Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі
Міхаіл Касцюк
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 308с.
Мінск 2000
Істотную ролю ў падрыхтоўцы барацьбы з нацыянальнай беларускай культурай і яе носьбітамі адыграў Крыніцкі, які ў 1924 — 1927 гг. узначальваў КП(б)Б. Выступаючы 18 верасня 1925 г. на сходзе бюро ячэйкі Мінскай гарадской партыйнай арганізацыі, ён заявіў, што адзначаецца непазбежнае пры росце гаспадаркі павелічэнне імкнення некаторых элементаў дробнабуржуазнай інтэлігенцыі да нацыянальна-дэмакратычнай платформы, асабліва пад уплывам заможнага сялянства, яго эканамічнага і культурнага росту, павышэння палітычнай актыўнасці3.
Практычна праз год, выступаючы 25 верасня 1926 г. з дакладам на сходзе актыву Мінскай гарадской арганізацыі кампартыі Беларусі, ён зноў звярнуўся да гэтай тэмы і заявіў, што «... актыўнае правядзенне беларусізацыі будзе ўздымаць у некаторай часткі беларускіх работнікаў праявы беларускага нацыяналізму...»4 Характэрна, што гэтыя настойлівыя заявы рабіліся ў разгар работы па ажыццяўленню афіцыйна аб’яўленай палітыкі беларусізацыі.
1 Ленйн В. Н. Полн. собр. соч. Т.25. C.301.
2 Сталйн Н. Соч. Т.5. С.266.
3 Нарысы гісторыі Беларусі. 4.2. C.145.
4 НАРБ, ф.4, воп.21, спр.2544, арк.11.
У пачатку другой паловы 20-х гадоў задача барацьбы з праявамі нацыянал-дэмакратызму неаднаразова ставілася не толькі пленумамі ЦК КП(б)Б, але і з'ездамі кампартыі Беларусі. Гэта была прадуманая лінія. 3 улікам той напорыстасці і паслядоўнасці, з якімі яна прапагандавалася, было зразумела, што палітыка беларусізацыі мае часовы характар і што будуць зроблены канкрэтныя і рашучыя крокі па яе пераадоленню.
Ідэалагічная падрыхтоўка наступлсння на палітыку беларусізаныі і прадстаўнікоў беларускага “нацыянал-дэмакратызму” пад канец 20-х гадоў пачала праяўляцца ў канкрэтных дзеяннях. На вераснёўскім пленуме Ш\ КП(б)Б, які адбыўся ў 1928 г., было прапанавана шырока разгарнуць крытыку дробнабуржуазнай ідэалогіі, весці рашучую бараньбу супраць усіх праяў антыкамуністычнай ідэалогіі і немарксісцкіх ухілаў у дзейнасці ўстаноў БССР1.
Затым былі зроблены захады да гэтай барацьбы. Іх ініцыятарамі з'яўляліся цэнтральныя партыйныя органы. Менавіта яны накіравалі ў БССР камісію ЦКК УКГ1(б), якую ўзначальваў старшыня ЦКК кампартыі Украіны В. Затонскі. Камісія мела на мэце абследаванне практыкі правядзення нацыянальнай палітыкі ў рэспубліцы. Яна знаходзілася ў БССР даволі працяглы тэрмін — з 9 мая да канца чэрвеня 1929 г. Па выніках працы камісія прадставіла аб’ёмісты даклад, у якім дала шырокі агляд становішча спраў у Беларускай ССР у канцы 20-х гадоў, у першую чаргу па пытаннях практыкі правядзення нацыянальнай работы. Асноўная ўвага была засяроджана на ажыццяўленні палітыкі беларусізацыі. У асобных раздзслах даклада разглядаліся пытанні беларусізацыі дзяржапарату, прафсаюзаў, кампартыі, камсамола, Чырвонай Арміі. Найбольш значны раздзел даклада — “Назіранні і заўвагі з галіны нацыянальнай ідэалогіі".
Характарыстыкі камісіі вызначаліся катэгарычнасцю. Было адзначана, што ў палітычным жыцці БССР рэзка кідаецца ў вочы непамерна высокая роля культурных сіл — навуковых работнікаў, літаратараў, іншых дзеячаў. Камісія прызнала, што працэс развіцця беларускай мовы праходзіць нармальна і
1 Коммунястнческая партня Белорусснн в резолюцнях м решеннях сьездов н пленумов ЦК. Мн.,1984. Т.2. С.66.
што сама мова з’яўляецца, несумненна, магутным рычагом, які дапамагае шырокім масам у культурным развіцці. Новыя паняцці на беларускай мове ўспрымаюцца карэнным беларускім насельніцтвам непараўнальна лягчэй, чым калі б да іх звярталіся па-руску. I гэта нягледзячы на тое, што паланізацыя закранула толькі вышэйшыя пласты беларускага грамадства, а працэс русіфікацыі вельмі глыбока захапіў і нізы.
У адносінах да беларускай інтэлігенцыі пазіцыі камісіі вызначаліся імкненнем да яе расслаення па розных напрамках — палітычных поглядах, ступені ўплыву на грамадска-палітычнае жыццё і інш. Рабіўся вывад, што вярхушка інтэлігенцыі пры адноснай слабасці пралетарскай базы на Беларусі іграе непамерна вялікую ролю, з яе настроямі лічацца, надаецца шмат увагі, каб дабіцца ад таго ці іншага прадстаўніка інтэлігенцыі станоўчага водгуку аб савенкай уладзе.
Практыка правядзення нацыянальнай палітыкі ў рэспубліцы ўвязвалася са становішчам у сельскай гаспадарцы. У прыватнасці, камісія разглядала палітыку ў адносінах да заможнай часткі вёскі ў параўнанні са станам нацыянальнага пытання, адзначыўшы, што кулацкае наступленне на ідэалагічным фронце Беларусі адчуваецца найбольш моцна, магчыма, нават мацней, чым у іншых частках СССР, што змест кулацкага наступлення ўсё больш прымае нацыянальныя формы. Гэта тым больш цікава, зазначыла камісія, што на Беларусі да рэвалюцыі нацыяналізм шырокага распаўсюджання не меў, шырокія масы беларускага сялянства да гэтага часу не дайшлі да нацыянальнай самасвядомасці, што асабліва выразна кідаецца ў вочы пры параўнанні з украінцамі1.
27 чэрвеня 1929 г. Затонскі выступіў на бюро ЦК КП(б)Б з асноўнымі вывадамі, да якіх прыйшла камісія ў працэсе сваёй работы. Пры іх абагульненні ён заўважыў: “Вы з нацыяналістамі вельмі шмат важдаецеся. Я разумею, быў час, калі прыязджалі з-за мяжы эмігранты, неабходна было для знешняга свету іх прымаць, садзіць ва ўстановы... Я разумею, што быў час, калі патрэбна было іх выкарыстоўваць для сваіх мэт, правільна рабілі, але таптацца вакол іх нельга бясконца. Цяпер 1929 год. Вельмі ў вас зацягнулася гэта справа”2.
1 РЦЗВДНГ, ф.17, воп.85, спр.365, арк. 1 — 111.
2 НАРБ, ф.4, воп.21, спр.199, арк.34.
У выступленні была звернута ўвага на некаторых найбольш вядомых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Аказваецца, як заўважыў старшыня камісіі, яшчэ на X з'ездзе КП(б)Б Крыніцкі адзначаў “няправільнасці ” ў напісанні гісторыі Беларусі Ігнатоўскім. Жылуновіча Затонскі кваліфікаваў так, што па лініі наркамасветы ён — галоўны стараста, таму небяспечны ўдвайне і ўтрайне. He таму што ў яго ўстаноўка прынцыпова няправільная, антысавецкая, антымарксісцкая. Гэта цвёрдая ўстаноўка тыповага адраджэнца, якога з тактычных меркаванняў можна было трымаць у партыі, але якому нельга было даваць волі'. Падобныя характарыстыкі ў многім прадвызначылі яго далейшы лёс.
Даклад камісіі быў накіраваны ў ЦК і ЦКК УКП(б), у тым ліку асабіста Сталіну. Акрамя таго, яе старшыня даводзіў адпаведную інфармацыю ў цэнтральныя партыйныя органы. Вывады камісіі з’явіліся важнай падставай для тых абвінавачванняў, якія былі прад’яўлены шмат каму з беларускай навуковай і творчай інтэлігенцыі ў канцы 20-х — пачатку 30-х гадоў. Накіраванне ЦКК УКП(б) у БССР дадзенай камісіі можна разглядаць як адну з мер па падрыхтоўцы расправы над беларускай інтэлігенцыяй.
Зыходзячы з вывадаў камісіі і з ўлікам шматгадовай падрыхтоўкі да барацьбы, у 1929 г. кіраўніцтва кампартыі Беларусі прыняло ўстаноўку на тое, што нацыянал-дэмакратызм з’яўляецца галоўнай небяспекай на дадзеным этапе развіцця2.
