Багам ночы роўныя
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Рэгістр
Памер: 437с.
Мінск 2019
Неўзабаве Данеўская пайшла ў горад, а Клядзінскі даў Раману картку і сказаў:
— Так трэба апрацоўваць гадаў. Гэта вар’ятка, але жанчына сапраўды сумленная і па-сапраўднаму адданая ідэі. Толькі, відаць, і ёй гэта ідэя бокам вылазіць, бо разумее, што робіцца навокал. Але назад вярнуцца не можа. Пры цару яна была эсэркай. Была на катарзе. Пры бальшавіках апынулася ў апазіцыі. У 1918 годзе на кангрэсе ў Маскоўскім оперным тэатры адкрыта выступіла супраць бальшавікоў. Называла іх магільшчыкамі рэвалюцыі і свабоды, паразітамі на целе селяніна і рабочага, паразітамі, горшымі за імперыялістаў. Марыя Спірыдонава сказала тады бальшавікам: «Згодна з тэорыяй Леніна вы з’яўляецеся толькі гноем!» Вось так яно і ёсць, таварыш Смолін, ка-му-на! Такая камуна, што ў Крамлі яйкі на сале смажаць, а ў сялян вочы ад голаду вылазяць.
Клядзінскі выняў бутэльку каньяку і добра дал іў у чай. Выпілі па некалькі шклянак. У Клядзінскага палепшыўся настрой, і, насвістваючы, ён пачаў шпацыраваць па салоне. А Раман, паколькі ісці на пошту было яшчэ рана, бо экзамены прызначылі на дзявятую гадзіну ўвечары, пачаў штудзіраваць тэлеграфію.
Запанавала маўчанне. Яго парушалі толькі крокі Клядзінскага і цыканне гадзінніка. Клядзінскі стараўся ўзгадніць рытм крокаў з рухам маятніка і хадзіў, задумаўшыся, то ўсміхаючыся, то штосьці шэпчучы сам сабе. Затрымаўся перад бюстам Напалеона, які стаяў на запыленым каміне, і доўга глядзеў на яго. Раптам з’едліва ўсміхнуўся і сказаў:
— Слухай ты, геніяльны правадыр! Ты бог вайны! Ты думаеш, што сапраўды такі вялікі? Што сапраўдны ваяр?.. Тут вайна! Тут! Тут! Тут! — ён ударыў сябе ў грудзі. — Ты думаеш, што гэта штука — чужымі рукамі ваяваць? Так? — Даў пстрычку Напалеону ў нос. — Ну, гавары! Маўчыш? Ага!.. А ці ведаеш ты, што я б усю тваю армію ў сетку ўсадзіў і цябе, як барана, у мяшок паклаў? Калі б толькі хацеў. Што ты на гэта? Ну?.. Але ж у цябе і морда! I як жа ты, халера, чвэрць свету забраў? Га? Ведаеш што? Ты ёсць смаркач! Язабраўувесьсвет! Увесь! Разумееш? Ты — вялікаямалпа! Увесь!
I садзіў пстрычкі ў цвёрды гіпс, а Раман са здзіўленнем прыглядаўся да гэтай дзіўнай сцэны.
Вечарам калегі развіталіся. Клядзінскі пайшоў на вакзал, бо намерваўся ехаць у Оршу, а Раман пайшоў у цэнтр горада. Назначылі спатканне ў Данеўскай на 1 Мая.
У адной з вялікіх залаў паштамта на другім паверсе сабралася каля трыццаці асоб. Гэта былі пераважна манцёры, якія здавалі экзамен на кантралёраў тэлеграфу. Яны прайшлі трохмесячны тэхнічны курс пад кіраўніцтвам «спяца», інжынераЛукавіна. Толькі Раманздаваўэкзамены экстэрнам. Усе былі паглынутыя экзаменам. Некаторыя паспешліва пераліствалі падручнікі. Адны кансультавалі другіх або давалі прыкладныя адказы на пытанні, якія маглі задаць экзаменатары.
Набліжалася дзявятая гадзіна. Раман выйшаў на калідор і чакаў прыходу камісара Старкова. Ведаў яго візуальна. Калі Старкоў з’явіўся на калідоры, Раман падышоў да яго і падаў яму паперу.
— Гэта ад Ніны Андрэеўны.
Камісар прачытаў картку і нахмурыўся.
— Што вам ад гэтага? Здача экзаменаў залежыць толькі ад вас. Я не магу на гэта паўплываць.
Раман усміхнуўся.
— А мне нічога не трэба. Я добра падрыхтаваўся. Тут справа ў тым, каб даць мне магчымасць вучыцца далей. Можа, будзе набор у школу механікаў у Смаленск.
Камісар кіўнуў яму.
— Добра. Буду памятаць пра вас.
