Багам ночы роўныя
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Рэгістр
Памер: 437с.
Мінск 2019
— Чаму?
— Ідзём, маючы хутар за сабою, але гэта не значыць, што ідзём на захад... Такую простую рэч я... празяваў!.. Мы ж увесь час ішлі на паўднёвы ўсход.
Забава выняў компас, і, хаця ім не хацелася пакідаць дарогі, яны пайшлі прама праз густы, непраглядны, цяжкі для пераходу лес, кіруючыся на захад.
Быў позні вечар, калі яны выйшлі з лесу на нейкую пясчаную дарогу. Пайшлі па ёй далей. Неўзабаве ў цемры паказаліся пабудовы вёскі. Бліснула святло.
Яны падышлі да акна. Убачылі ўсярэдзіне траіх мужчын, некалькі жанчын і дзяцей. На «грамафоне» гарэлі смаляныя сукі, якія досыць шчодра асвятлялі ўсю хату.
— Пайду спытаю пра дарогу, а ты пільнуй, — сказаў Забава. — Калі што якое... то страляй!..
Антон абапёр дула рэвальвера на раму акна, а Забава ўвайшоў у сенцы. Пастукаў. Яму адчынілі дзверы. Ён увайшоў усярэдзіну.
— Добры вечар, — сказаў ён.
— Добры вечар, — нерашуча адказалі яму некалькі галасоў.
Прысутныя здзіўленымі вачыма разглядалі прышэльца... босага, без шапкі, у скураной куртцы.
— Ці далёка адсюль да вёскі Кучынка? — спытаў Забава.
— Ці далёка? — паўтарыў хтосьці пытанне, а потым сказаў: — Да Кучынкі далёка.
— Колькі вёрст?
— Можа, дзесяць, а можа, і больш...
— Пакажыце мне дарогу, па якой я дайду да Кучынкі.
Старэйшы мужчына, відавочна, бацька сям’і, запаліў ліхтар і сказаў падлетку вывесці Забаву на дарогу да Кучынкі.
Хутка калегі вырушылі ў далейшы шлях. Наперадзе ішоў хлопец з ліхтаром у руках... Праз квадранс часу яны выйшлі на шырокую пясчаную дарогу, дзе-нідзе парослую травой. Тут лес скончыўся і пачыналіся палі. Хлопец спыніўся і паказаў рукой перад сабой:
— От, як тут пойдзеце, то дойдзеце проста да Кучынкі... Далей я не пайду. Мушу вяртацца.
Забава даў яму за турботы бу йну ю ку пюру, і яны пайшлі ў кірунку, які паказаў ім хлопец. Але ў тую ноч не знайшлі ні Кучынкі, ні Арэсы. Блукалі па палях, лясах, лугах, дарогах, усё яшчэ бачачы велізарнае зарыва пажару. Пад канец ночы, страціўшы сілы дашчэнту, яны прыйшлі на шырокі луг. Знайшлі на ім вялікую скірду сена, пакладзеную на палях. Зрабілі ў ёй збоку вялікую нішу, улезлі туды і заснулі...
Прачнуліся ад ранішняга холаду. Усе часткі цела так балелі, што яны ледзь змаглі выбрацца са свайго сховішча. Яны знаходзіліся на велізарным лузе, па якім шарэнгамі, як гузікі на зялёным сукне мундзіра, цягнуліся скірды сена.
Забава компасам праверыў кірунак, і яны паволі пайшлі ўперад. Дабрылі да вузкай цёмнай пасмы лесу, якая, як мыс, уразалася ў зялёнае, хвалістае ад ветру мора лугоў. Перайшлі лес і зноў убачылі перад сабой луг.
— Там павінна быць рака, — сказаў Антон, паказваючы на доўгую пасму зарасніка, якая пераразала сярэдзіну лу гу.
— Я таксама гэтак мяркую... — сказаў Раман.
Яны ўвайшлі на луг.
Неўзабаве стаялі на беразе шырокай і глыбокай ракі з чорнымі гразкімі абрывістымі берагамі.
— Арэса! Нарэшце!.. — выгукнуў Забава.
Пачалася страшэнная для іх пераправа. Яны дрыжэлі ад холаду. Абодва былі хворыя, але мусілі перабрацца на другі бераг гэтай чорнай халоднай вады, якую скаваў ля берагоў тонкі лядок. He было з чаго змайстраваць плыт.