Для непасрэднага правядзення гэтай барацьбы былі зроблены адпаведныя змены ў кіраўніцтве Беларускай ССР. Першым сакратаром ЦК КП(б)Б стаў К. Гей. У сярэдзіне 1930 г. паўнамоцнае прадстаўніцтва АДПУ па рэспубліцы ўзначаліў прысланы з Масквы Р. Рапапорт. Пад іх непасрэдным кіраўніцтвам была “раскрыта" “нацдэмаўская, контррэвалюцыйная, антысавецкая арганізацыя ”, якая атрымала кодавую назву “Саюз вызвалення Беларусі” — СВБ.
Па дадзенай справе было арыштавана 108 чала-
1 Там жа, арк.29, 31.
Там жа, спр.243, арк.21.
век — буйных вучоных, літаратараў, іншых прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Фактычна першай ахвярай гэтай ганебнай кампаніі стаў У.М.Ігнатоўскі — вядомы вучоны-гісторык і грамадскі дзеяч БССР, былы кіраўнік Наркамзема, затым Наркамасветы рэспублікі, старшыня Інбелкульта, першы прэзідэнт Беларускай Акадэміі навук, першы дырэктар Інстытута гісторыі, член бюро ЦК КП(б)Б і ЦВК БССР. Абвінавачаны ў “нацыянал-апартунізме”, у прыналежнасці да СВБ, зняты з усіх пасад, выведзены з выбарных органаў, выключаны з партыі, ён застрэліўся 4 лютага 1931 г.
Рашэннем калегіі АДПУ па БССР ад 18 сакавіка 1931 г. нарком земляробства рэспублікі Д. Ф. Прышчэпаў, нарком асветы A. В. Баліцкі і некаторыя іншыя абвінавачаныя былі прыгавораны да 10 гадоў канцлагераў. 10 красавіка таго ж года былі вынесены пазасудовыя прыгаворы яшчэ 86 арыштаваным. Большасць з іх атрымала ад трох да пяці гадоў турэмнага зняволення. Толькі на 18 чалавек справу спынілі'. Але ў недалёкім будучым большасць з асуджаных і нават вызваленых зноў была арыштавана і іх напаткаў трагічны лёс сталінскіх ахвяр.
Аднак колькасць вядучых беларускіх нацыянальных дзеячаў, што мелі непасрэднае дачыненне да справы “Саюза вызвалення Беларусі", з’яўлялася большай, чым лік тых, каго судзіла калегія паўнамоцнага прадстаўніцтва АДПУ па Беларускай ССР. У першую чаргу гэта адносіцца да выдатнага песняра беларускага народа Янкі Купалы. Трапіўшы пад жорсткі прэс карных органаў, 20 лістапада 1930 г. ён зрабіў спробу самазабойства. Вось як аб гэтым пісаў на наступны дзень кіраўнік кампартыі Беларусі Гей сакратару ЦК УКП(б) Постышаву: ён лічынь неабходным паведаміць, што ўчора раніцай зрабіў пакушэнне на самазабойства Янка Купала — народны паэт Беларусі. Замах на жыццё быў не сур’ёзным. Купала нанёс сабе удар перачынным нажом у правы бок. Жыццё яго па-за небяспекай, і калі не будзе ўскладненняў, то дзён праз пяць ён будзе здаровы.
Звяртае на сябе ўвагу характарыстыка ролі Янкі Купалы ў сувязі са справай “Саюза вызвалення Беларусі”. У пісьме адзначаецца, што Купала ўваходзіў у кіруючы цэнтр арганізацыі. Аб гэтым свед-
1 Міхнюк У. Захоўваць вечна: справа № 20951-С // Маладосць. 1992. №6. C.111 — 112.
чаць паказанні некаторых абвінавачаных. Ён з’яўля^ся “ідэйным цэнтрам нацдэмаўскай контррэвалюцыі што знайшло адлюстраванне ў яго творчасці. Разам з творамі яўна савецкімі ў яго маюцца вершы і кулацкага і прама контррэвалюцыйнага зместу. Далей у пісьме канстатуецца, што ў АДПУ Я.Купала настойліва адмаўляў сваю прыналежнасць да якой бы то ні было контррэвалюцыйнай арганізацыі і не выказаў ніякага жадання пайсці насустрач нам у сэнсе хаця б асуджэння контррэвалюцыйнай дзейнасці сваіх сяброў — удзельнікаў і кіраўнікоў СВБ.
Незадоўга да 20 лістапада Я. Купала пачаў падаваць прыкметы некаторых хістанняў. Аднак гэта не знайшло адлюстравання ў яго «перадсмяротным» пісьме. Яно адрасавана Чарвякову і ўтрымлівае сцвярджэнне, што ён не быў у контррэвалюцыйнай арганізацыі. Затым Купала спрабуе апраўдаць свой верш, у якім ухваляецца Пілсудскі, а таксама просіць паклапаціцца аб яго сям’і.