Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі
Міхаіл Касцюк
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 308с.
Мінск 2000
Выселеным дазвалялася браць з сабою адзенне, бялізну, абутак, посуд, харчы з разліку месячнага запасу на сям’ю, а таксама дробны гаспадарчы і бытавы інструмент, грошы, куфар. Аднак агульная вага гэтай маёмасці не павінна была перавышаць 500 кг на сям’ю. Астатняя маёмасць апісвалася. На ўсё гэта адводзілася не больш дзвюх і толькі ў асобных выпадках тры гадзіны. Выканаўцы акцыі па высяленню папярэджваліся, што зброю можна прымяняць толькі ў крайнім выпадку1.
Рэалізацыя ўсіх гэтых прадпісанняў вялася з ваеннай дакладнасцю. Як і патрабавалася, да 5 студзеня 1940 г. былі складзены спісы тых, хто высяляўся. У наступныя некалькі тыдняў былі праведзены астатнія мерапрыемствы, звязаныя з выкананнсм акцыі. Яна была ажыццёўлена ў асноўным 10 лютага. Аднак пагрузка рэпрэсіраваных у цягнікі зацягнулася на некалькі дзён у сувязі з выключна цяжкімі ўмовамі надвор’я: маразы даходзілі да 37 — 42"С, былі вялікія снегапады, снежныя завеі і заносы на дарогах.
На заключным этапе падрыхтоўкі аперацыі колькасць апісаных гаспадарак і выселеных жыхароў уз-
1 НАРБ, ф.4, воп.21, спр.2085, арк.100 — 111.
расла. Па канчатковых звестках, высяленню падлягалі 9810 двароў з агульнай колькасцю насельніцтва 52 892 чалавекі. Сярод іх гаспадарак асаднікаў налічвалася 6064, леснікоў — 3746. Колькасць жыхароў у іх адпаведна раўнялася 34 203 і 18 689.
Карныя органы на працягу 10 лютага давалі падрабязныя (прыблізна раз у тры гадзіны) зводкі аб ходзе правядзення аперацыі. За ёй напружана сачылі кіраўнікі партыйна-дзяржаўных і карных органаў усіх узроўняў. У дакументах аб выніках акцыі засведчана, што вывезены 50 224 жыхары з 9584 гаспадарак, 307 чалавек арыштавалі, 4 памерлі ці былі забіты, 197 жыхароў рэпрэсіравалі пасля 10 лютага. Іх змясцілі ў ізалятары для наступнага накіравання ў месцы высылкі. Такім чынам, агульная колькасць рэпрэсіраваных дасягнула 50 732 чалавекі. Па розных прычынах засталіся не выселенымі 226 гаспадарак з агульнай колькасцю 2160 жыхароў. Хворых з усяго кантынгенту высланых налічвалася 547, папярэдне збеглі 32 жыхары, у час высялення адсутнічалі 1581 чалавек1.
Акцыя выконвалася сіламі аператыўна-каманднага састава агульнай колькасцю 16 279 работнікаў. Значыць, у сярэднім на трох выселеных, уключаючы жанчын, старых, дзяцей усіх узростаў, прыходзіўся адзін узброены і спецыяльна адабраны аператыўны работнік альбо чырвонаармеец. 3 агульнай колькасці тых, хто праводзіў аперацыю, 11 647 работнікаў з’яўляліся прадстаўнікамі ўсходніх абласцей БССР. Толькі 4632 чалавекі прадстаўлялі адпаведныя структуры заходніх абласцей рэспублікі. На ўсіх выканаўцаў аперацыі прыйшлося звыш 300 выпадкаў абмарожвання. Сярод выселеных гэта не ўлічвалася.
За ўвесь час правядзення акцыі толькі ў двух месцах было аказана ўзброенае супраціўленне. Асаднік Высоцкі (Ваўкавыскі павет) у час перастрэлкі быў забіты, лесніка Паўловіча (Зэльвенскі павет) у час узброенага супраціўлення паранілі. Ён і дзве гэтыя сям’і былі высланы. У вёсках Боркі і Сукачы Лунінецкага павета тры асаднікі аказалі супраціўленне з выкарыстаннем халоднай зброі. Адзін з іх быў паранены, другі затрыманы, трэці ўцёк. Адзначаны пяць выпадкаў пасіўнага супраціўлення прад-
НАРБ, ф.4, воп.21, спр.2086, арк.1 — 3.
стаўнікам улады, што выявілася ў адмове адчыніць ім дзверы. У выніку яны ўзламваліся. Ахвяр з боку выканаўцаў акцыі не было.
