Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Аповяд дзесяты
12 жніўня, кавярня «Вінервааьд»
Спатыкацца ў гарачыню на нашым звыклым мейсцы каля Давіда сёньня было нязручна, і мы ўранку дамовіліся па тэлефоне перанесьці сустрэчу ў засень — пад цяністыя дрэвы збоч кавярні «Вінервальд». Тут адносна ціха, столікі зранку вольныя, ёсьць дзе прытуліцца. Так сталася, што я прыйшоў раней, пачаў чакаць спадара Кіта, які заўсёды прыходзіў роўна ў прызначаны час. Трохі незвычайная для чалавека такога ўзросту завядзёнка, зь якой, як нехта сказаў, і вырасла пратэстанцкая этыка.
Калі ёсьць вольны час, у галаву лезуць розныя (не абавязкова дурныя) думкі. Найперш пра таго, каго я мушу выглядаць між людзей навакол. Безумоўна, спадар Кіт чалавек выключны, не такі, як усе ці нават бальшыня людзей. Сваю выключнасць ён засьведчыў посьпехамі у вучобе — у гімназіі ды ўнівэрсытэце. Затым яму было наканавана перажыць жахлівыя выпрабаваньні ваеннага часу, клопаты эмігранцкага жыцьця. Але як бы склаўся ягоны лёс, калі б не было тых выпрабаваньняў, калі б яму давялося жыць у нармальным грамадзтве? Як бы разьвіўся ягоны матэматычны талент, яго фэнаменальныя хімічныя здольнасьці? Калі матэматыкай ён займаўся ўсё жыцьцё, дык хімія — толькі эпізод у ягоным даўгім жыцьці. I гэткія ашаламляльныя вынікі!
Ці ёсьць тут якая залежнасьць паміж прафэсійнасьцю і Боскім азарэньнем вынаходніка, што, здараецца, адорвае навукоўца? Дзякуючы ці насуперак — вось у чым пытаньне. Якая тут роля розуму, асяродзьдзя і загадкавай падсьвядомасьці?
А можа, уся справа ў шчодрае міласьці яго вялікасьці выпадку?
Спадар Кіт, які зьяўляецца ў роўна прызначаны час, як заўжды, са сваёю чароўнай усьмешкай, кажа, што, каб зразумець тое, сьпярша трэба выпіць.
А выпіўшы, абыякава махае рукой — хай тое тлумачаць іншыя. Аматараў да чужых спраў заўсёды хапае...
Бацька сучаснай аэрадынамікі Тэадор фон Карман. Фон Браўн і яго перакладчык. Пісьменьнік Фрэдэрык Ордвэй. Славугы Герман Обэрт. Дзьве залатыя ўзнагароды. Опэнгаймэр і Тэлер — бацькі страшных бомбаў. Астранаўтычныя заслугі. Удзел у Таварыстве беларуска-нямецкіх спатканьняў. Прафэсар Лідзія Савік.
В. Іваноўскі і Б. Тарашкевіч. Гедройц і Брылеўскі.
У 1958 годзе на астранаўтычным кангрэсе ў Амстэрдаме я спаткаў Тэадора фон Кармана, бацьку сучаснай аэрадынамікі, які дапамог у развіцьці звышгукавой авіяцыі. Падышоў да яго з просьбай напісаць прадмову да майго падручніка па астранаўтыцы. Тое асабліва хацела мая друкарская фірма. Ён пагадзіўся, і назаўтра я прыйшоў да яго ў гатэль, дзе сабраліся шмат журналістаў — гэта быў час, калі Савецкі Саюз запусыдіў свой першы спадарожнік. Фон Карман доўга распытываў пра маю працу і быў асабліва задаволены, што я супрацоўнічаў зь ягоным вучнем, выдатным вучоным Эдвардам фон Дрыестам.
Пасьля на працягу пяці гадоў я працаваў разам з фон Карманам, рабіў для яго выпіскі ў бібліятэцы кангрэсу ў Вашынгтоне. Ён вельмі высока цаніў маю кнігу пра ракетнае паліва. Я часта сустракаўся зь ім у Вашынгтоне, а таксама ў Парыжы, дзе ён працаваў у якасьці прэзыдэнта міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Пад канец жыцьця ён захапляўся навуковай гісторыяй, у прыватнасьці творамі амэрыканскага пісьменьніка Гарэта II. Сэрвіса, а таксама кнігай Жуль Верна пра палёт на Месяц. Я дапамагаў яму ў пошуках такога роду літаратуры. На жаль, ён памёр за шэсьць год да палёту амэрыканцаў на Месяц, на 81-м годзе жыцьця. Пахаваны ў Аахене, дзе некалі заклаў інстытут аэрадынамікі, які цяпер носіць імя фон Кармана.