Забава распрануўся. Паправіў павязку. Паклаў свае рэчы і зброю ў скураную куртку, зрабіў цюк і ўвайшоў у ваду, якая — як яму здалося — агнём паліла цела. Ён хутка паплыў праз раку, адной рукой прытрымліваючы на карку адзенне. Доступ да процілеглага берага быў вельмі цяжкі. Ён быў парослы вострай травой, якая рэзаласкуру. Ледзь знайшоў месца, у якім можна было вылезці з вады... Берагі былі абрывістыя, вырытыя ў чорнай, як смала, тлустай і ліпкай глебе. Ён кінуў на бераг адзенне і хутка паплыў у зваротны бок. Пры дапамозе Антона выйшаў на бераг. Дрыжэў ад холаду. Ногі і рукі былі сінія. Цела было пакрыта гусінай скурай. Антон накінуў на яго сваю куртку.
— Бяда, што не ўмею плаваць! — у роспачы кінуў Забаве Кралевіч.
Яны знайшлі ля берага бервяно, якое, напэўна, аднекуль прынесла паводка. 3 цяжкасцю спусцілі яго на
ваду. Яно занурылася глыбока, пакідаючы на паверхні толькі маленькую пасмачку дрэва.
— Учапіся за канец бервяна і трымайся моцна!.. Калі буду на сярэдзіне, адапхні яго моцна ад берага! — крыкнуў Раман і з рэчамі Антона на карку паплыў уздоўж бервяна. Злёгку абапёр цюк на другі яго канец і крыкнуў: — Адпіхвай!
Антон з усіх сіл адапхнуў цяжкое бервяно на сярэдзіну ракі і сам плюхнуўся ў ваду, робячы адчайныя намаганні, каб утрымацца на паверхні. Забава з цяжкасцю буксіраваў гэты цяжар да супрацьлеглага берага, адначасова трымаючы вопратку сябра і стараючыся, каб дрэва не перавярнулася на вадзе.
Калі яны былі пасярод ракі, бервяно пачало апускацца ў ваду. Ногі Антона паказаліся на паверхні, а галава апынулася пад вадой. Праз хвіліну ён вынырнуў і крыкнуў:
— Я таплюся... таплюся!
— He бойся нічога! Зараз я табе дапамагу! — адгукнуўся Раман.
Ён кінуў буксіраваць і хутка паплыў да берага. Кінуў на прыбярэжжа адзенне і хуценька вярнуўся да Антона. Сябар у гэты час адчайна хапаўся за бервяно, якое ўсё больш апускалася ў ваду, не даючы яму апоры. Аднак яно дапамагло Антону ўтрымацца на паверхні, і нават, рухаючыся па папярэдне набытай інерцыі, дало яму магчымасць пераадолець большую частку ракі. Забава хутка падплыў да Антона, які хацеў ухапіцца за яго рукамі. Раман ухіліўся.
— Пакладзі адну руку мне на карак... He бойся нічога!
Ён дацягнуў Кралевіча да берага. Калі яны выбраліся на луг, то выглядалі страшэнна... Дрыжэлі ад холаду, і целы іх былі запэцканыя ў бруд і кроў, якая сачылася праз шматлікія парэзы на скуры. Яны доўга расціралі рукі і ногі, пакуль кроў не пачала паступаць да канечнасцяў. Хлопцы ледзь змаглі апрануцца. Кульгаючы і хістаючыся на нагах, яны пайшлі праз луг да лесу, які чарнеўся ўдалечыні.
Апынуліся за Арэсай. Недалёка адсюль пачыналіся пінскія балоты.
Увайшлі ў лес. Дзіўны быў гэты лес! Дрэвы стаялі ў вадзе і адбіваліся ў ёй, як у люстры. Ён ствараў страшэнную перашкоду для знясіленых людзей. Праз ягоны двухвярстовы пояс яны прабіраліся тры гадзіны.
Нарэшце, стомленыя, з жудасна пакалечанымі ступнямі, выйшлі на ўскраек лесу. У двухстах кроках ад сябе яны ўбачылі ўбогі будынак, а крыху бліжэй — пастушка, які выгнаў на першую траву схуднелую каровінку.
Раман абгледзеў мясцовасць. Апрача гэтай халупы дзенідзе на велізарнай раўніне былі відаць будынкі.
Мы павінны туды пайсці, — сказаў Забава, паказваючы рукой на будынак.
— Як хочаш, — адказаў Антон.
— Так, павінны... бо няма сілы... Згінем тут... А калі што, — ён балюча ўсміхнуўся, — то... таксама з дымам!
Яны пайшлі ў напрамку будынкаў.
Увайшлі ў бедную, але досыць чыстую хату, у якой засталі старога селяніна, яго жонку, дарослую дачку і малую дзяўчынку.
— Дзень добры! — прывітаўся з імі Забава.
