Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Габрэі ў Беларусі і Амэрыцы. Першае юнацкае каханьне. Амэрыканскі народ. Эўропа. Знаёмства з Тамарай. Дзеці ў Амэрыцы.
Леанід Сядоў, савецкі вучоны. Беларускі паэта Масей Сяднёў.
— Цягам свайго жыцьця я прыйшоў да высновы, што габрэі заўсёды былі нашымі прыяцелямі. Нашая справа заўжды была зь імі зьвязана. Ва ўнівэрсытэце я знаўся з многімі габрэямі, у Амэрыцы таксама вельмі часта спатыкаў іх то ў якасьці начальнікаў у міністэрствах, то — розных навукоўцаў на кангрэсах. Звычайна даведаўшыся, што я зь Беларусі, тыя пыталіся, скуль: зь Менску ці зь Пінску? I радасна паведамлялі: дык мае ж
дзяды прыехалі адтуль. Калі я рабіў доктарскую працу, дык кіраўніком яе быў таксама габрэй, сусьветна вядомы матэматык. Вядома гісторыя беларускага габрэйства, сумесная зь беларускай гісторыяй. Амэрыка прэзыдэнта Трумана выдатна прычынілася да стварэньня габрэйскай дзяржавы Ізраіля. Я быў у 94-м годзе ў Ізраілі на сходзе Сусьветнай Астранаўтычнай акадэміі, дзе мне ўручалі дыплём поўнага акадэміка, і шмат чаго пабачыў там. Найперш, як шмат Амэрыка памагла Ізраілю. I гэта добра. Народу, які цярпеў тысячагодзьдзі, трэба было памагчы. У Іерусаліме на сьценах унівэрсытэту значацца прозьвішчы шматлікіх яго амэрыканскіх фундатараў.
У пару свае маладосьці я меў яшчэ большыя стасункі з габрэямі. Маім першым юнацкім каханьнем была габрэйка Рыва Траевіцкая, якая ў гады халакосту згінула ў Баранавічах. Яна паходзіла з Карэліч, а я тады жыў у Агародніках, быў ужо студэнтам унівэрсытэту, і яна прыходзіла да мяне, каб кансультавацца па матэматыцы. А пасьля прызналася, што прыходзіла зусім не за матэматыкай, а толькі, каб пабачыць мяне. Мы былі разам чатыры гады. Пазьней яна зь сям’ей пераехала ў Наваградак, а я вучыўся ў Вільні, але часта прыязджаў у Наваградак, каб пабачыцца зь ёю. Пасьля вайны я ездзіў шукаў яе, таксама і ў Іерусаліме, дзе задакументаваны прозьвішчы ўсіх загіблых, але не знайшоў нідзе.
Тут нялішне будзе сказаць, што амэрыканцы аднолькава спрыяльна ставіліся да ўсіх нацыяў. Hi ў чым не прыгняталі, не абмяжоўвалі, давалі поўную свабоду для разьвіцьця культуры і эканомікі. I ня дзіўна, бо амэрыканскі народ ёсьць сабраны зь людзей розных нацыяў, усім ім давалася свабода. Самы дэмакратычны лад — гэта амэрыканскі спосаб жыцьця, і я ганаруся, што зьяўляюся грамадзянінам Злучаных Штатаў. Беларусы таксама зрабілі свой пасільны ўклад у будаўніцтва таго ладу. I беларускі досьвед у Амэрыцы паказаў, што і мы ёсьць нягоршы за іншых народ, нам трэба толькі дэмакратыя для жыцьця ў Беларусі, якое мы ніколі ня мелі.
У Амэрыцы ёсьць вялікія абшчыны розных нацыянальных меншасьцяў, напрыклад, нямецкая — каля 40 мільёнаў, польская — 10 мільёнаў, італьянская — 15 мільёнаў, ірляндская — 10 мільёнаў, меншыя — расейская, беларуская, даволі вялікая ўкраінская. Украінцы заўжды ідуць разам зь беларусамі, падтрымліваюць адзін аднаго. Як я закладваў Беларускі дапамогавы камітэт, дык ягоны статут зрабіў накшталт украінскага. А зарэгістраваць яго дапамог украінскі адвакат. Справамі меншасьцяў заняволеных народаў (Беларусь, Украіна і г.д.) апеквалася амэрыканская арганізацыя «Common Cause».
У 72-м годзе я выйшаў на пэнсію зь дзяржаўнай працы ў Вашынгтоне. Апошнім часам я там працаваў у міністэрствах абароны, камунікацыі,
камэрцыі і транспарту. Ва ўсіх гэтых міністэрствах мы, матэматыкі, рабілі адну справу — разьвівалі новыя мэтады падняцьця эфэктыўнасьці адміністрацыйнай дзейнасьці. Пры дапамозе матэматычных разьлікаў тое можна рабіць ва ўсіх галінах — вайсковай, індустрыйнай і г. д. Усюды пачала ўжывацца новая навука, якая выкарыстоўвала прыкладную матэматыку, што прыносіла мільёны даляраў эканоміі. Пасьля выхаду на пэнсію я выкладаў матэматыку ў Мэрылендзкім унівэрсытэце, стаў поўным прафэсарам. Неўзабаве атрымаў прапанову паехаць у Эўропу, дзе ў 12 краінах існавалі філіялы Мэрылендзкага ўнівэрсытэту — усюды, дзе стаялі амэрыканскія войскі. Найболей такіх амэрыканскіх адзьдзелаў было ў Нямеччыне, куды я прыехаў і пачаў выкладаць матэматыку, пражываючы ў Франкфурце-на-Майне, дзе знаходжуся аж да сёньня.
Аднойчы ў Франкфурце мне патрэбна было перакласьці некаторыя дакуманты на нямецкую мову, і я зайшоў да адной перакладчыцы, якая паходзіла зь Вільні. I яна мяне пазнаёміла з Тамарай. Проста мы йшлі вечарам каля Тамарынай хаты, і перакладчыца кажа: тут мае прыяцелі ўкраінцы жывуць. Дык я: давайце зойдзем. Так я патрапіў у Тамарыну сям’ю. Тамара нарадзілася ў Кіеве. Тады я быў яшчэ даволі малады і жвавы, і ў нас з Тамарай пачалося цеснае знаёмства. А яна была выдатная асоба, толькі што скончыла інстытут чужаземных моваў у Франкфурце. А раней жыла ў Амэрыцы, скончыла амэрыканскую гімназію і ўнівэрсытэт, выдатна валодала ангельскаю мовай, як і нямецкай, французскай, украінскай і расейскай таксама. У нас зь ёй знайшлося шмат супольных інтарэсаў. Часта я даваў ёй рабіць праверку майго ліставаньня з прыяцелямі, што яна рабіла вельмі добра. Шмат хто з нас гаварыў на розных мовах, але ніхто ня мог так добра пісаць, як Тамара. Сьпярша яна працавала тут у адным ангельскім банку, а пасьля я дапамог ёй знайсьці працу ў Дзяржаўным банку Нямеччыны, дзе яна адразу зрабілася сакратаркай самога прэзыдэнта банку. Мяне захапіла яе інтэлігентнасьць, любоў да мастацтва, яна першаклясна іграе на раялі, няблага сьпявае, а ў маладыя гады была балярынай. Тое ўсё разам дапамагло мне жыць у Франкфурце. Гэтак мы разам жывем аж 30 гадоў, хоць жывем у розных кватэрах. Яна ёсьць мая спадарожніца жыцьця.
Увогуле, нямецкая навука стаіць вельмі высока. Мне было лягчэй зрабіць дактарат тут, у Нямеччыне, чым нават у Амэрыцы. Чаму? На жаль, у Амэрыцы не залічаюць нічога, што ты зрабіў у Эўропе, трэба пачынаць усё ад самага пачатку. Я ўжо меў з Віленскага ўнівэрсытэту дыплём магістра матэматыкі, гэта амаль што дактарат, з тым і працаваў. А як прыехаў сюды, у Нямеччыну, дык унівэрсытэт у Рэгенсбургу залічыў усё, што я зрабіў раней, у тым ліку і ў Вілыіі. Трэба было толькі зрабіць доктарскую
дысертацыю, абараніць яе перад камісіяй. Маёй тэмай быў абраны аналіз матэматычнай дзейнасьці аднаго з найвялікшых матэматыкаў сьвету — Антона Зыгмунда. Абарона адбылася пасьпяхова, і я атрымаў дыплём доктара філязофіі ў галіне агульнай гісторыі навукі і матэматыкі — так напісана ў маім дыплёме. I ў Эўропе, і ў Амэрыцы вельмі важна, калі займаць высокія становішчы, дык каб мець дактарат. Каб я меў дактарат у Амэрыцы, я б дасягнуў яшчэ болей высокага становішча.
Жывучы ў Эўропе, я дапамагаў у вучобе абодвум сынам, якія скончылі па чатыры факультэты і цяпер ёсьць выдатныя адмыслоўцы Амэрыкі. Дапамагаць дарослым дзецям было не ў традыцыях амэрыканцаў. Там, калі дзеці паступалі ва ўнівэрсытэты, дык павінны былі самі зарабляць на жыцьцё і на вучобу. Але тое было вельмі цяжка і не магло не адбіцца на посьпехах у вучобе. Я дапамагаў сынам яшчэ дзесяць год з Эўропы. Цяпер старэйшы працуе начальнікам дэпартаменту ў НАСА (некалі ён захапляўся спортам і нават быў чэмпіёнам Амэрыкі па тэнісу). Малодшы— мэдык, высокакваліфікаваны хірург. Усе маюць свае дамы, сем’і. Жывуць у Амэрыцы.
Леанід Іванавіч Сядоў, віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук СССР, кожны год прыязджаў на Захад прадстаўляць СССР на ўсіх астранаўтычных кангрэсах. Мы пазнаёміліся ў 58-м годзе на кангрэсе астранаўтыкі ў Амстэрдаме. Пасьля ён часта прыязджаў у Амэрыку, і дзярждэпартамент кожны раз прасіў, каб я займаўся ім. Я вазіў яго па Амэрыцы, паказваў навуковыя цэнтры. Аднойчы здарыўся такі цікавы мамэнт. На кангрэсе астранаўтыкі ў Токіё яго папрасілі зрабіць мемарыяльны даклад у Такійскім унівэрсытэце. Ён быў прафэсар аэрадынамікі. I вось велізарная заля ў Токіё, сядзяць прафэсары і студэнты — тысячы чалавек, у першым радзе амэрыканскі амбасадар і я зь ім побач. Выступае Сядоў. У Японіі абавязкава патрэбна гаварыць зь перакладчыкам. Ён папрасіў перакладчыка-японца, які б мог перакладаць з расейскай. Але тут аказалася, што перакладчык ня можа перакласьці, каб было зразумела. Тады ён кажа, што, можа, зрабіць пераклад на ангельскую мову, якую японцы таксама ведаюць. Але хто будзе перакладчыкам? Юр’еў, камерцыйны аташэ савецкай амбасады ў Токіё. Пачынаецца даклад. Але ІОр’еў ня ведае матэматыкі і ня можа перакласьці матэматычныя тэрміны. Тут умяшаўся я і выратаваў становішча — пачаў перакладаць усе матэматычныя тэрміны. Сядоў вельмі дзякаваў мне. А амэрыканскі амбасадар сказаў, што ён вельмі ганарыцца мной, як амэрыканцам.
Шмат навукоўцаў прыязджала з Савецкага Саюза, усіх іх я добра ведаў. Ніколі не забудуся, як у Іерусаліме мне ўручалі дыплём акадэміка
астранаўтыкі. Атрымаўшы, я пайшоў на сваё мейсца, але на шляху завітаў да савецкіх вучоных і ўсім падаў руку. Навукоўцы не займаліся палітыкай, хаця ім часьцяком даставалася ад палітыкаў. Іх саджалі і рэпрэсавалі. Некаторых ніколі не выпушчалі на Захад, такіх, як Каралёў, Курчатаў. Я ўсіх ведаў а Курчатава ніколі і ня бачыў. Цяпер ягоным імем названы нават адзін хімічны элемэнт. Увогуле, новыя элемэнты вынаходзілі ў Амэрыцы, давалі ім амэрыканскія назовы: амэрыцыўм, каліфорніўм, бярклеўм... Вядома, вялікую справу зрабіў расеец Мэндэлееў — уклаў усё ў сістэму, яго славутую Табліцу Мэндэлеева. Таму адзін з элемэнтаў называецца мэндэлеўм.
Шмат якія беларусы рабілі толькі самае найлепшае дзеля Беларусі, выводзілі Беларусь у сьвет. Нямала пачалося і зь ініцыятывы майго сябра і калегі па гімназіі Льва Гарошкі. Усім беларускім уніятам трэба сказаць найвялікшую падзяку за тое, што яны найбольш трымаліся беларускай справы. Сяднёў — слынны чалавек у Беларусі, таму што ён вялікі паэта, і я намагаўся колісь, каб ён атрымаў намінацыю на Нобэлеўскую прэмію. Я зрабіў яму дзьве намінацыі — Мюнхенскага ўнівэрсытэту і Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту. Наогул, я заўсёды быў захоплены нашымі беларускімі паэтамі, якія ёсьць бясцэнны наш скарб. Беларусь — краіна паэтаў, тое ўсе ведаюць.
Аповяд дзевяты
4 жніўня, рэзыдэнцыя Васіля Быкава
Спадар Кіт гэтую кватэру (як, дарэчы, і ўласную) гучна называе рэзыдэнцыяй, хай будзе так. Насамрэч гэта простая, без усялякіх прэтэнзіяў, казённая (службовая, як мовілі б у нас) кватэра, дзе няма нічога лішняга і ёсьць усё неабходнае для побыту — паводле сярэдніх заходніх стандартаў. Самае, аднак, прывабнае для гаспадара, вядома, за выключэньнем ягонага рабочага стала, гэта вялізны стары каштан за вакном. Ён першы ўвесну радуе вока порсткімі пупышкамі ў гольлі, затым лісьцём, у ім круглы год скачуць-гуляюць вавёркі, а наверсе нават прытулілася гнязьдзечка нейкага птаха. Каштан прыгожы вясной і ўлетку густым лісьцьвяным убраньнем, прывабны зімой строгаю графікай гольля. Праўда, ён ужо няплодны, мабыць, ад старасьці. А можа, з прычыны незвычайнай пражэрлівасьці гарадзкіх вавёрак, якія ўвесну дашчэнту ад’ядаюць яго крохкія сьвечкі.