Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі
Міхаіл Касцюк
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 308с.
Мінск 2000
2 Там жа.
Таксама было прынята рашэнне, каб прыгавор зза маладосці членаў групы і іх нявопытнасці не перавышаў трох — пяці гадоў турмы.
Пастанова палітбюро была выканана судом Беларускай ССР. 5 сакавіка 1926 г. пачаўся двухтыднёвы працэс над удзельнікамі групы. Ён праходзіў у доме работнікаў асветы. На лаве падсудных знаходзіліся шэснь чалавек: Г.Лістапад, М.Дземідовіч, Т.Курбыка, М.Казак, М.Макарэня, Н.Мяцельскі. У перапоўненай зале былі людзі, якіх дапусцілі на працэс па спецыяльных білетах. Усе ўдзельнікі групы Лістапада атрымалі тэрміны турэмнага зняволення ў межах, вызначаных палітбюро ЦК УКП(б)1.
Супрацьстаянне кіраўніцтва бальшавіцкай кампартыі і творчай інтэлігенцыі мела месца не толькі ў БССР, але і на саюзным узроўні. Тут таксама рабіліся захады, каб кантраляваць абставіны, быць дасведчаным у сувязі з правядзеннем розных мерапрыемстваў. У прыватнасці, 3 сакавіка 1927 г. на закрытым пасяджэнні палітбюро ЦК УКП(б) разгледзела пытанне “Аб шэсці пісьменнікаў да помніка Гогалю”. У выніку абмеркавання адпаведным работнікам было зроблена даручэнне “забяспечыць наш уплыў у кіруючым ядры арганізуемага пісьменнікамі шэсця і выступленне нашых аратараў”2.
Нагляд ажыццяўляўся не толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі. Адным са сведчанняў гэтага з’явілася пастанова палітбюро ад 28 лютага 1927 г. Пасля абмеркавання пытання “Аб тыдні сустрэчы рускіх вучоных у Берліне” было вырашана даручыць АДПУ ўстанавіць строгі нагляд за паводзінамі вучоных у Германіі3. Гэтыя факты сведчаць аб усталяванні ў краіне сачэння за прадстаўнікам і інтэлігенцыі, імкненні пранікнуць у іх арганізацыі з тым, каб кантраляваць не толькі дзейнасць, але і намеры найбольш вядомых прадстаўнікоў навуковай і творчай інтэлігенцыі. Гэта адпавядала імкненню кіраўнікоў кампартыі і дзяржавы ўсталяваць аўтарытарныя, a затым і. таталітарныя метады кіраўніцтва грамадствам. Іх супярэчанне характару новай эканамічнай палітыкі ў разлік не прымалася. Палітычны бок у развіцці краіны ўсё больш пераважаў.
1 РЦЗВДНГ, ф.17, воп.162, спр.З, арк.18; Крапйвйн С. Последнне непуганые людн // Народная газета. 1997. 5—7 крас.
2 РЦЗВДНГ, ф. 17, воп.162, спр.4, арк.74.
3 Там жа, арк.91.
Істотнай супярэчнасцю ў жыцці дзяржавы і народа з’яўлялася барацьба бальшавіцкай улады з царквою, якая татальна рабавалася. Да канца 20-х гадоў было канфіскавана 827,5 тыс. дзесяцін манастырскай зямлі з усім жывым і мёртвым інвентаром. Уся гэта маёмасць перайшла ў распараджэнне валасных зямельных камітэтаў і павятовых саветаў сялянскіх дэпутатаў. Разам з гэтым былі нацыяналізаваны 84 манастырскія заводы, 704 гасцініцы і двары, 1112 даходных дамоў, 426 малочных фермаў, 602 жывёльныя двары, 31 1 пасек. Па прыблізных падліках, толькі ў 1920 г. агульная сума канфіскаваных царкоўных грашовых капіталаў і фондаў склала 7 млрд 150 млн руб. Гэта сума адносіцца да ўсяго СССР, за выключэннем Украіны, Каўказа і Сібіры'. Ва ўмовах шырокага распаўсюджання ў народзе рэлігійных вераванняў гэтыя акцыі ўносілі ў жыццё грамадства трывогу і глыбокія супярэчанні паміж прыхільнікамі і праціўнікамі іх правядзення.
Рэквізіцыя манастырскай і царкоўнай маёмасці з’яўлялася шырокамаштабнай кампаніяй. Разгортвалася яна паўсюдна, у тым ліку ў Беларускай ССР. Як заявіў Багуцкі ў дакладзе на 12-й канферэнцыі (VII з’езд) КП(б)Б, якая адбылася 20 — 26 сакавіка 1923 г., адной з важнейшых кампаній была канфіскацыя царкоўных каштоўнасцей. Партыя прыняла ў ёй “самы дзейсны і руплівы ўдзел”. У гэты час у Паволжы быў голад, трэба было спяшацца з дапамогай. Мела месца супрацьдзеянне канфіскацыі каштоўнасцей. Таму ў БССР прайшлі тры працэсы над служыцелямі культу — ксяндзамі, папамі, равінамі2. Голад, канешне, трэба было энергічна пераадольваць і царква не была б у баку ад гэтых намаганняў. Аднак усё вырашалася жорсткімі, непапулярнымі, адміністрацыйнакаманднымі мерамі.
Найбольш паказальным і трагічным прыкладам праследавання служыцеляў царквы ў Беларускай ССР у. 20-х гадах з’явіўся лёс мітрапаліта Мельхісэдэка. Ён рабіў усё магчымае, каб захаваць у народзе хрысціянскую веру, спалучыць інтарэсы царквы з ідэямі беларускага нацыянальнага адраджэння. Па яго ініцыятыве 18 жніўня 1922 г... была абвешчана Беларуская аўтаномная царква. Ён выступаў за ўвядзенне беларускай мовы ў царкоўны ўжытак, што трак-
1 Урублеўскі 4. Як рабавалі царкву // Чырвоная змена. 1994. 13 верас.
2 НАРБ, ф.4, воп.2, спр.21, арк.21.
тавалася як контррэвалюцыйнае дзеянне. Па усіх гэтых фактах вялося следства, якое ў пачатку студзеня 1925 г. было закончана, і справа перададзена ў суд. Мітрапаліт Мельхісэдэк, яго паплечнікі Л.Васюкевіч, А.Касцючэнка, А.Кіркевіч, Е.Сабіла былі абвінавачаны ў масавым утойванні ў 1922 г. царкоўных каштоўнасцей, раскраданні маёмасці, контррэвалюцыйнай прапагандзе, атрыманні і распаўсюджанні замежнай літаратуры. У выніку мітрапаліт быў прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі, яго паплечнікі таксама атрымалі па аднаму-два гады ўмоўнага асуджэння. Мітрапаліт Мельхісэдэк раптоўна памёр у Маскве 17 мая 1931 г. Па некаторых меркаваннях, ён быў атручаны'.
Супрацьстаянне афіцыйных улад і царквы — частка гісторыі многіх дзяржаў і народаў. Аднак бальшавіцкая ўлада ў гэтай справе пайшла значна далей. Яна стала на шлях зшшчэння як служыцеляў царквы, так і яе матэрыяльных асноў, увядзення татальнага атэізму. Асабліва ўзмацнілася гэта наступленне ў 30-я гады. Тое, што веру не ўдалося поўнасцю вынішчыць са свядомасці людзей, сведчыць аб яе надзвычай глыбокіх каранях.
Узмацненне насуперак характару новай эканамічнай палітыкі аўтарытарных тэндэнцый у грамадска-палітычным развіцці краіны знаходзіла адлюстраванне не толькі ва ўнутраным жыцці, але і ў знешнепалітычнай дзейнасці. Красамоўным сведчаннем у гэтых адносінах з’яўляецца пратакол пасяджэння камісіі палітбюро ЦК УКП(б) па разгляду справаздачы і сметы сакрэтных расходаў УЦСПС па міжнароднай рабоце. Гэты пратакол быў зацверджаны палітбюро 10 сакавіка 1927 г. У пастанове адзначалася:
1) прадстаўленую т.Томскім справаздачу зробленых ім сакрэтных расходаў на суму 35 565 амерыканскіх долараў зацвердзіць;
2) сметы сакрэтных расходаў УЦСПС па міжнароднай рабоце на 6 месяцаў (з 1 сакавіка па 1 верасня 1927 г.) занвердзіць у суме 36 тыс. амерыканскіх долараў;
3)дазволіць т.Томскаму знішчыць апраўдальныя дакументы па расходах, зробленых да 1 мая 1926 г.2
Аб асцярожнасці вышэйшага бальшавіцкага кіраўніцтва ў знешнепалітычных справах, імкненні
1 Процька Т. Пакутнік за веру і Бацькаўшчыну. Мн., 1996. С.4, 54,56,61.
2 РЦЗВДНГ, ф. 17, воп. 162. спр. 4, арк. 79.
замесці сляды, павысіць сакрэтнасць сваёй дзейнасці сведчыць таксама пастанова палітбюро LIK УКП(б) па пытанню аб Камінтэрне і савецкай уладзе. Пасля заслухоўвання 23 красавіка 1928 г. даклада Сталіна было вырашана паслаць усім кіраўнікам савецкіх прадстаўніцтваў за мяжой дырэктыву аб найстражэйшым правядзенні прынцыпу неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы адпаведных краін. Каб стварыць уражанне незалежнасці Камінтэрна ад савецкіх кіраўнікоў, членам палітбюро (за выключэннем Бухарына) на пэўны перыяд забараняліся адкрытыя выступленні ў афіцыйных установах Камуністычнага Інтэрнацыянала. Было прапанавана праводзіць кіраўнінтва камінтэрнаўскай работай ва ўнутраным парадку, праз дэлегацыю УКП(б) і інш. Як гаварылася ў рашэнні, для таго каб не даць ворагам лішняй падставы сцвярджаць аб перапляценні савецкай улады з Камінтэрнам, неабходна зняць даклад Рыкава аб СССР на VI кангрэсе і даручыць яго каму-небудзь іншаму, не з ліку членаў Саўнаркома. Пастанова таксама ўтрымлівала даручэнне Бухарыну і Пятніцкаму распрацаваць пытанне аб выдачы грошай секцыям Камуністычнага Інтэрнацыянала не.з Масквы і не праз рускіх, а з Берліна (Захбюро) і Іркуцка (Усходбюро), абавязкова праз замежных таварышаў. Камісіі ў складзе прадстаўнікоў палітсакратарыята выканаўчага камітэта Камуністычнага Інтэрнацыянала, ЦК і НКК УКП(б) даручалася праверыць склад сакрэтных супрацоўнікаў апарату выканкома Камінтэрна1. Гэты дакумент у многім раскрывае характар узаемаадносін вышэйшага бальшавіцкага кіраўніцтва з Камінтэрнам.
Такім чынам вынікае, што час дзеяння новай эканамічнай палітыкі быў плённым для СССР, у тым ліку савецкай Беларусі. Аднаўленне эканомікі і яе далейшае развіццё спалучаліся з поспехамі ў нацыянальна-культурным будаўніцтве. Аднак у грамадска-палітычным жыцці нарасталі аўтарытарныя тэндэнцыі. Яны ўсё больш бралі верх і занялі ў канцы 20-х гадоў дамінуючае становішча. Асноўная супярэчнасць гэтага перыяду паміж НЭПам і імкненнем бальшавікоў да таталітарнага праўлення была вырашана на карысць апошняга.
1 РЦЗВДНГ, ф.17, воп.162, спр.6, арк.70.
РАЗДЗЕЛ 3
УКАРАНЕННЕ БАЛЬШАВІЦКАЙ ТАТАЛІТАРНАЙ СІСТЭМЫ
Ў БЕЛАРУСКАЙ ССР У ЧАС БУДАЎНІЦТВА НОВАГА ГРАМАДСТВА
1. Камандныя метады ў эканоміцы: дасягненні і пралікі
Вопыт 20-х гадоў па аднаўленню і далейшаму развіццю эканомікі сведчыў, што на аснове новай эканамічнай палітыкі можна паспяхова рухацца далей. Аднак імкненне вярхоўнага кіраўніцтва партыі і дзяржавы да аўтарытарных метадаў кіравання грамадствам не пакідала месца апрабаваным нэпаўскім падыходам.
Гэта пачало праяўляцца дастаткова рана. Ужо ў сярэдзіне 20-х гадоў фактычна пачалося наступленне на прыватны капітал у прамысловасці, які займаў у ёй значныя пазіцыі. У Беларускай ССР у 1926 г. налічвалася звыш 60 тыс. дробных прамысловых прадпрыемстваў, на якіх было занята больш за 100 тыс. чалавек. Але падатковы наніск на прыватныя прадпрыемствы ўзрастаў. 8 верасня 1926 г. СНК СССР пастанавіў максімальна ўзмацніць абкладанне прыватнага капіталу, перайсці да адзяржаўлення дробнай вытворчасці і гандлю1. Гэта азначала наступленне на новую эканамічную палітыку.
Новы стыль кіравання развіццём эканомікі асабліва яскрава праявіўся ў абыходжанні вярхоўнага эшалона ўлады з першым пяцігадовым планам развіцця народнай гаспадаркі СССР, які быў даволі грунтоўна падрыхтаваны з удзелагл практыкаў і лепшых навуковых сіл краіны. Яго разгледзелі і прынялі ў красавіку-маі 1929 г. высокія партыйныя і дзяржаўныя органы — 16-я канферэнцыя УКП(б) і 5-ы з’езд Саветаў Саюза ССР. Валявыя змяненні важнейшых паказчыкаў у бок іх радыкальнага павелічэння.