— Дзень добры! — адказалі прысутныя, са здзіўленнем разглядаючы прышэльцаў.
-А адкуль вы? — спытаў селянін.
— Едзем з Альбінска да лесніка Рунца... па службовых справах, — сказаў Забава. — Хацелі самі пераправіцца на плыце праз Арэсу, перавярнуліся і ўваліліся ў ваду. Згубілі боты, шапкі і амаль не загінулі...
— Та-ак?! — сказаў гаспадар, падазрона аглядаючы іх.
— Так ці не так, справа наша! — адрэзаў Забава і так зірнуў у вочы селяніну, што той адступіў назад.
— А мне што? Мая справа маленькая... — прамармытаў ён.
— Вось так найлепей. А цяпер, гаспадар, папрашу даць нам есці. За ўсё добра заплачу.
— Хіба малака і тварагу, бо нічога другога няма.
— Давай малако і тварог... А хлеб ёсць?
— Ёсць крыху.
— Давай!
Хутка гаспадыня выняла з печы гаршчок гарачага малака і паклала на стол вялікі кавалак грубага, падобнага да торфу хлеба. Сябры пачалі прагна есці і піць гарачае малако. Адначасова Забава пільна сачыў за насельнікамі. Ён заўважыў, што гаспадар схаваў у кішэню шапку і хуценька выйшаў у сенцы... Адчыніў дзверы на падворак. Забава пайшоў за ім. Гаспадар накіраваўся з двара на дарогу. Забава дагнаў яго.
— Ты куды?
— Сюды... да кума... зараз вярнуся...
— Вяртайся ў халупу і не думай пра кума! — рэзка сказаў Забава. — Глядзі таксама, каб ніхто не выходзіў з хаты! Хочаш мець дом і набытак, то глядзі, бо я табе пушчу «чырвонага пеўня» або пачастую гэтым! — тыцнуў яму пад нос дула парабелума.
— А мой жа ты!.. Што ж ты!.. Нікуды не пайду!..
— Так будзе найлепей!.. Памятай, ты сёння маеш вясёлых гасцей!..
Вярнуліся ў хату. Селянін пачаў дагаджаць «вясёлым гасцям». Прынёс некалькі яек і загадаў жонцы засмажыць яечню. Знайшлося нават крыху тытуню і самасейкі. Забава і Антон з задавальненнем курылі моцны тытунь, закручаны ў тоўстую газетную паперу.
— А цяпер, гаспадару, рыхтуйце для нас лапці.
— Гэта можна, можна... Зараз...
Селянін зняў з-пад жэрдак некалькі пар лазовых лапцей. Выбраў дзве пары і намачыў іх у вадзе ў маленькіх начоўках. Цяжэй было падабраць анучы, але ягоная жонка прынесла нейкую старую ільняную кашулю, з якой выразала дзве пары ануч. Знайшліся і шнуркі, якімі лапці прывязваюць да ног.
Забава і Антон старанна вымылі ногі і злёгку памазалі ступні сланечнікавым алеем. Абуліся. Нагам адразу зрабілася лягчэй, хаця пухліны не зніклі.
Па чарзе яны ўзлазілі на печ спаць і чысцілі зброю. Так прайшоўувесьдзень. Набліжаўся вечар. Раман,парадкуючы вопратку, знайшоў у кішэні курткі дзве пары шаўковых панчох. Даў іх дачцэ гаспадара.
— На! Як свет стаіць, ніводная прыгажуня ў вашай ваколіцы такіх панчох не насіла! — сказаў ёй Забава.
Дзяўчына пачырванела і выцерла нос тыльным бокам далоні. Гаспадару Забава шчодра заплаціў. З’елі вячэру: апошні ў халупе хлеб, малако і тварог.
Селянін паказаў ім дарогу да Рунца. Яны вырушылі ў далейшы шлях.
Праз дзве гадзіны апынуліся каля багатых (як для таго краю) пабудоў Рунца.
Спыніліся.
— Калі б я ведаў, што ён быў у «закулісных перамовах» з Кучынскім, то я б нанёс яму візіт, — сказаў Забава.
— Думаю, што гэта іх супольная работа: Кучынскага, Казакевіча і Рунца. Пэўна, хацелі ўслужыць савецкім уладам, дапамагаючы злавіць польскіх шпіёнаў. Цяпер, каб услужыць бальшавікам, сын бацьку прадасць! — сказаў Антон.
Забава махнуў рукой.
— Дадзім спакой! — сказаў ён. — Калісьці пра ўсё даведаемся. Можа, яшчэ завітаем сюды... Тады зробім рахунак! Цяпер не варта пакідаць за сабой сляды.