Ён скамечыў паперу і паклаў у кішэню. Прайшоў некалькі крокаў па калідоры, потым спыніўся.
— Як ваша прозвішча?
— Смолін Павел.
— Ага! Вы здаяце экзамен экстэрнам?
— Так.
— А працавалі на тэлеграфе?
— Так, але ў час вайны быў на фронце. Потым служыў у Арэхава-Зуева ў тэхнічным аддзеле тэкстыльнай фабрыкі.
— Добра, — сказаў Старкоў і пайшоў да экзаменацыйнай залы.
Раман доўга чакаў сваёй чаргі, бо яго выклікалі агюшнім. Можа, таму, што ён быў экстэрністам. Зрэшты, яму з таго пашанцавала, бо тыя, хто вяртаўся з экзамена, расказвалі, пра што ў іх пыталіся. Гэта давала яму магчымасць падрыхтаваць адказы на патэнцыяльныя пытанні.
Нарэшце, выклікалі Рамана. Ён увайшоў у вялікую залу, у якой сядзела за сталом чацвёра мужчын: двое механікаў, Банелін і Лімкевіч, інжынер Лукавін і камісар Старкоў.
Спачатку спыталі Рамана пра электрычнасць, магнетызм, пастаянны і пераменны ток. Ён добра адказваў на гэтыя пытанні.
Адзін з механікаў, Банелін, усё задаваў хітрыя пытанні.
— Якая розніца паміж вальтметрам, амперметрам, арэометрам, барометрам і тэрмометрам?
Раман ветліва і падрабязна тлумачыў, не падаючы выгляду, што не разумее камізму пытанняў.
Калі дайшлі да раздзелу пашкоджанняў тэлефанічных і тэлеграфічных ліній, Банелін спытаў:
— Што будзеце рабіць, калі вецер паваліць на правады бярозу і адарве частку ліній?
— Перарэжу бярозу і вызвалю правады.
— А калі няма чым перарэзаць бярозу?
— Пайду ў вёску па пілу.
— А калі ў вёсцы няма пілы?
— Скажу старшыні даць людзей і перацягнем бярозу.
— А калі ў вёсцы не будзе людзей?
— Перарэжу правады, а потым злучу.
Пачалі экзаменаваць Рамана па раздзеле будовы і рамонту злучальных ліній. Потым перайшлі да тэлефаніі і раздзелу «Акумулятары». Як экстэрніста распытвалі яго падрабязна, але да гэтага часу ён на ўсё адказваў добра. Найбольш задаваўся ведамі і дасціпамі механік Банелін. Найменш пытанняў задаваў інжынер. Камісар увогуле ні аб чым не пытаўся.
У нейкі момант, калі дайшло да вылічэння тэхнічнага абсталявання, якое павінна быць у «сумцы кантралёра», Банелін спытаў Рамана:
— Як зрабіць са старога напільніка новы?
— Адаслаць на фабрыку. Самому нельга гэта зрабіць.
Банелін засмяяўся.
— Гэта так проста, а вы не ведаеце.
— Гэтага не ведаю.
— Трэба нацёрці яго драўляным вуглём.
— Усё адно ён будзе стары.
Усе засмяяліся.
Пачалі распытваць Рамана пра будову палявых ліній. Тады інжынер, які да гэтага часу пераважна маўчаў, спытаў:
— Што з’яўляецца найбольшай небяспекай для палявых ліній?
Раман намерваўся адказаць: знішчэнне лініі вайсковымі часцямі, знішчэнне ізаляцыі і злучэнне з зямлёй, раптоўны наплыў вады, вецер. Але неспадзявана сказаў:
— Уключэнне ў лінію варожага шпіёна.
Банелін іранічна засмяяўся. Але адазваўся камісар:
— Нічога смешнага. Слушна. Менавіта гэта з’яўляецца найбольшай небяспекай. Вы паказалі высокі інтэлект.
У экзаменатараў знік запал, і яны пачалі паспешліва заканчваць экзамен. Нарэшце, сказалі Раману даць тэлеграму на апараце Морзэ.
— Папрашу тэкст тэлеграмы, — сказаў Раман.
— Самі што-небудзь прыдумайце, — буркнуў інжынер. Раман сеў ля апарата і пачаў выстукваць тэлеграму. Банелін абарваў лінію і прачытаў:
Камісару Мінскага паштпова-тэлеграфнага ўпраўлення тав. Старкову
Паведамляю, што не ведаю, як рабіць са старых напільнікаў новыя. Затое ведаю, якая найбольшая небяспека пагражае вайсковым лініям сувязі.
Павел Смолін
Гэтая тэлеграма развесяліла ўсіх, і Раману сказалі ісці, а заўтра з’явіцца ў службовае памяшканне ў паштовае ўпраўленне.
