Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі
Міхаіл Касцюк
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 308с.
Мінск 2000
Нягледзячы на тое што для 20-х гадоў у першую чаргу характэрна функцыяніраванне новай эканамічнай палітыкі і на яе аснове пэўнае ўзаемадзеянне дэмакратычных і цэнтралізаваных пачаткаў, кіраўніцтва эканомікай ды і грамадска-палітычным жыццём усё больш канцэнтравалася ў вышэйшых эшалонах улады. Ва ўмовах недастатковага развіцця дэмакратыі такая цэнтралізацыя садзейнічала стварэнню таталітарнай сістэмы. Гэта тым болып відавочна, што паступова зніжаўся ўзровень дэмакратычных форм кіравання, памяншалася іх магчымасць супрацьстаяць цэнтралізацыі.
У дадзеным працэсе немалую ролю адыграў бюракратычны апарат, які шмат чаго пераняў ад дарэвалюцыйных часоў. Хаця савецкай уладай, асабліва ў першыя гады яе існавання, было нямала зроблена ў мэтах яго дэмакратызацыі, аднак тэндэнцыя бюракратызацыі жыцця ўсё больш нарастала, і ўрэшце рэшт гэта прывяло да ўзмацнення бюракратычнай сістэмы кіравання.
Важнай акалічнасцю ў дадзеным працэсе было тое, што ў кастрычніку 1917 г. рэвалюцыя перамагла ў краіне, якая фактычна не прайшла школу буржуазнай дэмакратыі. На працягу 20-х гадоў дэмакратычныя інстытуты не змаглі замацавацца настолькі, каб стаць перашкодай на шляху зараджэння і разрастання аўтарытарных форм кіравання.
Несумненна, што рашаючую ролю ў стварэнні савецкай таталітарнай сістэмы і ў яе далейшым развіцці адыграў Сталін. Пасля таго як стаў у 1922 г. генеральным сакратаром ЦК партыі, ён, несумненна, вызначыў сабе мэту любымі сродкамі дабіцца асабістай улады. Спачатку гэта рабілася даволі асцярожна і непрыкметна, затым усё больш настойліва, адкрыта і нахабна. У гэтым яму дапамагала адпаведнае акружэнне, што ім фарміравалася з дапамогай сваёй высокай партыйнай пасады, якую ён займаў больш за тры дзесяцігоддзі. Разлік быў просты: каб давераныя людзі, прыцягнутыя з розных куткоў краіны і надзеленыя адпаведнай уладай, дапамаглі ўзвысіць асобу генсека.
Важная роля ў гэтай справе адводзілася сродкам масавай інфармацыі. Прычым і тут спачатку вытрымлівалася строгая паступовасць. Першыя публікацыі пра Сталіна былі асцярожнымі. Затым, у канцы 20-х гадоў, іх змест стаў у дачыненні да яго ўзвышаным і патэтычным. Па сведчанню сучаснікаў, высокапастаўленыя асобы са сталінскага акружэння фактычна спаборнічалі паміж сабой у майстэрстве ўхвалення генеральнага сакратара.
Масавая апрацоўка свядомасці людзей давала вынікі. Вера ў Сталіна і яго справы мацнела, нават калі гаворка ішла аб чарговым судовым працэсе над “адступнікамі ад сацыялізму”. Прыдуманыя абвінавачанні і вынесеныя на іх аснове смяротныя прыгаворы атрымлівалі адабрэнне на шматлікіх мітынгах. Многія заразіліся “злым энтузіязмам”. Паўсюдна вышуквалі “ворагаў народа". Дарэчы, гэты выраз належыць Сталіну. Упершыню ён ужыў яго ў 1932 г. у законе аб ахове маёмасці дзяржустаноў і калгасаў, які напісаў асабіста сам1. Шпіёнаманія дасягнула неймаверных памераў. Яна заахвочвалася. Былі нават прадугледжаны меры пакарання “за недоносптельство”.
1 Нгрйцкйй Ю.Н. Снова о тоталнтарнзме // Отечественная нсторня. 1993. № 1. С. 13.
Да фарміравання бальшавіцкай таталітарнай сістэмы вяла і яшчэ адна з асноўных прычын — унутрыпартыйная барацьба і ў першую чаргу барацьба супраць Троцкага. У адрозненне ад Сталіна ён не хаваў свае аўтарытарныя падыходы да сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны, як і асабістыя дыктатарскія імкненні. Самым надзейным сродкам спыніць Троцкага з’яўлялася падтрымка Сталіна, што і было зроблена большасцю партыйных дзеячаў у 20-я гады. Але гэта ўзмацніла пазіцыі Сталіна, садзейнічала стварэнню глебы для ўзвышэння яго асобы. У выніку быў страчаны час, калі можна было не дапусціць перарастання аўтарытэта кіраўніка ў культ яго асобы і ўсталявання таталітарнага рэжыму.
Істотна пры гэтым змянілася і сама партыя. Усё больш заарганізаваным станавілася яе жыццё, змяншалася пралетарскае ядро, звужалася ўнутрыпартыйная дэмакратыя. Гэта рабілася адпаведна ўяўленню Сталіна аб тым, што кампартыя павінна быць "свайго рода ордэнам мечаносцаў унутры дзяржавы савецкай, накіроўваючай органы апошняй і адухатвараючай іх дзейнасць”1.
У мэтах узвышэння сваёй асобы Сталіным быў выкарыстаны і нізкі агульнаадукацыйны ўзровень насельніцтва краіны, зусім недастатковая ступень развіцця палітычнай культуры. У значнай колькасці людзей яшчэ заставаліся царысцкія настроі. Дэмакратычныя тэндэнцыі былі слабымі.
Адпаведную ролю адыграла і тое, што ў першыя гады савецкай улады ўзнікла і атрымала распаўсюджанне ваенна-камуністычная ідэалогія. Яе падтрымлівала значная частка як камуністаў, так і беспартыйных. Пераход да новай эканамічнай палітыкі і пэўнай дэмакратыі быў для іх вельмі складаным. Пры гэтым некаторыя з іх ажыццявіць гэты пераход так і не змаглі. Незалежна ад свайго жадання, часцей за ўсё несвядома, яны садзейнічалі ўсталяванню аўтарытарнай улады.
Такім чынам, ужо гэты кароткі пералік розных бакоў тагачаснай рэчаіснасці сведчыць, што фарміраванне бальшавіцкай таталітарнай сістэмы з’явілася вынікам дзейнасці многіх фактараў, як аб’ектыўных, так і суб’ектыўных. Пры гэтым істотную ролю адыграла імкненне Сталіна да асабістай улады. Ім мэтанакіравана выкарыстоўвалася ўсё, што магло спрыяць дасягненню пастаўленай мэты.
1 Сталйн Н. Соч. Т.5. C.71.
Эвалюцыя кожнай грамадска-палітычнай з’явы, у тым ліку такой заганнай, як таталітарная сістэма праўлення, становіцца больш зразумелай, калі выдзеліць этапы яе развіцця. Гэта дапаможа лепш усвядоміць яе прыроду, месца ў агульным гістарычным кантэксце, дазволіць раскрыць працэс распаўсюджвання таталітарызму як углыбіню, так і ўшырыню, на ўсё новыя галіны сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага жыцця.
Пачатак фарміравання таталітарнай сістэмы ў бальшавіцкай Расіі быў пакладзены Леніным. Іменна тады, калі ён узначальваў савецкую дзяржаву, былі закладзены асновы таталітарызму. Ужо з ліпеня 1918 г„ пасля разгрому выступлення левых эсэраў, у краіне фактычна пачала ўсталёўвацца аднапартыйнасць. Гэта з’явілася пачаткам фарміравання аўтарытарнага праўлення. Праз некалькі месяцаў, пасля замаху на Леніна, пачаўся чырвоны тэрор, былі закладзены асновы будучага ГУЛАГа. Высокай цэнтралізацыі дасягнула кіраўніцтва сацыяльна-эканамічным і грамадска-палітычным жыццём. Адзіная камуністычная ідэалогія, непрымірымасць да іншадумства і многае другое таксама бяруць пачатак з першых гадоў савецкай улады.
Аднак Ленін разумеў, да чаго гэта можа і павінна прывесці. Адсюль і яго ініцыятыва аб пераходзе да новай эканамічнай палітыкі. якая, як правамерна сцвярджае Ю.І.Ігрыцкі, “нетаталітарная па сваёй сутнасці”1. Вялікім выпрабаваннем для краіны абярнуўся адыход ад НЭПа, зроблены ў канцы 20-х гадоў па ініцыятыве Сталіна. У выніку паслядоўнага разгрому ў партыі іншадумцаў пазіцыі Сталіна як генеральнага сакратара значна ўзмацніліся. Ён стаў адзіным партыйным лідэрам, a тыя, хто на гэта прэтэндаваў, былі адціснуты з палітычнай арэны.
Асаблівае месца заняла тут барацьба з правымі, якія ўяўлялі апошнюю і самую значную перашкоду ўсталяванню аўтарытарнага праўлення. Характэрна, што барацьба з імі вялася ўжо без чарговых саюзнікаў з палітбюро ЦК, якіх затым неабходна было аб’яўляць апазіцыянерамі. Метады барацьбы былі таксама некалькі іншы.мі. Напрыклад, платформа правых у адроз-
' Нгрйцкйй Ю.Н. Снова о тоталнтарнзме // Отечественная нсторня. 1993. № 1. С. 12— 13.
ненне ад трацкісцкай не друкавалася, але яе асуджалі паўсюдна.
У гэты час яшчэ існавала неабходнасць у выкарыстанні часовых адступленняў, адпаведных заяў. Так, у час паездкі ў Сібір у пачатку 1928 г. Сталін па сутнасці паставіў пытанне аб тым, што ўслед за сацыялізацыяй прамысловасці трэба гэта ж зрабіць і з сельскай гаспадаркай. Мелася на ўвазе пакрыць усе раёны краіны без выключэння калгасамі і саўгасамі, якія б маглі замяніць як здатчыкі хлеба дзяржаве не толькі кулакоў, але і аднаасобных сялян'.
Аднак гэты намер сустрэў шырокае процідзеянне, у першую чаргу з боку Бухарына і яго прыхільнікаў. І тут Сталін часова адступае. Больш таго, 13 лютага 1928 г. ён падпісвае пісьмо ўсім арганізацыям УКП(б). у якім гаварылася: “Размовы аб тым, што мы быццам бы адмяняем нэп, уводзім харчразвёрстку, раскулачванне і г.д., з’яўляюцца контррэвалюцыйнай балбатнёй, супраць якой неабходна рашучая барацьба. Нэп ёсць аснова нашай эканамічнай палітыкі і застаецца такою на доўгі гістарычны перыяд”2. Калі ўлічыць, што ў 1929 г. было зроблена адваротнае, то выразна бачны характар дадзенай заявы.
Ужо ў гэты час праявілася імкненне Сталіна і яго акружэння абмежаваць уздзеянне ленінскіх ідэй на працоўных і ў першую чаргу на моладзь. Асцярожна і паслядоўна, пераважна не адкрытым, а завуаліраваным шляхам праводзілася думка, што пасада генсека найбольш уплывовая ў краіне і што Сталін адпавядае ёй найлепшым чынам. Гэта эластычная і злавесная тактыка апраўдала сябе.
Адыгралі сваю ролю і пагрозы адставак Сталіна з паста генеральнага сакратара, да якіх ён час ад часу прыбягаў. Асаблівае значэнне тут мела шостая па ліку пагроза адстаўкі. Яна адносіцца да 1927 г. і была зроблена на першым пленуме ЦК пасля XV з’езда УКП(б). Сталін тады звярнуўся з наступнай заявай: “Я дапускаю, што да апошняга часу былі ўмовы, якія ставілі партыю ў неабходнасць мець мяне на гэтай пасадзе як чалавека больш ці менш крутога, які прадстаўляў вядомае супрацьяддзе небяспекам з боку апазіцыі... Цяпер апазіцыя не толькі разбіта, але і выключана з партыі. А між тым у нас
1 Сталйн Н. Соч. Т. 11. С. 7.
2 Там жа. С. 15.
маецца ўказанне Леніна (маецца на ўвазе перамяшчэнне Сталіна з пасады генсека. — М.К.), якое, па-мойму, патрэбна правесці ў жыццё, таму прашу пленум вызваліць мяне ад пасады генеральнага сакратара. Запэўніваю вас, таварышы, што партыя ад гэтага толькі выйграе”1. Разлік быў дакладным: пленум просьбу адхіліў.
Значны крок у напрамку фарміравання таталітарнай сістэмы быў зроблены ў 1929 г. у сувязі з 50-годдзем Сталіна. У друку з’явіліся публікацыі, дзе адкрыта ўзвышалася асоба генсека і з гэтай мэтай нават пераглядаліся некаторыя старонкі гісторыі. Асабліва вылучаўся артыкул Варашылава “Сталін і Чырвоная Армія”, у якім роля Леніна як арганізатара абароны рэвалюцыі памяншалася, а Сталіна — павялічвалася.