Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі
Міхаіл Касцюк
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 308с.
Мінск 2000
Дадзеная практыка спалучалася з ганьбаваннем у перыядычным друку дзеячаў беларускай нацыянальнай культуры, якіх залічылі ў “Саюз вызвалення Беларусі”. У прыватнасці, у канцы 1933 г. у адным са сваіх перадавых артыкулаў орган ЦК КП(б)Б газета “Звязда” клеймавала тых, хто хацеў працягваць лінію Ігнатоўскіх, Баліцкіх, Ластоўскіх, Лёсікаў. У матэрыяле таксама “абгрунтоўвалася” лінія на тое, чаму “галоўны агонь” павінен быць сканцэнтраваны “на мясцовым нацыяналізме”2.
У культурным будаўніцтве 30-х гадоў, калі пераважала лінія на вынішчэнне ўсяго нацыянальнага, выключную ролю адыгрывала асноўнае патрабаванне бальшавіцкай таталітарнай сістэмы да развіцця культуры ў Савецкім Саюзе. Згодна з ім, культура павінна быць “сацыялістычнай па зместу і нацыянальнай па форме”. Усё пачало зводзіцца ў першую чаргу да ідэйнай накіраванасці розных форм мастацтва, г. зн. толькі да апраўдання савецкай рэчаіснасці, а затым і да яе ўхвалення. Фактычна выключаліся любыя праяўленні крытыкі. Змест культурнага развіцця быў строга уніфікаваны як у літаратуры, так і ў розных галінах мастацтва. Нацыянальнае магло мець пэўныя праявы толькі ў формах развіцця культуры. Аднак і яны знаходзіліся пад пільным кантролем партыйных, дзяржаўных і карных структур.
У ганебнай справе вынішчэння ўсяго наныянальнага ў культуры вялікае значэнне надавалася не толькі
1 НАРБ, ф.4, воп.21, спр.227, арк.84 — 85.
2 Звязда. 1933, 8 снеж.
падрыхтоўцы адпаведных кадраў, але і татальнаму палітычнаму вышуку за работнікамі адукацыі, культурна-асветных устаноў. Налрыклад, пад пільным наглядам знаходзілася настаўніцтва. Згодна з матэрыяламі НКУС БССР, за чэрвень 1938 г. у выніку тайнай праверкі 1057 настаўнікаў горада Мінска на 266 меліся кампраметуючыя матэрыялы: як быццам яны з'яўляліся выхадцамі з сацыяльна чужога асяроддзя ці мелі антысавецкія погляды. Такі кампрамат на настаўнікаў меўся ў абласцях і раёнах1.
Важную ролю ў распаўсюджанні культурных каштоўнасцей сярод насельніцтва адыгрывалі культурна-асветныя ўстановы. Іх колькасць няўхільна павялічвалася. Калі ў 1928 г. у рэспубліцы налічвалася 266 клубаў і 461 хата-чытальня, дык у 1940 г. — адпаведна 1766 і 1387. Колькасць масавых бібліятэк на працягу 1929 — 1940 гг. павялічылася з 631 да 3716, а кніг — з 1,5 да 3,9 млн. Гэта былі ўнушальныя дасягненні, аднак змест літаратуры і працы культурна-асветных устаноў усё больш падпарадкоўвалі ідэалагічным патрабаванням. У канцы 30-х гадоў гэта звязвалася з “Кароткім курсам гісторыі УКП(б)”.
Характэрна, што нават у той час у БССР удзельная вага выданняў на беларускай мове была даволі значнай. У 1938 г. у рэспубліцы выдавалася 149 рэспубліканскіх, абласных, раённых і шматтыражных газет на беларускай мове з агульнай колькасці ў 199 выданняў. Значную ўдзельную вагу займалі беларускамоўныя кнігі. На працягу 1928 — 1938 гг. агульны тыраж выдадзенай у рэспубліцы літаратуры павялічыўся з 2,2 млн да 14, 7 млн экземпляраў, з іх на беларускай мове — з 1,8 млн да 12, 3 млн-.
Асноўная ўвага ва ўсіх выданнях, асабліва ў беларускамоўных, звярталася на іх ідэалагічную накіраванасць. Яна павінна была адпавядаць тым падыходам, якія дыктаваліся партыйна-дзяржаўнымі органамі. Асноўную ролю ў ажыццяўленні нагляду выконваў Галоўлітбел. Ен рабіў аналіз перыёдыкі і кніжных выданняў з боку ідэалагічнай вытрыманасці. У прыватнасці, 11 лістапада 1932 г. быў падрыхтаваны агляд беларускіх літаратурна-мастацкіх часопісаў і газеты “Літаратура і мастацтва” за бягучы год. У падрабязным і шматслоўным дакуменце выказана
1 НАРБ, ф. 4, воп. 21, спр. 1400, арк. 7.
2 Нарысы гісторыі Беларусі. Т.2. C.180 — 182.
нямала заўваг, перш за ўсё палітычнага характару, у адрас розных выданняў і іх аўтараў1. Такія агляды рабіліся сістэматычна. Пры гэтым ацэнкі ўсё больш станавіліся жорсткімі і бескампраміснымі. Яны нарасталі па меры таго, як умацоўвалася адзінаўладдзе, узмацнялася бальшавіцкая таталітарная сістэма, павялічваўся ідэалагічны ўціск.
Акрамя штатных работнікаў Галоўлітбел выкарыстоўваў пазаштатных рэцэнзентаў. Дапамагалі яму, як і партыйным органам, некаторыя добраахвотныя цэнзары з ліку навуковых работнікаў. Актыўным сярод іх быў гісторык С. Агурскі. У прыватнасці, 25 жніўня 1933 г. ён накіраваў у ЦК КП(б)Б матэрыял пад назвай “По поводу нацдемовской фальснфнкацнн на страннцах советскнх энцнклопедіій”, дзе сцвярджаў, што антысавецкая фальсіфікатарская дзейнасць беларускіх нацыянал-дэмакратаў праявілася і на старонках савецкіх энцыклапедый і энцыклапедычных слоўнікаў, у якіх змешчаны артыкулы і інфармацыйныя матэрыялы аб Беларусі, грамадскім і рэвалюцыйным руху. У шэрагу выпадкаў, на думку аўтара, адкрыта фальсіфікавалася гісторыя, што выразілася ў ідэалізацыі “Беларускай сацыялістычнай грамады”. Аўтар пісьма спрабаваў паказаць, наколькі беларускія нацыянальныя дэмакраты скажалі гісторыю бальшавізму і ідэалізавалі дробнабуржуазныя партыі. Пры гэтым меліся на ўвазе такія выданні, як “Советскнй энцнклопеднческнй словарь”, малая і вялікая савецкія энцыклапедыі2. Дадзеная запіска, як і іншыя, аказвала пзўнае ўздзеянне на кіраўнікоў Беларускай ССР, фарміравала іх думку, а затым і дзеянні ў адносінах да адпаведных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.
У барацьбе з нацыянальнай беларускай культурай і яе носьбітамі партыйна-дзяржаўныя структуры шырока выкарыстоўвалі карныя органы, а тыя не толькі сваіх шматлікіх работнікаў, але і сакрэтных інфарматараў з асяроддзя інтэлігенцыі. Адзін з іх у дакладзе ад 12 мая 1930 г. рабіў агляд настрояў у нацыянальна-дэмакратычных колах Мінска. Засакрэчаны аўтар, у прыватнасці, паведамляў, што, калі партыя пачала барацьбу з беларускім нацыянал-дэмакратызмам. гэта не сустрэла падтрымкі сярод большай часткі беларускай інтэлігенцыі як партыйнай,
1 НАРБ, ф,4, воп.21, спр.364, арк. 13 — 42.
2 Там жа, спр.391, арк.520 — 523.
так і беспартыйнай. Некаторыя інтэлігенты адказалі на гэта масавымі звальненнямі з працы. Калі знялі з работы кіраўніка Наркамзема 3. Прышчэпава, супрацоўнікі гэтай установы “чуть лн не все скопом” падалі заявы аб звальненні. Такія акцыі мелі месца і ў Беларускай Акадэміі навук.
Ананімны аўтар пісаў, што вялікая і арганізаваная група інтэлігентаў (3. Жылуновіч, М. Зарэцкі, А. Александровіч, А. Вольны, А. Дудар, А. Цвікевіч, І.Ільючонак і інш.) вяла работу па дыскрэдытацыі ЦК КП(б)Б, карных органаў, асобных прадстаўнікоў інтэлігенцыі — ворагаў нацыянал-дэмакратызму. Дзеянні партыйна-дзяржаўных улад, органаў НКУС па барацьбе з праявамі нацыянал-дэм^кратызму балюча ўспрымаліся інтэлігенцыяй. Узнікалі вялікі недавер і падазронасць. Назіраўся рост антысемітызму. Паведамлялася таксама аб моцных шавіністычных вялікадзяржаўных настроях сярод вышэйшага каманднага саставу воінскіх часцей, размешчаных у Мінску'.