Назаўтра Раман даведаўся, што яму выдзелілі месца і прынялі ў тэхнічны персанал Мінскага тэлеграфнага ўпраўлення. Ён атрымаў размеркаванне ў акумулятарную. Гэта быў надзвычайна важны аддзел, бо ад яго залежала функцыянаванне ўсіх ліній сувязі.
Механік Банелін прывёў Рамана ў акумулятарную. Там прадставіў яго поўнай бландзінцы з вельмі светлымі вачыма.
— Гэтаваш новы супрацоўнік Павел Смолін. У вас будзе чацвёртая змена. Толькі прашу падрабязна азнаёміць яго з работай. Пакуль што працуйце па тры змены. А калі ўсё добра спазнае — зробіце чацвёртую.
Механік выйшаў. Дзяўчына папрасіла Рамана, каб ён сеў, і скончыла штосьці пісаць у тоўстую кнігу. Потым звярнулася да Рамана:
— Маё імя Зіна. Прозвішча — Карнеўская. Вельмі цешуся, што будзем мець чацвёртую змену. Гэта добра для нас, бо працаваць тут вельмі цяжка. Работа шкодная для здароўя. Пары сернай кіслаты. Ёсць вентылятар, нават добры, але гэта мала дапамагае. Можа, адразу хочаце пазнаёміцца з работай?
— Канешне. Чым хутчэй, тым лепш.
— Тады добра. Пачнём адсюль. Гэта раздзяляльная дошка, на якую паступае ток з гарадской электрастанцыі. Гэтым токам зараджаем акумулятары. Гэта выключальнік току. Гэта рэастат, які рэгулюе напружанне току. 3 падрабязнасцямі пазнаёмлю вас потым, а цяпер хадземце ў акумулятарную.
Зіна адчыніла дзверы з дзяжуркі ў вялікую залу. Там стаяла ў шасці шафах 360 вялікіх акумулятараў. Злева была раздзяляльная дошка нумар 2, з якой пасылалі ток акумулятараў да ўсіх груп тэлеграфічных апаратаў і тэлеграфічнага камутатара. На ўзвышэнні, якое з’яўлялася чымсьці накшталт вялікай кафедры, пад шклянымі абажурамі былі размешчаны два валы, з коса бягучымі па іх меднымі лістамі. 3 дапамогай гэтых валоў аўтаматычна рэгулявалася спажыванне і насычэнне токам чарговых груп акумулятараў.
Дзяўчына пазнаёміла Рамана з многімі складанымі рэчамі, якія датычыліся працы ў акумулятарнай. Вучыла яго, як пры дапамозе вальтметра даведвацца пра сілу току чарговых груп. Паказвала, як напаўняюцца сернай кіслатой і дыстыляванай вадой акумулятары.
Вуркатаў вентылятар. У паветраўзносіліся выпарэнні сернай кіслаты. У шафах шыпелі і булькалі акумулятары. Час ад часу раздаваўся званок. Тады дзяўчына ішла да тэлефона, які злучаў дзяжурку акумулятарнай з тэхнічнай залай на другім паверсе.
Раман, назіраючы сваё адлюстраванне ў шкляных сценах шафаў, меў дзівоснае ўражанне. Яму здавалася, што гэта хтосьці чужы. Светлыя валасы і акуляры вельмі змянілі яго. Нават выраз твару стаў іншы. Ён увайшоў у зусім новую ролю, і толькі ў найдалейшым закутку мозгу заставалася ўсведамленне таго, хто ён насамрэч. У гэты час у ягоных вачах з’яўляўся дзіўны востры бляск. Але адразу ж знікаў, і Раман зноў уважліва слухаў дзяўчыну, якая вучыла яго, і ветліва, канкрэтна прасіў растлумачыць яму розныя пытанні.
У гэты час, калі Карнеўская вучыла Рамана, агент ГПУ, тэхнік тэлефоннай станцыі Кусцін, пісаў на яе данос.
«Карнеўская адмоўна выказваецца пра савецкую ўладу. Працу сабатуе. Ужывае занадта вялікую колькасць электрычнасці. Запраўляе акумулятары пабочным асобам. He беражэ інвентар. Занядбала дзяжурствы».
Дзённік шпіёна
Мінск, 30 красавіка 1923 г.
Сёння раніцай выклікаў мяне камісар Старкоў. Ветліва прывітаўся, сказаў сесці за стол і пачаставаў папяросай. Гэта здзівіла мяне. Я адчуў, што нешта не ў парадку і што я павінен быць вельмі асцярожным. Таму я зрабіў наіўны выраз твару і глядзеў на свайго начальніка з пашанай і адданасцю. Калі ён пачаставаў мяне папяросай, знарок узяў яе не тым канцом у рот. Я прыкінуўся вельмі збянтэжаным і сказаў: