Багам ночы роўныя
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Рэгістр
Памер: 437с.
Мінск 2019
Харэўскі ўстаў. Ён быў у фор,ме савецкага афіцэра пяхоты. На рукаве гімнасцёркі два квадраты. На поясе наган. Раман быў у чорнай скураной куртцы і скураной шапцы, на якой спераду чырванела маленькая пяціканцовая зорка. Раман выняў з кішэні курткі гранаты і паўтыкаў іх за пояс. Магазіны паклаў у левую кішэню, а парабелум у правую.
Харэўскі выняў з нагавіц наган. Падзьмуў у ствол. Раман убачыў, як у гнёздах «барабана» паблісквалі зялёныя берагі: патроны былі атручаныя. Харэўскі заўсёды меў у нагане сем атручаных куль і ніколі не страляў ухаластую або для страху.
Змрок гусцеў. Лес, здавалася, адплываў удалечыню. Харэўскі паправіў шапку, зашпіліў кабуру нагана і ссунуў яго ўніз. Потым, паказваючы рэвальверам на кастры, сказаў:
— Пачакай тут. Я даследую пераход і вярнуся. Глядзі на кусты — там штосьці невыразнае.
Ён выйшаў з лесу на пагранічную сцежку і ціха, лёгка пайшоў да рачулкі. Раман, напружваючы зрок, глядзеў у напрамку кустоў. Раптам яму здалося, што ў адным месцы галінкі зварухнуліся. Ён думаў, што гэта падалося, і напружыў зрок. У гэты момант убачыў, што ўся пасма рухаецца ўніз. Ён глянуў на Харэўскага, які мінуў кастры і набліжаўся да рачулкі. Пад яго нагой трэснула галінка, і амаль адначасова пачуўся стрэл. Харэўскі прысеў. Ад кустоў адлучыліся дзве шэрыя постаці. Здавалася, што гэта цёмныя елачкі бягуць з лесу да вады. Раман пачаў паспешліва страляць у іх. Салдаты кінуліся ў бакі, а потым назад — у лес. Праз хвіліну адтуль пачуліся стрэлы. Раман, нахіляючыся, збег да рачулкі. Убачыў Харэўскага, які сядзеў на пяньку і глядзеў у бок лесу за рачулкай.
— Можа, ты паранены? — спытаў Раман.
— He, — адказаў Зыгмунт, — чакаю, калі ім надакучыць.
Але чырвонаармейцам страляніна не надакучыла. Неўзабаве ў лесе пачулася шмат галасоў. Мусіць, прыйшлі яшчэ салдаты. Раптам змрок перарэзала яркая паласа святла і папаўзла па пяску, па дрэвах, па кустах. У гэты час калегі наблізіліся да граніцы і залеглі ў кустах на ўскрайку лесу.
— Хадзем, Зыгмунт, куды-небудзь, — сказаў Раман.
— Пяройдзем і тут. Няхай супакояцца.
— Шкада часу.
— Затое трактам зручна.
— Гэта ўжо глупства! — раздражнёна сказаў Раман.
— Як хочаш. Можаш ісці куды-небудзь далей. Я перайду тут. Іншых шляхоў зусім не ведаю.
— Затое я ведаю мноства.
— Тады ідзі... Навошта мне гэты клопат? Цябе заб’юць, а я буду лазіць упоцемку. Тут найлепш. Я столькі разоў тут ішоў і нічога са мной не сталася.
Раман застаўся з калегам.
Міналі гадзіны, а дарога заставалася замкнёнай. Былі чуваць шолах і ціхі шэпт. Часам чулася асцярожнае тупанне людзей па пяску, якія праходзілі праз тракт. Раман глянуў на гадзіннік. Фосфарная стрэлка паказвала палову дванаццатай. Ён сказаў гэта калегу. Зыгмунт адказаў:
— Табе сумна. Тады лажыся і спі. Калі ўсё будзе ціха, пабуджу цябе.
Раман толькі плюнуў са злосці.
— Ты псіхапат! Маньяк! Ці ж маладарог? Гэта глупства! Калі хочаш, каб абавязкова забілі, то ідзі. Я тут гнісці цэлую ноч не буду... Тракт яму падавай. Роўную дарогу! Такія амбіцыі маеш, што толькі трактам ходзіш!
Раптам пачуў, як Харэўскі смяецца. Яму здалося, што гэта нехта іншы, нейкі дух з глыбіні лесу, а не калега. Потым пачуўся ягоны голас:
— Маеш рацыю, але інакш, чым трактам, я не пайду.
Раман сеў і пачаў здымаць боты.
— А ты можаш ісці трактам і праз тыдзень. А я, каб ты не падумаў, што баюся, іду зараз! I болып з табой за граніцу ані-ні! Амэн.
