Багам ночы роўныя  Сяргей Пясецкі

Багам ночы роўныя

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Рэгістр
Памер: 437с.
Мінск 2019
97.49 МБ
— А Лізка?
— Лізка з маці і бацькам тут жыве.
— А ці прыходзіць да іх той бландзін? — я меў на ўвазе Азімава.
— Яго доўга не было. Цяпер зноў прыходзіць. Хоча ажаніцца з Лізкай.
Юлька хацела яшчэ нешта сказаць, але зірнула мне ў вочы і абарвалася.
На двары пачуліся чыесьці крокі. Яны накіроўваліся па прыступках да кватэры Брагіных. Я падумаў, што гэта Лізка вярнулася з горада. Паразмаўляў яшчэ некалькі хвілін з Юлькай і пакінуў кватэру, паабяцаўшы ў хуткім часе закватараваць у іх.
Выйшаў на двор. Доўга глядзеў у два асветленыя акны кватэры Брагіных. Часам бачыў цень чалавечай постаці, якая мільгала па сценах і столі.
Я паціху ўзышоў па прыступках. Без шуму адчыніў дзверы ў сенцы, а потым у кватэру. Стаў на парозе сталовага пакоя і ўбачыў Лізку, якая сядзела за сталом і нешта пісала ў маленькім агульным сшытку ў пераплёце. Пісала хутка. Твар у яе быў заклапочаны. Пару разоў рухам галавы яна адкідвала назад валасы, якія падалі ёй на вочы.
Раптам, нібы адчуўшы мой позірк, яна хутка павярнула галаву ўлева і ўбачыла мяне. Усхапілася на ногі. Закрыла сшытак і голасам, у якім, здавалася мне, адчуваўся страх, усклікнула:
— Гэта пан, пане Ромку?
— Няма сумнення. Мусіць, пані сніць.
Раптам яна засмяялася. Гэта гучала штучна. Пазней сказала:
— Сядайце, калі ласка. Праз хвіліну вярнуся.
Яна забрала са стала сшытак і выйшла з пакоя.
Хутка вярнулася.
— Але ж мы не прывіталіся, — весела сказала яна.
Я паціснуў ёй руку.
Гледзячы на Лізку, я ўсё стараўся зразумець, якая змена адбылася ў ёй, бо яна здавалася мне зусім іншай, чым даўней. He пабрыдчэла. Насупраць, стала яшчэ прыгажэйшай. Толькі ў вачах быў іншы, невядомы мне да гэтага часу выраз. He ведаў, ці гэта быў непакой, ці сляды нейкіх іншых турбот. Можа, і калісьці было тое самае, але, часта бачачы яе, я не змог гэта ўгледзець.
У нейкі момант Л ізка задумліва зірнула на сваю далонь.
— Адкуль кроў?
I сапраўды, на тыльным баку ейнай далоні я ўбачыў цёмныя плямы крыві.
— А можа... Можа, гэта ад пана?
Я паглядзеў на свае рукі і заўважыў, што правая далонь у мяне пашкоджаная. Мусіць, разрэзаў сабе скуру на руцэ, пералазячы праз паркан.
Лізка прынесла ёд і шматок палатна. Перавязала мне далонь.
— Што чуваць у пані?
— Нічога цікавага. Толькі Соф’я з мужам жывуць у другім месцы. Ім было тут цесна.
— А Азімаў... — я не скончыў пытання.
Ліза апусціла вочы. Потым ціха сказала:
— Ен доўга не прыходзіў. Потым зноў... — пасля кароткай паўзы сказала з бляскам нянавісці ў вачах. — Мучае мяне! Зануда! Ён мне мярзотны! Мне гадка з ім! Адзін толькі яго голас раздражняе мяне. А бацькі хочу ць, каб я выйшла за яго замуж. Нарэшце, я шчыра сказалаяму, штоўвогуле не кахаю
яго. А ён на гэта: «Прывыкнеш. Гэта лепш, чым каханне, бо даўжэй будзе трываць. Каханне для смаркачоў».
— I што ж я параю?!
У вачах Лізкі паказаліся слёзы, але яна авалодала сабой і праз хвіліну спытала:
— Пан надоўга прыехаў?
— Назаўсёды.
— Назаўсёды?
— Так. Атрымаў перавод у Мінск.
— А дзе пан закватаруе?
— У пані Жарскай.
— Вельмі добра. Будзем часта бачыцца.
Я ўбачыў, што Лізка сапраўды гэтым суцешылася, і мне было вельмі прыемна.
— На маю думку, — сказаў я, — сям’я пані будзе не задаволена маімі наведваннямі.
— А што пану ад гэтага? Запэўніваю пана, што я буду задаволена. Мне было так сумна і цяжка, а цяпер адчуваю сябе добра. Ведаю, што маю ў асобе пана прыяцеля.
Я адчуў у гэтых словах нейкую няшчырасць. Аднак быў задаволены. А гэта многа значыць.
Паабяцаў прыйсці да іх у нядзелю вечарам і развітаўся з Лізкай. Мы дамовіліся, што пра наша першае спатканне бацькам Лізкі не скажам.
Я вяртаўся дадому ў самым лепшым настроі. Адчуваў сябе сапраўды шчаслівым, хаця меў вельмі многа клопатаў і прадбачыў, піто іх будзе штораз больш.
ГЛАВА 13
Настойка ёду
Вечарамі Раман любіў хадзіць у адзіночку па горадзе. У гэты час яму здавалася, што людзі такія незвычайныя, цікавыя. Ен валакаўся па найдалейшых закутках горада, па скверах, паблізу вакзала, і яму даводзілася часта бачыць рэчы, якія звычайныя прахожыя абміналі ўвагай.
Аднаго разу ён заўважыў жанчыну, якая без мэты стаяла на мосце праз Свіслач. Здалёк яна выглядала як цень, які маячыў над парапетам у рассеяным святле электрычнага ліхтара. Праз нейкі час жанчына пайшла ў глыбіню парку, але неўзабаве паспешліва вярнулася на старое месца і, нахіліўшыся над парапетам, зноў глядзела ў цячэнне ракі. «Можа, яна хоча скокнуць у ваду? Мусіць, не ведае, што тут цячэнне хуткае».
Праз нейкі час жанчына паспешліва адышла ад парапета і накіравалася на Набярэжную вуліцу. Раман пайшоў за ёй. Яна зусім не азіралася, таму за ёй можна было зручна назіраць. Яна апынулася на Савецкай вуліцы. Мінула яе і затрымалася на адным з мастоў, які быў перакінуты праз раку ля Савецкай вуліцы.
«Што яна з гэтымі мастамі?» — думаў Раман, штораз усё больш пераконваючыся, што жанчына хоча кінуцца Ў ваду.
Але кабета доўга не стаяла на мосце. Павярнула і, пераразаючы вуліцу наўскасяк, затрымалася ля будкі з содавай вадой. Стаяла там доўга, нерухома.
«А можа, гэта прастытутка?»
Але яна нікога не чапляла. Раман дзівіўся, што яе паводзіны не прыцягваюць нічыёй увагі.
Ен перайшоў праезную частку і накіраваўся да будкі з содавай. Ідучы, заўважыў, што жанчына пералічвае дробныя грошы.
«Можа, хоча штосьці купіць і ўдакладняе, ці хопіць ёй грошай?»
Калі Раман напіўся вады і выйшаў з будкі на вуліцу, то заўважыў, піто незнаёмка пайшла ў кірунку Садовай вуліцы. He даходзячы да рогу вуліцы, раптам вярнулася і хуценька адчыніла дзверы ў аптэку. Цяпер Раман сачыў за ёй праз акно. Кабета была сярэдняга росту, шчуплая. На ёй быў чорны зношаны жакет. Высокія шнураваныя боцікі былі падзёртыя, абцасы скрыўленыя. Калі яна стала ля касы і павярнула галаву ўлева, ён убачыў бледны твар і вялікія цёмныя вочы. Яна выйшла з аптэкі, штосьці хаваючы ў кішэню. Забылася зачыніць дзверы. Вярнулася. Раман пачуў словы, сказаныя ў задуменні:
— Усё адно.
Яна ляснула дзвярыма, потым хутка накіравалася па Савецкай вуліцы ўгору. Некалькі разоў затрымлівалася, стомленая, потым зноў ішла далей. У скверы села на лавачцы і некалькі хвілін адпачывала.
Раман быў амаль упэўнены, што жанчына хоча скончыць жыццё самагубствам. Ён хацеў перашкодзіць ёй, але не ведаў, як гэта зрабіць. Саромеўся падысці да яе і пачаць размову. Нарэшце, пакінуў усё на волю лёсу. Калі жанчына вырушыла ў далейшы шлях, ён пайшоў за ёй.
Так яны дайшлі да Ніжняй Ляхаўкі. Гэта была цёмная вуліца на ўскрайку горада. Левы яе бок знаходзіўся паблізу Свіслачы. У паўзмроку Раман ледзь мог бачыць перад сабой постаць жанчыны. Яна павярнула ў двор. Забава пайшоў за ёй. У глыбіні двара яна ўзышла на ганак і знікла ў цёмных сенцах. Раман паспешліва ўвайшоў туды. Пасвяціў ліхтарыкам. Убачыў нізкія дзверы. Адчыніў іх і ўвайшоў у памяшканне. У глыбіні пакоя за столікам, на якім гарэла мініяцюрная лямпачка, стаяла жанчына, за якой ён доўга і ўпарта сачыў. Яна шырокімі зрэнкамі глядзела яму ў вочы і цяжка дыхала. Праз хвіліну яна ўпала ў крэсла. Раман не мог зразумець, ці гэта страх перад ім, ці стома. Ён прывітаўся з ёю як мага лагодней:
— Добры вечар.