У абставінах татальнай падазронасці і шырока распаўсюджаных даносаў многія работнікі савецкіх органаў, у тым ліку Галоўлітбела, не былі застрахаваны ад недаверу з боку бальшавіцкай таталітарнай сістэмы, часткай якой яны з’яўляліся. Як паведамляў 17 верасня 1936 г. першы сакратар ЦК КП(б)Б М. Гікала сакратару ЦК УКП(б) М. Яжову, у выніку чыстак асабліва цяжкае становішча з кадрамі склалася ў некаторых структурах, у тым ліку ў Галоўлітбеле. На гэты час у ім не хапала шмат супрацоўнікаў. 3 12 штатных адказных работнікаў засталіся толькі два, ды і тыя з’яўляліся вельмі слабымі спецыялістамі. He былі запоўнены вакансіі начальніка Галоўлітбела, яго намесніка, пяці рэдактараў2. Аднак гэта была часовая з’ява. Вакансіі запаўняліся і ідэалагічны ўціск працягваўся.
Ён праяўляўся і ў барацьбе з журналістамі. У гэты час былі моцна аслаблены рэдакцыі многіх перыядычных выданняў. У першую чаргу рэпрэсіям падлягалі прыхільнікі ўсяго беларускага. Выключна вострая патрэба ў кваліфікаваных работніках існавала ў рэдакцыях некаторых рэспубліканскіх газет, а таксама ў рэдакцыях перыядычных выданняў такіх раёнаў, як Барысаўскі, Аршанскі, Уздзенскі, Расонскі і інш.3 Гэта аслабляла ў першую чаргу бе-
1 НАРБ, ф.4, воп.21. спр.249, арк.20 — 26.
2 Там жа, спр.884, арк. 19 — 20.
3 Там жа.
ларускамоўныя газеты, садзейнічала вынішчэнню ўсяго наныянальнага з беларускай культуры.
У барацьбе з праявамі нацыянальна-культурнага развіцця партыйна-дзяржаўныя структуры і карныя органы актыўна падтрымлівалі тых інтэлігентаў, якія дапамагалі ім у гэтым. Адзін з іх — Воўк-Леановіч, прыхільнік супрацьлеглых нацыянал-дэмакратам палітычных поглядаў. Ён з’яўляўся дацэнтам Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Прыехаў у Мінск у 1925 г., а праз год выдаў кнігу “Лекцнн по нсторнм белорусского языка”, якая адлюстроўвала яго погляды на культуру Беларусі. Я.Лёсік, А.Смоліч, А.Цвікевіч вялі з ім актыўную палеміку. Урэшце рэшт яму давялося пакінуць рэспубліку. 3 яго ад’ездам распалася група, што супрацьдзейнічала развіццю беларускай нацыянальнай культуры1.
Вялікую ролю ў захаванні беларускага этнасу, яго традыцый і здабыткаў адыгрывалі навуковыя даследаванні ў галіне гуманітарных навук. Кантроль за імі ў 30-я гады стаў татальным. У першую чаргу ён ахапіў Акадэмію навук. дзе канцэнтраваліся асноўныя навуковыя сілы гуманітарыяў. Умяшанне ў іх дзейнасць шляхам рэцэнзавання навуковых прац рабілася ўсё больш пастаянным і прадузятым. Аб гэтым, у прыватнасці, сведчыць заключэнне намесніка дырэктара Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б Раманчука на працу прафесара П. А. Бузука “Украінскія гаворкі Паўночнага Каўказа”. Заключэнне было зроблена адпаведна даручэнню першага сакратара ЦК кампартыі Беларусі Гікала ў канцы 1932 г., калі Бузук пранаваў дырэктарам Інстытута мовазнаўства Беларускай Акадэміі навук. Прафесійнага аналізу працы ў гэтым заключэнні фактычна няма. Усё падменена палітычнымі ацэнкамі. Вывады зроблены ў такім жа напрамку: даследаванне (прычым гэта слова заўсёды бярэцца ў двукоссе) прафесара Бузука незалежна ад суб’ектыўных намераў аўтара па сваёй палітычнай накіраванасці і асноўных палітычных вывадах з’яўляецца антысавецкім, буржуазна-нацыяналістычным. Яно дае зброю ў рукі контррэвалюцыйным нацыяналістычным элементам для барацьбы супраць дыктатуры пралетарыяту. Акрамя таго, сцвярджаў аўтар заключэння, факты асабістых паездак прафесара Бузука ў 1929, 1930 і