У час павальных вобыскаў у хатах, іншых памяшканнях было канфіскавана 90 камплектаў зброі, 5 гранат, 24 стрэльбы, 66 рэвальвераў, 43 паляўнічыя ружжы. 14 шашак, 1454 патроны. Выяўлена золата царскай чаканкі на 2030 руб. і 145 амерыканскіх долараў. Аднак асноўная рэквізіцыя закранула іншую маёмасць выселеных. Усяго было апісана звыш 20 тыс. жылых і гаспадарчых пабудоў, больш за 103 тыс. га зямлі, у тым ліку 62 тыс. ворнай, больш за 8 тыс. коней, каля 20 тыс. кароў, 17,6 тыс. галоў дробнай жывёлы, 4,5 тыс. адзінак буйнога сельскагаспадарчага інвентару, 7,5 тыс. падвод і інш.1
Звяртае на сябе ўвагу той факт, што ў афіцыйных дакументах карных структур і партыйна-дзяржаўных органаў адзначалася, быццам навакольныя жыхары аднесліся вельмі станоўча да зробленай акцыі, а першы сакратар ЦК КП(б)Б Панамарэнка ў пісьме Сталіну нават адзначыў, што “насельніцтва паўсюдна сустрэла высяленне з вялікім задавальненнем і аказвала аператыўным службам усялякую дапамогу”, хаця канкрэтных фактаў кіраўнік кампартыі Беларусі не прывёў-'.
Цяжка паверыць у гэта і іншыя сведчанні афіцыйных асоб, калі ўлічыць, хто ж высяляўся. У прыватнасці, быў вывезены асаднік Войтэк з в. Пеглевічы Ваўкавыскага павета, 1887 г. нараджэння, па нацыянальнасці паляк, у польскай арміі і разведцы не служыў — гэта вымушаны былі засведчыць нават органы ІІКУС. У яго была сям’я з дзевяці чалавек: жонка, тры сыны, дзве дачкі, адна з іх замужняя. Зяць служыў у польскай арміі ў якасці радавога пяхотнага палка. У дадзенай мясцовасці пражываў з 1927 г. Яго маёмаснае становішча было наступным: стары дом з аднаго пакоя, гумно, адзін конь, тры каровы, меў 1 1 га зямлі і неабходны ў гаспадарцы дробны інвентар.
Выселены ляснік Крайнік з в. Лаўрыновічы Ваўкавыскага павета, 1903 г. нараджэння, па нацыянальнасці беларус, меў траіх дзяцей, служыў у польскай арміі радавым кавалерыйскага палка, валодаў 4 га зямлі, 0,15 га сенажаці. У гаспадарцы былі адзін конь, адна карова, адна свіння. У 1937—
1 НАРБ, ф. 4, воп. 21, спр. 2086, арк. 7 — 9; спр. 1900, арк. 5.
2 Там жа, спр.1900, арк.1.
1939 гг. ён служыў лесніком у памешчыка Сапегі1.
Як бачна, высяляліся небагатыя людзі, беднякі ці ў лепшым выпадку сераднякі. Правядзенне дадзенай шырокамаштабнай акцыі, як і іншых, з’яўлялася звычайнай практыкай у дзейнасці бальшавіцкай таталітарнай сістэмы. На думку яе кіраўнікоў, перамяшчэнне ў аддаленыя раёны Поўначы, Сібіры. Далёкага Усходу вялікіх мас людзей павінна было служыць не толькі іх асваенню, але і палітычнаму “аздараўленню" тых мясцовасцей, адкуль яны высяляліся. На мэце была і задача запалохаць шырокую грамадскасць магчымым паўтарэннем і пашырэннем рэпрэсіўных мер. У той жа час негатыўныя вынікі не браліся пад ўвагу: не ўлічвалася сапраўднае ўздзеянне падобных акцый на навакольнае насельніцтва, на фарміраванне ўяўлення аб сутнасці і характары савецкай улады, метадах, спосабах і формах праўлення бальшавікоў. Усе гэтыя фактары, несумненна, патэнцыяльна падрывалі моц бальшавіцкай таталітарнай сістэмы, накаплівалі энергетычны матэрыял, што ўрэшце рэшт прывёў яе да глыбокага крызісу і імкнення пераадолець існуючую сістэму ў многіх дзяржавах, якія ўзніклі на абшарах былога СССР. Праўленне, заснаванае на недаверы, падазронасці, страху, рэпрэсіях, — заўсёды часовае.
Сярод маштабных рэпрэсіўных акный было перасяленне жыхароў населеных пунктаў васьмісотметровай пагранічнай паласы ўздоўж заходняй савецкай граніцы, у тым ліку ў заходніх абласцях БССР. Гэта аперацыя ажыццяўлялася ў адпаведнасці з пастановай СНК СССР ад 2 сакавіка 1940 г. “Аб ахове дзяржаўнай мяжы ў заходніх абласцях УССР і БССР”. Яна ўстанаўлівала неабходнасць ажыццявіць адсяленне жыхароў гэтых населеных пунктаў і нават расчыстку тэрыторыі ад пабудоў у чатырох пагранічных абласнях Заходняй Беларусі. Усяго ў рэспубліцы падлягала адсяленню 7442 гаспадаркі з колькасцю жыхароў 35,3 тыс. чалавек. Найбольшы кантынгент тых, хто адсяляўся, прыпадаў на Брэсцкую і Беластоцкую вобласці (адпаведна 3214 і 3031 гаспадарка), найменшая іх колькасць была ў Баранавіцкай вобласці — 710 двароў, у Вілейскай вобласці адсялялася 1467 гаспадарак. Па маёмаснаму становішчу ўсе, хто адсяляўся, дыферэнцыраваліся наступным чынам:
1 НАРБ, ф.4, воп.21, спр.2086, арк.25 — 27, 3! — 32.
серадняцкіх гаспадарак — 4420, бядняцкіх — 3109, кулацкіх — 893.
Уяўляе цікавасць і нацыянальны склад тых, хто павінен быў пакінуць родныя мясціны. У Брэсцкай вобласці беларусы складалі 65 %, украінцы — 15, палякі і яўрэіі — па 10 %. У Беластоцкай вобласці ўдзельная вага палякаў дасягала 65 %, беларусаў — 30, па Вілейскай вобласці 60 % складалі літоўцы, 40 % — беларусы і палякі. Што датычыць Баранавіцкай вобласці, то тут у асноўным высяляліся беларусы.
Як патрабавалася ў такіх выпадках, неабходна было зрабіць абгрунтаванне чарговай рэпрэсіўнай акцыі. Таму ў афіцыйных дакументах адзначалася, што насельніцтва большасці пунктаў, якія адсяляюцца, займаецца кантрабандай, мае вялікія сваяцкія і эканамічныя сувязі з сумежнай тэрыторыяй'.
Ачышчэнне васьмісотметровай паласы ішло двума шляхамі. 2593 гаспадаркі адсяляліся ў тыльныя мясціны сваіх альбо недалёка размешчаных вёсак, але асноўную частку — 5829 двароў — перасялялі ў вызваленыя дамы асаднікаў і леснікоў. Лічылася, што ў той час іх не заселена каля 7 тыс. Гэтым самым улады мелі на ўвазе кампенсаваць тым, хто адсяляўся з васьмісотметровай паласы, дамы і іншыя пабудовы. Меркавалася, што бядняцкія і серадняцкія гаспадаркі атрымаюць беззваротную суду ў сярэднім 500 руб. на кожны двор. Што датычыць кулацкіх гаспадарак, то іх перасялялі без усялякай дапамогі. Беднякам і сераднякам планавалі кампенсаваць азімыя пасевы і зямлю, што належала ім, за кошт выселеных асаднікаў і леснікоў у роўных памерах. У вызваленых такім чынам дамах у межах васьмісотметровай пагранічнай паласы размяшчаліся адпаведныя службы саўгасаў, машынна-трактарных станцый, а таксама клубы, медыцынскія ўстановы войскаў НКУС. Уся акцыя па перасяленню заканчвалася 25 красавіка 1940 г„ а па адсяленню — на тыдзень пазней.
Для параўнання з яе маштабамі ў Беларускай ССР трэба зазначыць, што ў Заходняй Украіне з васьмісотметровай паласы высяляліся 229 населеных пунктаў, якія ўключалі 22 212 гаспадарак з насельніцтвам у 102,8 тыс. жыхароў. Глыбіня перасялення там вагалася ад 5 да 150 км. Як на Беларусі, так і на
1 НАРБ, ф.4, воп.21, спр.1875, арк.13.
Украіне не дапускалася кампактнае пражыванне пераселеных у новых месцах'.
Уражвае, наколькі лёгка бальшавіцкая ўлада ішла на падобныя акцыі. Яе зусім не цікавіла шматгадовая і нават векавая прыхільнасць сельскіх жыхароў да мясцовасцей, дзе жылі яны і іх продкі. He браўся пад ўвагу псіхалагічна-бытавы бок гэтай справы. Лічылася зусім нармальным прымусова зняць са сваіх месцаў дзесяткі тысяч людзей і адправіць іх жыць у незнаёмыя мясціны і ў новае людское асяроддзе. Гэта таксама адна з заганных праяў бальшавіцкай таталітарнай сістэмы кіравання, калі перасяляліся не толькі асобныя групы жыхароў, але, як вядома, і цэлыя народы.