На тым самым кангрэсе я пазнаёміўся таксама з фон Браўнам. А пасьля ў Вашынгтоне зноў адрэкамендаваўся яму, і тут аказалася, што ён мяне памятае з мінулага разу і чытаў маю кнігу. Пазьней ён шмат разоў тэлефанаваў мне, асабліва з нагоды прыезду савецкай дэлегацыі, зь якой ня мог размаўляць па-расейску. Тады я выконваў яму ролю перакладчыка. Госьці цікавіліся шмат якімі праблемамі астранаўтыкі, і я вазіў іх у розныя інстытуты, паказваў, што робяць амэрыканцы. Вялікай сакрэтнасьці ў дачыненьні да расейскіх калегаў тады не было. Лічылася, што дасягненьні Амэрыкі павінны служыць усяму сьвету. Вучоныя Савецкага Саюза выдатна карысталіся тым.
Я 40 год знаёмы з вядомым пісьменьнікам Амэрыкі Фрэдэрыкам Ордвэем, які ўзяў удзел у маёй вялікай, на 600 старонак кнізе па гісторыі савецкай астранаўтыкі. Гэта была другая мая вялікая кніга. Дарэчы, Ордвэй
напісаў каля 10 кніг для фон Браўна, які сам не пісаў шмат. Ён быў спонсарам пры маім уступленьні ў Сусьветную акадэмію астранаўтыкі.
Прыехаўшы з Амэрыкі ў Эўропу, я стаў сябрам нямецкага астранаўтычнага таварыства і кожны год езьдзіў на іхнія сходы. Таварыства мела імя Германа Обэрта, славутага вучонага, што ўваходзіць у лік трох першых піянэраў астранаўтыкі (Цыялкоўскі, Обэрт, Годард). Я яго ведаў асабіста, спатыкаў на сходах і 30 год быў сябрам гэтага таварыства. Мяне выбралі ў савет дырэктароў таварыства і вельмі добра да мяне адносіліся, бо цанілі мае амэрыканскія заслугі. Яны мне далі дзьве ўзнагароды — залатую брошку і вялікі залаты мэдаль Германа Обэрта на стужцы. Мой прыяцель Аўгуст Штаац 30 год быў старшынёй гэтага таварыства. Ён разам з фон Браўнам працаваў у Пенемюндэ, а першы раз я спаткаў яго ў 58-м годзе на астранаўтычным кангрэсе ў Амстэрдаме. Гэтым часам мне давялося спатыкацца зь іншымі славутасьцямі, як напрыклад, Вернэр Хайнэрбэрг— бацька квантавай мэханікі. Або Юлій-Роберт Опэнгаймэр — бацька атамнай бомбы, Эдвард Тэлер — бацька вадароднай бомбы, Вілі Месэршмідт — канструктар нямецкіх самалётаў, ды іншыя. Спатыкаўся і з савецкімі вучонымі, лаўрэатамі Нобэля Басавым і Прохаравым, а таксама Блохінцавым, Будкерам, Сядовым, Благанрававым, Багалюбавым, Вэкслерам і інш.
Можна падзяліць мой уклад у разьвіцьцё астранаўтыкі на дзьве галоўныя часткі — гэта дзейнасьць у ЗША і ва ўсім сьвеце.
Найперш — дасьледчая праца ў Каліфорніі і ў Вашынгтоне ў фірмах, ужо ўспомненых вышэй, удзел у разьвіцьці першых касьмічных ракетных сістэмаў і мэтадаў касьмічных сувязяў «Аполён» і другое — удзел у сусьветнай касманаўтыцы праз:
1. Публікацыі кніг і артыкулаў.
2. Садзейнічаньне супрацоўніцтву ЗША і СССР у астранаўтыцы (вёў першыя канфэрэнцыі ў Вашынгтоне).
3. Дзейнасьць у сусьветных астранаўтычных арганізацыях (кангрэсы, рэфэраты).
4. Спатыканьне ці супрацоўніцтва з найвялікшымі дзеячамі сусьветнай астранаўтыкі.
Дзеля таго, што ўся вышэйуспомненая мая дзейнасьць у галінс астранаўтыкі пачалася ў 50-60-х гадох мінулага стагодзьдзя, г.зн. калі пачаўся бурны ўздым гэтай славутай навукі, маю надзею, што гісторыя можа залічыць і мяне ў шэрагі яе першапраходцаў.
Немцы вельмі добра адносіліся да амэрыканцаў, і мае сувязі зь немцамі працягваюцца. Я сябрую з прафэсарам Шлёцам (Бэрлін), які ўзначальвае таварыства беларуска-нямецкіх спатканьняў. У мінулым годзе ён
заснаваў прэмію Барыса Кіта для дапамогі беларусам. Я таксама ўдзельнічаю ў гэтым праэкце — памагаю грашыма. Лаўрэатам маёй прэміі ўжо стала прафэсар Лідзія Савік зь Менску.