Ён заклаў боты за пояс і хацеў ісці ўперад. Харэўскі схапіў яго за плячо і прыцягнуў да сябе. Пачаў гаварыць шэптам:
— Добра. Паспрабуем, хто хутчэй дойдзе. Ведаеш трэці мост? Далей, злева, хутар Абрамовіча.
— Ведаю.
— А злева ад хутара ёсць кладка праз рачулку. Два бервяны.
— Таксама ведаю.
— За гэтай кладкай спаткаемся. Там альшынкі, а далей лес. Чакаць да раніцы.
— Добра.
Раман выйшаў на сярэдзіну тракту на польскім баку. Зарадзіў парабелум, у левую руку ўзяў ліхтарык, праверыў гранаты і магазіны, зашпіліў куртку і ціха пайшоў крок за крокам пасярод дарогі. Ішоў злёгку нахілены. Кожны крок рабіў павольна. Стараўся не рухаць рукамі, каб скура рукавоў не цёрлася аб куртку, бо гэта рабіла шум.
Адчуў вільгаць пад нагамі. Пайшоў яшчэ павольней. Гэта была самая небяспечная частка дарогі. Найменшы пляск мог бы звярнуць увагу салдат, якія падпільноўвалі, справакаваць святло рэфлектараў і стрэлы. Ён пастаянна чуў паблізу пабочныя шумы — сапраўдныя і ўяўныя.
Рачулку прайшоў, нізка нахіліўшыся. Паволі рабіў крок за крокам, амаль не адрываючы ног ад дна рачулкі. На беразе некалькі секунд пачакаў, каб сцякла вада з нагавіц і шкарпэтак. Потым ціха рушыў далей. Прайшоўшы за ракой некалькі соцень крокаў, адчуў сябе ў бяспецы і пайшоў крыху хутчэй. Яму стала няёмка, што кінуў калегу, але суцяшаў сябе тым, што той сам вінаваты.
Праз нейкі час пачуў перад сабой шум. Спыніўся. Пачаў адрозніваць крокі некалькіх чалавек. He мог зарыентавацца, дзе яны. Павольна пайшоў улева. Дайшоў да ўскрайку лесу. Там стаў за хвояй. Шум захоўваўся пастаянна, але ніхто не ішоў. Раман чакаў больш за 15 хвілін, потым выйшаў на сцежку з боку тракту і пайшоў далей. He прайшоў і дзвесце крокаў, калі ўбачыў, што цемра перад ім на хвіліну перарэзалася яркай іскрай. Ён спыніўся. Зразумеў, у чым справа, толькі тады, калі адчуў пах махоркі. Паблізу знаходзіліся салдаты.
Ён выразна пачуў галасы салдат, якія сядзелі на ўскрайку лесу злева ад тракту.
На другой лініі ён хацеў абмінуць мост, бо, хаця на ім і не было пастаяннага паста, вартаўнік, які пільнаваў гэты адрэзак, мог там знаходзіцца.
Своечасова ўспомніў, што была ўмова ісці трактам, і ён увайшоў на мост.
Ішоў без шуму. Унізе шумела рака. На мосце не застаў нікога. Далей ішоў вельмі хутка, бо гэта толькі здавалася, што дарога бяспечная. Ён абмінуў злева маленькі дамок, у якім у мінулым годзе была вартоўня, і накіраваўся да ўскрайку лесу. Сеў на пянёк, зняў з ног шкарпэткі, выкруціў іх і схаваў у кішэню, а боты абуў на босыя ногі.
Рушыў далей. Рэвальвер і ліхтар трымаў пастаянна наверсе, як звычайна ноччу на паграніччы або ў небяспечных месцах. Ішоў усё хутчэй. Мінуў яшчэ адзін масток. Перарэзаў наўскасяк шырокую паляну і сцежкай пайшоў паміж дрэў, якія раслі на схіле яра. На ўскрайку абрыву на хвіліну спыніўся. Паглядзеў уніз, і яму здалося, што там нешта зварухнулася. Ён стаў нерухома. Доўга прыслухоўваўся. Цішыня. Тады зрабіў паспешліва некалькі крокаў уперад і неспадзявана ўбачыў непасрэдна перад сабой невыразны абрыс чалавечай постаці. Ён ледзь не стрэліў. Праз хвіліну пасвяціў ліхтаром і ўбачыў чатырох па-цывільнаму апранутых мужчын.
— Хто вы? — спытаў.
Яны не адказвалі. I адказ здаваўся лішнім. На спінах у іх былі вялікія носкі. Адразу відаць: перамытнікі. Раптам апошні з іх пачаў уцякаць. У першую хвіліну Раман кінуўся за ім, але падумаў, што, пакуль зловіць аднаго, гэтыя трое ўцякуць. Ён вярнуўся і загадаў перамытнікам кінуць носкі. Яны паспешліва выканалі.
