• Часопісы
  • Барыс Кіт — Грамадзянін свету

    Барыс Кіт — Грамадзянін свету


    Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
    Памер: 432с.
    Мінск 2004
    112.97 МБ
    Маё матэрыяльнае становішча стала стабільным, я купіў цудоўны дом з садам. Блізка быў акіян. На працу езьдзіў на аўтамабілі. Клімат у Каліфорніі цудоўны — зімой ня холадна, а ўлетку ня горача. У Лос-Анджэлесе круглы год каля 25 градусаў па Цэльсію. Часам цяжка пазнаць, ці то на дварэ зіма, ці лета. I ад таго рабілася трошкі сумна... Як паехаў на новую працу, дом мусіў прадаць, бо купіў новы ў Вашынгтоне, у якім і дагэтуль жыве мая жонка. Яна палымяная патрыётка Беларусі, дома мы заўсёды размаўлялі зь ёй толькі па-беларуску.
    Аповяд шосты
    25ліпеня, гатэль «Шаратон Арабэля»
    Мабыць, правільна сказана, што ад дабра дабро не шукаюць. Мы ж на той раз вырашылі знайсьці і яшчэ лепшае мейсца — пайшлі ў шыкоўны (таксама, дарэчы, амэрыканскі) гатэль «Шаратон — Арабэля». Тым болей, што мянялася тэма і матэрыял аповяду, хацелася зьмяніць і мейсца.
    На далёкім Захадзе, у Каліфорніі, спадар Кіт канчаткова адрынуў ад сябе ўсе эўрапейскія комплексы ды ілюзіі — з вайной, галечай, варажнечаю паміж сваімі. Яго талерантная натура прагнула міру і душэўнай гармоніі, пры якіх толькі і магчыма было разгарнуць свае стваральныя здольнасьці. Тое надарылася не адразу, але, як сказана, — шукайце і знойдзеце.
    Спадар Кіт шукаў. Але тут трэба зазначыць, што шукаў ня толькі ён — шукала і Амэрыка. Яе амэрыканскі гонар, разварушаны першымі савецкімі посьпехамі ў космасе, патрабаваў як найхутчэйшага рэваншу. Настала пільная патрэба ў адмысловых талентах і вялікіх грошах. Грошай, як вядома, Амэрыцы не пазычаць, а таленты трэба было пашукаць. Без аднаго, тады мала каму вядомага беларуса Амэрыка не магла абысьціся, і лёс ці выпадак аднойчы прэзентаваў яго перад Амэрыкай. Тое сталася, як ужо распавядана, пасьля доўгага блуканьня на неабсяжных індустрыяльных джунглях Амэрыкі, нялёгкае працы ў атрутных цэхах, пры зьнясільваючых канвэерах. Але ў Амэрыку разам з беспрытульнымі выгнаньнікамі прыйшла яшчэ і карпаратыўная эўрапейская салідарнасьць, штось ад пратэстанцкай этыкі. Геніі сапраўднай навукі ў Амэрыцы адкінулі ўсе нядаўнія рознасьці і дэмакратычна, бы роўныя, паставіліся адзін да аднаго. Роўным сярод роўных апынуўся ў новай навуцы і беларус Барыс Кіт. Тое найперш сталася грунтам яго хуткага посьпеху.
    У шыкоўным, сьцішаным, прахалодным гатэлі.нас напаткала няўдача.
    Утульна сабе ўладкаваўшыся за нізкім столікам у холе, мы доўга гутарылі пад магнітафон. Гаварыў, вядома, спадар Барыс, ягоны субяседнік запісваў. Але калі пад канец хацеў праверыць запіс, аказалася, што магнітафон не працуе. Пачалі тузаць, шчоўкаць, стукаць, памянялі батарэйкі — усё было марна. Тады паклікалі маладога, выкшталцонага чалавека
    з гатэльнай абслугі. Той дужа чула паставіўся да нашай праблемы, але памагчы ня мог. Панёс наш магнітафон, каб з кімсьці параіцца. А як вярнуўся, ягоны прыгожы твар і зусім спахмурнеў — магутная амэрыканская фірма ня мела магчымасьці палагодзіць нашу бяду.
    Што ж, бывае, калі тэхнічныя магчымасьці і краіны-гіганту абмежаваныя нават у дачыненьні да маленькай пабытовай рэчы. Давялося ісьці ў вялізны супермаркет купляць новы магнітафон.
    А як купілі новы, наш стары (праўда, у іншым мейсцы) запрацаваў нават лепш, чым раней, тым шчасьліва ўратаваўшы ніжэй надрукаваны аповяд.
    Вернер фон Браўн і амэрыканскія ракеты. Ажыўленьне астранаўтыкі. Доктар Джон Брэквал. Найшчасьлівейшы пэрыяд жыцьця. Зьмена філязофіі балістыкі. У міністэрстве паветраных сілаў. Удзел у шматлікіх кантактах з савецкімі вучонымі.
    Тады Амэрыка рабіла першыя крокі ў астранаўтыцы, яшчэ да запуску савецкага спадарожніка. Тыя крокі, як, безумоўна, і спробы Савецкага Саюза, былі стымуляваны ракетнымі спробамі немцаў падчас Другой сусьветнай вайны, калі яны першы раз у горадзе Пенемюндэ выпусьцілі ракету А-4. To была першая ракета, але яна рухалася на плыўкім паліве — карасіне. Фактычна тым было запачаткавана разьвіцьцё астранаўтыкі. Кіраваў праектам Вернер фон Браўн. Па сканчэньні вайны фон Браўн і ягоныя супрацоўнікі шукалі мейсца, дзе працаваць далей у сваёй галіне. I вось частка спэцыялістаў паехала ў Савецкі Саюз, а частка — у Амэрыку. Менавіта немцы зрабілі вялікую справу ў астранаўтычным прагрэсе ў абедзьвюх краінах. Фон Браўн прыехаў у Амэрыку, дзе і прадаўжаў ранейшую працу, распачатую ў Пенемюндэ, далей ён браў удзел у праэкце «Аполён», распрацаваў ракету «Сатурн-5», якая панесла касьмічны карабель на Месяц. А сам касьмічны карабель рабілі на нашай фірме. Тут трэба зазначыць, што і першыя посьпехі Савецкага Саюза, асабліва палёт касманаўта Гагарына, прычыніліся да стымуляцыі разьвіцьця астранаўтыкі ў Амэрыцы. Запуск савецкага спадарожніка на арбіту ўзварушыў усю Амэрыку. Савецкі Саюз, які здаўна лічыўся адсталым у свае тэхналёгіі, аднак жа здабыў такі посьпех. У Амэрыцы шмат у чым абвінавачвалі прэзыдэнта Эйзенхаўэра, што не падняў Амэрыку ў належным часе. Новы прэзыдэнт Кенэдзі дужа энэргічна ўзяўся спрыяць астранаўтычным праэктам, і, праўда, празь якіх два гады дабіўся вялікага посьпеху. Гэта паказвае, як шмат залежыць ад кіраўніка ў кожнай справе.
    У Каліфорніі я спаткаў найвыдатнейшых вучоных Амэрыкі, працаваў з доктарам Джонам Брэквалам. Хто ён такі? Як і я, ён па адукацыі матэматык, скончыў унівэрсытэт у Аксфордзе, пасьля атрымаў дактарат Гарвардзкага ўнівэрсытэту. Гэта быў геніяльны матэматык, якога клікалі для кансультацыі ў розныя адзьдзелы маёй фірмы. Дык ён на вырашэньне цяжкіх пытаньняў па матэматыцы заўсёды запрашаў мяне. Пазьней ён быў прафэсарам Стэнфордзкага ўнівэрсытэту ў Каліфорніі. Я зь ім вельмі сябраваў, запрашаў у свой прыгожы дом, дзе жыў. Цікавы быў там мой адрас: Brookhaven, Garden Groove, Orange, California, што ў перакладзе гучыць як: вуліца ручэйнага прыпынку, горад садовага росту, павет памаранцавы. Дом быў вялікі, новы, з прыгожым садам, у якім расьлі 8 памаранцавых дрэваў, 18 вялікіх эўкаліптаў, што рабілі мне нямала клопату, бо эўкаліпты скідвалі кару, якую кожную суботу патрэбна было зьбіраць. Там мае калегі гулялі ў брыдж. Зноў жа доктар Брэквал быў першаклясны піяністы. To быў найшчасьлівейшы пэрыяд майго жыцьця...
    Фірма на той час працавала над праэктам «Навахо», гэта назва індзейскага племя. To былі нашы першыя крокі ў галіне космасу. Яны доўжыліся да пары. пакуль не прыйшла новая філязофія балістыкі. Сьпярша ўжываліся ракеты, якія кіраваліся толькі электроннымі апаратамі. Але праз пэўны час запанавала балістыка. Гэта азначала, што ракеты трэба пераводзіць на гравітацыйны спосаб кіраваньня. Так, як мы, напрыклад, кідаем камень, калі ён ляціць па парабале і падае. Тады іх палёт мае адзін кірунак пад уплывам адной сілы — гравітацыі. Ну, амэрыканцы пэўныя рэчы прапусьцілі. Польскі пісьменьнік Ваньковіч, які жыў у Амэрыцы, пісаў, што Амэрыка — гэта магутны слон, які мала рухаецца, і яго трэба неяк падшпорыць. Але ўжо калі пачне рухацца, дык нешта зробіць. 1 вось такой шпорай для Амэрыкі быў савецкі спадарожнік. Амэрыка была дужа зацікаўлена, чаму гэта Савецкі Саюз выйшаў наперад, і зьвярнула ўвагу на тых вучоных, якія ведалі расейскую мову. У іх ліку апынуўся і я. Мяне паклікалі ў Вашынгтон, дзе я быў прыняты ў астранаўтычны адзьдзел Міністэрства паветраных сілаў. Там была група вучоных, што займалася дасьледваньнем астранаўтычнага прагрэсу Савецкага Саюза. Таксама, як і ў Савецкім Саюзе дасьледвалі, што робіць у гэтай галіне Амэрыка. Пачаліся спатканьні вучоных, прыезды савецкіх вучоных у Амэрыку, таксама, можа, у меншай ступені, прыезды амэрыканцаў у Савецкі Саюз. Сакрэтнасьць ва ўзаемадачыненьнях заўсёды дужа высока трымалі савецкія ўлады і ня дужа высока — амэрыканцы. У Вашынгтон прыязджалі выдатныя навукоўцы Савецкага Саюза. Дык мяне часта клікаў амэрыканскі ўрад браць удзел у тых спатканьнях. Безумоўна,
    мэта была адна — супрацоўніцтва ў супольнай справе, ніякай варожасьці ці падазронасьці. Амэрыка ніколі ня мела на мэце, каб ваяваць.
    Пачаліся спатканьні і канфэрэнцыі. I я магу з гонарам сказаць, што заўсёды быў кліканы на іх і супрацоўнічаў ці не з усімі расейскімі калегамі, што наведвалі Амэрыку. Мне даручана было правесьці першы ў гісторыі ЗША-СССР сход на высокім узроўні з мэтай палагодзіць супрацоўніцтва ў астранаўтычных дасьледваньнях. Адбылося гэта ў 1960 годзе ў Шаратон-гатэлі ў Вашынгтоне.
    Аповяд сёмы
    29ліпеня, ваколіцы Пшіьмэн-гартэн
    Мы нетаропка ідзем па ваколіцах славутага ў Франкфурце Палмэн-гартэну, здаўна аблюбаванага заможнай гарадзкой буржуазіяй. Ды й раён наскрозь буржуазны з выгляду, багаты, прыгожы і ціхі. Туг утульныя, схаваныя ў суцэльнай засені аграмадных платанаў вуліцы з шыкоўнымі, розных стыляў будынкамі (ад эўрапейскага барока да мадэрну найноўшых напрамкаў), усё дбайна дагледжанае, упрыгожанае, бы спрадвеку існае. Здаецца, ніякая вайна тут ня зрушыла і каменьчыку з гэтай буржуазнай добраўпарадкаванасьці мінулых стагодзьдзяў. Сярод падстрыжанага кустоўя і кветнікаў дрэмлюць беласьнежныя вілы, сьвежа зелянеюць абструмененыя вадой лужкі. Пры аднолькавай упарадкаванасьці ўсё гут рознае — характарам, стылем, коштам. Архітэктура разнастайнасьці тут — шаноўная пані. 1 бязьлюдзьдзе. Мейсцы на ходніках і падворках застаўлены аўтамабілямі самых розных фірмаў, мадэляў і марак — на ўсёй вуліцы ня знойдзеш і двух аднолькавых. I ўсе яны нерухомыя, бы прыкутыя да мейсца ўдзень і ўначы, зімой і ўлетку. Можна толькі зьдзіўляцца, навошта купляць іх, калі ня езьдзіць.
    — Каб мець, — кажа спадар Барыс.
    Сапраўды, тут зусім інакшая пабытовая псіхалёгія, чым у нас, на ўсходзе. Нашаму чалавеку з адвечным нязбыўным клопатам, як пражыць,пракарміцца, тое зразумець цяжка. У спадара таксама быў аўтамабіль, пакуль была патрэба езьдзіць на ім па філіях унівэрсытэту. А як зьнікла патрэба, зьнікла і аўто. Каб пазбыцца клопату, бо меркаваньне «мець» — не ў ягоных правілах. Усё ж ён таксама чалавек з усходу, хоць і пражыў жыцьцё ў атачэньні заходняй культуры.
    Як бы жыцьцё каго ні камячыла — кідала ўніз ці ўзвышала, ён, каб і хацеў, ня можа зьмяніць свайго Богам закладзенага мэнталітэту, як ня ў стане і забыцца, адкуль паходзіць. Найперш бацькава хата, родны кут, ну і людзі. Асабліва тыя, што дабром і годнасьцю адзначыліся ў ягонай душы. Тым болей пакрыўджаныя лёсам, абылганыя гісторыяй, несправядліва скараныя.