Трагічны лёс спасьцігнуў Вацлава Іваноўскага, у часе вайны, пры немцах, бургамістра Менску, забітага партызанамі. Я добра ведаў гэтага інтэлігентнага чалавека, які пры нашых нячастых сустрэчах у Менску ласкава называў мяне Кітачкам. Маючы пэўныя паўнамоцтвы, ён спрабаваў выкарыстаць іх дзеля беларусаў і беларускае справы і з поўным правам можа быць залічаны да герояў беларускага народа. Народ толькі тады існуе, калі мае сваіх герояў. У гэтым сэнсе хачу ўспомніць спадароў Генадзя Карпенку і Віктара Ганчара, зь якімі меў прыемную сустрэчу ў Маладэчне. Тады
абодва яны здаліся мне вельмі перспектыўнымі палітыкамі. Дужа шкада, што лёс абышоўся зь імі гэтак бязьлітасна.
На заканчэньне хачу распавесьці пра аднаго з найвыдатнейшых дзеячаў беларускага адраджэньня Браніслава Тарашкевіча, старшыню Беларускай сялянска-работніцкай Грамады на самым пачатку яе нараджэньня. Тады беларускае сялянства яшчэ захоўвала сваю беларускасьць, што выявілася ў арганізацыі самой Грамады, якая адразу сабрала 100 тысяч сяброў. Яегурткі былі створаны паўсёй Заходняй Беларусі. Мы, вучні гімназіі, таксама далучыліся да гэтага руху, я арганізаваў гурток нават у сваёй роднай вёсцы, дзе мой бацька стаў яго старшынёй.
Гісторыя Грамады ёсьць адзін з самых выдатных мамэнтаў гісторыі Беларусі. Я меў гонар асабіста спаткаць Браніслава Тарашкевіча. Як тое адбылося? Незвычайна актыўная дзейнасьць беларусаў занепакоіла польскія ўлады. Тарашкевіч ды іншыя лідэры Грамады адчулі, якая над намі навісае пагроза. Менавіта ў такі час Браніслаў Тарашкевіч прыехаў у нашу Наваградзкую беларускую гімназію. Ён растлумачыў нам гіра пагрозьлівае становішча для Грамады, наладзіў спатканьне з актывам гімназіі,
у ліку яго пяці чалавек апынуўся і я. Мы абгаворвалі наша становішча, выпрацоўвалі меры ў адказ. Тарашкевіч папярэдзіў нас, каб мы былі болей асьцярожныя, схавалі нашы білеты Грамады. Тое было правільна, бо моладзь, як заўжды, ня дужа асьцерагалася. Хутка пасьля таго Грамада была ўсё роўна забароненая польскімі ўладамі, адбыўся вялікі працэс у акруговым судзе ў Вільні. Але, не зважаючы на забарону, мы рабілі беларускую справу далей. Такім у маёй памяці застаўся Браніслаў Тарашкевіч, які пасьля апынуўся ў Савецкім Саюзе і згінуў.
Хочацца хоць напрыканцы гэтых аповядаў успомніць яшчэ адну падзею, якая здарылася зусім нядаўна. Газэты ў Польшчы, а таксама ў Беларусі шмат пісалі аб памершым Юрыю Гедройцу, па народжаньню беларусу, які перад вайной быў вялікі польскі дзеяч, а пасьля вайны — рэдактар польскага часопісу «Культура» ў Парыжы. Гедройц спрыяў беларускай справе, трымаў у сваім часопісе г.зв. «Беларускую хроніку», якой кіраваў мой прыяцель Уладзімер Брылеўскі зь вёскі Залесьсе, што каля Маладэчна. Брылеўскі пісаў вельмі добра і гэтым шмат зрабіў для беларускай справы, за што яму належыць вялікая ўдзячнасьць і пашана ад усіх беларусаў.
Аповяд адзінаццаты
17 жніуня, Grosser Hasenpfad І, рэзыдэнцыя Барыса Кіта
Адзіночны нумар у някепскім, але і не ў шыкоўным гатэлі. Усё, як усюды ў такіх выпадках: канапа, пісьмовы стол, столік дзеля часопісаў і газэт. За ім годна закусіць і выпіць калі з добрым госьцем. Hi факса, ні ксеракса, ні кампутара — пэўная колькасьць уласных ды іншых, патрэбных кніжак. У тым ліку і кніг пра гаспадара, выдадзеных на радзіме і ў сьвеце. Пейзаж за вакном цудоўны. Гарадзкі краявід з вышыні шостага паверху набывае асабліва прывабную зманлівасьць рамантычнай крывулястасьцю вуліцаў, зелянінай маленькіх скверыкаў, разнастайнасьцю чарапічных дахаў. На сьценах жа — хатняя экспазыцыя дыплямаваных заслугаў гаспадара і — Беларусь у яе візуальных выявах. Тут Барыс Кіт жыве 30 гадоў, такім жытлом задаволены, іншага яму і ня трэба. Усё іншае — жабрацкае, так сабе, і нават багатае — усё ў мінулым. Перажытое, пераадоленае...