Яна кіўнула, але нічога не адказала.
— Ці можна сесці?
— Але што вы хочаце? — вымавіла яна амаль са слязьмі.
— Хачу вам даць добрую параду... Добрая парада зычлівага для вас чалавека.
— Добрую параду! Мне? — яна хваравіта ўсміхнулася. — Прашу.
Раман сеў на нізенькім зэдліку. Убачыў пляшачку, якая стаяла на стале ля таннага люстэрка. Маючы добры зрок, ён прачытаў на бачнай частцы аптэчнай этыкеткі: «Tinctura jo...». Зразумеў, што гэта ёд.
— У мяне была адна знаёмая. Вельмі слаўная і добрая дзяўчына. Яна хацела скончыць жыццё самагубствам. Разумееце, з прычыны кахання. Скокнула ў Свіслач. Яе выцягнулі. Потым напілася ёду. Але гэтага было занадта мала, каб атруціцца. Тады паспрабавала ўчадзець. I гэта не ўдалося. Тым часам той чалавек, праз якога яна хацела пазбавіць сябе жыцця, пачаў кахаць яе. Выйшла за яго замуж. А праз некалькі месяцаў сумеснага жыцця зненавідзела яго. Скончылася тым, што аднойчы яна атруціла мужа і трапіла ў турму.
— Навошта вы мне гэта расказваеце?
— Перадусім, што пані вельмі падобная да той жанчыны. Таму хачу сказаць пані, што няма такой сітуацыі, з якой не было б выйсця.
Вочы кабеты іранічна бліснулі.
— Ах, які вы разумны. Страшэнна разумны! А вы елі сёння?
-Еў.
— А ўчора?
— I ўчора.
— А я ані сёння, ані ўчора. А пазаўчора ела крадзенае зваранае шалупінне. Гэта вы разумееце? — яна істэрычна засмяялася. — А ўчора я выпрала сваю апошнюю кашулю. Зняла з сябе. Сёння прадала яе на рынку і купіла ёду на вячэру. Гэта ж лякарства. Дапаможа мне. — На ейных шчоках з'явілася чырвань, рукі дрыжэлі, пальцамі яна нервова
чаплялася за край стала. — Таму, мой пане, гэта не з прычыны кахання. He. Вы памыляецеся... А цяпер віншую вас, маеце шпіёнскія здольнасці: сачылі за мной... Тая жанчына зусім не існавала. А гісторыя з ракой, чадам і гэтак далей — гэта прадукт вашай фантазіі. Таму папрашу выйсці адсюль і даць мне супакой. Я ўвогуле не намервалася ані тапіцца, ані атручвацца. А калі б нават так і было, то гэта не вашая справа. I, увогуле, па якім праве... — раптам яна схапілася за галаву і замоўкла.
Прашу, пані, тут справа ні ў якім праве. Ёсць толькі адна рэч. Я таксама чалавек, і мне прыкра бачыць, як мучыцца другі чалавек. Можа, вы ў нешта верыце, бо я веру ў добрыя чалавечыя пабуджэнні, якія ёсць нават у найгоршым чалавеку. Калі вы не верыце ў людзей, то, можа, верыце ў лёс. He гневайцеся і не абражайцеся. Пагадзіцеся з фактам, што лёс паслаў мне вас, каб дапамагчы або даць параду ў самую цяжкую хвіліну жыцця. I пастаўцеся да мяне з даверам. Вы ж ад гэтага нічога не губляеце. Хіба што пару дзён чакання. Гэты ёд — не выхад. Па-першае, яго занадта мала, каб атруціцца. I вынік гэтага — толькі хвароба страўніка альбо доўгае жудаснае кананне. Калі ж вы так настойлівыя на сваім, то дам вам лепшы сродак. Прашу.
Ён выняў з кішэні браўнінг і паклаў на стол.
— Гэтым можна скончыць жыццё пэўна і без мук. Адна секунда — і ўсё.
Жанчына зірнула на браўнінг, на Рамана і раптам схапіла зубамі пальцы левай рукі, а па яе твары паліліся слёзы. Раман маўчаў. He ведаў, што казаць. У душы ў яго быў боль, жаль, спачуванне, але ён не мог знайсці слоў, якія б маглі ёй дапамагчы, даць палёгку. Ён баяўся, каб яе чымсьці не пакрыўдзіць, бо адчуваў, што ў яе наперадзе — вялікая пакута. I тут з суседняга пакоя пачуўся голас нібы дзіцяці, якое капрызнічае: