Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі
Міхаіл Касцюк
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 308с.
Мінск 2000
3 усталяваннем кантролю дзяржавы за сельскай гаспадаркай у выніку правядзення масавай калектывізацыі, калі ад сялян быў адняты іх асноўны набытак з часоў Кастрычніцкай рэвалюцыі — зямля, было завершана стварэнне эканамічнай асновы бальшавіцкай таталітарнай сістэмы. У 30-я гады не толькі закончылася яе фарміраванне, але яна атрымала сваё далейшае развіццё і ўкараненне ў розныя сферы дзейнасці грамадства. Спецыфічныя і экстрэмальныя ўмовы Вялікай Айчыннай вайны садзейнічалі ўзмацненню таталітарнага праўлення. Яго кансерватыўны характар выразна праявіўся ў пасляваенны час.
Другі этап у гісторыі таталітарнай сістэмы ў СССР, у тым ліку на Беларусі, пачаўся з 1953 г., калі адразу пасля адыходу з палітычнай арэны яе асноўнага натхняльніка і сімвала — Сталіна пачаліся спробы пераадолення найбольш відавочных і заганных бакоў яго праўлення. Аднак гэты адыход быў вельмі павольным, непаслядоўным і нярэдка супярэчлівым, з рухам наперад і вяртаннем назад. Бальшавіцкія асновы таталітарнай сістэмы пастаянна праяўляліся літаральна ва ўсіх сферах жыцця: эканамічнай, сацыяльнай, грамадска-палітычнай, культурнай, ідэалагічнай, ваеннай і інш. Фактычна таталітарнае
праўленне засталося, але толькі без найбольш адыёзных яго бакоў, у першую чаргу шырокамаштабных неабгрунтаваных палітычных рэпрэсін.
Першая спроба пераадолення самых заганных праяў бальшавіцкай таталітарнай сістэмы была зроблена ў час палітычнай “адлігі"другой паловы 50-х — першай паловы 60-х гадоў, другая — найбольш значная — пачалася з сярэдзіны 80-х гадоў. Яна прывяла да глыбокіх змен не толькі ў шэрагу дзяржаў Еўразіі, дзе на працягу дзесяцігоддзяў будавалася сацыялістычнае і камуністычнае грамадства, — у СССР і краінах народнай дэмакратыі, але і ў сусветн ы м маштабе. 3 м я н і л і с я ваенна-палітычныя суадносіны сіл, якія раней супрацьстаялі адна адной, іншымі сталі многія арыенціры.
Зразумела, што ў сувязі з гэтымі працэсамі паўстала пытанне пераасэнсавання нашага недалёкага мінулага. Частка гісторыкаў, у тым ліку ў Рэспубліцы Беларусь, па-ранейшаму разумее сутнасць савецкай улады толькі як выключна станоўчую з’яву пры некаторых недахопах, ні ў якім разе не прызнае яе таталітарнага характару. Другая частка акцэнтуе ўвагу на шматлікіх негатыўных баках балышавіцкага праўлення, што асабліва сталі вядомы ў апошні час. Аўтар дадзенай кнігі зыходзіць з таго, "што неабходна адлюстроўваць і першае і другое. Толькі ў такім спалучэнні можна дасягнуць ао’ектыўнага і поўнага адлюстравання гістарычнага працэсу.
Да таго ж Беларусь у першыя гады савецкай улады і ў пачатку 90-х гадоў XX ст. уяўляла сабою і ўяўляе цяпер прынцыпова іншы ўзровень сацыяльнаэканамічнага і культурнага развіцця. Гэтага нельга не бачыць.
Бальшавіцкая таталітарная сістэма напорыста імкнулася аднавіць дашчэнту разбураную першай сусветнай і грамадзянскай войнамі краіну, што оыло зроблена на аснове НЭПа ў даволі кароткі тэрмін. На падставе сваёй канцэптуальнай устаноўкі на пабудову сацыялізму кіраўнікам партыйна-савецкай улады ўдалося зрабіць прарыў у індустрыяльным і культурным развіцці. Значна горш ішлі справы ў сельскай гаспада рцы.
Таталітарная сістэма мабілізавала савецкі народ на гераічную барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і дабілася цяжкай Перамогі, узняла народ на аднаўленне і далейшае развіццё гаспадаркі. У пасляваенныя дзесяцігоддзі на аснове тых жа канцэптуальных
падыходаў, дзякуючы самаадданай працы народа ўдалося дасягнуць значных поспехаў у гаспадарцы, сацыяльнай сферы, культуры і навуцы. Гэта было характэрна як для ўсяго Савенкага Саюза, так і для Беларусі.
3 іншага боку, гісторык не мае права не сказаць аб тым, якім неймаверным коштам, якімі метадамі і сродкамі гэта дасягалася, у тым ліку аб тым, што раней старанна замоўчвалася, — катаржнай працы мільёнаў зняволеных, рэпрэсіраванні найбольш гаспадарлівай часткі сялянства, многіх вядомых прадстаўнікоў творчай і навуковай інтэлігенцыі, кіраўнікоў розных узроўняў і радавых членаў бальшавіцкай партыі, вялікай часткі каманднага саставу Чырвонай Арміі, многіх рабочых і калгаснікаў, моцнага ўціску на рэлігію, усё грамадства і інш. Толькі ў такім спалучэнні дадатнага і адмоўнага вопыту можна максімалыіа наблізіцца да гістарычнай праўды.
Аднак ёсць асаблівасць, на якую нельга не звярнуць увагу. Станоўчыя зрухі ў жыцці грамадства надзвычай шырока адлюстраваны ў савецкай. у тым ліку беларускай гістарычнай і гісторыка-партыйнай літаратуры, у той час як адмоўны вопыт давялося даследаваць з дапамогай новых дакументальных матэрыялаў і публікацый. Гэты вопыт яшчэ недастаткова вядомы чытачу, таму ён прадстаўлены ў дадзенай кнізе больш шырока. У далейшым суадносіны дадатных і адмоўных бакоў жыцця могуць вызначацца ў залежнасці ад характару кожнага канкрэтнага даследавання. Аднак неабходна імкнуцца, каб гэтыя суадносіны былі такімі, як склаліся ў жыцці.
3 кнігі вынікае: таталітарная форма дзяржаўнай улады ўрэшце рэшт павінна саступіць месца агульнай плыні развіцця сусветнага супольніцтва — пашырэнню і ўмацаванню дэмакратычных тэндэнцый, усталяванню шматпартыйнасці, плюралізму думак, агульначалавечым каштоўнасцям, шматукладнай эканоміцы, рыначным адносінам пры адпаведнай ролі дзяржавы ў іх развіцці, іншым важнейшым фактарам сучаснай эвалюцыі грамадства.
Паказальны ў гэтых адносінах лёс сімвала таталітарнай сістэмы ў СССР — газеты “Правда”, якая рыхтавала ўзнікненне дадзенай формы праўлення яшчэ значна раней, да кастрычніка 1917 г. і надзвычай шмат зрабіла для яе развіцця і ўмацавання, з’яўляючыся асноўным друкаваным органам
кампартыі і савенкай дзяржавы. У свае лелшыя часы газета мела наклад у 13 млн і з’яўлялася самым шматтыражным выданнем у свеце. У выніку радыкальных пераўтварэнняў канца 80-х — пачатку 90-х гадоў газета нават трапіла ў рукі замсжных камерсантаў, яе наклад знізіўся да 200 тыс. і яна апынулася на мяжы закрыцця. Разам з ёю паступова адыходзінь таталітарная эпоха на абшарах былога Савецкага Саюза са сваім стваральным пафасам, гераізмам, жорсткасцю, рэпрэсіямі, ганеннямі свабоды, уніфікацыяй жыцця грамадства і іншымі неад’емнымі атрыбутамі. Аднак для некалькіх пакаленняў савецкіх людзей гэта іх жыццё, іх лёс, іх мінулае, іншага яны не ведаюць і шмат хто з іх ведаць не хоча. У гэтым і заключаецца асноўная складанасць пераадолення цяжкай спадчыны таталітарнай сістэмы.
Дадзеная кніга, як спадзяецца аўтар, дапаможа і людзям ва ўзросце і асабліва маладому пакаленню глыбей разабрацца ў айчыннай гісторыі, уявіць яе больш аб’ёмна, усебакова, чым гэта можна было зрабіць раней. Раскрыццё праблемы таталітарызму ў СССР ( у дадзеным выпадку ў значнай ступені на матэрыялах Беларусі) набліжае наша разуменне свайго мінулага да анэнак, якія існуюць у суседзяў — гісторыкаў Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, у еўрапейскай і сусветнай гістарыяграфіі.
Манаграфічнае даследаванне, як уяўляецца, — найлепшы сродак самавыражэння аўтара. У ім ёсць магчымасць больш-менш поўна адлюстраваць розныя бакі тэмы на аснове ўласнага тэарытычнага асэнсавання, раскрыць свае падыходы, сваё творчае крэда. Дадзеная манаграфія — вынік напружанай працы і сучаснага разумення аўтарам гістарычнага працэсу. Аўтар спадзяецца, што аб'ектыўнаму і поўнаму падыходу да любой гістарычнай тэмы, дзе будуць адлюстраваны розныя бакі жыцця, належыць будучае ў беларускай гістарычнай навуцы.
ЗМЕСТ
УСТУП з
РАЗДЗЕЛ 1. ТАТАЛІТАРЫЗМ — З’ЯВА ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАГА
ЖЫЦЦЯ 12
1. Сутнасць таталітарызму 12
2. Прычыны і этапы ўсталявання бальшавіцкай таталітарнай сістэмы 24
3. Беларусь — звяно таталітарызму ў СССР 37
РАЗДЗЕЛ 2. ВЫКАРЫСТАННЕ ТАТАЛІТАРНЫХ МЕТАДАЎ
КІРАВАННЯ НА БЕЛАРУСІ Ў ПЕРШАЕ ДЗЕСЯЦІГОДДЗЕ САВЕЦКАЙ УЛАДЫ 49
1. У час грамадзянскай вайны і барацьбы з інтэрвентамі 49
2. Поспехі ў ажыццяўленні НЭПа і стаўка на таталітарызм асноўная супярэчнасць 20-х гадоў 59
РАЗДЗЕЛ 3. УКАРАНЕННЕ БАЛЬШАВІЦКАЙ ТАТАЛІТАРНАЙ
СІСТЭМЫ Ў БЕЛАРУСКАЙ ССР У ЧАС БУДАЎНІЦТВА НОВАГА
ГРАМАДСТВА 79
1. Камандныя метады ў эканоміцы: дасягненні і пралікі 79
2. Адміністраванне ў сацыяльнай сферы 98
3. Дыктат у грамадска-палітычным жыцці 115
4. Культурнае будаўніцтва: поспехі, наступленне на нацыянальныя адметнасці 132
5. Ажыццяўленне рэпрэсіўнай палітыкі 155
РАЗДЗЕЛ 4. УЗДЗЕЯННЕ БАЛЬШАВІЦКАЙ ТАТАЛІТАРНАЙ СІСТЭМЫ НА ЗАХОДНЮЮ БЕЛАРУСЬ 180
1. Уплыў на сацыяльны і нацыянальна-вызваленчы рух 180
2. Стваральная дзейнасць і рэпрэсіўныя акты сярод насельніцтва Заходняй Беларусі пасля ўз’яднання з БССР 195
РАЗДЗЕЛ 5. У ПЕРЫЯД ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ I ПАСЛЯ ЯЕ 213
1. Гераічная барацьба з ворагам і таталітарныя метады кіраўніцтва 213
2. Бальшавіцкая таталітарная сістэма і аднаўленне гаспадаркі ў рэспубліцы: цяжкасці і дасягненні 228
3. Працяг уціску ў грамадска-палітычным і нацыянальна-культурным жыцці 244
РАЗДЗЕЛ 6. СПРОБЫ ПЕРААДОЛЕННЯ ТАТАЛІТАРЫЗМУ I IX НЕПАСЛЯДОЎНЫ ХАРАКТАР 264
1. Крытыка некаторых асноў бальшавіцкай таталітарнай сістэмы ў
час першай палітычнай «адлігі». Рух грамадства наперад 264
2. Поспехі ў сацыяльна-эканамічным развіцці і праявы таталітарызму ў “застойны перыяд” 277
3. Крызіс сацыяльна-эканамічнай сферы і рэцыдывы таталітарнага праўлення ў час радыкальных пераўтварэнняў 289
ЗАКЛЮЧЭННЕ 302
Навуковае выданне
Касцюк Міхаіл Паўлавіч
Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі
Рэдактар Л.М. Салаўёва
Тэхнічны рэдактар В.П. Безбародава Камп'ютэрная вёрстка Т.В. Дуганава
Падпісана ў друк 10. 02. 2000. Фармат 84x108 1/32. Папера газетная. Гарнітура Кудрашоўская. Друк афсетны. Ум. друк. арк. 16,17. Ул.-выд. 18.5 арк. Тыраж 2000 экз. Заказ 5022.
Выдавецкае прадпрыемства «Экаперспектыва». Ліцэнзія ЛВ № 65 ад 05. 11. 1997 г. 220072, г. Мінск-70, пр. Партызанскі, 14.
Надрукавана ў друкарні «Перамога». 222310, г. Маладзечна, вул. Таўлая, 11.