— Грошы ёсць? — спытаў у іх Раман.
Яны пачалі вымаць з кішэняў залатыя і сярэбраныя манеты. Іх было нямнога.
— Чый тавар? Жыда? — спытаў Раман.
— Так, таварыш.
— А грошы?
— Грошы нашы.
— Што ў носках?
— Гузікі і каты.
— Якія каты?
— Венгерскія... Скуркі такія...
— Хочаце дадому ці ў ГПУ?
— Дадому, таварыш. Будзьце ласкавыя. Ад беднасці працуем. Мы толькі перамытнікі, ніякіх іншых камбінацый не маем.
— Колькі каштуе гэты тавар?
— Вельмі многа. Гэта дарагі тавар.
— Тады добра. Ляціце дадому. Пачакайце. Наце вашы грошы.
Раман застаўся адзін. Спрабаваў падняць адну носку і здзівіўся, што яна такая цяжкая. Дапраўды, цяжка яе было несці на далёкую адлегласць. Ён не ведаў, што рабіць з гэтымі мяшкамі. Пайшоў шукаць зручнае месца для сховы. Знайшоў яго досыць далёка. Гэта быў доўгі вузкі яр. Па яго дне працякала рачулка. У многіх месцах бялелі косці — сляды воўчых гасцяванняў. Ён знайшоў велізарны, зарослы пустазеллем выварацень. Раман браў па адной носцы і паспешліва зносіў да гэтага вываратня. Калі ўсе былі на месцы, ён пачаў падкопваць стромкі бераг. Праца ішла з перашкодамі. Перашкаджалі карані дрэў. Ён вымушаны быў пераразаць іх нажом. Нарэшце, упакаваў усе носкі ў зробленую збоку нішу. Замаскіраваў яе сухім галлём і мохам. Азірнуўся, ці не засталося слядоў, і паспешліва вырушыў у далейшы шлях.
Калі ён мінуў трэці ад граніцы мост, то звярнуў улева на вузкую пасмачку лугу, які цягнуўся ўздоўж рачулкі. Пачынала світаць. Над вадой клубіўся туман і поўз на луг. Раман ішоў усё хутчэй. Справа бліснула святло з вокнаў хутара Абрамовіча. Ён здалёк адрозніваў на шэрым фоне неба чорныя абрысы будынка.
Забрахаў сабака. Нехта бразнуў дзвярыма. Пачуўся свіст. Раман падрыхтаваў зброю, але далей ішоў усё хутчэй. Нарэшце, убачыў кладку, якая пераразала сівыя хмары туману. Ён павол ьна пайшоў па сл ізкіх бярвеннях. Апынуўся на другім баку рачулкі. Агледзеўся наўкол, але нічога не мог заўважыць. Прысеў на кукішкі і паглядзеў знізу. Заўважыў групу альшынак. Пайшоў туды. I тут паблізу пачуўся голас:
— Вітаю, вітаю! Амаль не заснуў.
3 зямлі падняўся Харэўскі. Ён паціраў халодныя далоні.
— Доўга чакаеш?
— Болып за гадзіну.
— Я не мог раней. Злавіў траіх перамытнікаў, і трэба было схаваць іхні тавар.
— Я ўжо думаў, што з табой нешта дрэннае. Але вырашыў пачакаць яшчэ гадзіну.
— А як табе пайшло на граніцы?
— Калі адышоў, то чакаў болып за гадзіну.
Калегі падаліся ў лес. Перайшлі яго на другі бок і ўбачылі адкрытую прастору. Селі, каб пачакаць усходу сонца.
Край гарызонта злёгку пачырванеў. Потым улева і ўправа паплыла бледна-залатая смуга, уверсе амаль жоўтая, уразаючыся штораз глыбей у шэры яшчэ фон неба. Яна расплывалася ўсё шырэй, усё вышэй, пакуль не заліла чвэрць неба, і пачала палаць унізе. У гэты час высока заружавеліся хмары. А ўнізе бліснулі малінавыя промні. Гарызонт пачаў аддаляцца, а неба ўверсе змяніла шэры фон на густы блакіт. I толькі цяпер чырвань заліла далягляд і паплыла да хмар.
Аблямоўка сонца паказалася неспадзявана і паволі расла, пакуль не з’явіўся вялікі чырвоны сонечны шчыт. Узбіраючыся ўгору, ён бляднеў, памяншаўся, пакуль не зрабіўся невыносна бліскучым.
Зыгмунт усміхнуўся. Праз хвіліну ціха сказаў: